Сіндбад вяртаецца
Шрифт:
— Чаго ты там хаваешся, Акліль? Прывітанне! Хлопчык, адчуўшы шчырую сардэчнасць у словах «савецкага ірум'ена», або савета, як ён яшчэ іншы раз пра сябе называў Добыша, заўсміхаўся. Не так і многа ён ведаў людзей, якія выказвалі бескарыслівую радасць ад сустрэчы з ім. Таму Акліль адчуў нават нейкую вінаватасць, бо з некаторага часу сэрца яго належала матарысту Сідкі. З ім таксама звёў яго Добыш, даведаўшыся пра цягу Акліля да матораў. О, Сідкі ў маторах разбіраўся. Але самае галоўнае, што так прываблівала да яго хлопца, — Сідкі ведаў, як трэба ўзрываць міны. Ён неяк растлумачыў, што быў дыверсантам у часе вайны. Не сказаў
Побач з Аклілем з'явіўся і Хуары. Гэты не так адкрыта цягнуўся да Добыша, але таксама быў яму ўдзячны, бо трапіў на работу, аб якой марыў,— памочнікам да сапраўднага повара, які ўмеў гатаваць дзесяткі страў.
— Ну, прывітанне, сябры! — зноў прамовіў Добыш, шкадуючы, што, акрамя пліткі шакаладу, не мае больш ніякіх гасцінцаў.— Дык хадзіце ж сюды, пагаворым хоць. Даўно ж не бачыліся.
Аднак хлопчыкі ўсё яшчэ дзічыліся. Тады Добыш падышоў да іх і, абняўшы, прыцягнуў да сябе. У яго было адчуванне, быццам гэта яго малодшыя браты, якіх ён, нарэшце, адшукаў.
— Кемлівыя, — сказаў пра іх начальнік буравога атрада Карнееў.— Мы, калі сюды рушылі, хацелі пакінуць іх на базе. А яны ў слёзы! Прывыклі. І нам весялей. Як нашы дзеці. Хлопцы добрыя, увішныя, толькі вельмі ўзрыўчаткай цікавяцца. Юсуфзадэ, бурыльшчык наш, вокам міргнуць не паспеў, як гэты вось жэўжык, Акліль, пакет аманалу са скрыні выхапіў.
— А хто з нас у іх узросце не цікавіўся выбухамі? — пасмяяўся Добыш. — Пакуль жа паразумнееш. Бывала, каторы простымі запалкамі ўмудраецца сабе вочы выпаліць.
— Праўда што, — згадзіўся Карнееў.— У мяне вось брат старэйшы… Праўда, тое адразу пасля вайны было. Падшыванцы, разумееш, паклалі ў вогнішча нямецкую міну. Брата потым у школе мінёрам дражнілі. Увесь твар асколкамі пасекла, і на правай руцэ толькі палова пальца засталася, кручок… А хлопцы няхай у нас лета папрактыкуюцца. Увосень уладкуем у тэхнічнае вучылішча. Акліля, ва ўсякім разе. На маторы ў яго проста талент. Ну, Хуары, можа, і далей кухарам захоча. Мулуд яго хваліць.
Выпіўшы шклянку халоднага чаю з лімонам, Добыш вырашыў пайсці зірнуць на работу новага электраматора.
— Толькі не баўся, — папярэдзіў яго Карнееў.— Праз гадзіну-другую павінны прыехаць нашы суседзі, французы. З будоўлі Транссахарскай аўтамагістралі. Дапаможаш перакладчыку. Наш жа студэнт з інстытута замежных моў сам ведаеш — тэхнічную тэрміналогію засвоіў яшчэ недасканала, а размова ж пойдзе інжынерная.
Акліль падахвоціўся правесці Добыша на буравую пляцоўку.
Пасля некалькіх дзесяткаў хвілін ля кандыцыянера Добышу падалося — спёка крыху апала. Але праз колькі часу адчуў, што так ніколі і не прызвычаіцца да сахарскага пекла. А кажуць, што хутка стане яшчэ горш. Сіноптыкі папярэджвалі па радыё — можа наляцець самум, гарачая завіруха.
З машыны-ўсюдыхода, на якой Добыш прыехаў з Туггурта, рабочыя выгружалі трубы і мяшкі з цэментам. Разам з усімі працаваў і Карнееў.
— Можа, пачакалі б да вечара, — сказаў яму Добыш, — хоць трохі сонца пацішэе.
Начальнік буравога атрада паківаў галавой:
— А раптам самум? Ты калі-небудзь бачыў, што гэта такое? У нас жа кожная хвіліна на ўліку. Сам урад рэспублікі цікавіцца, калі мы тут дамо ваду.
Добыш агледзеў
— Ды тут жа вада — гэта жыццё. — Карнееў працёр хусцінкай вочы. — Здабыць яе для гэтых мясцін важней, чым нафту.
— З нафтай усё ж нічога не можа ў нашы дні параўнацца, — не паверыў Добыш.
— Гэта як на чый погляд, — усміхнуўся Карнееў. — Ну нічога, папрацуеш тут — зразумееш. Чуў, нашы хлопцы непадалёк ад Біскры знайшлі гаючую мінеральную ваду? Вось яна для гэтага краю — багацце дык багацце. Качэўнікі гадамі не маглі пазбавіцца балячак на целе. А тут некалькі разоў памыліся ў той мінералцы — і праз тры дні балячак як і не было. Так што калі-небудзь у Біскры, пасярод пустыні, узнікне курорт сусветнага значэння. Людзі за тысячы кіламетраў з розных краін паедуць туды, каб не на вярблюдаў паглядзець, а пакупацца ў гаючым басейне… А наогул, — закончыў сваю думку Карнееў,— пад гэтымі пяскамі, адчуваецца, вады нямала. Але ж здабываць, сам бачыш, не ямкі на пляжы далонькамі капаць.
— Што табе гаварыў сейід Карнееў? — пацікавіўся Акліль, калі яны крыху адышліся ад машыны-ўсюдыхода.
Добыш зірнуў на буравую вышку, якая адзінока стаяла пасярод шотта — месца, дзе колісь было салёнае возера, якое праглынула пустэльня, — і адказаў па-французску:
— Казаў, тут зарыты клад, і мы яго павінны хутка знайсці.
Акліль насцярожыўся. Ён успомніў словы Сідкі і падумаў, што і сапраўды саветы працуюць тут не з-за адной вады. Бо яна знаходзіцца ў другім месцы. Але ж клад — гэта нават цікавей, чым здабываць ваду. Акліль, падскокваючы ад радаснага хвалявання, пачаў расказваць пра навіны. З аазіса ўзялі новага рабочага, Амаму. Ён сын беззямельнага здолынчыка-фінікавода, а будзе матарыстам. Ад аазіса да лагера бурыльшчыкаў дзве тысячы крокаў сейіда Сідкі. Прадукты прывозяць цяпер раз у тыдзень, і сейід повар патрабуе, каб яму паставілі другі халадзільнік. Потым Акліль пахваліўся: таварыш Карнееў даў яму грошай і хутка можна будзе разлічыцца з усімі даўгамі.
— Дык ты многа каму павінен? — падзівіўся Добыш.
— О, і Хуары, і Селіму.
Акліль тут жа растлумачыў, хто такі Селім.
— Малы, а ўжо капіталіст-эксплуататар! — усклікнуў Добыш.
— Цяпер ён паехаў у святы горад Мекку, — з павагай паведаміў Акліль. — Там ён пацалуе святы камень Кааба, а калі вернецца, будзе хаджы і накруціць на галаву зялёную чалму.
— Выходзіць, ён хоча падацца ў мячэць, стаць мулой?
— Не, відаць, зноў будзе бізнесменам, — сказаў Акліль.
— А ты хочаш быць такім, як Селім? — пацікавіўся Добыш. — Ці ўсё ж механікам?
— Механікам.
— А твой сябар Хуары?
— Калі ён вырасце, то купіць духан і будзе там гатаваць такія стравы, што да яго будуць прыходзіць усе мужчыны Казбы.
— Купіць? Але ж гэта грошай колькі трэба.
— Будуць грошы! — запэўніў Акліль.
Добыш усміхнуўся: для яго гэткія хлапечыя мары былі нязвыклыя.
А Аклілю, які заўважыў усмешку недаверу на твары савета Юрыя, вельмі хацелася расказаць, адкуль у Хуары будзе многа грошай. Ён вымушаны быў некалькі разоў праглынуць сліну, каб не дазволіць тайне вырвацца з грудзей. Давёўшы Добыша да пульта буравога майстра Юсуф-задэ, які ўжо са словамі прывітання спускаўся на дол па жалезнай лесвіцы, Акліль крутнуўся на адной назе і памчаў да лагера.