Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма
Шрифт:
Маўляў, гэтак і павінна быць, бо казка без іх цікавасць страціла б. А вось той, хто складаў казкі, відаць, не ўсміхаўся. І ад сквапнага пана ён цярпеў, і вораг Цмок прыходзіў, каб братоў, сясцёр паланіць, каб без бацькоў пакінуць. А маё і Васілёва жыццё — незакаламучаная крыніца. Не ведалі, па чым фунт ліха.
Цяпер жа тут, на планеце Сіз, я ўбачыў і бязмежныя пяскі, і непрытульныя горы, і адзінокага безабароннага вожыка-вушасціка, і пустое гняздо на вяршыні гары, і боль у вачах Сакса…
І я сказаў:
— Пастараемся дапамагчы. Пад дудку Карпа не станем скакаць.
— Адрыгнуцца воўку авечыя слёзкі,— дадаў
«Героі!» — з пагардай скажа хтосьці. Няхай, няхай кажа. Я ж выказаў тое, што было на душы. Я яшчэ не бачыў Карпа, але ўсім сэрцам ненавідзеў яго. Гэта, так мне думалася, не чалавек, а бязлітасная машына, якая няўмольна раскручвае свой махавік. Трапіць рука, трапіць нага пад гэты махавік — раструшчыць.
— Піліп Макаравіч, лепей было б так зрабіць. Пасеем лес, а пасля я вас у «Альбатрос» і на Зямлю, — прапанаваў Сакс.
— Не, — не пагадзіўся з ім Піліп Макаравіч. — Я сваё слова сказаў. Пойдзем у горад, пабачым… Ну, а пасля разважым, што і як. Мы павінны штосьці прыдумаць.
Сакс уздыхнуў:
— Тады пачакайце мяне хвілінку.
Ен узяў рукзак і знік за павароткай цясніны.
Мы з Васілём пераглянуліся. Што гэта з ім? Чаму рукзак узяў? Няўжо адзін сабраўся ў горад ісці?
Прайшла хвіліна. Другая, трэцяя праходзіць. Няма і няма. Нарэшце бачым: ідзе да нас хтось. Рыжыя валасы аж на плечы спадаюць, рыжыя вусы, рыжая барада…
— Няўжо сам валадар з'явіўся? — таўхануў я Васіля.
— Ен, — упэўнена прагаварыў Васіль.
Я зірнуў на Піліпа Макаравіча. Стаіць, прыціснуўшыся да сцяны. Спалохаўся? А нас папярэджваў, каб не баяліся.
— Карп адзін, — крыкнуў я.
Піліп Макаравіч нават не зварухнуўся. Няўжо ад страху ногі адняліся? Сам не ведаю, што са мною сталася. Схапіў вяроўку і на рыжага валадара, апусціўшы галаву, каб у жывот пацэліць.
— Звяжам! Не выпусцім! — ірвануўся за мною Васіль.
А гэты рыжы валадар як засмяецца:
— Хлопцы, гэта я, Сакс.
І праўда, голас падобны на Саксаў. Я спыніўся. А Васіль:
— Не вер яму. Усе рыжыя хітрыя. Умее падрабляць галасы. За мною!
— Стойце, — гукнуў Піліп Макаравіч. — Хіба не здагадваецеся? Загрыміраваўся Сакс.
— Чаму загрыміраваўся? — азірнуўся Васіль. І Сакс (сапраўды, гэта быў Сакс) сказаў:
— Каб у горадзе мяне не пазналі. Піліп Макаравіч не вытрываў, засмяяўся:
— Ой, хлопцы! Ледзь Сакса не звязалі. Бі свой свайго, каб чужы баяўся.
— Мы… Мы хацелі звязаць не Сакса, а Карпа, — стаў апраўдвацца Васіль. — Мы…
— Добра, Васіль. Я цябе цудоўна зразумеў,— не даў апраўдацца Піліп Макаравіч. — Трэба ў дарогу збірацца. Годзе казань казаць.
ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ
Курт, Красаўка і… нечаканасці
Горад валадара
Нарэшце мы ўбачылі, які ён, горад валадара Карпа. Дамы ўсе, як адзін, карычневыя, пяціпавярховыя. Уяўляеце сотні карычневых пяціпавярховых дамоў? Гліняныя, цвёрдыя, што асфальт, карычневыя вуліцы. То там, то сям па вуліцах сноўдаліся людзі, нібы сонныя мухі.
— Мне здаецца, што тут усе людзі падобныя, — выказаў Васіль тое, пра што думаў і я. — Чаму так?
— Чаму? — перапытаў Піліп Макаравіч.
— Чаму? — паўтарыў Васіль.
— Стандартызацыя
Я не зусім зразумеў Піліпа Макаравіча. Стандартызацыя, стандарт, стандартны… Стандартны — гэта значыць аднолькавы. Так, дамы тут аднолькавыя, вуліцы аднолькавыя. Але чаму людзі аднолькавыя, стандартныя? Хіба магчыма такое? Вунь цягнецца хлапчук, а там дзед з барадою. Дзед і хлапчук… Яны ж павінны не толькі ўзростам адрознівацца. У нашай вёсцы, напрыклад, старыя ўвесь дзень каля хаты тупаюць, штосьці робяць. Калі свята прыходзіць, на лаўцы сядзяць. Зноў жа стараюцца, каб непадалёку ад сваёй хаты. А мяне ці Васіля хіба пакінеш каля хаты? Нам хочацца на рэчку, у лес.
— Піліп Макаравіч, — кажу, — я не зусім зразумеў вас. Растлумачце.
— Растлумачыць? Паспрабую. Калі людзі дзень і ноч бачаць падобныя будынкі, падобныя вуліцы, падобныя кватэры, то і іх думкі становяцца падобнымі. Стандартнасць прыгнятае чалавека, як бы загадвае яму: «Не выдзяляйся. Будзь як усе». Заўважылі, як яны ступаюць? Асцярожна, нячутна. А апрануты? Амаль аднолькава. У шэрае. Каб не выдзяляцца. Была б прырода — такога не было б.
— Чаму? — пытаецца Васіль.
— Калі чалавеку надакучае аднастайнае жыццё, ён ідзе ў лес, на бераг рачулкі. Яму хочацца не толькі адпачыць, але і праверыць сябе: свае сілы, свой спрыт, сваю волю, сваё ўменне. Людзі па-рознаму сябе правяраюць. Некаторыя з вудачкай, некаторыя з кашом у руках, калі грыбы збіраюць. Так, так, не здзіўляйцеся. Чалавек як бы пытаецца ў самога сябе: «А я на што здатны?» Не выходзіць нешта — зноў на прыроду спяшаецца. Найбольш адчайныя штурмуюць горы, пераплываюць акіяны, імкнуцца да Паўночнага полюса. Прырода непрыметна будзіць тыя сілы, якія дрэмлюць у кожнага, як бы кліча: скажы сваё «я». Яна прымушае нас самаўдасканальвацца.
Значыць, прырода будзіць, абуджае. Значыць, у кожнага з нас дрэмле невядомая нам сіла. А ў гэтых, што на планеце Сіз, ці ёсць невядомыя ім сілы? Вось каб разбудзіш»! Каб засмяяліся, каб загаманілі… Няўжо ім так цяжка слова вымавіць? Няўжо ў іх вусны на замку? Ды яны хутка перасварацца адзін з адным, перагрызуцца. Хто ў госці будзе хадзіць? Хто будзе песні спяваць? А вершы… Ці складае тут хто-небудзь вершы?
— У вас складаюць вершы? — пытаюся ў Сакса.
— Некалі складалі.
— Ты не здзіўляйся, — звярнуўся да мяне Піліп Макаравіч. — Хіба можна скласці верш, калі не чуеш, як салоўка спявае, як ручай звініць?
— Я здагадаўся, — прагаварыў Васіль. — Карп знарок загадвае, каб будавалі аднолькавыя дамы і вуліцы. Ен хоча, каб людзі былі падобнымі адзін на аднаго. Каб былі як сонныя.
— Такімі яму лягчэй кіраваць, — сказаў Піліп Макаравіч.
— А можна іх разбудзіць? Калі б салоўка заспяваў, то і людзі прачнуліся б?
— Можна, — азваўся Сакс. — Я, напрыклад, не такі, як усе.
Мне раптам захацелася штосьці такое зрабіць, каб парушыць гэтую закасцянелую цішыню. Што ж? Заспяваць «Касіў Ясь канюшыну…» ці «Дубочак зялёненькі»? Яны зразумеюць. Сакс казаў, што ў іх мова, як і ў нас. Але ж голас… Пра такіх, як я, кажуць: мядзведзь на вуха наступіў. А Васіль аднаго разу пасля ўрокаў спеваў заўважыў: «Антон, ты выеш, як галодны воўк на піліпаўку». Дык што ж зрабіць? А калі станцаваць? Усё-ткі ў танцавальным гуртку займаюся. Патанцую на злосць Карпу. Хай паглядзяць людзі, хай падзівяцца. Адвяду душу.