Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма
Шрифт:
Хтосьці балюча сціснуў маё плячо. І крык:
— Ён не заплаціў!..
Усё. Мігнулі зеленавата-белыя кветачкі і зніклі… А думалася, што не знойдзецца такой сілы, якая адарве мяне ад акуляраў бінокля. Знайшлася…
Я стаяў на памосце. Два легіянеры ў чорных накідках трымалі мяне.
— Ен не заплаціў! — гудзела над галавою.
— Штаны здымі,— хтосьці тоненька хіхікнуў. Я рвануўся.
— Пусціце.
— А ты плаці. Заплаціш — адпусцім. Інакш… Краёчкам вока я заўважыў, як на памост кінуліся Піліп Макаравіч, Сакс і Васіль.
Сакс
— Адпусціце.
Легіянеры, пэўна, разгубіўшыся, адступілі назад. Жалезныя пальцы адпусцілі мяне. Піліп Макаравіч узяў мяне за руку, што малога.
— Хлопчыкі, уцякайце. Сакс, ідзі з імі. Выручай…
— Не. Вы ратуйцеся. Я як-небудзь.
Нехта абняў мяне, павёў у натоўп. Я ступаў як не сваімі нагамі. Яшчэ памятаю, як мы з Васілём стаялі непадалёку ад памоста. А Піліп Макаравіч казаў:
— Людзі, не бойцеся валадара Карпа. Прырода дадзена вам не на дзве, не на тры секунды, а навечна. Людзі! Карп не ўсемагутны. Вашы рукі пасадзяць сад, вашы рукі зробяць з пустыні аазіс.
На Піліпа Макаравіча наваліліся легіянеры. Ен крычаў:
— Не бойцеся валадара… Не бойцеся Карпа. Натоўп скалануўся, загудзеў. У самай ціхай вады свая быстрыня.
— Людзі…
Натоўп падаўся наперад. Наперад… Не. На памост ускочыў Таран. Шпік Таран. Падбег да Сакса, сарваў вусы, бараду, узняў высока ўгору.
— Гэта Сакс! Дэзерцір Сакс! Наш усемагутны валадар шукае яго. У цямніцу! Хто яшчэ жадае ў цямніцу? Загінеце без кіслароду, што мухі. Усемагутны пан Карп…
Натоўп уздыхнуў у адзін голас і стаў адступацца, расцякаючыся ручайкамі. Нас з Васілём панесла ў гэтым жывым віры. Шчасце, што трымаліся за рукі.
Ноччу праз сцяну
Пайшлі глядзець кветку, а выйшла што? Легіянеры схапілі і Сакса, і Піліпа Макаравіча. Не думалася пра такое. А ўсё Таран… Зблытаў карты. Канешне, Піліп Макаравіч мог уцячы. Спярша легіянеры быццам аслупянелі. Сігануў бы ў натоўп — і як растварыўся б. Няўжо ён не разумеў, што легіянеры не дадуць гаварыць, што скруцяць? Навошта ён так зрабіў? Відаць, нейкая струна ў яго душы парвалася, не вытрывала. Занадта туга нацягнута яна была.
Мы з Васілём спярша проста так хадзілі па горадзе. Але вось загудзелі сірэны, і людзі, як і тады, калі мы першы раз пачулі гэты працяглы стогн, кінуліся ўрассыпную, хто куды.
— Па свае балончыкі пабеглі,— здагадаўся Васіль.
— Пабеглі,— прамовіў я. — А нам куды?
— Трэба ратаваць Піліпа Макаравіча і Сакса, — сказаў Васіль.
Ратаваць… Але як? Як вырваць іх з кіпцюроў Карпа? Па-першае, мы не ведалі, дзе знаходзіцца палац валадара. Па-другое, разумелі: палац жа ахоўваецца легіянерамі. Не прапусцяць нас, калі і вельмі папросім. Дый невядома, што з Піліпам Макаравічам і Саксам. А калі Карп загадаў, каб кінулі іх у тую клетку, дзе лысы леў?
— Васіль, ты што-небудзь прыдумаў?
— Не.
— Ты
— Добра… Кепска, — са злосцю прагаварыў Васіль. — Ніколі так, як цяпер, я не думаў. Нават на ўроку матэматыкі.
Я штурхнуў яго.
— Цішэй.
Да нас набліжаліся нейкія мужчыны. Абодва барадатыя. У аднаго рыжая барада, а ў другога чорная. За плячыма і ў аднаго, і ў другога балончыкі з кіслародам. Значыць, паспелі надзець. Мужчыны спыніліся непадалёку.
— Бач, што сёння нарабілася, — прагаварыў чорнабароды. — Кажуць, што Карп аж ашалеў ад злосці.
— Хай шалее, — сказаў рыжабароды. — Сакса шкада. Ен быў не такі, як другія легіянеры.
— І незнаёмага шкада, — уздыхнуў чорнабароды. — Так добра казаў чалавек. Таран хваліўся, што ў цямніцу іх завёў. У тую, што каля палаца. Заўтра пацягне на допыт да Карпа.
— Чаму не сёння?
— Сёння ж у яго дзень нараджэння… І тут Васіль не стрымаўся, запытаў:
— Дзе палац знаходзіцца? Скажыце… Рыжабароды і чорнабароды пераглянуліся, змоўклі.
Некалькі секунд моўчкі пазіралі на Васіля. Нарэшце чорнабароды паказаў рукою направа.
— Там.
Павярнуліся і хутчэй, хутчэй ад нас.
— Баяцца, — уздыхнуў Васіль. — У сваім горадзе, і баяцца.
Так, баяцца Карпа. Ен хоча ўсіх-усіх у барані рог сагнуць. Хай стогнуть, хай плачуць — абы яму было добра. Спецыяльнае памяшканне пабудаваў. Там кветкі, там дрэвы, там трава. Дыхае кіслародам не з балончыкаў, а тым, што дрэвы выдзяляюць. Сеў людзям на карак, страх наганяе. Але ж у душы гэтых людзей ёсць і іншыя пачуцці — нянавісць, боль. Страх, нянавісць, боль… Дзе знайсці тую чарадзейную палачку, якая назаўжды пазбавіла б ад нянавісці, болю, страху?
— Куды цяпер? — пытаюся ў Васіля.
— Трэба палац валадара Карпа знайсці. Цяпер мы ведаем, што Піліп Макаравіч і Сакс там, ведаем, што жывыя-здаровыя. А пасля… Пасля пабачым, што рабіць.
Палац валадара мы заўважылі здалёку. Угору ўздымаліся, дзівячы прыгажосцю, ружовыя гмахі. Побач стаялі яшчэ нейкія будыніны самай незвычайнай формы: адны падобныя на парасон, другія на мухамор на доўгай ножцы, трэція тонкія, што іголка. Высокая мураваная сцяна адгароджвала палац з яго прыбудовамі ад вуліцы. На сцяне — заіржавелы дрот. Насупраць палаца — вароты. Легіянеры з доўгімі пікамі стаялі каля варот.
Каб вызваліць Піліпа Макаравіча і Сакса, трэба спярша ў палац пранікнуць. Але ж праз сцяну не пералезеш, — прагаварыў Васіль.
Вось каб праз вароты! Ды… — пачаў я і… як язык праглынуў, бо з варот выйшаў Таран.
Ен спыніўся, прыкрыўшы далонню вочы (сляпіла сонца), стаў глядзець у наш бок. Канешне, ён нас добра запомніў…
Васіль, уцякайма, пакуль не позна.
— Ыгы, — выдыхнуў Васіль.
Мы штосілы прыпусціліся па вуліцы. Я не азіраўся, але спінаю адчуваў, што Таран даганяе нас. Магчыма, проста са страху здавалася.