Салавей
Шрифт:
А вось глухі пан Гайкоўскі. Калі яго лаеш, ён заўсёды ветла ўсміхаецца, бо не чуе. Пан Гайкоўскі і Салаўя не чуў бы. А цяпер і ён смяецца, і ён крытыкуе.
Паміж гучнага смеху мужчын звініць капэля жаночага хіхата-піску. Пані смяюцца да плачу, да гістэрыкі, да непрытомнасці:
«Хі-ха-хгі-і-і! Салавей не спяваў!»
«Іхі-ха! Пан Вашамірскі абмануў!»
«І-гі-гі-і-і! Баль не ўдаўся!»
Пані заходзяцца ад смеху. Белыя, вострыя зубкі ў іх пры гэтым блішчаць, асляпляюць. Ямачкі на шчоках глыбеюць: ружовыя ямачкі, у якіх не раз тапіўся ў асалодзе пан Вашамірскі.
Жыва
Пан Вашамірскі не думаў цяпер аб тым, як будзе караць Салаўя. Думкі яго ўсё яшчэ луналі ў снежных бязбрэжжах каля павозак гасцей, дзе, паводле яго выабражэння, госці выкпівалі няўдалы баль. Ён злаваўся на іх за такія кпіны. Злаваўся на ўсіх людзей, на ўвесь свет.
Доўга стаяў на ганку.
Пуста на дзядзінцы. Усе як бы павыміралі, а ён адзін-адным астаўся. Астаўся зняслаўлены, асмеяны ўсімі.
Пан Вашамірскі вярнуўся ў палац.
У залі, дзе ўночы кіпела жыццё, дзе столькі было бляску і вясёласці, цяпер засталіся руіны. Ён кінуў вокам на тэатральную заслону, на сталы. У залі мітусіліся слугі, прыбіралі пасуду, астаткі яды. Пан, як асцёбаны, пайшоў у свой габінет.
Сеў на мяккую канапу.
Вялікая стомленасць. Цяжка было варухнуцца з месца. Успамінаў усе падрабязгі мінулай ночы ў той чарзе, як яны адбываліся.
Як Салавей выскачыў з залі, не захацеўшы быць панскім салаўём, усе госці разявіліся ад дзіва. Зірнулі на яго, на пана Вашамірскага, такімі вачыма, нібы ён у іх штосьці ўкраў. Потым пачалі шушукацца і пераміргвацца. Хутка ўсе падняліся з-за стала. Пакрыўдзіліся. А яго маці, пані Вашамірская, абамлела. Яна ўвесь час плача, зрабілася непрытомнай ды ўсё пра Салаўя шэпча. У малельным пакоі моліцца, просіць літасці ў Бога, каб Салавей вярнуўся. Ад яе не адыходзіць ксёндз Марцэвіч.
«Вось рабі людзям дабро! — думаў ён. — Хам заўсёды застаецца хамам. Прыгрэеш змяю на сваіх грудзях, а яна цябе ўкусіць. Ці кепска жылося ў мяне Салаўю? Адарваў яго ад прыгонніцкай працы. Панам жыў у мяне. А вось і аддзякаваў!»
Тупнуў ад злосці нагой.
— Закатую яго… насмерць закатую!
Тры разы пляснуў у далоні.
З'явіўся лёкай, пакланіўся.
— Што яснавяльможны пан прыкажа?
— Салаўя злавілі?
— Не, яснавяльможны пане.
— Вон!
Спалоханы лёкай пакланіўся яшчэ ніжэй і ціха высунуўся з пакоя.
— Вось рабі хаму палёгку! — крыўдзіўся пан невядома каму і паглядзеў на французскую гравюру, што вісела на сцяне супроць яго.
Яму стала горача. Успомніў, што сядзіць у цёплай футры. Скінуў яе з плеч на дыван і зноў ляснуў тры разы ў далоні.
З'явіўся той самы спалоханы лёкай, пакланіўся і з маўклівым запытаннем у вачах зірнуў на пана.
— Футру забяры!
Думкі аб неспагадных людзях і аб яго ўласным надмерным дабры да іх не давалі супакою.
— Чаму я такі добры? Чаму?
Зноў утаропіўся ў гравюру.
Яна выяўляла захад сонца ў невядомым стэпе. Па высокаму кавылю носіцца ўскач спалоханы
Пан Вашамірскі раптам забыўся аб сваім незвычайным дабры да прыгонных і давай пільней углядацца ў гравюру. Распушчаныя конскія грывы, доўгія калматыя хвасты, дзіка бліскучыя вочы, баечныя позы дзікіх коней, якія нібы ў паветры носяцца ўсімі чатырма нагамі над кавылём, захапілі пана сваім першабытным хараством.
2. Дзевяць муз
Пан Вольскі пацёр вочы і здзіўлена азірнуўся па баках. Незнаёмы, вялізны пакой.
— Няўжо гэта ўсё мне снілася? Дзе я? А мо яшчэ і цяпер сню?
Нібы ашпараны варам, ён ускочыў на ногі. У яго чырвоных вачах бліснуў непакой.
— Ці я ўжо прачнуўся? Ці яшчэ сплю?
Ён пачынае хадзіць па вялікаму гардэробнаму пакою туды-сюды.
Водгалас яго гулкіх крокаў адказвае з усіх куткоў, нібы страляніна.
— Не, не сплю…
Ён аглядаецца на шафы з разьбою, з бронзавымі амурамі, успамінае музыку, што яго так вабіла ўночы, і паглядае на сябе ў люстэрка. Не пазнае сябе ў збянтэжаным рыжым чалавечку.
— Мабыць, сплю!
Выпадкова зірнуў на рукі і задрыжэў — рукі ў крыві…
— Няўжо ж забіў каго-колечы? Часам, праўда, настаўляў на людзей дзеля форсу дзедаўскі пісталет і крычаў: «застрэлю!», але адвагі не хапала на гэта. Я больш языком мялю.
Тут Вольскі ўспомніў, што ўночы сваёю крывёю верш пісаў. Паглядзеў на стол — ляжыць кавалак паперы, а на ёй напісана чырвонае слова «ой».
Трохі забалела рука, заныла ранка.
— Не, не сплю!
Зноў узяўся за агляд пакоя. Ніяк не мог успомніць, як ён тут апынуўся. Давай успамінаць аб усім тым, што рабілася ўночы.
Усё здавалася яму дзіўным і незвычайным. Не мог паверыць, што гэта было наяве.
— Я сплю, сплю! Не чуў яшчэ, як панскі Салавей спявае.
Калі ўпэўніўся, што спіць, што гэта ўсё толькі чароўны сон, ён супакоіўся і павесялеў.
— Прыемны сон цікавей непрыемнай явы.
Перастаў баяцца незнаёмага пакоя.
«Калі сон, дык трэба выкарыстаць, — падумаў ён і хіхікнуў ад прыемнасці. — Пастараюся зрабіць гэты сон яшчэ больш цікавым».
Пан Вольскі пасунуўся да дзвярэй, скрыпнуў імі і апынуўся ў іншым пакоі. Па сценах віселі абразы ў залочаных рамах. Пасярэдзіне стаяў амбон. Гарэлі па кутах вялізныя васковыя свечкі. Перад абразом Маткі Боскай стаяла на каленях пані Вашамірская і ціха малілася. Недалёка ад яе сядзеў у задуме ксёндз Марцэвіч.
Хоць пану Вольскаму здавалася, што ўсё гэта бачыць ён ва сне, аднак стараўся выбрацца адгэтуль назад так ціха, каб яго не заўважылі.
У ранейшым пакоі ён ледзь знайшоў за шафамі іншыя дзверы, што вывелі яго ў нейкі змрочны калідор. Ад выпіўкі трашчэла галава. Губы былі сухія.
«Усё роўна як не ў сне! — падумаў ён і пачаў выціраць рукавом успацелы лоб. — А варта было б трохі апахмяліцца!»
Ішоў па доўгаму змрочнаму калідору. Слабы адсвет пранікаў сюды толькі з абодвух канцоў калідора — з акон з цёмна-сінімі паўкруглымі шыбамі. Ён адчыніў невялічкія дзверы і апынуўся на дзядзінцы супроць белай нізкай камяніцы.