Салавей
Шрифт:
Шляхціц наставіў спалоханыя вочы. Рукі задрыжэлі.
Пан Вашамірскі гучна зарагатаў, супакойваючы шляхціца:
— З дзедаўскага келіха не буду пана цяпер частаваць, але віна вып'ем з панам!
— Ой, вып'ем, яснавяльможны пане! — прагаварыў набожным голасам пан Вольскі і па-дзіцячаму пачаў перабіраць нагамі.
— А пакуль што пагаворым аб справах!
— Я слухаю, яснавяльможны пане!
— Дык вось, пан Вольскі пэўна бачыў, якія стаеннікі ў маіх гасцей, а ў мяне на стайні ніводнага добрага каня няма.
— Ой, праўда, яснавяльможны пане!
Шляхціц,
— Значыцца, — казаў пан далей, — я памяняў сваю стайню на тэатр…
— Ой так, так, яснавяльможны пане, — больш халодным тонам прамармытаў шляхціц. З інтанацыі яго голасу нельга было ўцяміць, ці ён хваліць за гэта пана, ці ганіць.
«Мабыць, гандлю не будзе!» — падумаў шляхціц.
— Не было мне часу, — гаварыў пан Вашамірскі, — калі глядзець за стайняй… Быў заняты тэатрам. А цяпер абавязкова мне трэба набыць некалькі троек. Абавязкова!
Вочы пана Вашамірскага загарэліся.
Пан Вольскі зноў ажыў: гандаль наклёўваецца.
— Дык, можа, пан Вольскі дапаможа мне ў гэтай справе?
Пан Вольскі па-гандлярску гумкнуў і наморшчыў лоб:
— Многа грошы будзе каштаваць, яснавяльможны пане. Ой многа! Добрых коней ніхто не хоча прадаваць. А калі пан іх набудзе, дык хто за імі будзе глядзець? Пан тэатрам заняты…
— Тэатрам? Няхай яго д'яблы! Апрыкрыў ён мне! Я гатоў яго задарма аддаць! Карысці няма ад яго.
— Нікому гэтыя тэатральныя хлопы не патрэбны. Яны ж, яснавяльможны пане, ні да якой працы ўжо не гадзяцца. Яны ж адвыклі ад яе, — гнуў сваю лінію хітры шляхціц.
— Бізун навучыць! — апраўдваў сваіх актораў пан Вашамірскі. — Коні, коні мне патрэбны нагвалт!
— Калі на тое пайшло, дык мы наладзім як-кольвечы справу яснавяльможнага пана! — казаў шляхціц такім тонам, якім гаворыць доктар да хворага.
Пан Вашамірскі абрадаваўся.
— Калі не будзе ахвотнікаў на актораў, — разважаў ён уголас, — дык я іх зноў пушчу на гаспадарку. Набалаваліся, і годзе. А пану Вольскаму ў нагароду аддам, калі захоча, некалькі чалавек з маёй трупы па выбару. Пан Вольскі мне паможа купіць коней.
— Што яснавяльможны пан мне загадае, тое і выканаю!
Пан Вольскі так моцна стукнуў сабе ў грудзі, ажно дыханне стрымалася.
«Выберу для сябе аднаго музыканта і пару балерын», — падумаў ён.
Ад хмельнай радасці шляхціц ёрзаў у панскім фотэлі і зноў упэўніўся, што гэта яму сон сніцца.
— Дык ідзём вып'ем, пан Вольскі. Аб справе пагаворым.
4. Зоська літасці не прасіла
Зоська не памятала свайго ўчынку. Сякера была яшчэ ў яе руках. Пальцы моцна ўпіліся ў тапарышча, пабялелі ў суставах, а пазуры наліліся крывёю. Яна бачыла перад сабой толькі тое, што вось павінна зараз быць: панскі сабака Макар, нялюбы і агідны, будзе з яе жартаваць, будзе з яе здзекавацца і гвалтам пацягне на панскі баль. Яго голас, круглы чырвоны твар, сіла над ёю цяпер, калі Сымонкі няма тут, даводзілі яе да таго, што зуб аб зуб ляпаў. Здавалася ёй, што рот
Апамяталася толькі тады, калі пачула галошанне маткі. Толькі тады яна заўважыла труп Макара, які ляжаў на гліняным памосце тварам да зямлі ў лужы крыві.
Сякера выпала з рук.
Зоська здзівілася і як бы супакоілася. Здзівілася таму, што раптам Макар так смешна лёг на зямлю, перакінуўшыся праз парог іхняй хаты. Супакоілася, бо Макар яе болей чапаць не будзе…
Старая маці ламала рукі і галасіла:
«А Божа ж мой! А Божа ж мой!»
Схапіла старая вядро вады і лінула на Макара. Тармашыла яго, будзіла. Нічога не памагло.
Маці выскачыла на вуліцу.
— Ратуйце, людцы добрыя! Ратуйце, — чула Зоська ахрыплы крык маткі, — ра-тууйця-а-а!!!
Зоська азірнулася па хаце. Аглядала ўсе куткі, нібы ў першы раз убачыла печ, тапчан, стол, цялушку ў загарадцы; зірнула на труп Макара ў лужы крыві — і рукі ў яе павіслі, як чужыя. У сэрцы млосна стала. Кругі замітусіліся перад вачыма.
«А можа, ён зараз зноў засмяецца, зарагоча, як нядаўна рагатаў на кані…» — думала Зоська.
— Ратуйце, людцы добрыя! Рату-у-уй-ця-а!!!
Лямант маткі — такі роспачны, такі жаласлівы і спуджаны, як тады, калі бацьку-нябожчыка катавалі ў дварэ. Зоська тады яшчэ была малая. Гэта было яшчэ пры старым пану.
Перад вачыма Зоські, як жывы, стаяў нябожчык бацька. Нізенькі, худзенькі, са скалмачанай русай бародкай. Яго вечна слязлівыя вочы былі заўсёды спалоханыя. Завостраны нос быў бледны і смешны. Зоська не памятае, за што тады бацька правініўся перад панам. Ён, бацька, тады малаціў. Там жа на гумне яго білі. Як прывезлі дахаты нежывога, дык мякінай былі абсыпаны ўсе раны на яго целе. У носе была мякіна, у вушах, між каравых чорных пальцаў — усюды афарбаваная крывёй мякіна, што да хлеба прымешваюць…
Гул галасоў чуе Зоська з вуліцы. Усё бліжэй да хаты…
Нешта страшнае будзе ёй ад гэтых людзей…
Збегліся людзі…
Разявіліся…
На Зоську ўтаропілася многа вачэй… Здзіўленыя, сумныя, вясёлыя, спалоханыя, бліскучыя. Зоська хацела ад іх схавацца, ды не магла. Яна адварочвалася — а вочы пранізвалі яе праз патыліцу, праз спіну. Яна апускала галаву ўніз — вочы грамады калолі яе. Яна тарашчыла на іх, нібы на полымя, свае бяздонныя і пустыя вочы. Тады сялянскія вочы ад яе адварочваліся. Не вытрымлівалі…
— Гэта на нас бяда… Ліха на ўсю вёску…
— Закатуюць усіх нас… Закатуюць…
— Не чапаць яго — гэтага панскага сабаку! Не чапаць! Няхай так ляжыць!
— Вось і сякера!
— Вязаць яе! Вяза-а-ць!
Як праз сон, як аглушаная, чула Зоська вакол сябе гоман устрывожаных людзей.
— Маці! Вяроўку дай! Вяроўку! — крычаў нехта.
Матка Зоські, жагнаючыся, божкаючыся, пабегла ў сенцы па вяроўку.
Зоська прыслухоўвалася да матчыных слоў. Маці, плачучы, апавядала мо ў дзесяты раз адно і тое самае. Зоська старалася ўцяміць сэнс гэтых страшных слоў: