Салавей
Шрифт:
Пры гэтым спалохаўся:
— Гэта ж грэх… Я — нікчэмны чалавек, жанчынай нараджоны — учыняю грэх… Пачуццё спакоры слабее. Замест спакоры злосць кіпіць у маіх грудзях. Д'ябал думкі блытае…
Лісток за лістком Меер перагортвае стары пажоўклы Псалтыр, што перайшоў да яго ў спадчыну ад дзіда-дзеда.
Меер стогне.
Літары на жоўтым полі паперы скачуць перад ім, як чорныя кузуркі.
Чырвоная паласа ўсходу палае над лесам.
У хаце шэра. Ранічны светазмрок прабіваецца праз маленькія шыбіны. Жонка Меера, нізенькая і дробная жанчына, тупаецца ля печы, соўвае гаршкі, ладзіць сняданне.
Каля печы стаіць цэбар. У ім ладзіцца сягоння смачнае сняданне для каровы: запарваецца мякіна, абмешваецца варанай бульбай і аздабляецца высеўкамі ад жытняй мукі.
— Гэта ж проста панскае сняданне! — жартуе Меерыха. — Ледзь дачакаліся малачка. А цяпер цэлы скарб у хаце будзе. Проста рай для дзяцей.
— А як жа, а як жа! — згаджаецца Міхальчыха. — Парсюкоў вы ж не колеце. У вас усё малако ды малако.
Меерыха пачынае пералічаць усе выгады ад каровы:
— Тут табе і сыр, і масла, і смятана, і тварог, і кіслае малако, і маслянка, і сырое малако, і паранае. Тут табе і да бліноў ёсць прысмакі! Тут табе і да рознай стравы акраса. Без малака пустая хата. Без малака як без рук.
— Дый што казаць, — спагадвае Міхальчыха, — паўнюткая хата дабра, калі карова дойная.
Меер чытае псалмы і прыслухоўваецца адным вухам да бабскай гутаркі. На яго твары з'яўляецца ўсмешка, але хутка хаваецца ў чорнай густой барадзе, бо радавацца — грэх. Ён бярэ са стала акраец хлеба, крышыць пальцамі і кідае ў цэбар. Пры гэтай рабоце ён не спыняе сваіх псалмаў — глытае іх на памяць.
А яго старшы сын, Мендэлька, новага сябра набыў: забаўляецца з цялушкай. Яна яшчэ ледзь стаіць на тонкіх ножках. Хлопчык мукае, як карова, пабрыквае вакол цялушкі на руках і нагах, гладзіць яе жоўтую шэрсць і нарадавацца не можа гэтай вялізнай падзеі ў яго жыцці.
Лёгка казаць, такога слаўнага таварыша мае.
Праз дзень-два цялушка ўжо будзе пабрыкваць, скакаць ад стала да печы, ад печы да ложка. У хаце пойдзе такі гармідар і тарарам, ад якога Мендэлька ўжо цяпер мае вялікую ўцеху. А праз тыдзень, дык чаго добрага, яму і Юрку, сыну Міхалкі, у цялушкі вучыцца прыйдзецца, як час праводзіць, як на свеце жыць…
У хаце радасць. Кожны па-свойму малюе змену ў жыцці да лепшага: ацялілася карова.
Скрып дзвярэй перабіў агульны ўрачысты настрой. Адчыніліся дзверы, і пасля цэлага воблака пары на парозе паказаўся высокі дзяцюк.
— Дзень добры ў хату! — казаў ён трохі ахрыплым голасам.
— Добры дзень! — адказалі кабеты.
— М-гу, — буркнуў і Меер, каб не перарваць малітвы.
— О-о-о! ну! — вёў далей Меер гутарку з дзецюком на мігі, як нямы, і паказаў рукою на зэдлік, што азначала: «прашу сесці».
— Дзякую! — адказаў дзяцюк. — Буду грэцца каля печы, бо вельмі азяб!
— Грэйся! Грэйся! — гасцінна папрасіла Меерыха. — Вельмі ўжо ты лёгка адзеты. Не па-зімоваму…
— Відаць, душа грэе, — пажартавала Міхальчыха і давай прыглядацца пільней да дзецюка. — А ці не Сымон, панскі салавой.
— Пан Вашамірскі выгнаў мяне.
— Ой, ой, не можа быць! — казала Міхальчыха.
— Праўду,
— А Божа ж мой! — здзівілася Міхальчыха. — Што дзеецца на свеце!
Меер, не спыняючы псальмаў, звярнуўся да жонкі на мігі.
— О-о-о! гам!
Яна зразумела адразу і папрасіла Салаўя на сняданне:
— Сымон пэўна снедаць хоча!
Міхальчыха задзівілася.
— Божа ж мой! Што на свеце робіцца! Ідзём у маю хату снедаць!
— А наша хата — не хата? — пакрыўдзілася Меерыха.
Меер спыніў малітву і пачаў злавацца:
— Садзіся, Сымон! Зараз есці будзем!
— Для Сымона сала на снеданне зажару! — не адставала Міхальчыха, і яе здзіўленыя вочы паглядалі на ўсіх з просьбай.
Пачуўшы слова «сала», Меер заткнуў вушы і адвярнуўся да сцяны, каб не атрафіць малітву…
Міхальчыха павяла Салаўя ў сваю хату.
У часе яды Салавей з Міхалкай доўга шапталіся.
Пасля гэтага Салавей лёг спаць на печы. А пад вечар Міхалка даў яму стары кажух, торбу харчоў і выправіў у дарогу.
7. Божая Маці
Праз колькі дзён пасля спектакля пан Вашамірскі дазволіў Марылі, «прыгажэйшай за статую Венеры», ісці дахаты.
Марыля ўзрадавалася.
Пры гэтым прысутнічаў ксёндз Марцэвіч. Яго шэрыя вочы бліснулі. Ён строга замахаў на яе пальцамі і сказаў урачыстым голасам:
— Не радуйся дабраце пана! Табе грэх радавацца. Ты грала на сцэне святую Матку Боску. Ты выасабляла яе цудадзейны вобраз. У твае грэшныя вусны былі ўложаны яе нябесныя словы. Калі на шляху сустрэнеш вялікія пакуты, дык памятай, што пакуты цела гояць душу. Ты павінна дзякаваць пана за тое, што выконвала ў палацы слаўную ролю Свентай Маткі. Адмаўляйся ад сваіх бацькоў ды лепш ідзі ў ціхі манастыр. Я падрыхтую цябе пастамі, малітвамі ды споведдзю. Я буду тваім духоўным айцом!
Ксёндз Марцэвіч вільготна-маслянымі вачыма аглядаў прыгожую постаць Марылькі.
Дзяўчына пабляднела. Апусціла вочы і шэптам сказала:
— Хачу да бацькоў…
— Ідзі! — гнеўна сказаў ксёндз. — Але памятай, што ты перад намі грала святую Марыю. Не грашы!
Было яснае сонечнае надвор'е, калі Марылька ішла да бацькоў. Яна не ведала, што дома робіцца.
Пад яе нагамі скрыпеў снег. Дарога блішчэла шліфаваным серабром.
На парозе маленькай хаткі яе сустрэў бацька, Каспар. Рукі і твар былі ў яго абматаны анучамі. Толькі вочы блішчэлі.
— Дачушка! — абрадаваўся бацька. — Марылечка…
І раптам бацька заплакаў.
— Чаго плачаш? — спалохалася Марылька.
— Хадзем у хату, раскажу.
— Дзе маці?
— Раскажу… Я вось рукі і твар адмарозіў па панскай ласцы.
У хаце Марылька аб усім даведалася.
— Дык чаго ты так рагочаш? — устрывожыўся бацька. — Радавацца няма чаго.
Марылька слова не сказала. Рагатала цэлы дзень. Не магла стрымаць свайго смеху. Калі змарылася, павалілася вобземлю ды ўсё рагатала. Трымалася за бакі ды рагатала… Глядзела на людзей непрытомнымі вачыма ды рагатала… Змоўкла толькі тады, калі на яе вылілі вядро студзёнай вады. Пасля рогату на яе напаў вялікі смутак. Пацямнелі яе сінія вочы, твар быў белы, і вуснамі яна ледзь шаптала: