Сэрца на далоні
Шрифт:
— Вы ўратавалі майго сына, Антон Кузьміч. На ўсё жыццё вам удзячны. Маці штодня ўспамінае. Хаця б ты, кажа, павазіў доктара. Скажыце, і я кожны дзень буду вазіць вас.
— Хабар? — усміхнуўся Яраш.
— Які хабар, доктар? — пакрыўдзіўся шафёр. — Хабар даюць за цёмныя дзялы. А тут — жыццё сына…
Прайшоў нядоўгі таварны састаў. Старэнькі паравоз сыпануў у начное неба жменю іскраў. Але яны не сталі зоркамі — упалі назад на зямлю і патухлі.
Павольна падымаўся шлагбаўм. У нейкі міг замест чырвонага ліхтара загарэўся зялёны.
Машына кінула на пераезд сноп кароткага святла. Заблішчалі рэйкі. Вартаўнік пагразіў пальцам. За пераездам фары выхапілі з ночы больш доўгі кавалак чорнай шашы.
Яраш глянуў убок і ўбачыў зоркі. Іх было мала, і яны плылі над чорным лесам, які заўсёды ўначы чамусьці здаваўся горнай градой — з вяршынямі, доламі, цяснінамі. А ўдзень гэта была зусім роўная сцяна лесу за кіламетр ад дарогі. Там, наперадзе, лес падступіць да самай шашы, і тады знікне гэтая ілюзія. Антон Кузьміч ніяк не мог растлумачыць прычыны такога зрокавага падману.
Усё гэта — супынка, размова з шафёрам, зоркі, лес — адцягнула думкі ад Зосі. Праўда, ненадоўга. Хутка ён пачаў зноў думаць пра яе, але ўжо інакш. Прыгадаў, як зноў, другі раз за дзень, сутыкнуўся з Тамарай. Яна раптам запярэчыла супраць пераводу Зосі ў тую клініку, дзе пастаянна працаваў Яраш. Калі ён пайшоў, каб растлумачыць ёй, што мае сам аперыраваць хворую і таму зручней, каб яна была пад яго штодзённым наглядам, Тамара са здзекам спытала:
— Гэта тваё падпольнае каханне?
Антон не вытрываў і вылаяўся груба і злосна. Гаецкая спалохалася, адразу аформіла перавод.
Калі Яраш пазваніў у рэдакцыю Шыковічу, што мусіць затрымацца, той сказаў:
— Хрэн з табой. Сядзі каля сваіх хворых хоць тыдзень. А я млею ад духаты.
Ён доўга сядзеў каля сваёй хворай. Зося глядзела на яго і хораша ўсміхалася, шчасліва і збянтэжана.
— Дзе вы былі ўвесь гэты час?
— Апошнія тры гады тут, у нашым горадзе.
— І не ведалі пра мяне?
— Ведала. Бачыла колькі разоў.
— Бачылі? І не маглі прыйсці?
— Я маленькі чалавек, Антон Кузьміч. Прыёмшчыца арцелі кравецкай на Выселках.
— Ды якое мае значэнне, кім вы працавалі! Глупства! Сорамна падпольшчыцы дзяліць людзей на маленькіх і вялікіх.
— Якая я падпольшчыца! Я дачка доктара Савіча. — Вочы Зосі напоўніліся слязамі.
— Ну, не трэба! Калі ласка! Ніякіх хваляванняў і ніякіх расказаў! Аб усім пагаворым пасля. — Ён падняўся, каб пайсці.
Яна папрасіла нясмела, сарамліва:
— Пасядзіце яшчэ трошкі, Антон Кузьміч. Хлопчык гэты, Тарас, жывы?
— Хлопчык! Хлопчык гэты ў арміі адслужыў. На заводзе робіць…
— Я шукала яго. — Яна як бы вінавата прасіла прабачэння за тое, што не здолела знайсці дзіця.
— Пасля, пасля. Не хвалюйце сябе ніякімі ўспамінамі.
Сёстры і санітаркі хадзілі на пальчыках і гаварылі шэптам. У іх былі спалоханыя твары. Яраша абурыла гэта, але ён змаўчаў. Прымусіў сябе маўчаць.
Цяпер, у машыне, ён падумаў, што трэба заўтра ж пра ўсё расказаць Машы і папрасіць, каб яна ўзяла шэфства над Зосяй. Не медыцынскае. Чалавечае.
Таксі звярнула з шашы ў лес. У святле фар дрэвы здаюцца дэкаратыўна нежывымі і ў той жа час фантастычна прыгожымі. Праплываюць застылыя ствалы з нерухомым белым лісцем. Быццам на міг з'яўляюцца на свет з дагістарычнай цемры і зноў знікаюць назаўсёды. Цені бягуць наперадзе, пераганяючы святло, доўгія і вузкія — блізка і шырокія — удалі. А з бакоў — чарната. А ўгары — цемра: зноў не відаць зорак.
Яраш надзвычай любіў начную язду па лесе. Часта прасіў Шыковіча паездзіць. Той не разумеў яго захаплення. Яраш злаваўся: «Які ты, да д'ябла, пісьменнік, калі не адчуваеш такой прыгажосці? Ты паглядзі на гэтыя сосны! Які ў іх колер? А цені? З чым ты параўнаеш іх? Паспрабуй напісаць гэта рэалістычным пэндзлем. Памрэш — не напішаш. Тут, брат, трэба нейкі асобы, умоўны прыём».
«Хірург-абстракцыяніст! — хмыкаў Шыковіч. — Навіна! Дзіва дзіўнае!»
Шафёр таксі, напэўна, хацеў у знак удзячнасці давезці свайго пасажыра як мага хутчэй і імчаў па карэннях і ямах, не шкадуючы машыны.
Яраш папрасіў:
— Цішэй, калі ласка. Можна?
— Можна! — Шафёр адразу збавіў хуткасць. — Я думаў, вы спяшаецеся.
— Не. Я люблю паглядзець на лес.
— О, лясок тут добры! Каб такіх сосен на дом.
— Што было ў вашага сына?
— Пералом пазваночніка. На будаўніцтве, ведаеце. Няшчасны выпадак.
— А-а, помню.
Шафёра ўзрадавала, што доктар помніў яго сына. Як бы пакрыўджаны за хабар, ён праз усю дарогу маўчаў. Гзта яму, відаць, нялёгка давалася, бо калі прарваўся, то пачаў паспешліва і мнагаслоўна расказваць пра сына, пра сябе, пра ўсю сваю сям'ю.
Яраш слухаў і не чуў. Глядзеў на лес і думаў. Як у святле фар выплывалі з цемры дрэвы, так і з ночы памяці выплывалі эпізоды жыцця, далёкія і блізкія, з падполля і з сённяшняга дня.
Да дачы ён не даехаў. Спыніўся каля канторы лясніцтва, сілком усунуў таксісту грошы і пайшоў пехатой.
Свяцілася толькі адно акно — на паддашку ў Шыковіча.
«Трэба адвучыць яго ад начной працы, — падумаў Антон Кузьміч пра сябра і тут жа пра жонку з пяшчотай: — Спіць Галка. Тут добра спіцца».
Шкада было будзіць яе. Калі пад нагамі піснулі ўсходцы ганка, ён пагразіў ім пальцам: «Цыц!» Потым доўга стаяў нерухома, слухаючы начную цішыню.
Не паднімалася рука, каб ціхенька, адным пальцам, пастукаць у шыбіну веранды. Ён быў упэўнены, што дзверы зачынены. Але паспрабаваў асцярожна націснуць на ручку — і дзверы лёгка адчыніліся. Белая, як прывід, постаць стаяла ў адным кроку ад парога. Навучаны шматгадовым вопытам, Яраш усё зразумеў і ўміг мабілізаваў свой спакой і вытрымку.