Сэрца на далоні
Шрифт:
У адзін міг я ўзважыў усе мінусы і плюсы. Тут жа выявіў яшчэ адзін мінус: я быў ранены. Асколкам уласнай гранаты. Ніша не схавала мяне ўсяго, і асколак пацэліў у нагу, вось сюды… Я нават намацаў яго. Штаніна набрыняла крывёю. Рана няцяжкая. Але па крывавым следзе лёгка ідуць аўчаркі. Таму я мусіў спусціцца ў склеп разбуранай крамы, падраць споднюю кашулю і перавязаць нагу. Патраціў некалькі хвілін. За гэты час пачалі абкружаць раён узрыву. Цяпер ужо не толькі шум матацыклаў, але і нямецкія каманды даляталі да мяне. Мабыць, упэўненыя, што я нікуды не дзенуся, немцы, здавалася, не
У невялікіх руінах таго раёна схавацца нельга, я добра разумеў. Трэба выходзіць. І я выйшаў у Пушкінскі завулак, рушыў да ракі. Схаваць могуць толькі людзі, савецкія людзі. Я зазіраў у вокны драўляных дамоў. Я ведаў гэтыя дамы, але не ведаў людзей. Жыдоўская сям'я, дзе я кватараваў, эвакуіравалася. Другіх знаёмых тут не было. Якія знаёмыя ў студэнта!
Прайшла міма добра апранутая жанчына, агледзела мяне залішне зацікаўлена. Што прыцягнула яе ўвагу? Я намагаўся не кульгаць, закрываў рукой прабітую палу пінжака. З двара выбег афіцэр, на хаду зашпіляючы гузікі. Я сціснуў ручку пісталета. Але немец не зачапіў мяне, глянуў абыякава і пабег у бок цэнтра. Мабыць, яго выклікалі па трывозе.
Я звярнуў у вузкі безыменны завулак, па якім некалі хадзіў да ракі. Можа, і цяпер спусціцца да ракі і паспрабаваць пераплыць яе? Але на тым беразе бязлесны луг. Кожны, хто з'яўляецца там, бярэцца на мушкі кулямётаў. Не, ратунак можа быць толькі ў адным з гэтых дамоў. Але ў якім? Аўчаркі брахалі ўжо недзе каля ўправы. Калі натрапілі на след, яны будуць тут цераз дзве-тры хвіліны. Нельга марудзіць.
Я азірнуўся і… убачыў дом, у які мяне пацягнула нейкае асаблівае чуццё. У такія моманты з'яўляецца інтуіцыя, якая вядзе беспамылкова. Дом гэты стаяў не ў рад з іншымі дамамі, а ў глыбіні добрага саду. Прыгожы асабняк. Аднойчы я быў у гэтым доме. Прыходзіў здаваць экзамен гаспадару яго доктару Савічу.
— Савіч? Той Савіч? — не вытрымаў і выказаў сваё здзіўленне Шыковіч.
— Але. Той Савіч, пра якога Гукан з тваёй дапамогай піша, як пра здрадніка. Той Савіч, які супрацоўнічаў з немцамі, узначальваў аддзел управы і якому фашысты арганізавалі пышнае пахаванне.
— Тысяча і адна ноч. І ты пайшоў у гэты дом?
— Але. Сігануў цераз паркан, пераканаўшыся, што завулак пусты. Безумоўна, я рызыкаваў. Я ведаў, хто такі Савіч. Больш таго, я ведаў, што ў доме кватаруе лекар нямецкага шпіталя. Што ж… паміраць, дык з музыкай, чорт вазьмі! Я ішоў ужо ў той дзень раз на смерць. Яна дала адтэрміноўку. І калі не было іншага выйсця, калі любы варыянт даваў яшчэ менш шанцаў… Але, акрамя ўсяго, была нейкая інтуіцыя… Была вера ў гэтага чалавека. У Сцяпана Савіча. Я ведаў не Савіча-здрадніка, а Савіча-лекара, буйнейшага інфекцыяніста, бясстрашнага чалавека, які за сорак год лекарскай дзейнасці патушыў дзесяткі эпідэмій. Яго паважалі ў горадзе. Няўжо такі чалавек мог прадацца?
Зваліўшыся ў чужы сад, як з неба, я спалохаў мілую істоту. Яна карміла трусікаў. Клеткі з трусамі стаялі паўз паркан у два паверхі. Я пазнаў дзяўчыну. Дачка Савіча. Калі мы прыходзілі да хворага доктара здаваць экзамен па інфекцыйных хваробах, яна, падлетак, школьніца, падавала нам чай. Доктар, знаёмячы нас з ёй, сказаў: «Гэта мая
Яна войкнула, а потым сурова спытала:
«Што вам трэба? Хто вы?»
«Цішэй! — шыкнуў я. — Я друг тых, каго сёння павесілі».
«Павесілі? А каго павесілі?»
Я ўзлаваўся. Калі ідзе такая вайна, калі штохвіліны гінуць людзі, жывуць, аказваецца, вось і так: за высокім парканам, у добрым садзе, кормяць трусікаў… Жаруць трусяціну… І не ведаюць, што робіцца навокал.
«Людзей, якія не сагнулі спіны. Чуеце? Аблава! Схавайце мяне!» Узлаваны, я не прасіў — загадваў.
І яна зразумела. Схапіла мяне за руку і шпарка пабегла да дома. У калідоры спынілася, задыханая, узбуджаная.
«Куды ж вас схаваць? Пад кухняй ёсць пограб. Хочаце туды?»
Я паверыў у яе шчырасць і цалкам даверыўся ёй. Але на парозе кухні яна спынілася. Перадумала.
«Не, у пограб дрэнна. На другім паверсе пакоі нямецкага лекара пана Грота, ён кватаруе ў нас. Я зачыню вас у яго пакоях. Добра?»
Я згадзіўся і на гэта. Яна збегала некуды, вярнулася з ключамі. Мы падняліся ў мансарду, у добра абстаўленыя пакоі. Пакідаючы мяне, яна ўсміхнулася ласкава і разгублена.
«Ключа ў мяне няма. Няхай шукаюць Грота. У тым пакоі за шафай дзверы на гарышча. А там у нас чорт нагу зламае».
Я падзякаваў. Яна зачыніла дзверы на ключ. Але праз хвіліну вярнулася і прашаптала ў замочную шчыліну:
«Слухайце, вы… Як вас? Калі яны ўсё-такі ўварвуцца сюды, вы будзеце страляць?»
«Буду!» — цвёрда і бязлітасна адказаў я.
«У шафе ў Грота стаіць аўтамат».
О, дзяўчо гэтае было не з баязлівых! Дарэмна я ўпачатку блага падумаў пра яе. З той хвіліны я адчуў да яе павагу. Безумоўна, учынкі яе ў той міг маглі быць не ад свядомага пераканання, а ад жадання рамантыкі, што ўласціва такому ўзросту. Але было бясспрэчна — чалавек наш, сумленны. Інтуіцыя не падвяла. І гэта радавала.
У завулак яны ўскочылі ў той жа міг, як я застаўся адзін у шыкоўнай кватэры нямецкага афіцэра. Я ўбачыў іх праз акно. Гестапаўцаў з сабакамі і паліцаяў. Але я перабольшваў ролю аўчарак. Не такія яны ўжо разумныя і не такі ўжо ў іх тонкі нюх, як пра гэта расказвалі легенды. Звычайныя сабакі. Усе тры чамусьці кінуліся ў адзін двор. Безумоўна, следам за імі туды ўскочыла ўся зграя гестапаўцаў і паліцаяў. Пачаўся вобыск. Пошукі ў тым доме занялі хвілін дзесяць. Потым з'явілася тая модна апранутая жанчына, якую я сустрэў. Я пазнаў яе нават з такой адлегласці. Яна паказала гестапаўцам на гэты безыменны завулак. У мяне ёкнула сэрца. Няўжо яна бачыла, як я пераскочыў цераз паркан?
Гестапаўцы кінуліся сюды. Я заглянуў у шафу. Сапраўды, там стаяў аўтамат. Я не адважыўся набліжацца да акна, каб сачыць за імі. Маглі ўбачыць. Але вось сабакі загаўкалі, заскуголілі каля таго месца, дзе я пераскочыў паркан. Значыцца, напалі на след. Я дастаў аўтамат.
І раптам у садзе пачаўся дзікі вэрхал: вой, брэх, піск, крык. Я жахнуўся. Няўжо яны кінуліся на маю ўратавальніцу? Яна датыкалася да мяне, брала за руку. Забыўшыся на небяспеку, я наблізіўся да акна. І ўбачыў: аўчаркі рвалі трусоў.