Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Шрифт:

«Давай. Такія хлопцы нам цяпер во як патрэбны!»

«Начальнік у сябе?»

«Толькі што прайшоў».

Але сакратарка-перакладчыца затрымала мяне. Гэтую асобу я таксама ведаў: Павел хадзіў з ёй нават разы два ў кіно, каб выведаць, чым яна дыхае. І заключыў: «Дрэнь поўная». Яна сказала, што ў спадара Лучынскага важная нарада і наўрад ці прыме ён мяне. Я адказаў, што ў мяне пільная справа.

«Якая?»

«Хачу паступіць у паліцыю».

Яна паглядзела на мяне зацікаўлена і больш прыветліва.

«О,тады пачакайце».

Здраднікам падабалася, калі іх большала. Магчыма, кожнага з іх цешыла думка: «Не я адзін».

Сакратарка была стройная брунетка, гадоў дваццаці пяці, але са стомленым ад бяссонных начэй тварам распусніцы.

Ды, мабыць, траплялі ёй у апошні час мужчыны падношаныя, тыпу Лучынскага. Бо калі яна бліжэй агледзела мяне і падумала, што я буду служыць побач, у яе юрліва заблішчалі вочы. Яна пачала заляцацца. Мне зрабілася агідна. Я думаў пра помсту, ішоў на смерць, а тут трэба было «сушыць зубы», гаварыць чорт ведае пра што. Хацелася стукнуць яе з пісталета, а потым тых, усіх, што за дзвярамі, абабітымі жоўтым дэрмацінам. Сакратарка сказала мне, хто там: «Заступца і следчы».

Не, раней трэба іх. У мяне не хапала сілы чакаць. Я падняўся і наблізіўся да дзвярэй. Але яна загарадзіла дарогу. Аўчарка пільна сцерагла свайго гаспадара.

«О, ты нецярплівы. Але начальнік не любіць. Май на ўвазе».

Яна наступала на мяне і адціскала ад дзвярэй. На маё шчасце, халуі хутка выйшлі. Яны шапталі нешта адзін аднаму на вуха і задаволена ўсміхаліся. Лысы намеснік начальніка паліцыі Левашоў ушчыпнуў сакратарку за мяккае месца, кіўнуў на мяне:

«Ці не хахаля ты такога знайшла, Мура? У гэтага ёсць брандспойт».

Яны цынічна зарагаталі.

«Нахабнікі», — сказала яна ўслед ім, як бы апраўдваючыся перада мной.

І пайшла ў кабінет, каб далажыць пра мяне. Выйшла не хутка ці, можа, мне так здалося — цягнуліся хвіліны. Помню, што я раптам захваляваўся, пачуў, як грукае сэрца. Яшчэ міг, адзін міг — і я адпомшчу за Паўла, за таварышаў. Дзверы адчыніліся. Яна, Мура, сказала: «Прахадзі» і прапусціла мяне. Я зачыніў за сабой дзверы асцярожна, быццам яны былі з танюсенькага шкла. Ступаў па дывановай дарожцы на пальчыках, пачціва і ціха, каб не спужаць звера. Круціў у руках шапку. Лучынскі глянуў насцярожана, трымаючы руку пад сталом, можа, на кнопцы званка ці на пісталеце. Але пазнаў мяне (ён інспектаваў пажарную і разоў колькі з'яўляўся на пажары) і заспакоіўся. Паклаў абедзве рукі на паліраваны стол двухметровай даўжыні, як бы абняў гэты сімвал сваёй улады. Выпрастаўся ў высокім крэсле. Сядзеў, як на троне. Яны ўсе ігралі, гэтыя мізэрныя пустыя людзі, здраднікі, уяўлялі сябе фюрэрамі і былі такімі ж бяздарнымі акторамі, як і Гітлер.

Я спыніўся крокі за тры ад стала ў пачцівай паставе. Я загадваў сабе: «Не выдаць… Ніводным рухам не выдаць сябе!» Хоць і марудзіць нельга было: мог зайсці хто-небудзь з паліцаяў.

«Дык, кажаш, хочаш перайсці ў паліцыю? Чаму? Пажарная — тая ж паліцыя. І нам патрэбны там адданыя людзі».

«Хачу помсціць за бацькоў, пан начальнік».

Кузьма Клешч — сын раскулачанага, у паліцыі былі мае анкеты.

Лучынскі крыва ўсміхнуўся:

«Мы нікому не помсцім. Мы будуем новую Беларусь».

Пры гэтых словах ён адсунуў нагайку, якая ляжала на стале, каля правай рукі.

Я меўся застрэліць яго ва ўпор, а таму глядзеў толькі на вузкі твар, на лоб у кароне прыгожых пасівелых валасоў. Я цэліўся, выбіраючы момант. І раптам нагайка… Тая, якой ён ударыў Паўла. Адной гэтай дэталі было даволі, каб маланкава змяніўся план. Я скочыў да стала. Я кінуў цераз стол усю сілу свайго цела. Каб ён не паспеў націснуць кнопку, ударыў кулаком у пераносіцу. Ударыў так, што пасля ў мяне было запаленне надкосніцы ўказальнага пальца. Я схапіў нагайку, накінуў скураную пляцёнку яму на шыю і што ёсць сілы рвануў за канцы — за тоўсты, абглянцаваны, з раменьчыкам, і тонкі, з мяцёлкай калючых дроцікаў. Хруснулі шыйныя храшчы. Спадар Лучынскі вываліў ненатуральна доўгі язык. Вылезлі з арбіт вочы… Я падсунуў крэсла да сцяны, каб цела не ўпала і не нарабіла грукату. Было брыдка і пагана: ніколі яшчэ не выконваў прысуд такім чынам. Звычайна страляў ці кідаў гранату… Але

ўсведамленне, што я выканаў справядлівы прысуд, адплаціў за смерць таварышаў у дзень іх пакарання, дало новыя сілы, новы імпульс жыцця і барацьбы. Не, цяпер не хацелася паміраць! Я скочыў да дзвярэй: ці не ідзе хто? За шчыльнымі дзвярамі прыглушана стукала машынка. Ціха. Вярнуўся да стала і на нейкім нямецкім цыркуляры буйна напісаў:

«Гэта першы акт помсты за павешаных. Дрыжыце, каты! Смерць здраднікам!»

Выйшаўшы, зачыніў дзверы за сабой гэтак жа ціха і асцярожна, як і тады, калі заходзіў у кабінет. Мура ўсміхнулася мне:

«Дамовіўся?»

«Ага».

«Да нас ці на ўчастак?»

«Да вас. Да заўтра».

«Да заўтра», — задаволена развіталася яна.

Але ў доўгім і пустым калідоры з'явілася жаданне пабегчы. Я ледзь стрымаў сябе. Дайшоў да лесвіцы, учапіўся рукой у поручні і зноў-такі прымусіў сябе сысці з другога паверха не спяшаючыся. Вартавы таксама спытаў:

«Узяў?»

«Але».

«З цябе — куш. Пакуль што цыгарэту».

Я памацаў пісталет і гранату. Цыгарэт не было.

«Аддаў Муры», — прыгадалася, што яна паліла, калі я выходзіў.

«Ого, хутка ты знаёмішся, — зарагатаў вартавы. — Але заўтра з пустымі кішэнямі не прыходзіць, у нас свае законы».

«Ведаю».

А сам лавіў кожны гук — ці няма трывогі?

Па вуліцы я пайшоў шпарка. Накіраваўся на Савецкую. Спадзяваўся, што на цэнтральнай будуць людзі і я схаваюся сярод іх і здолею перабрацца ў Залінейны раён. А там — некалькі явак. Я паспеў выйсці на Савецкую. Але ў той дзень яна была бязлюдная. Рэдкія прахожыя, і то, відаць, большасць — агенты ў цывільным.

І тут мяне дагнала трывога. Гукі яе даляцелі не з паліцыі — з гестапа, ажно з Паркавай. Зараўлі сірэны і маторы, загаўкалі аўчаркі. Вуліца ўміг яшчэ больш апусцела. Нават агенты, відаць, кінуліся да тэлефонаў, каб даведацца, што здарылася, атрымаць указанні. Я не паскорыў хаду, каб не выдаць сябе. Але імкнуўся хутчэй дасягнуць разбуранага бамбардзіроўкай квартала, каб схавацца ў руінах. І раптам — бываюць жа стрэчы! — насустрач Лотке. У вопратцы рабочага. Я зрабіў выгляд, што не пазнаў яго, і прайшоў міма. Але інстынкт вопытнага агента і, безумоўна, падазронасць, якую ён меў да мяне ўвесь час, прымусілі яго дзейнічаць.

«Стой! Руки вверх!» — У гэты раз ён крыкнуў на чысцейшай расейскай мове.

Я павярнуўся… Падняў рукі. Але з правай вылецела лімонка. Я паспеў убачыць, як Лотке кінуўся ў акно майстэрні па рамонту гадзіннікаў. Раней чым грымнуў выбух, дзынкнула вітрыннае шкло. Я схаваўся ад узрыву ў нішы замураваных дзвярэй. А потым кінуўся ўніз, звярнуў у першы праезд і пайшоў па задворках. Я ішоў назад, паўз двор управы, амаль паўз самую паліцыю, дзе стаяў гоман галасоў. Па шуму матораў, брэху сабак лёгка было здагадацца, што гестапаўцы абкружаюць кварталы па той бок Савецкай, кварталы руін. І, аднак, я шкадаваў, што не перасек галоўную магістраль. Там быў увесь горад, разбураны і цэлы. Там жылі нашы людзі, адтуль быў выхад у поле, у лес. А тут я быў заціснуты ў невялікім раёне паміж цэнтральнай вуліцай, якую цяпер ужо не перайсці, і ракой, за якую таксама не перабрацца. Уздоўж вуліцы — управа, паліцыя, правей — казармы зондэркаманды, над ракой — элеватар, прыстань са складамі, на беразе — вартавыя вышкі, агнявыя кропкі. І паміж гэтым — некалькі ціхіх вуліц, да якіх не дайшоў пажар і дзе заставаліся жыць нашы людзі. Нашы… А ці ўсе нашы? Гэта своеасаблівы раён. Дарэвалюцыйнай забудовы. Сяліліся тут пры цару галоўным чынам чыноўнікі. Пасля рэвалюцыі шмат якія дамы былі нацыяналізаваны, сталі камунальнымі. Але больш за ўсё эвакуіравалася ў пачатку вайны менавіта з гэтых камунальных кватэр. Рабочыя, савецкія служачыя. А хто застаўся… Не ўсе яны, відаць, нашы. Акрамя таго, я ведаў, што тут кватаруе многа немцаў — афіцэры, камерсанты. Праўда, была ў мяне перавага: я выдатна ведаў гэты раён, не толькі кожны завулак, але кожны дом і сад. Я жыў тут, калі вучыўся ў медвучылішчы.

Поделиться:
Популярные книги

Жандарм 3

Семин Никита
3. Жандарм
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Жандарм 3

Я тебя верну

Вечная Ольга
2. Сага о подсолнухах
Любовные романы:
современные любовные романы
эро литература
5.50
рейтинг книги
Я тебя верну

Месть Пламенных

Дмитриева Ольга
6. Пламенная
Фантастика:
фэнтези
6.00
рейтинг книги
Месть Пламенных

Локки 4 Потомок бога

Решетов Евгений Валерьевич
4. Локки
Фантастика:
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Локки 4 Потомок бога

Князь Серединного мира

Земляной Андрей Борисович
4. Страж
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Князь Серединного мира

Кодекс Крови. Книга VII

Борзых М.
7. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга VII

Барон не играет по правилам

Ренгач Евгений
1. Закон сильного
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Барон не играет по правилам

Развод, который ты запомнишь

Рид Тала
1. Развод
Любовные романы:
остросюжетные любовные романы
короткие любовные романы
5.00
рейтинг книги
Развод, который ты запомнишь

Бывшие. Война в академии магии

Берг Александра
2. Измены
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
7.00
рейтинг книги
Бывшие. Война в академии магии

Истинная поневоле, или Сирота в Академии Драконов

Найт Алекс
3. Академия Драконов, или Девушки с секретом
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.37
рейтинг книги
Истинная поневоле, или Сирота в Академии Драконов

Плеяда

Суконкин Алексей
Проза:
военная проза
русская классическая проза
5.00
рейтинг книги
Плеяда

Город Богов

Парсиев Дмитрий
1. Профсоюз водителей грузовых драконов
Фантастика:
юмористическая фантастика
детективная фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Город Богов

Жандарм 2

Семин Никита
2. Жандарм
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Жандарм 2

Господин следователь. Книга 3

Шалашов Евгений Васильевич
3. Господин следователь
Детективы:
исторические детективы
5.00
рейтинг книги
Господин следователь. Книга 3