Сэрца на далоні
Шрифт:
— Так я думаў семнаццаць год.
— Ну і ну! Дзе ты яе спаткаў?
— У бальніцы.
— Хворая? Чакай. Калі хавалі Савіча?
— У маі сорак трэцяга.
— З верасня да мая яна павінна была даведацца, хто ж яе бацька. Трэба распытаць яе.
— Ніякіх роспытаў. Да аперацыі. Я буду аперыраваць яе. Набыты парок…
— Сэрца? — Кірыла свіснуў. — А раптам зарэжаш?
Яраш уздрыгнуў і адказаў жорстка, злосна:
— Дурань! Я нікога не рэжу. Я лячу. — І, напэўна, адчуўшы, што сказаў груба, прапанаваў па-сяброўску цёпла: — Хадзем на луг. Сустрэнем сонца.
6
Славік Шыковіч стаяў
Сумна. Трэба неяк адкруціцца ад гэтых вясталак. І раптам Славік убачыў Тараса. Пазнаў цераз плошчу. Той стаяў на супынцы загарадных аўтобусаў збоку вялікай чаргі.
— Ша, лэдзі! Бачу аднаго прадстаўніка будучага грамадства. Пайду раздабуду на сённяшні дзень. Чакайце.
Ён пашыбаваў цераз плошчу, не звяртаючы ўвагі на машыны.
— Хэло, містэр Ганчароў, — шумна прывітаўся Славік.
— Здароў, таварыш Шыковіч. — Тарас усміхнуўся, як усміхаюцца дарослыя, назіраючы забаўкі дзяцей.
Калгасніцы з чаргі зацікаўлена і зняважліва глядзелі на хлопца ў вузенькіх штоніках, стракатай кашулі, з матузкамі на шыі, сцягнутымі бляшкай.
Славік трохі сумеўся ад гэтых позіркаў. Недурны хлопец, ён адразу адчуў, што тут не месца для крыўляння і галёкання. Загаварыў проста, грубавата. Паказаў на турысцкі мяшок, што стаяў каля ног у Тараса.
— Куды з такім «гумном»?
— Да сваіх.
— Клапатлівы сын паважаных бацькоў.
Старая жанчына не вытрымала:
— Па табе хлопчык, відаць, што ты такога «гумна» не павязеш сваім бацькам.
— Твайго Яраша возіць мой бохан на машыне. І яны не прыязджаюць пустымі.
Па чарзе пракаціўся шэпт:
«Яраша? Якога Яраша? Таго? Доктара? Сын? Каторы?»
Славік узяў Тараса пад руку, кіўком галавы запрашаючы адысці. Тарас папрасіў жанчын папільнаваць мяшок і чаргу.
Не надта блізка знаёмы яны. Калі пасябравалі сем'і, Тарас быў у арміі. Вярнуўся — пайшоў на завод. Славік у гэты час канчаў дзесяты клас. Толькі вось на дачы пазнаёміліся больш-менш. А таму Славіку пры ўсёй яго бесцырымоннасці нялёгка было папрасіць грошай у гэтага спакойнага, старэйшага па ўзросту хлопца.
Тарас дастаў пачак «Беламора», прапанаваў запаліць.
— О, ты глядзі! Не ведаў, што сябры камбрыгад паляць.
Ведаў. Усё ведаў. Але за жарцікі лягчэй схаваць сваю збянтэжанасць.
— А што мы, незямныя? — Тарас пстрыкнуў перад Славікавым тварам запальнічкай, даючы прыпаліць.
— А скажы шчыра, сумна ў такой брыгадзе?
— Дзіўныя ў цябе ўяўленні, работнік тэлестудыі. Чаму сумна? Сумна хораша працаваць?
—
— Не ведаю, што там, на швейнай. А ў нас брыгада — што трэба. І адпачываем мы весялей за другіх.
— Але ж выпіць — ні-ні?
— Калі ёсць прычына…
— Ну-у? Можна, значыцца? Прыма. А ў рэстаран можаш пайсці?
— А хіба ў рэстаране толькі п'юць? Можна паабедаць.
— Геніяльная мысля! Культурна паабедаць! Ты ведаеш, я галодны, як дыназаўр. Раніцай як напіўся чаю…
Тарас сумеўся. Хацелася хутчэй да сваіх. За тыдзень ён засумаваў па Віцю, Наташы, па бацьку, па Галіне Адамаўне. Яраша і цяпер, дарослы, Тарас клікаў бацькам. Жонку яго як адмовіўся назваць мамай у першы дзень яе з'яўлення шаснаццаць год назад, так ніколі і не называў. Але любіў, як маці. З гадамі мацней адчуваў удзячнасць, што яны выхавалі яго вось такім… Вось такім — таварыскім хлопцам, калектывістам. Калі Слава сапраўды галодны, не можа ён, Тарас, маючы грошы, не накарміць яго. Праўда, чамусьці той пачаў не з абеду, а з выпіўкі… Тарас ненавідзеў гэтых васемнаццацігадовых наведвальнікаў рэстаранаў, што п'юць за бацькавы грошы. Але ніхто не казаў, што Слава такі. Ды і Шыковіч не такі, каб даваць волю і лішнія грошы. Можа, наадварот, празмерная строгасць бацькоў давяла, што ў сына няма на абед.
Тарас перавёў позірк з правага крыла вакзала, дзе размяшчаўся рэстаран, на чаргу.
Славік хмыкнуў.
— Баішся?
— Чаго?
— Убачыць хто з завода — распішуць заўтра на ўсіх сценах… Закрычаць з трыбун. Брыгадзір Тарас Ганчароў…
— Глупства.
— То чаму ты азіраешся? Баішся зайсці ў рэстаран, каб паабедаць за сумленна запрацаваныя грошы? Ох, жыццё!
Тарас добра разумеў, што Славік знарок падбівае яго, цешыўся з такой наіўнасці і дараваў: на якія хітрыкі не ідзе галодны чалавек!
— Прапушчу чаргу, калі я потым дабяруся да сваіх?
— У гэты аўтобус ты ўсё адно не ўваб'ешся. А ўлезеш — патрушчаць рэбры.
— Ну добра. Пайшлі.
Тарас вярнуўся да чаргі, узяў свой рукзак. Але ўжо праз хвіліну пашкадаваў, што згадзіўся. Слава не пайшоў проста да рэстарана, а павярнуў да клуба. Наблізіўшыся, спытаў:
— Бачыш, стаяць? Шык! Мае знаёмыя. Возьмем?
Крыкліва апранутыя дзяўчаты не спадабаліся Тарасу, хоць да любога адзення ён ставіўся даволі прымірэнча. Слова вырвалася само, можа, не зусім нават тое, якое патрэбна было сказаць:
— Вульгарныя.
Славік засмяяўся і, не дайшоўшы да дзяўчат, крыкнуў ім:
— Лэдзі! Тарас кажа, што вы вульгарныя. Гуд бай! — і павярнуў у бок вакзала.
— Хамло твой Тарас! І ты разам з ім! — крыкнула адна з дзяўчат.
Кроў ударыла ў галаву так, што зазвінела ў вушах. Тарас пачырванеў, потым пабялеў. Ніколі ён не паводзіў сябе так з дзяўчатамі. І ніколі не трапляў у такое скандальнае становішча. Здавалася, уся плошча глядзіць на іх. Міліцыянер падыдзе зараз… Спытае… Варта паслаць да д'ябла гэтага бессаромнага шчанюка з яго рэстаранам!.. Але яшчэ і гэты крыкне што ўслед. А як вярнуцца цяпер у чаргу? Акрамя ўсяго, нечым ён прыцягвае да сябе, гэты Славік. Хочацца пазнаць яго лепш.