Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
На чале гэтага войска стаялі галоўныя ваяводы — баярын Іван Андрэевіч Чаляднін і баярын князь Міхаіл Іванавіч Булгакаў-Голіца, продак князёў Галіцыных.
Каб папярэдзіць наступ вялікай маскоўскай арміі, Вялікі князь Літоўскі (ён жа кароль польскі) Жыгімонт Казіміравіч, унук Ягайлы, накіраваў насустрач маскоўскаму войску 30-тысячнае войска Беларускай-Літоўскай дзяржавы пад камандаваннем Гетмана Найвышэйшага, князя Канстанціна Іванавіча Астрожскага — лепшага палкаводца нашай дзяржавы ў той час.
Звычайна, паводле польскай гістарыяграфіі, сцвярджаецца, што у войску К. Астрожскага было ажно 14 тысяч польскіх вершнікаў і 3 тысячы наёмнай польскай пяхоты, а войска Вялікага Княства Літоўскага
Жамойцкая шляхта ўвогуле намагалася бараніць свае межы з Тэўтонскім і Лівонскім ордэнамі, а ўкраінская шляхта, бараніла сваю тэрыторыю ад набегаў крымскіх татараў. I ў складзе войска К. Астрожскага, што сабралася ў Менску, дзе знаходзіўся сам Вялікі князь Жыгімонт, польскай конніцы і пяхоты было не больш як 4 тысячы. Гэтую лічбу называе польскі гісторык 3. Вайцяхоўскі, удакладняючы, што з польскіх аддзелаў конніцы была палова, а другая палова — польскія пехацінцы. Такім чынам, Канстанцін Астрожскі камандаваў у значнай ступені беларускім войскам, якое складалася з аддзелаў усіх беларускіх паветаў.
У нашым біяграфічным нарысе пра К.І. Астрожскага («Славутыя імёны Бацькаўшчыны» Менск, 2003) таксама пададзены гэтыя лічбы.
У беларускім войску аддзеламі лёгкай конніцы (з лёгкім узбраеннем) камандаваў дасведчаны палкаводзец Юры Мікалаевіч Радзівіл, які пазней быў Гетманам Вялікім Беларускай-Літоўскай дзяржавы. Асобныя аддзелы конніцы ўзначальваў Іван Сямёнавіч Сапега. На чале свайго апалчэння быў слуцкі князь Юры Сямёнавіч Алелькавіч. Польскімі аддзеламі камандавалі Войцах Сампалінскі і Януш Свярчоўскі.
Падрыхтоўка да Аршанскай бітвы
Вялікі князь літоўскі і рускі Жыгімонт Казіміравіч выехаў на тэатр ваенных дзеянняў каб каардынаваць дзейнасць войска Вялікага Княства Літоўскага і польскіх аддзелаў (паколькі быў адначасова і каралём польскім).
Месцам, дзе павінна было сабрацца агульнае войска, быў вызначаны Менск і яго ваколіцы. У канцы ліпеня 1514 г. Жыгімонт прыбыў у Менск. Як адзначае расійскі гісторык М. К. Любаўскі, тут быў праведзены агляд войска, і выявілася, што польскія аддзелы прыбывалі марудна, а большая частка іх жаўнераў засталася ў Берасці. Кароль накіраваў да іх асобны ліст, каб спяшаліся на вайну, а сам з войскам зрабіў пераход з Менска ў Барысаў, дзе зноў быў праведзены агляд войска і яго попіс (перапіс). Паколькі вораг паспеў захапіць Смаленск і паглыбляўся на тэрыторыю Беларусі, Жыгімонт паслаў насустрач маскоўскім войскам (80 тысяч чалавек) войска Вялікага Княства Літоўскага начале з Гетманам Найвышэйшым Канстанцінам Іванавічам Астрожскім, якое налічвала 30 тысяч чалавек. Сам жа Вялікі князь застаўся ў Барысаве з войскам у 4 тысячы чалавек, галоўным чынам польскіх жаўнераў (па іншых звестках у яго заставалася 5 тысяч чалавек). Гэтыя лічбы — 80 тысяч чалавек у войску Вялікага Княства Маскоўскага і 30 тысяч чалавек у беларускім войску Канстанціна Астрожскага — прыводзяцца ў рускіх летапісах, звестках іншаземцаў, хроніках М. Стрыйкоўскага і А. Гваньіні. Згаджаюцца з гэтымі лічбамі і вайсковыя гісторыкі XX ст.
Першы бой паміж беларускімі і перадавымі палкамі маскоўскага войска адбыўся на левым беразе Бярэзіны пры пераправе цераз раку войска князя К. Астрожскага. Папярэдне ён правёў артылерыйскую стральбу з гармат і гакаўніц (пішчаляў), нанёсшы страты непрыяцелю. Гэтая бітва адбылася 27 жніўня 1514 года.
Тады галоўны маскоўскі ваявода Іван Чаляднін, якому Вялікі князь Васіль III даручыў камандаванне ўсімі сіламі, адступіў са сваімі войскамі за Днепр і выбраў для наступнай, галоўнай бітвы, добрае месца на яго левым беразе. Тут паміж Оршай і Дуброўнай ля ракі Крапіўны на вялікім полі і размясціліся маскоўскія палкі — на ўзгорках каля вёсак Пугайлава і Рукліна, злева ад лесу на рацэ Днепр ля вёскі Рукліна, пакінуўшы свабодную прастору для непрыяцеля ў лукавіне Дняпра на яго левым беразе. Менавіта тут І.А. Чаляднін планаваў даць генеральную бітву гэтай кампаніі, а можа і ўсёй вайны, разбіць меншага амаль утрая непрыяцеля, захапіць палонных і скончыць вайну перамогай.
Канстанцін Астрожскі таксама вырашыў даць тут бой, нягледзячы па свае параўнальна малыя сілы. Ён лічыў, што адной вярсты ад Дняпра дастаткова, каб разгарнуць свае сілы. Быў і псіхалагічны разлік для свайго войска — немагчымасць адступлення да бліжэйшых крутых берагоў Дняпра.
7 верасня 1514 г. войска Астрожскага наблізілася да Дняпра ў раёне Оршы. Гетман вырашыў не рызыкаваць, бо пераправу цераз раку пільнавалі конныя аддзелы ворага. Не жадаючы фарсіраваць раку пад стрэламі маскоўскіх лучнікаў, князь Астрожскі правёў тут дэманстратыўны манеўр, намагаючыся паказаць маскоўскім ваяводам, што пераправа беларускага войска адбудзецца менавіта тут. Таму Канстанцін Астрожскі пад заслонай сваіх жаўнераў пераправіў у гэтым месцы ўброд толькі некалькі тысяч коннікаў. Але маскоўскія ваяводы бяздзейнічалі, чакаючы, пакуль не падыйдзе да пераправы ўсё беларускае войска, каб потым адным вытам знішчыць яго цалкам. Увечары Астрожскі перасунуў па віцебскай дарозе ўсё сваё войска на поўнач ад Оршы і спыніўся на правым беразе Дняпра.
У ноч на 8 верасня Канстанцін Астрожскі загадаў пабудаваць цераз Днепр у гэтым месцы два пантонныя масты. Яны былі зроблены са шчыльна заканапачаных і звязаных паміж сабой пустых бочак. Для пераправы скарысталі таксама плыты і лодкі з суцэльным насцілам, каб колы гармат не грукалі. У балоцістых мясцінах ля ракі былі зроблены гаці з паваленых і звязаных дрэў. Конніца войска князя Астрожскага перапраўлялася цераз Днепр па вузенькім бродзе недалёка ад Аршанскай цвердзі, страціўшы пры гэтым толькі аднаго вершніка, які патануў. На працягу ночы па двух пантонных мастах была перапраўлена ўся пяхота і артылерыя войска Беларускай-Літоўскай дзяржавы ў раён вёскі Пашына, што знаходзілася ў лукавіне Дняпра.
Перад бітвай
Бітва ў полі на беразе Дняпра, за пяць вёрст ад Оршы, адбылася 8 верасня 1514 г., у дзень нараджэння Багародзіцы. Гэты дзень увайшоў у гісторыю як Дзень Беларускай Вайсковай Славы.
У маскоўскім войску галоўным ваяводам быў Іван Андрэевіч Чаляднін, другім самастойным ваяводам — князь Міхаіл Іванавіч Булгакаў-Голіца. Чаляднін паставіў раніцай усё сваё войска ў баявы парадак у тры выцягнутыя лініі. На флангах конныя аддзелы, каб падчас бою яны зайшлі ў тыл ворагу. Наперадзе стаяў полк перадавой варты. У цэнтры маскоўскі вялікі полк, па фронце шырынёй 5 кіламетраў. На правым фланзе — полк правай рукі, на левым, каля вёскі Рукліна, — полк левай рукі. На пагорку ў цэнтры за вялікім палком маскоўскага войска стаяў полк тылавой варты (рэзерва). Маскоўскае войска выступала пад белым сцягам (белы колер — адзін з улюбёных у славян).