Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
У 1784 г. Станіслаў Аўгуст уступіў у марганатычны (законны, але без права перадачы каралеўскай годнасці) шлюб з удавой генерал-інспектара Войска Літоўскага Эльжбетай Грабоўскай і меў ад яе сына, які насіў прозвішча Грабоўскі. Пляменнік караля — Юзаф (1763–1813) — меў тытул ваеннага міністра і галоўнакамандуючага войскамі Варшаўскага вялікага Княства, камандуючага 5-м (польскім) корпусам арміі Напалеона падчас франка-расійскай вайны 1812 г., пазней ён — маршал Францыі. Ад сына старэйшага брата караля засталіся нашчадкі, якія жывуць у Францыі. Адзін з князёў Панятоўскіх — Мішэль — у 1973–1974 гг. быў міністрам аховы здароўя і сацыяльнага забеспячэння, а ў 1974–1977 гг. — міністрам унутраных спраў Францыі.
Станіслаў
Пасля доўгага замоўчвання беларускімі гісторыкамі савецкага часу ўжо у 90-я гады мінулага стагоддзя беларускія нацыянальныя гісторыкі вярнулі з часовага нябыту імя аднаго з найактыўнейшых беларускіх вайсковых і палітычных дзеячаў — генерала Станіслава Булак-Балаховіча. Акрамя аўтара гэтых радкоў трэба згадаць працы Алега Латышонка з Беластока, Алеся Бяляцкага з Мінска. Артыкулы, прысвечаныя генералу і яго паходу ў Палессе, планаванаму як пачатак вызвалення Беларусі ад панавання ў ёй бальшавіцкай Расіі, увайшлі ў «Энцыклапедыю гісторыі Беларусі» і «Беларускую Энцыклапедыю». У Польшчы ў 1993 г. выйшла кніга М. Цабаноўскага «Генерал Станіслаў Булак-Балаховіч. Забыты герой». Вывучэнне біяграфіі С. Булак-Балаховіча і яго вайсковай і палітычнай дзейнасці працягваецца. Забытыя імёны Бацькаўшчыны вяртаюцца.
Маладосць. Першая сусветная вайна
Станіслаў Нікадзімавіч Булак-Балаховіч (10.02.1883–10.05.1940) нарадзіўся ў невялічкім маёнтку Мэйшты Відзаўскай воласці Браслаўскага павета Ковенскай губерні (за 10 км на паўночны захад ад Відзаў, цяпер у Шуленайскай апілінцы — воласці Літвы каля літоўска-беларускай мяжы). Яго бацька, Нікадзім Міхаіл, беларус-католік, працаваў кухарам ва ўладальнікаў маёнтка Мэйштовічаў, а маці, Юзэфа з Шафранаў, полька, была пакаёўкай. Паводле сямейнага падання Станіслаў Булак-Балаховіч паходзіў з дробнай беларускай шляхты.
Пасля нараджэння Станіслава яго бацька атрымаў ад Мэйштовічаў у арэнду маёнтачак Стакоп'ева (у тым жа Браслаўскім павеце), дзе нарадзіўся Юзаф (Язэп) (22.07.1896–13.06.1923), малодшы Станіславаў брат, таксама ў будучыні генерал. Станіслаў і Юзаф Булак-Балаховічы скончылі агранамічную школу. Станіслаў працаваў адміністратарам маёнтка Гарадзец-Лужкі ў Дзісенскім павеце. У 1905 г. ён выступаў на баку сялян у іх канфліктах з панамі, за што атрымаў мянушку Бацька.
Станіслаў Булак-Балаховіч перад Першай сусветнай вайной.
У пачатку Першай сусветнай вайны Станіслаў Булак-Балаховіч разам з братам Юзафам і сябрамі Дамброўскім і Мацкевічам добраахвотна ўступіў у расійскую армію і з 20 жніўня 1914 г. служыў у 2-м Курляндскім уланскім палку 2-й кавалерыйскай дывізіі спачатку шарагоўцам, а потым унтэр-афіцэрам. Ён удзельнічаў у баях на тэрыторыі Польшчы, а потым сучаснай Латвіі. Узнагароджаны георгіеўскім медалём і Георгіеўскімі крыжамі 4-й, 3-й і 2-й ступеняў. Быў неаднойчы паранены і кантужаны.
9 ліпеня 1915 г. (са старшынствам ад 9 чэрвеня) атрымаў першае афіцэрскае званне прапаршчыка (з адной зорачкай на афіцэрскім пагоне) ад вярхоўнага галоўнакамандуючага вялікага князя Мікалая Мікалаевіча. Удзельнічаў (3 верасня 1915 г.) у дзеяннях за лініяй фронту супраць немцаў у тылах праціўніка ў складзе армейскага партызанскага атрада (каля 500 чалавек) пад камандаваннем Леаніда Пуніна. С. Булак-Балаховіч быў спачатку камандзірам эскадрона, а пасля гібелі Л. Пуніна 1 верасня 1916 г. — камандзірам усяго атрада.
Станіслаў
Партызанскі атрад С. Булак-Булаховіча з-за лініі фронту рабіў кавалерыйскія налёты на камунікацыі, штабы і тылы германскіх войскаў калі фронт знаходзіўся на тэрыторыі цяперашняй Латвіі. Атрад выконваў разведвальна-дыверсійныя заданні.
Неўзабаве Станіслаў Булак-Балаховіч атрымаў чарговыя афіцэрскія званні. У 1917 г. ён быў ужо штаб-ротмістрам (чатыры зорачкі на афіцэрскім пагоне).
У Прыбалтыцы
Вясной 1918 г. пасля працяглага знаходжання ў шпіталі ў Петраградзе (пасля ранення у пачатку сакавіка ў баі з немцамі) С. Булак-Балаховіч запісаўся ў Чырвоную Армію. У красавіку 1918 г. са свайго былога атрада ён у горадзе Луга (Петраградская губерня) сфармаваў 1-ы Лужскі конны партызанскі полк (у складзе 4-й Петраградскай дывізіі). У маі полк быў перайменаваны ў 3-і Петраградскі.Даўняя партызанская дзейнасць С. Балаховіча звярнула на яго ўпагу старшыні Рэўваенсавета Л. Троцкага, які выклікаў Булак-Балаховіча ў Маскву і прапанаваў яму пасаду інспектара кавалерыі Чырвонай Арміі. Аднак С. Булак-Балаховіч адмовіўся ад гэтай пасады, бо быў настроены супраць антысялянскай палітыкі савецкага ўрада.
С. Булак-Балаховіч асабіста падбіраў камандзіраў і байцоў. Ён яшчэ з часоў Першай сусветнай вайны карыстаўся вялікім аўтарытэтам у сваіх падначаленых. С. Булак-Балаховіч супрацьстаяў спробам мясцовых бальшавіцкіх уладаў накіраваць у яго полк камуністаў.
У кавалерыйскім палку пад яго камандаваннем служылі палякі (быў нават польскі эскадрон), беларусы, украінцы, латышы, літоўцы і значная група расіян, непрыхільных да савецкай улады. Полк налічваў 1121 чалавека.
Паступова канфлікты з прадстаўнікамі савецкай улады нарасталі. Булак-Балаховіч намагаўся ўратаваць сваіх камандзіраў (былых афіцэраў) ад арыштаў і рэпрэсій з боку ўлады. Тым не менш працягваў служыць у Чырвонай Арміі, паколькі побач — у Эстоніі і Латвіі — да канца 1918 г. знаходзіліся нямецкія войскі, а нямецкую армію ён па-ранейшаму разглядаў як галоўнага ворага.
Хуткая ўжо параза Германіі ў Першай сусветнай вайне і намаганні балтыйскіх краін атрымаць незалежнасць змянілі сітуацыю ў гэтым рэгіёне. На тэрыторыі Латвіі і Эстоніі была ўтворана «белая» расійская армія, сфармаваная пры дапамозе нямецкага камандавання. У канцы лістапада 1918 г. яна ўжо налічвала 4500 жаўнераў і ставіла задачу ўтрымаць Пскоў, калі яго пакінуць немцы. Яшчэ ў кастрычніку 1918 г. Станіслаў Булак-Балаховіч выслаў у Пскоў свайго прадстаўніка. Паручнік Відзякін паінфармаваў камандаванне гэтай Паўночнай арміі аб намеры С. Булак-Балаховіча перайсці са сваім палком на бок белых. У Пскове знаходзіўся для пастаянных кантактаў і паручнік Барыс Перамыкін.
16 кастрычніка 1918 г. у Елізараўскім манастыры ротмістр Станіслаў Булак-Балаховіч сабраў на нараду афіцэраў свайго палка, якім давяраў. Прыбыў і камандзір Чудскай флатыліі капітан 2 рангу Д. Д. Нелідаў. Афіцэры згадзіліся, што ў адпаведны момант пяройдуць на бок Паўночнай арміі. На наступны дзень Юзаф Балаховіч і Барыс Перамыкін падпісалі пагадненне з прадстаўнікамі штабу Паўночнай арміі аб умовах пераходу.
Першым перайшоў на бок белай арміі 26 кастрычніка 1918 г. 1-ы эскадрон палка на чале з Барысам Перамыкіным, які ахоўваў дэмаркацыйную лінію паміж Савецкай Расіяй і Германіяй на ўсход ад Пскова. За некалькі гадзін да пераходу Перамыкін паслаў віншавальную тэлеграму з нагоды першай гадавіны бальшавіцкай рэвалюцыі палітычнаму камісару раёна Гдоў-Тармошына таварышу Янісу Фабрыцыусу.