Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
Пасля пераходу эскадрона Б. Перамыкіна на бок белых Я. Фабрыцыус выклікаў на чыгуначную станцыю Тармошына Ю. Булак-Балаховіча як намесніка камандзіра палка, а потым і С. Булак-Булаховіча. Абодва запэўнілі камісара ў сваёй лаяльнасці. Але падрыхтоўка да пераходу палка працягвалася. 28 кастрычніка 1918 г. камандзір Чудскай флатыліі Д. Д. Нелідаў таксама перайшоў на бок белых. Тры параходы з пяці, два катэры і сем малых катэраў з экіпажамі даплылі па Чудскім возеры да Пскова.
Полк С. Булак-Балаховіча сканцэнтраваўся ў раёне чыгуначнай станцыі Стругі Белая. У Стругах С. Булак-Балаховіч выдаў адозву да «братоў сялян». Ён абвяшчаў аб пачатку партызанскай вайны супраць бальшавікоў, за рускі народ, праваслаўную
Не маючы дастатковых сіл, каб самастойна змагацца з часткамі Чырвонай Арміі, Балаховіч ноччу з 5 на 6 лістапада 1918 г. перайшоў са сваім палком дэмаркацыйную лінію паблізу чыгуначнай станцыі Карамышава (20 км на ўсход ад Пскова). Аддзелы палка С. Булак-Балаховіча павялічылі колькасць Паўночнай арміі ад адной трэці да паловы яе складу.
Ротмістр С. Булак-Балаховіч быў прызначаны камандзірам асобнага коннага атрада. Змагаўся ён (пасля адыходу немцаў і белых з Пскова ў Эстонію 26 лістапада 1918 г.) у раёне Пячоры, на поўдзень ад Пскоўскага возера.
25 снежня 1918 г. часткі Паўночнай арміі падпарадкаваліся ўладзе незалежнай Эстоніі. Армія была пераўтворана ў Паўночна-Заходні корпус, які быў падзелены на дзве групы ў аператыўных адносінах. Адна група дзейнічала ў раёне Нарвы, другая — на пскоўскім напрамку.
У пскоўскай групе і змагаўся атрад С. Булак-Балаховіча. За удзел у вызваленні Тарту ад бальшавікоў С. Балаховіч атрымаў у студзені 1919 г. званне падпалкоўніка.
Ад студзеня 1919 г. конны партызанскі атрад падпалкоўніка С. Булак-Балаховіча дзейнічаў у складзе паўднёвай групы ў раёне Чудскага возера, на захад ад Пскова. Часта атрад прарываўся праз лінію фронту і наносіў удары ў тыле чырвоных. У лютым 1919 г. камандуючы паўднёвай групы генерал-маёр А. П. Радзянка перайменаваў атрад у конны полк імя Булак-Балаховіча, зразумела, пад камандаваннем самога С. Булак-Балаховіча.
Генэрал Булак-Балаховіч. 1919 г.
15 мая 1919 г. полк і іншыя часці, падпарадкаваныя ў гэтай аперацыі С. Н. Булак-Балаховічу, занялі горад Гдоў, за што С. Балаховіч атрымаў званне палкоўніка. Далей полк браў удзел у пскоўскай аперацыі. У выніку яе 25 мая 1919 г. Пскоў быў заняты эстонскай арміяй і часцямі белых. С. Булак-Балаховіча прызначылі на пасаду камандуючага Пскоўскага раёна. За ўдзел у баях за Пскоў галоўнакамандуючы корпусам генерал А. Радзянка прысвоіў С. Булак-Балаховічу званне генерал-маёра, а з часцей, падпарадкаваных яму, утварыў асобную зводную дывізію.
С. Булак-Балаховіч устанавіў адміністрацыю ў Пскове і Пскоўскім раёне. Па яго ініцыятыве былі ўтвораныя народныя суды, якія каралі злачынцаў і бальшавіцкіх актывістаў.
Як ваенных камендант Пскова і Пскоўскага павета С. Булак-Балаховіч разгарнуў антыбальшавіцкую прапаганду, друкуючы і распаўсюджваючы сярод насельніцтва і чырвонаармейцаў (на фронце і за лініяй фронту) рознага роду адозвы і улёткі, у якіх заклікаў «змагацца не за царскую ўладу і не за памешчыцкую, але за новую, вольную, дэмакратычную, народную, сялянска-рабочую Расію». Выступаў з эсэраўскімі лозунгамі: «За зямлю і хлеб для ўсяго народа, за правы для працоўных, за новы агульнанародны ўстаноўчы сход». У гэты час, у ліпені 1919 г., на бок С. Булак-Балаховіча перайшоў пяхотны полк Чырвонай Арміі.
Аднак у кіраўніцтве белай арміі наспяваў канфлікт паміж белымі генераламі М. Юдзенічам і А. Радзянкам, манархістамі,
22 жніўня 1919 г. галоўнакамандуючы М. М. Юдзеніч аддаў загад палкоўніку Б. Перамыкіну заняць Пскоў, арыштаваць С. Булак-Балаховіча і аддаць яго пад ваенны суд «за беззаконныя дзеянні». 23 жніўня Булак-Балаховіч быў зняты з пасады камандуючага корпусам. У той жа дзень Б. Перамыкін на чале чатырох палкоў 2 батарэй і іншых часцей паводле загаду М. Юдзеніча прыбыў у Пскоў і арыштаваў афіцэраў штаба корпуса. Пры арышце былі забітыя начальнік штаба палкоўнік Стаякін і гарадскі галава М. Іваноў. Толькі С. Булак-Балаховічу з дваццаццю коннікамі з яго асабістай сотні ўдалося ўцячы ў Гдоў, дзе ён падпарадкаваўся М. Юдзенічу. Булак-Балаховіча падтрымлівала эстонскае камандаванне як баявога генерала, неабходнага для далейшай барацьбы з бальшавікамі.
Булак-Балаховіч быў фармальна пасаджаны пад «хатні арышт», але адразу выехаў на фронт у раёне Вострава (60 км. на поўдзень ад Пскова) да сваёй коннай групы з 1200 чалавек. 26 жніўня 1919 г. часці Чырвонай Арміі, карыстаючыся крызісам у стане белых, занялі Пскоў. А Булак-Балаховіч працягваў на чале сваёй коннай групы ваенныя дзеянні, галоўным чынам партызанскага характару.
Падчас восеньскага наступу белай Паўночна-Заходняй арміі на Петраград група генерала С. Булак-Балаховічананосіла ўдары па камунікацыях Чырвонай Арміі ў напрамку Порхава (75 км на ўсход ад Пскова). Яго атрады перарэзалі камунікацыі на чыгуначнай лініі Петраград — Полацк.
Генэрал Булак-Балаховіч. 1919 г.
Пасля паражэння белай Паўночна-Заходняй арміі пад Петраградам у лістападзе 1919 г. сярод яе камандавання ўзмацніліся рознагалоссі. Асабліва яны абвастрыліся пасля адыходу Паўночна-Заходняй арміі на тэрыторыю Эстоніі і пачатку мірных перамоў паміж Савецкай Расіяй і Эстоніяй (мірны дагавор паміж імі быў падпісаны ў Тарту 2 лютага 1920 г.). Расійская Паўночна-Заходняя армія была інтэрнаваная і падлягала ліквідацыі.
На пачатку 1920 г. С. Булак-Балахопіч у расійскай газеце ў Эстоніі «Верный путь» звярнуўся да галоўнакамандуючага эстонскай арміі генерала Й. Лайдамера з просьбай аб дазволе сабраць добраахвотнікаў для працягу барацьбы супраць бальшавікоў. Эстонскія ўлады неафіцыйна яго падтрымалі.
С. Булак-Балаховіч, каб атрымаць для свайго і іншых новых атрадаў сродкі, а таксама для выплаты грошай жаўнерам, вырашыў арыштаваць М. Юдзеніча і забраць грошы з касы яго арміі. У ноч на 28 студзеня 1920 г. С. Булак-Балаховіч, які з групай афіцэраў прыехаў у Талін, арыштаваў у гатэлі «Комерс» генерала М. Юдзеніча, генерала Крузэнштэрна і ад'ютанта. У пакоі М. Юдзеніча былі знойдзены 227 тысяч фунтаў стэрлінгаў, 250 тысяч фінскіх марак і 110 мільёнаў эстонскіх марак. С. Булак-Балаховіч прымусіў М. Юдзеніча аддаць гэтыя грошы вайсковаму пракурору арміі Вішнеўскаму. Грошы пайшлі на ліквідацыйныя меры, галоўным чынам на выплату жалавання салдатам і афіцэрам падчас ліквідацыі Паўночна-Заходняй арміі. Гэта павысіла аўтарытэт і папулярнасць С. Н. Булак-Балаховіча і ў некаторай ступені папоўніла яго атрад добраахвотнікамі.