Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
Аднак запарожскае казацтва не спынілася і працягвала рыхтавацца да вайны. Вайна гэтая была скіраваная не супраць Турцыі і яе васала — Крымскага ханства, а супраць польскіх шляхцічаў — найпершых прыгнятальнікаў украінскага сялянства. Кіраўнік будучага паўстання Багдан Хмяльніцкі быў моцна пакрыўджаны чыгірынскім падстаростаю Д. Чаплінскім, які, наехаўшы на хутар Хмяльніцкага, забраў каханую жанчыну ад Хмяльніцкага да сябе (праўда, не з найлепшай рэпутацыяй), закатаваў хлопчыка, сына Хмяльніцкага, і судова паставіў пад сумненне правы Б. Хмяльніцкага на маёнтак. Хмяльніцкі едзе ў Варшаву да караля, бо ведаў яго асабіста (разам ваявалі).
Кароль, які пацярпеў паражэнне ад магнатаў і шляхты на
На Украіне рыхтавалася паўстанне. Кароль яшчэ дачакаўся яго пачатку. Хворы Уладзіслаў знаходзіўся ў мястэчку Мерач (на Нёмане, у Троцкім ваяводстве, на поўнач ад Горадні). Смерць настала 20 мая 1648 г. Ён паспеў даведацца аб першай перамозе казацкага (на чале з Б. Хмяльніцкім) і татарскага войскаў над польскім войскам ля Жоўтых Вод. Смерць Уладзіслава Вазы супала з пачаткам вялікага палітычнага крызісу Рэчы Паспалітай. Вырашалася пытанне існаваць далей гэтай дзяржаве ці не.
Ян Казімір Ваза (1609–1672)
Ян Казімір, сын караля Польшчы, вялікага князя літоўскага і караля Швецыі Жыгімонта Вазы, не з'яўляўся кандыдатам на каралеўскі пасад. Ён быў малодшым сынам караля ад другога шлюбу і малодшым братам каралевіча Уладзіслава, слыннага прэтэндэнта на маскоўскі трон. Маці Яна Казіміра — аўстрыйская эрцгерцагіня Канстанцыя, малодшая сястра першай жонкі караля Жыгімонта Вазы і германскага імператара Фердынанда II.
Ян Казімір Ваза (літаграфія Лессэра, адбіта ў тыпаграфіі Дзванкоўскага)
Маладосць
Нарадзіўся Ян Казімір 22 сакавіка 1609 г. у Кракаве і гадаваўся пры двары. Навучыўся некалькім мовам. Акрамя польскай, добра ведаў лацінскую, нямецкую, італьянскую і французскую. Звестак пра навучанне беларускай мове няма. Але паколькі дзяржаўнай мовай Беларускай-Літоўскай дзяржавы была беларуская, то, хутчэй за ўсё, пэўнае веданне мовы было, бо потым яму давялося — і шмат — займацца афіцыйнымі актамі дзяржавы.
Жыццё Яна Казіміра было неспакойным, напоўнена рознымі падзеямі і прыгодамі. У 1633–1634 гг. ён разам з братам Уладзіславам удзельнічаў у Смаленскай вайне, у якой расійская армія баярына Шэіна са згоды цара вымушана была капітуляваць, аддаўшы саюзным польскім і беларускім-літоўскім войскам усю артылерыю. Потым, у 1635 г., Ян Казімір браў удзел у Трыццацігадовай вайне, будучы палкоўнікам у аўстрыйскім войску. У 1637 г. кароль Уладзіслаў накіраваў брата ў Вену з дыпламатычнай місіяй — прывезці каралю жонку, эрцгерцагіню Цэцылію Рэнату, дачку імператара Фердынанда II Габсбурга, па сутнасці, стрыечную сястру Уладзіслава. Ян Казімір зблізіўся з венскім дваром і Габсбургамі і ў 1638 г. паехаў у Іспанію. Мэтаю было атрымаць там ад караля Іспаніі Філіпа IV Габсбурга чын іспанскага адмірала і пасаду віцэкараля Партугаліі (Партугалія ў 1581–1640 гг. была ў складзе валоданняў іспанскай кароны).
Падчас марскога падарожжа легкадумна затрымліваўся на стаянках у міжземнаморскіх партах Францыі. Якраз у гэты час Францыя ваявала з Іспаніяй. Па загаду прэм'ер-міністра Францыі ўсёмагутнага кардынала Рышэлье ў маі 1638 г. Ян Казімір быў затрыманы ў адным з партоў, арыштаваны і кінуты ў вязенне. Толькі праз два гады па просьбе кіраўніцтва Рэчы Паспалітай у лютым 1640 г. каралевіч быў вызвалены і вярнуўся дадому.
У маі 1643 г. Ян Казімір
І кароль, і князь
Кароль Уладзіслаў Ваза памёр 20 мая 1648 г. Гэта супала з пачаткам вялікага казацка-сялянскага паўстання на Украіне на чале з гетманам Багданам Хмяльніцкім. У Рэчы Паспалітай пачалася падрыхтоўка да выбараў новага караля. Дзве групоўкі магнатаў і шляхты вылучылі двух кандыдатаў на трон. Адным быў самы малодшы брат нябожчыка-караля Караль Фердынанд Ваза, каталіцкі біскуп. Яго падтрымлівала тая групоўка, якая патрабавала рашучай вайны супраць украінскіх казакоў і жорсткага задушэння паўстання. Другая групоўка дамагалася пагаднення з казакамі, каб потым пачаць вайну хрысціянскіх дзяржаў супраць мусульманскай Турцыі і яе васала — Крымскага ханства. На чале гэтай групоўкі былі вялікі канцлер каронны Ежы Асалінскі і каралева-ўдава Марыя Людвіка Ганзага-Мантуанская, другая жонка караля Уладзіслава Вазы, за якой стаяла Францыя.
Ян Казімір Ваза (малюнак Яна Матэйки)
Кандыдатуру Яна Казіміра падтрымалі імператарскія і папскія дыпламаты. Караль Фердынанд адмовіўся ад высокае пасады, і 20 лістапада 1648 г. на сойме шляхта абрала каралём Яна Казіміра. Так ён стаў каралём польскім і вялікім князем Беларускага-Літоўскага гаспадарства. Адначасова аўтаматычна атрымаў тытул караля Швецыі (хаця ім ніколі не быў). Яго бацька Жыгімонт Ваза ў свой час з'яўляўся каралём Швецыі, але быў скінуты з трона родным дзядзькам. Прадстаўнікі беларуска-польскай галіны дынастыі Вазаў не адмаўляліся ад шведскага трона, часам нават вялі войны са шведскай галіной роду. Усе свае акты, якія Ян Казімір цяпер падпісваў ён пазначаў не толькі агульнапрынятай датай, але і гадамі свайго панавання як караля польскага і «караля шведаў і готаў».
17 студзеня 1649 г. Ян Казімір быў каранаваны ў Кракаве і, атрымаўшы ад папы адпаведны дазвол, вызвалены ад духоўнага звання. Гэта дало магчымасць ажаніцца з каралевай-удавой Марыяй Людвікай, якой было 38 гадоў. Ад гэтага шлюбу нарадзіліся дзяўчынка (пражыла год) і хлопчык (пражыў паўтара месяца). Больш дзяцей у сям'і не было, сам Ян Казімір стаў наогул апошнім прадстаўніком дынастыі Вазаў (па мужчынскай лініі дынастыя Вазаў у Швецыі згасла ў 1632 г., калі вядомы палкаводзец Трыццацігадовай вайны кароль Густаў II Адольф загінуў у бітве).
«Нядоля каралеўства»
Так назваў час панавання Яна Казіміра ў Рэчы Паспалітай адзін з ягоных сучаснікаў. I, сапраўды, усе дваццаць гадоў валадарання апошняга Вазы — гэта суцэльны ланцуг войнаў, захопу тэрыторыі Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага рознымі ворагамі, перш за ўсё Расіяй і Швецыяй, час паўстанняў казакоў і сялян, эпідэмій і голаду, вынішчэння насельніцтва. Аднак гэта і перыяд барацьбы за незалежнасць дзяржавы, за самастойнасць як Польшчы, так і Беларускага-Літоўскага гаспадарства, барацьбы розных саслоўяў феадальнай федэратыўнай дзяржавы — шляхты, гараджан і сялян.