Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.
Шрифт:
У наступныя гады Уладзіслаў удзельнічаў у вайне Рэчы Паспалітай з Турцыяй (1621), у вайне са Швецыяй (1626–1629), у якіх удасканальваў сваё вайсковае майстэрства і навуку камандавання. Відаць, ваенная справа была яму даспадобы. Нават у часе падарожжаў па краінах Еўропы ён цікавіўся вайсковымі справамі…
Кароль, але не цар
30 красавіка 1632 г. памёр кароль Жыгімонт Ваза. Аўтарытэт Уладзіслава Зыгмунтавіча сярод шляхецкай масы быў вялікі, і на выбарчым сойме Рэчы Паспалітай 8 лістапада таго ж года ён аднагалосна быў абраны каралём польскім і вялікім
Пачатак яго панавання быў незайздросны. Карыстаючыся бескаралеўем, Міхаіл Раманаў распачаў вайну супраць Рэчы Паспалітай. На Смаленск накіравалася армія пад кіраўніцтвам баярына М. Шэіна, які яшчэ ў 1609–1611 гг. узначальваў абарону Смаленска. Шэін ўзяў Дарагабуж і аблажыў Смаленск. З невялікімі сіламі гетман польны літоўскі Крыштаф Радзівіл здолеў двойчы ў сакавіку 1633 г. прарваць аблогу і падмацаваць смаленскі гарнізон атрадамі пяхоты і боепрыпасамі. Армія Шэіна затрымалася ля Смаленска. Абстрэл горада цяжкімі гарматамі і штурм вынікаў не далі.
30 жніўня 1633 г. ля Смаленска са сваім войскам з'явіўся кароль і цар Уладзіслаў. Маскоўскае войска было акружана польскім і беларускім-літоўскім войскамі, а таксама ўкраінскімі казакамі. Спроба Шэіна выйсці з акружэння не ўдалася, у ягоным лагеры не хапала ежы. Дваране, даведаўшыся, што конніца крымскага хана рабуе і паліць іхнія маёнткі ў Расіі, пачалі ўцякаць з войска. Нарэшце расійцы капітулявалі (з дазволу цара Міхаіла Раманава) — з умовай вольнага адыходу з лагера са сцягамі і ручной зброяй. Але ўсю артылерыю давялося пакінуць пераможцам. Палянаўскі мір у чэрвені 1634 г. зацвердзіў умовы Дэулінскага замірэння, замацаваўшы Смаленшчыну ў складзе Беларускай-Літоўскай дзяржавы.
Аднак Уладзіслаў вымушаны быў адмовіцца ад тытула расійскага цара і вярнуць Расіі арыгінал крыжацалавальнай граматы 1610 г. маскоўскіх баяраў аб яго абранні царом.
Манета 1648 г. з выявая Уладзіслава IV Ваза.
Падчас свайго панавання ў Рэчы Паспалітай Уладзіслаў праводзіў знешнюю палітыку, скіраваную на забеспячэнне інтарэсаў сваёй дынастыі, а не краіны. Пачалі праяўляцца і ягоныя супярэчнасці з магнатамі (асабліва на Украіне), якія сталі моцнай апазіцыяй каралю і нават атрымалі мянушку «каралевяты» — з-за амаль самастойнай улады ў іх шырокіх латыфундыях.
На соймах таксама пачаліся спрэчкі паміж фанатычнымі прыхільнікамі каталіцызму, з аднаго боку, і некатолікамі і католікамі — прыхільнікамі рэлігійнай талеранцыі, з другога, якія стаялі на пазіцыях роўнасці хрысціянскіх веравызнанняў. Уладзіслаў прыняў бок апошніх, збіраў прадстаўнікоў пратэстантаў намагаючыся дасягнуць згоды з каталіцкай царквой. Ён спрыяў пагадненню паміж уніяцкай і праваслаўнай цэрквамі, і шмат цэркваў было вернута праваслаўным.
Больш памяркоўную палітыку, праўда, непаслядоўна, ён праводзіў і ў дачыненні да ўкраінскіх казакоў. У 1632 г. кароль прызнаў іерархію праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай на чале з кіеўскім мітрапалітам, якая была ўзноўлена ў 1620 г. пасля Берасцейскай царкоўнай уніі. У той жа час казацкія паўстанні на Украіне жорстка здушаліся. Перыяд з 1638 да 1648 г.,
У сваёй знешняй палітыцы Уладзіслаў па-ранейшаму імкнуўся завалодаць шведскім тронам, асабліва пасля смерці караля Густава II Адольфа. Таму падчас Трыццацігадовай вайны, якая ахапіла ўсю цэнтральную частку Еўропы, кароль падтрымліваў непапулярны сярод шляхты саюз з германскім імператарам. Дзеля гэтага Уладзіслаў Зыгмунтавіч у свае 42 гады першы раз ажаніўся. Жонкай стала непрыгожая і некаханая 26-гадовая эрцгерцагіня Цэцылія Рэната, дачка імператара Фердынанда II. Гэта была стрыечная сястра караля, якая памерла праз сем гадоў нарадзіўшы яму дваіх дзяцей: сына Жыгімонта Казіміра, які пражыў усяго сем гадоў і смерць якога нанесла бацьку цяжкую душэўную траўму, і дачку, якая памерла праз месяц пасля нараджэння.
Не быў кароль шчаслівы і са сваёй другой жонкай, з якой ажаніўся ў 1646 г., - Людвікай Марыяй Ганзага, дачкой герцага Мантуі. З ёй ён пражыў два гады і дзяцей не меў. Сапраўды ж кароль Уладзіслаў кахаў толькі сваю палюбоўніцу Ядвігу Лушкоўскую, але мусіў выдаліць яе з двара і аддаць замуж за свайго прыдворнага Выпыскага. Пазней ён шукаў і знаходзіў уцеху з іншымі жанчынамі. У караля быў пазашлюбны сын, граф Уладзіслаў Вазенаў які служыў капітанам гвардыі шведскай каралевы Крысціны, калі тая пасля адмовы ад шведскай кароны жыла ў Рыме.
Апошнія гады жыцця
У апошнія гады жыцця Уладзіслава Вазы характар знешняй палітыкі змяняецца з паўночнага напрамку н а паўднёвы. Пад уплывам сваёй жонкі Людвікі Марыі Ганзага, а таксама канцлера вялікага кароннага Ежы (Юрыя) Асалінскага і венецыянскага пасла Цьепала кароль Уладзіслаў задумаў план вялікай вайны з Турцыяй у саюзе з Венецыяй. Кароль хацеў адцягнуць турэцкую пагрозу ад польскіх і ўкраінскіх зямель, спыніць вельмі частыя напады крымскіх татараў на ўкраінскія землі, якія ўваходзілі тады ў склад Кароны.
Трэба было шукаць новых саюзнікаў У 1647 г. падпісана пагадненне з Расіяй аб сумеснай барацьбе супраць набегаў крымскіх татараў на ўкраінскія і рускія землі. Адначасова становіцца больш лагоднай палітыка караля ў дачыненні да ўкраінскіх казакоў.
У 1646 г. у Варшаву прыехала дэлегацыя ўкраінскіх казакоў каб узгадніць умовы, паводле якіх казакі разам з польскім войскам удзельнічалі б у вайне супраць Турцыі. У складзе дэлегацыі былі прадстаўнікі казацкай старшыны і рэестравых казакоў. Казакі прапанавалі войска колькасцю 50 тысяч чалавек, у тым ліку з сялян, якіх запішуць у казакі. Але кароль абяцаў залічыць у рэестр — гэта значыць, у вольныя казакі — толькі 20 тысяч, а таксама выдзеліць на Украіне аўтаномную тэрыторыю для казакоў. Кароль пачаў таксама збіраць войска для вайны з Турцыяй.
Незадаволеныя магчымым узмацненнем каралеўскай улады магнаты і заможная шляхта выступілі супраць планаў караля. «Бой» быў дадзены на сойме 1646 г., дзе дэпутаты (паслы) ад шляхты рашуча выступілі супраць задумак караля, абвінаваціўшы яго ў падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту. Уладзіславу было выстаўлена патрабаванне распусціць набраныя войскі і больш не збіраць атрады без дазволу сойма. Дэпутаты пагражалі каралю, што калі ён не пагодзіцца на іх умовы, то ўся шляхта, узброіўшыся, выступіць супраць яго. Уладзіслаў вымушаны быў адмовіцца ад сваіх планаў распачаць вайну супраць Турцыі.