Страчаная спадчына
Шрифт:
Паводле звестак, што прыводзіць беларускі і расейскі археолаг і краязнавец XIX ст. А. М. Семянтоўскі і іншых крыніц, можна ўстанавіць назвы вуліц. Гэта Пецярбургская альбо Рыжская (сучасная вуліца Фрунзе), Прабойная (Л. Талстога), Спаская (Савецкая), Віцебская, пазней Аляксандраўская (К. Маркса), Ільінская, ці Верхне-Пакроўская (частка вуліцы К. Маркса), Наддзвінская (Энгельса), Вялікая, ці Ніжа-Пакроўская (Леніна).
У канцы XVIII ст. большасць манастырскіх збудаванняў былі ўжо мураваныя, у тым ліку карпусы вуніяцкага базыльянскага манастыра ў Верхнім замку, пабудаваныя з дрэва ў 1668 г., а з цэглы — паміж 1780 і 1793 гг.; дамініканскі касцёл з манастырскім будынкам, якія паўсталі на месцы драўляных, што згарэлі ў 1785 г.; францысканскі кляштар — раней таксама драўляны. У 1782–1785 гг. па праекце выдатнага расейскага дойліда Д. Кварэнгі ў стылі
Культавыя комплексы Полацка па сваёй кампазіцыйнай, горадафармуючай ролі падзяляюцца на тры групы, крытэрыямі падзелу служаць памеры (плошча тэрыторыі, якую займае комплекс, колькасць і велічыня збудаванняў); месца ў прыродным ландшафце і планіровачнай структуры горада; умовы зрокавага ўспрыняцця комплексу.
Да першай групы належалі асноўныя ансамблі — езуіцкі калегіум і базыльянскі манастыр. Калегіум меў развітую планіроўку і разнастайны склад памяшканняў. Акрамя касцёла, ён уключаў некалькі трох-, двух- і аднапавярховых карпусоў. Будынкі ўтваралі ўнутраныя двары. З паўднёвага боку на тэрасе, звернутай да Дзвіны і абмежаванай мураванай падпорнай сцяной, размяшчаўся пладовы сад. Базыльянскі манастыр таксама займаў вялікую тэрыторыю і ўключаў, акрамя царквы, трохпавярховы жылы корпус складанай канфігурацыі, дапаможныя будынкі, працяглую мураваную агароджу.
Калегіум з'яўляўся галоўным элементам ансамбля грамадскага цэнтра, знаходзячыся на завяршэнні асноўнай планіровачнай восі горада прыкладна ў роўнай даступнасці ад усіх перыферыйных раёнаў. Месцазнаходжанне базыльянскага манастыра ў выдатных ландшафтавых умовах — сярод адкрытай прасторы на высокім мысе пры зліцці рэк, таксама забяспечвала яму выключную ролю ў кампазіцыі горада.
Комплексы першай групы, добра бачныя з тэрыторый за межамі Полацка па ўсіх напрамках, з левага берага Дзвіны ўспрымаліся ва ўсім сваім харастве. Асаблівасць агляду гэтых ансамбляў з унутраных гарадскіх прастораў — працяглыя відавыя перспектывы на іх уздоўж вуліц. Напрыклад, Віцебская вуліца арыентавалася на езуіцкі касцёл, Верхне-Пакроўская — на базыльянскую царкву. Другая асаблівасць — магчымасць шматбаковага, амаль кругавога агляду храма з прылеглых да яго ўчасткаў, якія мелі важнае грамадскае прызначэнне, напрыклад з гарадской плошчы. Храмы, якія ўзвышаліся над малапавярховай жылой забудовай, бачыліся з многіх месцаў у горадзе.
Для комплексаў другой групы характэрна невялікая плошча ўчастка, меншая колькасць і маштаб будынкаў — храма і аднаго-двух манастырскіх карпусоў. Іх значэнне ў планіроўцы горада адпавядала іерархіі комплексаў. Напрыклад, у адрозненне ад ансамбляў першай групы Богаяўленскі і францысканскі манастыры займалі радавое становішча ў забудове вуліцы, дамініканскі служыў другараднай дамінантай кампазіцыі галоўнай плошчы. Абмежаванае ўспрыняцце адбывалася пад вострымі вугламі зроку з вуліц, на якія будынкі выходзілі галоўнымі фасадамі. Калі храмы першай групы завяршалі відавыя перспектывы працяглых, асноўных гарадскіх магістраляў, то будынкі другой групы часцей замыкалі кароткія другарадныя напрамкі. Пры гэтым для такіх дамінантаў, як францысканскі, Богаяўленскі і бернардзінскі манастыры характэрна найлепшае ўспрыняцце з акваторыі і супрацьлеглых берагоў Дзвіны, актыўная роля ў стварэнні панарамы горада.
Да комплексаў трэцяй групы належалі драўляныя езуіцкія касцёлы, іншыя маламаштабныя культавыя будынкі, якія існавалі ў канцы XVIII ст. Сярод больш позніх будынкаў — кірха на Вялікай вуліцы. Навакольная забудова сціскала гэтыя дамінанты і абмяжоўвала іх агляд з цэнтральнай часткі горада, затое яны часам добра ўспрымаліся з перыферыйных тэрыторый, напрыклад, даліны ракі Палаты.
Такім чынам, ансамблі першай групы арганізоўвалі прастору Полацка ў цэлым, маючы агульнагарадское значэнне, дамінанты другой складалі кампазіцыю асобных раёнаў горада, трэцяй — служылі мясцовымі акцэнтамі невялікіх участкаў забудовы. Іерархія выяўлялася і ў агульным сілуэце Полацка адпаведна трохступенчатым падзелам вышыняў храмаў.
На прыкладзе Полацка трэба адзначыць адметную ўласцівасць размяшчэння культавых будынкаў, характэрную таксама для іншых паселішчаў. У плане горада прасочваліся рады з некалькіх храмаў, якія знаходзіліся на адной прамой. Умоўнымі прамымі лініямі можна было злучыць большасць вышынных будынкаў, пры гэтым на кожнай змяшчалася не менш за тры храмы.
У першай палове XIX ст. працягвалася фармаванне горада па праекце перапланіроўкі. У 1812–1820 гг. у будынках калегіума знаходзілася езуіцкая акадэмія навук. З 1822 г. калегіум займалі манахі ордэна піяраў. У 1831–1833 гг. комплекс рэканструіруе архітэктар А. Порта для размяшчэння тут кадэцкага корпуса. Касцёл быў перайменаваны ў Мікалаеўскі сабор, а плошча атрымала назву Корпуснай, ці Параднай. Узведзены ў 1850 г. на плошчы ў створы Віцебскай вуліцы чыгунны помнік-абеліск у гонар узяцця Полацка расейскімі войскамі ў час вайны 1812 г. падкрэсліў восевую кампазіцыю плана цэнтральнай часткі горада. Цікава адзначыць, што захаваўся малюнак, на якім адлюстраваны Полацак у дзень бітвы з французскімі войскамі 25 ліпеня 1812 г. На другім плане — панарама горада, дзе відны большасць манастыроў — бернардзінскі, базыльянскі, францысканскі, Богаяўленскі, езуіцкі, дамініканскі.
Полацкая Парадная плошча з'яўляецца адным з найбольш буйных і манументальных ансамбляў у беларускім горадабудаўніцтве. Разгледзім яе малавядомыя архітэктурна-мастацкія ўласцівасці, якія цяпер зніклі разам са страчанай забудовай. Многія з будынкаў на плошчы паасобку разглядаліся ў літаратуры, напрыклад, савецкім гісторыкам архітэктуры А. Квітніцкай. Аднак ансамбль у цэлым як адзінае гарманічнае ўтварэнне не аналізаваўся, заставаліся не асэнсаванымі яго кампазіцыйныя асаблівасці.
Ансамбль склаўся ў апошняй чвэрці XVIII — першай палове XIX ст. за адносна кароткі час. Пасля далучэння да Расеі ў 1772 г. на плошчы існавалі правінцыяльныя ўстановы: магістрат з гандлёвымі радамі, канцылярыя, саляны магазін, пошта і іншыя, якія не фармавалі цэласнай забудовы. Пасля стварэння ў 1776 г. Полацкай губерні новыя губернскія ўстановы ў адзінстве з больш раннімі культавымі будынкамі арганіза-валі архітэктурны ансамбль. Калі ў XVII–XVIII стст. плошча мела культавае ў спалучэнні з вучэбным, гандлёвае і адміністрацыйнае прызначэнне, то ў апошняй чвэрці XVIII ст. пры страце гандлёвай функцыі яе роля як адміністрацыйнага цэнтра значна ўзмацнілася.
На паўночным і паўднёвым баках плошчы ўзведзены аднолькавыя групы з трох грамадскіх будынкаў. У 1783 г. пабудаваны палац генерал-губернатара і мураваныя службы пры ім, а не пазней за 1786 г. — мураваны дамініканскі кляштар. Аўтарам пералічаных будынкаў, за выключэннем кляштара, з'яўляецца І.Зігфрыдан. На ўсходнім баку плошчы былі ўзведзены таксама два адміністрацыйныя будынкі з аднолькавымі фасадамі.
Галоўным будынкам плошчы заставаўся езуіцкі касцёл, да якога прымыкалі масіўныя карпусы калегіума. У гэты перыяд у аснове ідэйнага зместу ансамбля ляжала супрацьпастаўленне і ў той жа час адзінства, з аднаго боку, культавага каталіцкага пачатку, дапоўненага яго асветніцкай, місіянерскай функцыяй, з другога — адміністрацыйна-палітычнай улады, якая ўвасабляла значнасць новай дзяржаўнасці. Наяўнасць духоўнай (калегіум), а затым ваеннай навучальнай установы (кадэцкага корпуса) узмацняла грамадскае значэнне плошчы. У сувязі з размяшчэннем абеліска ў памяць 1812 г. узбагаціўся сэнсавы змест ансамбля, які дадаткова да іншых функцый набыў мемарыяльны характар.
Апошняя чвэрць XVIII і першая палова XIX ст. з'яўляюцца часам найвышэйшага развіцця кампазіцыі плошчы. Адзінству ансамбля спрыяў выразны, у цэлым сіметрычны план. Асноўная прастора плошчы вызначалася простакутнікам памерам 120 x 130 м. Езуіцкі касцёл размяшчаўся на падоўжнай восі плошчы, якая служыла адначасова планіровачнай воссю горада. Арыентацыя на вялікай працягласці галоўнай магістралі на храм падкрэслівала яго першараднае значэнне ў цэнтры і горадзе ў цэлым.
За выключэннем Замкавага завулка, вуліцы, якія прымыкалі да плошчы, фармавалі сіметрычную структуру. Фасады груп з трох будынкаў на паўночным і паўднёвым баках плошчы спраектаваны строга сіметрычнымі і аднолькавымі. У агульную кампазіцыю забудовы арганічна ўпісаліся асіметрычныя элементы — дамініканскі кляштар і палац генерал-губернатара, а таксама «камерная» прастора параднага двара перад карпусамі калегіума, якія ўмясцілі тэатр, музей, карцінную галерэю і іншыя памяшканні. Выкарыстанне асіметрыі ўзбагачала ансамбль, пазбаўляла яго аднастайнасці пры захаванні асноўнай ідэі сіметрыі гарадскога цэнтра.