Тутэйшыя
Шрифт:
А л е н к а. Але ж! Вучыцца і навучаць, навучаць і вучыцца. Вось да чаго мае сэрца ляжыць.
Я н к а. Не была б то мая найздальнейшая вучаніца.
А л е н к а. Ды яшчэ, як вы казалі,— беларускага роду. Ха-ха-ха! Перахваліце, П а н е настаўнік. Але ведаеце, што… як…
Я н к а. Не, не ведаю.
А л е н к а. Няможна перабіваць, Пане настаўнік, калі іншы хто гавора.
Я н к а. Ого! Мы нават сур'ёзнымі зрабіліся.
А л е н к а. Дык вось што. Як выехалі вы з Дуброўкі, я ў шапку не спала і паехала ў Вільню!
Я
Г а р о ш к а. А так, аж у Вільню, Пане настаўнік.
А л е н к а. Там праслухала настаўніцкія курсы, і цяпер я — ваш таварыш: я таксама настаўнік!
Я н к а. (жартаўліва). Вельмі прыемна пазнаёміцца з новым канкурэнтам у маёй профэсй.
А л е н к а. А цяпер я хачу вучыцца на курсістку, потым на доктара…
Я н к а. А далей?
А л е н к а. Далей… не ведаю. Але дзеля гэтай мэты мяне татка і ў Менск да вас прытарабаніў.
Я н к а. Адно трохі не ў час.
А л е н к а. Не ў час?
Я н к а. Так! Гэтыя новыя акупанты ды іншыя згрызоты не даюць табе спакойна працаваць у Менску. На маю думку, найлепей пакуль што ехаць на вёску і там прывучаць да навукі людзей і самой ад іх вучыцца. Бо я таксама выязджаю на вёску.
А л е н к а. I вы? Ну што ж? на вёску дык на вёску! Нават хоць у пекла, калі вы параіце…
Я н к а. О, там вельмі горача! Значыцца, згода?
А л е н к а. (падаючы руку). Згода!
Я н к а. Не адкладаючы справы ў доўгі мех, лахі пад пахі ды яшчэ заўтра — марш на свежае паветра!
А л е н к а. Але і кніжак з сабой набяром?
Я н к а. Абавязкова!
А л е н к а. (як бы саромеючыся, спускаючы вочы, сціха). Але толькі — беларускіх, дзядзька настаўнік!
Я н к а. Аб іншых і рэчы быць не можа.
Кароткая паўза.
Г а р о ш к а. (да Аленкі). А ты, сарока, калі ўжо адсакатала свае, аддала б настаўніку тое, што прывезла.
А л е н к а. Калі я саромлюся.
Я н к а. Мабыць, нешта надта брыдкое.
А л е н к а. I зусім не брыдкое, а нават, як цётка Агата казала, дужа прыгожае. Самі гэта скажаце. (Дастае з торбы прыгожа вышытую кашулю І саматканы ўзорысты пояс і падав Янку, сур'ёзна кажучы.) Прыме-це, калі ласка, дзядзька настаўнік, гэту драбніцу ад сваёй шчыра вам удзячнай і адданай вучаніцы. 3 нашага лену гэта кашуля і з нашай воўны гэты пояс. А сама я ўласнымі рукамі ад шчырага сэрца для вас выткала і вышыла.
Г а р о ш к а. (падаючы новую, дзераўляную, па-мастацку зробленую лыжку). А ад мяне прымеце вось гэта… 3 сваёй яблыні й сваімі рукамі зрабіў.
Я н к а. (расчулены). Дзякую, ад усей душы дзякую! Не ведаю, чым і заслужыў на гэткую ласку?
Уваходзяць
З'ява XV
Тыя ж, Мікіта, Гануля.
М і к і т а (вясёлы, пасвіствае і напявае). Радуйся, вселенная! Абвяшчаю ўсім, усім, усім: немцы акупавалі, меджду протчым, Менск!..
Я н к а. Ну і чорт з імі!
М і к і т а. I зусім не чорт, Пане, хэ-хэ-хэ! беларус. (Напявае.) Немцы едуць, нашы йдуць, Немцы нашых падвязуць. (Убачыўшы Янкавы падарункі.) Меджду протчым, што гэта ў вас, Пане профэсар?
Я н к а. Праўдзівая кашуля, праўдзівы пояс і праўдзівая лыжка.
Г а н у л я. Якія ж прыгожыя!
М і к і т а. Як уважаю, то і вы сягоння імяніннік.
Я н к а. А праўда, імяніннік, толькі з іншай плянэты.
Званок.
Гануля выходзіць і варочаецца, а з ёю Спічыні.
З'ява XVI
Тыя ж, Спічыні.
М і к і т а (уніжліва вітаючыся). Мае найніжэйшае ўшанаванне, мусье прафэсару! А я думаў, што сягоння ўжо не прыйдзеце.
С п і ч ы н і. Справы затрымалі. Але мы затое пазней пазаймаемся.
Я н к а. (да Ганулі, набок). А гэта што яшчэ за так! позны госць?
Г а н у л я. Гэта не госць, а нейкі важны дырэктар. Вучыць Мікітку па-нямецку гергетаць. Хто ён родам — напэўна не ведаю. Але сам ён кажа, што ён немец, людзі кажуць, што італьянец, мне здаецца, што ён проста, як і мы, тутэйшы.
М і к і т а. (да Ганулі). Меджду протчым, мамаша, апаражнеце стол, бо нам трэба хутчэй вучыцца «ўрокаў».
Гануля прыбірае стол, пасля ладзіць для Гарошкаў пасцель на падлозе. Ходзіць у іншыя пакоі.
Я н к а. (да Аленкі і Гарошкі). А мы, пакуль яны будуць вучыцца сваіх «урокаў», пойдзем у мой пакой.
Выходзяць.
З'ява XVII
Мікіта, Спічыні, Гануля.