У дрымучых лясах
Шрифт:
— У самую галаву папаў, — хваліўся паніч Вышамірскаму.
А яму Вышамірскі на гэта:
— Лёгка было панічу папасці ў галаву мёртвага мядзведзя.
— Як жа гэта?! — ускіпяціўся паніч.
— А вось так, як паніч бачыць, — сказаў Вышамірскі. — Як паваліўся пры мне мядзведзь, як уткнуў морду ў мох, так і цяпер ляжыць.
І Вышамірскі апавядаў панічу, як усё гэта здарылася.
Паніч заартачыўся, слухаць не хоча.
— Мой мядзведзь! — кажа Вышамірскі.
— Мой мядзведзь! — кажа паніч.
Паніч затрубіў
Вырашылі запрасіць доктара, каб ён ускрыў мядзведзя і паглядзеў, ці той сканаў ад разрыву сэрца, ці ад кулі. Так і зрабілі.
Паніч падкупіў доктара. Доктар сказаў, што ад кулі паў мядзведзь. Мядзведзя забраў паніч. Вышамірскі падаў у суд. За паляўнічы гонар яны судзіліся некалькі год. Усюды выйграваў паніч. Вышамірскі падаваў усё вышэй і вышэй — браў верх паніч, які ўсюды падкупліваў суддзяў.
Яшчэ шмат апавяданняў расказваў Вышамірскі пра мядзведзяў.
Аднаго разу мядзведзь унадзіўся ў яго пчолы. Псаваў калоду за калодай. Тады Вышамірскі паставіў капкан. Мядзведзь папаўся жывы. Прыйшлі цыганы. Адкупілі мядзведзя. Закавалі ў ланцугі. Прабілі яму нос напаленым дачырвана жалезам. Прадзелі праз нос кальцо і пагналі ў мядзведскую смаргонскую акадэмію на навуку. Тады цыганы ў горадзе Смаргоні абучалі мядзведзяў розным фокусам, пасля чаго вадзілі іх па гарадах і гэтым зараблялі на хлеб.
А вось адзін каваль знайшоў у лесе маленькага Мішачку. Прынёс дамоў. Выгадаваў. Мядзведзь зрабіўся ручным. Ваду насіў. Малатком у кузні працаваў. Жорны круціў. Дзяцей калыхаў, як нянька. Нават песні спяваў. Усё-ўсё ў хаце рабіў. Часам яго запрагалі ў воз. Ён вазіў сена. А як ён на вечарынках танцаваў — о-го-г-оо-о! Увесь народ весяліў!
І яшчэ адно апавяданне!
Кожны раз, калі Вышамірскі гаварыў «і яшчэ адно апавяданне», ён дадаваў:
— Каб я з гэтага месца не ўстаў, калі маню!
Адзін мужычок, звалі яго Хомка, паехаў у панскі лес мох дзёрці. Надзёр моху поўны воз. Бачыць ён — пара медзведзянят гуляе на санцапёку. Яны лагодненькія, калмаценькія, смяшлівыя, як тыя дзеці. Кульгікаюцца, качаюцца па зямлі, скачуць, тоненькімі галаскамі візгочуць. Забаўляюцца. Хапаюць адно аднаго за вушкі. Жартуюць. Міны забаўныя строяць. Глядзіць на іх Хомка і рагоча — тэатр!
Любуецца на іх мужычок. А медзведзяняткі яшчэ дурненькія. Не разумеюць, што трэба ўцякаць ад чалавека. Тут Хомка ўспомніў, што ў вёску прыехаў цыган-мядзведнік. Ён скуплівае малых медзведзянятак для скамарохаў. Не раз Хомка сам бачыў гэтых скамарохаў з мядзведзямі.
— Ану, Мішка, люльку куры!
Мішка курыць.
— Ану, Мішка, танцуй!
Мішка танцуе.
— Ану, Мішка, спявай!
Мішка раве.
Хомка ўзяў медзведзянят, пасадзіў на воз і павёз дамоў. Аднак не пашанцавала Хомку. Цыган-мядзведнік
Быў якраз час жніва. Жалі бабы на панскім полі. Тут над імі стаялі прыганятыя з бізунамі. Той жа паніч Прушынскі разгульваў па полі са стрэльбай. А поле было ля самага лесу. Тут жа пад дрэвамі, у цяньку, ляжалі ў кашолачках малыя дзеці. Сусолачкі смакталі. І вось не агледзеліся людзі, як да дзяцей падкраўся мядзведзь і хапнуў Хомкіна дзіцё разам з кашолкай. Агледзеліся людзі. Хомчыха ўзняла плач, лямант, крык:
— Дзіцянё родненькае… Дзіцянё міленькае… Дзіцянё бедненькае…
А мядзведзь нясе сабе дзіцё павольна, асцярожна. Паніч нацэліўся са стрэльбы ў мядзведзя.
— Не страляй, панічок! Не страляй… — загаласіла Хомчыха. — Яшчэ дзіцёнка застрэліш.
— Дурная ты! — сказаў паніч. — Няхай лепш куля трапіць у дзіцё, чымся дзіцё ў зубы і кіпцюры мядзведзя. Лягчэйшая смерць.
Няпрошаны абаронца мужыцкіх дзяцей цэліўся ў малое дзіцё… Выстраліў.
Пошчакі разлягаліся па лесе. Мядзведзь паваліўся і яшчэ здолеў асцярожна паставіць убок кашолку з дзіцем.
— Дзіцё жывое! Жывое! Жывое! — закрычалі жнейкі на розныя галасы.
Паніч аж заскрыгатаў зубамі. Цэліўся ў дзіцё, ды не папаў. Вось няўдалы стралец… Гонар быў яму даражэй за мужыцкае дзіцё.
Пабегла Хомчыха па дзіцё. Падняла кашолку і ўзрадавалася:
— Дзіцё цэленькае! Смяецца, дурненькае… Дзякуе панічу…
У гэтую ж хвіліну з лесу выскачыла мядзведзіха, вырвала з рук Хомчыхі дзіцё і знікла ў лесе.
Дзівіліся людзі, а Хомчыха качалася па ржышчы ды галасіла:
— Дзетка мая маленькая… Дзетка мая родненькая…
Паніч склікаў паляўнічых з усёй ваколіцы. Нарыхтавалі аблаву. Мядзведзіхі і след прастыў.
Суседзі радзілі Хомку панесці малых медзведзянятак у лес на тое самае месца, дзе ён іх узяў.
Хомка так і зрабіў.
У тую ж ноч чуе Хомка — нехта стук-стук у акно. Ён падышоў, бачыць — за акном мядзведзіха стаіць ды лапай, як чалавек, не раўнуючы, грук-грук па шыбе.
Пабаяўся Хомка выйсці з хаты. Затое Хомчыха смела выскачыла — матка… Сэрца маткі заўсёды чуе і кепскае і добрае.
Мядзведзіха падняла з зямлі дзіцё і падала мацеры ў рукі. Хомчыха падзякавала. Мядзведзіха нешта зараўла ў адказ. Паглядзела на Хомчыху, паслухала, як тая плача і смяецца ў адзін і той самы час, выцерла лапай вочы ды спакойна пайшла на гумно, а адтуль — у лес.
Хоць дзіцё жыло ў мядзведзіхі цэлы тыдзень, але было вясёлае і ружовенькае — лепш, чым у маткі. Мядзведзіха не адбывала ж прыгон. Відаць, акуратна карміла чалавечае дзіцянё сваім мядзведскім малаком.
Дзіцё расло дужае, здаровае. Вырас добры хлопчык. Як ён пачаў хадзіць, яго ўсё цягнула ў лес. Аднаго разу ён пайшоў у лес — і, колькі яго ні шукалі, не знайшлі.