Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Зачараваныя смерцю

Алексиевич Светлана Александровна

Шрифт:

— А ты каму-небудзь з нашых сказала?

— Каму? Усе разбегліся, кожны цяпер выжывае паасобку…

— Але ж мы…

— Што? Сядзелі да раніцы, спявалі, вершы чыталі? Гэта было ў нейкім іншым жыцці… Ты адышла ад нас і страціла сляды… Сказаць табе, чым займаецца наш Вадзік, які любіў Высоцкага і марыў пра інстытут кінематаграфіі? Перапрадае аўтамабілі… Лёшку бачыла ў горадзе… Беспрацоўны інжынер… Эма едзе з бацькамі ў Амерыку… — І далей штосьці рванае, няўцямнае. — Мяне няма, як быццам я знікаю… Знікла… Я растварылася… Паражэнец… А я не люблю паражэнняў… Я, як усе, як маса… Я жыла ва ўласнай абалонцы, яе праткнулі, як дзіцячы шарык… Няма чым дыхаць… Мяне сцягваюць і сцягваюць у рэальны свет, на гэтую гліну… А птушачка прызвычаілася сядзець на дрэве і спяваць, заплюшчыўшы вочкі… У Сяргейкі, маленькага, нават вушы такія, як у ягонага бацькі… Ён падобны на яго, а не на мяне… Мяне нідзе няма… Я вас усіх падманула… Я ўвесь час іграла нейкую ролю… Хачу ўцячы… Недзе пачаць новае жыццё… Прыгожае… Святочнае… Але не гэтае…

— І-і-нга!

Яна паклала трубку. Я званіла ёй некалькі дзён запар — яна не падыходзіла да тэлефона.

Як гэта здарылася?! Апошняе…

Пра гэта

я ведаю толькі са слоў яе мамы. У нас з ёй былі дзве размовы, і мне дагэтуль здаецца, што два розныя чалавекі расказвалі мне адну і тую ж гісторыю…

Першая гаворка была тым днём.

— Памажы мне! — кінулася яе маці да мяне адразу ля дзвярэй, і я ўпершыню бачыла яе сапраўдны твар. — Гэта я яе забіла! Я?! Я выхавана на схемах, жалязяках, я не разумела сваёй дачкі. Яна гаварыла пра нейкае іншае жыццё… Збіралася кудысьці далёка паехаць… Хацела кінуць інстытут, не здаваць экзамены, я сілай падымала яе раніцай з пасцелі: «Не хачу ўставаць. Не хачу нават чысціць зубы». — «Выкінь з галавы гэтую дурноту! Ёсць абавязак! Ты бачыш, як мы з бацькам жывём: што б ні здарылася, трэба ісці на працу. Памятаеш, летась наш Алежык трапіў пад машыну… Яго забрала «хуткая», а я пабегла на завод, бо «гарэў» план, бо ёсць пачуццё абавязку». Я яе апранала, сілком давала ёй тварог ці манную кашу, саджалі з бацькам у машыну і везлі ў інстытут… На практычныя ў морг… Так мы здалі чатыры экзамены… Дзеля яе… Дзеля яе будучыні! Я не адступалася. Яна мне паказвала: «Мама, паглядзі, як трацяць розум: першымі зведваюць гэта валасы, памацай, якія яны ў мяне сталі жорсткія, як з лёскі. А ўсе людзі мне выдаюць падобнымі на жывёлін: у гэтага галава — дзікага вепра, а ў гэтага — бабрыная…» А я запіхвала яе ў машыну і везла ў інстытут. Яе трэба было, як маленькую, на руках люляць… Я не разумела… Пасля інстытута я бегла да сябе на завод… Брала чарцяжы дадому… Сядзела над імі па начах… Спала чатыры гадзіны ў суткі… Дзеля яе… Дзеля яе будучыні! Памажы мне! Можа, я чагосьці не ведала? Гэты яе муж… Паехаў, забраў нават шлюбны пярсцёнак, які ёй падарыў. І гэты новы сябра… Ты яго бачыла? Яна ірвалася з дому, хацела волі. А што яна атрымала? А можа, гэта ўсё-такі выпадковасць?! Памажы!! Яна во ў гэтым пакоі… На поясе ад майго халата… Сяргейка ў куточку гуляў… Домікі з кубікаў складваў…

Праз сорак дзён мы сядзелі за тым жа сталом… Маці паднялася, зноў прыгожая і моцная:

— Надышоў час энергічных, жыццяздольных людзей. Інга не захацела змагацца. Што ж вы такія слабакі? Мы для вас усё зрабілі! Мы для вас жылі! Хоць бы інстытут скончыла… Не дайшла да мэты…

Мне хацелася ўцячы ці крычаць пасля яе слоў. Я абняла Сяргейку:

— Сяргейка, мама паехала.

— Няпраўда, маму закапалі. Яна прасіла: «Ты не бойся. Мяне, быццам зярнятка, закапаюць. Я ўзыду». Я цяпер бабулю буду зваць мамай.

Ён пакуль не ведае, што перад сваім адыходам мама адвозіла яго з гэтага дому да бацькі ў чужы горад. Назаўсёды. Але той адмовіўся — у яго ўжо там, у другой сям'і — хлопчык і дзяўчынка. Яна прасіла: «Я еду вельмі далёка. Я не магу забраць яго з сабой. Ён — мяккі. Мая мама што-небудзь гэткае з яго вылепіць… Я ніколі яго не пазнаю…»

У мяне цяпер нават няма дома, дзе яна была. Я не магу туды пайсці…

Не друкуйце нічога… Усё роўна мы не зразумеем гэтай тайны… Адны здагадкі. Жорсткія і прыблізныя. Калі надрукуеце, дык без майго імя. Я не хачу быць сведкай. Я — не сведка, я — саўдзельнік, як усе. Калі б яе хто-небудзь, хоць бы адзін з нас на самай справе любіў. Кожны раз, як пасля дажджу… Чыста і нанава… (Доўга маўчыць.) Часам я думаю інакш, нават часцей менавіта так думаю: мне журботна, але мне яе не шкада… Я яе разумею… Смерць — гэта яе прытулак…

Гісторыя чалавека, які ваяваў у сорак першым і не думаў, што калі-небудзь пачуе: «Навошта ты перамог? мы б цяпер баварскае піва пілі…». Мікалай Севасцьянавіч Кулажанка — былы франтавік, 70 гадоў

— Што вы мяне катуеце? Вам гэта трэба для літаратурнага эксперыменту, а з мяне душу дасталі. Душа плача… (Маўчыць.) Калі ўспомніць, дык за ўсё маё жыццё добра мне было толькі на вайне… Кроў, вошы, смерць… Але там усё было ясна, у нас ва ўсіх — адна Радзіма і адзін вораг. І ніколі мы так не любілі, не шкадавалі адзін аднаго, як у вайну. Мы былі разам, як пальцы ў кулаку. Гэта няпраўда, што сацыялізму ніколі не існавала. Ён быў адзін раз… У вайну… Я — сведка… (Маўчыць.) Нікому не патрэбны сведка… Старое пудзіла… Жыццё выкідвае наша пакаленне… Мы ўжо лішнія… (Маўчыць.)

Мне гэта крыкнулі ў твар… Гэта прысуд… (Маўчыць.) Ву-у-нь там, злева, за заводскім комінам… (Падыходзіць да акна і паказвае.) Наш гарадскі парк… Фантан там, праўда, без вады, не працуе, брацкая магіла загінуўшым пры вызваленні горада. Горад невялікі, але ўсё ў нас, як належыць, як ува ўсіх. Ля помніка заўсёды праходзілі школьныя лінейкі. Запрашалі нас, ветэранаў. Мы завязвалі чырвоныя гальштукі. Жонка ў мяне, як кажуць, таксама карэнная франтавічка. Дзяўчынкай на фронт пайшла, у першы дзень вайны. Любенькая мая, мы цяпер, як бежанцы… На сваёй Радзіме… Я па тэлевізары бачыў: кран валок памнік Дзяржынскаму… Тварам долу… Па асфальце… А маладыя радаваліся смяяліся, елі марожанае… Гэта ж было пахаванне! Хоць бы адзін шапку зняў! Не, яны — не нашы дзеці! Я не ведаю, я не разумею, адкуль яны прыйшлі. Дзе нарадзіліся? Ад каго? Вось у гэтым нашым парку (не называйце горад, бо мне сорамна, тут мяне кожны ведае), дык вось тут мяне, як гэты помнік, валаклі тварам долу… Дык жа ён мёртвы, Жалезны Фелікс… А я — жывы. Трое хлапчукоў, па шаснаццаць-семнаццаць гадоў… Я іду па алеі, а яны мне насустрач… З імі чорная аўчарка, маладыя любяць вялікіх сабак… Алея вузкая. І я адразу здагадваюся, што саступіць дарогу ім павінен я, стары чалавек з ордэнскімі калодкамі

і значком «50 гадоў у КПСС»… Вядома, я выйшаў адзін… З гэтым значком, які ўжо не носяць, усе знялі… А я ад яго не адмовіўся. Гэта мая партыя, я ёй жыццё аддаў. Нельга адабраць у чалавека веру за адзін дзень. Раней хлапчукі глядзелі на мой пінжак і ў іх вочы загараліся. Яны мне зайздросцілі. Нам зайздросцілі, нашаму пакаленню. А цяпер у іх гэтак вочы гараць, калі бачаць якога-небудзь замежніка… Ідуць, значыцца, яны, размаўляюць гучна, шумна… Штосьці ўсярэдзіне мне падказвае — сыдзі! Цела стала бязважкім, я яго не адчуваю… Як у рукапашнай: толькі што каска абручом сціскала галаву, падымаешся ў атаку з аголеным штыком — каскі на галаве ўжо не адчуваеш… Цябе штосьці нясе… «Узяць! Джэк, узяць яго!» — чую я вясёлую каманду. На роднай мове… Ціха, спакойна вакол, ніхто не страляе… «Узяць! Джэк, узяць яго!» Яны крычалі весела і гарэзліва… Сарвалі мой значок «50 гадоў у КПСС»… Тапталі яго… Весела! Памятаю, што зваліліся акуляры… Я не бачыў твараў… Толькі цені… Маладыя, вясёлыя цені… Яны скакалі вакол мяне… Як чэрці…

— Што ты начапіў, старая прыручаная малпа? Старое пудзіла! Другі раз і калодкі твае паляцяць! Пераможца! Калі б ты не перамог, мы б цяпер баварскае піва пілі…

…Я стаяў ля свайго дома і не пазнаваў яго. Я забыўся: хто я? Як мяне завуць? Дзе я жыву? Ужо цямнець стала, а я не мог знайсці і ўспомніць свой дом, пакуль дачка не ўбачыла мяне з балкона. Яна пабегла шукаць значок. Не знайшла. Я ляжаў на канапе з заплюшчанымі вачамі…

— Тата, — сказала раніцаю дачка, — ты лепш не выходзь на вуліцу. Чаго ты плачаш? Я даўно казала: «Здымі гэты значок». Увечары завязу цябе на дачу. Мама варэнне варыць, ты будзеш паліваць агуркі…

Старая прыручаная малпа… Старое пудзіла… Ты чуеш? Табе засталося адно паліваць агуркі…

Яны ўсе пайшлі: дачка і зяць на работу, унук — у вучэльню, жонка была на дачы — я ўключыў газ… Я хачу памерці камуністам, я хачу памерці савецкім чалавекам… (Плача.) Суседзі пачулі пах газу… Узламалі дзверы… Яны думалі, што я заснуў, а не хацеў памерці… А я зайздрошчу тым, хто ляжыць у зямлі. Ад душы…

Не трэба вам Леніна, а хто вам трэба? Узяў бы камень і біў бы вітрыны крамаў з чужымі назвамі. З чужымі рэчамі. З чужым шакаладам… Што вы мяне катуеце? Вам гэта трэба для літаратурнага эксперыменту, а з мяне душу вырвалі. (Маўчыць.) Любенькая мая, не-не, не падымайцеся… Пачакайце… Я да канца раскажу… Мы Радзіму абаранялі! Радзіма ёсць Радзіма, якая б яна ні была. Яны б баварскае пілі… А не хутчэй бы з усіх вас мыла нарабілі? Мы Радзіму абаранялі! Але што б мы цяпер ні сказалі, вы затыкаеце нам рот Сталіным. Гэта наша трагедыя. Няма больш Радзімы! А мы яе будавалі тачкамі і рыдлёўкамі. Днепрагэс мясілі пяткамі. Была ў нас вялікая краіна… На руінах жывём, на абломках… Дапамогі чакаем, чужых сухароў… Да нас прывозілі… Прыгожыя нямецкія машыны, поўныя вялікіх пакункаў з крупамі, цукрам, мармеладам… У натоўп кідалі… Людзі беглі за фургонам, давілі адно аднаго… Заманілі яркімі абгорткамі, каляровымі паперкамі… Замест вялікай краіны я бачу дзікія плямёны… Ненавіджу!

Шмат гадоў я сніў адзін і той жа сон — дзень Перамогі. Як мы прыгожа перамаглі! Паказваюць па тэлевізары іх супермаркеты. Іхнюю кілбасу. Як быццам мы не бачылі, што такое Захад. «Мы паў-Эўропы прайшлі пехам…» — спяваў Марк Бернес… Далі мне летась бясплатную пуцёўку ў санаторый. Там гэты тэлевізар не выключаюць…

— Выключыце яго к… Не быў я рабом! Не быў! Ачарнілі мінулае, аплявалі! Свалата! Вар'яцтва! Гэта вар'яцтва! Я быў салдатам…

У псіхіятрычку хацелі завезці…

А я памятаю іншы час… Я памятаю, якія людзі былі ў вайну. Такіх людзей у нас больш ніколі не будзе! Я іх ужо даўно не бачу. Не спатыкаю. Першае, што казаў салдат, калі ачуньваў у аперацыйнай медсанбата ад наркозу: а ці ўзялі тую вышыню, пад якой яго параніла? (Плача.) Да Берліна ішлі… Праз горы трупаў, горы трупаў ляжалі… Па ўсёй Расеі. Па ўсёй Эўропе… Любенькая мая, распавесці нельга… Тры-чатыры дні ідзе бой… Сонца смаліць, а яго не відно, яно, як месяц, з-за чорных хмар ледзьве прасвечваецца… Тэхніка гарыць, зямля гарыць, людзі гараць… Непарушанай зямлі няма… Забітых столькі, што конскаму капыту нямя дзе стаць, а конь ніколі не наступіць на чалавека, нават мёртвага. А тут яны ішлі па трупах. Нашы санітарныя павозкі… Пачуеш, як клічуць: «Браток, дабі!», пакуль дабяжыш, ён памёр ужо… Чалавек у адным месцы ляжыць, а яго адарваныя ногі — у другім… Першыя дні сядзім у акопах, перамаўляемся: «Я яго ніколі не бачыў, не ведаю. Які ён мне вораг, гэты немец? Як мне ў яго страляць? Гэта ж такі звычайны хлопец, як і я. Трэба яму распавесці пра сацыялізм, пра буржуяў. Ён паверне штыкі…» А пасля мы ўбачылі нашых салдат, павешаных на слупах… Іх павесілі і падпалілі, быццам гэта дрэвы, а не людзі… Забіваць стала не страшна… Перад атакай я крычаў, я сам крычаў: «За Сталіна — уперад! За Радзіму!»

Гэтыя людзі, што цяпер жывуць, ніколі б не перамаглі. Ніколі! У газеце чытаю: разрэзалі на чатыры часткі бюст Пушкіна і спрабавалі вывезці за мяжу… У чамаданах… Яны не Пушкіна везлі, а каляровы метал… Усё прамянялі на джынсы, на чужыя анучы… На магнітафон, на бляшанку кавы…

А я памятаю іншае… Іншы час і іншых людзей… Трапілі мы ў акружэнне… Палітрук загадаў: «Усім застрэліцца!» Быў вельмі сонечны дзень… Але ёсць сталінскі загад — савецкі салдат у палон не здаецца, толькі здраднікі здаюцца ў палон… Я выбраў месца… Памятаю, стары дуб стаяў і побач маленькі насеяўся, я пагладзіў яго па вяршынцы, яшчэ падумаў: «Ён вырасце, і ніхто не будзе ведаць, што калісьці яго гладзілі па галаве». Палітрук быў немалады, адкульсці з Украіны… Паглядзеў ён на нас — хлапчукі… Фуражку зняў… Сам застрэліўся, а нам загадаў: «Жывіце, хлопцы!» Такіх людзей ужо ніколі не будзе! Спаткаеш маці з дзіцем… Брыдуць па снезе басанож… У вёску сваю вяртаюцца, а вёску карнікі спалілі. У іх анічога няма, адно: у маці — сын, а ў сына — маці. Гэта ўсё, што ў іх засталося. Абнімеш дзіця, за пазуху пад шынель схаваеш: «Родны мой! Харошы!» Усё, што ў цябе ў рэчмяшку ёсць, аддасі, крошкі ад сухароў яму ў далонькі вытрасеш. Мы былі разам. Браты і сёстры. Я думаў, што гэтак будзе заўсёды… Пасля мора крыві, пасля мора слёз…

Поделиться:
Популярные книги

Вдовье счастье

Брэйн Даниэль
1. Ваш выход, маэстро!
Фантастика:
попаданцы
историческое фэнтези
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Вдовье счастье

Господин следователь. Книга 3

Шалашов Евгений Васильевич
3. Господин следователь
Детективы:
исторические детективы
5.00
рейтинг книги
Господин следователь. Книга 3

Законы Рода. Том 8

Андрей Мельник
8. Граф Берестьев
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Законы Рода. Том 8

Власть меча

Смит Уилбур
5. Кортни
Приключения:
исторические приключения
5.00
рейтинг книги
Власть меча

Мастер 6

Чащин Валерий
6. Мастер
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Мастер 6

Игра престолов

Мартин Джордж Р.Р.
1. Песнь Льда и Огня
Фантастика:
фэнтези
9.48
рейтинг книги
Игра престолов

Идеальный мир для Лекаря 16

Сапфир Олег
16. Лекарь
Фантастика:
боевая фантастика
юмористическая фантастика
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 16

Сумеречный Стрелок 5

Карелин Сергей Витальевич
5. Сумеречный стрелок
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Сумеречный Стрелок 5

Альда. Дилогия

Ищенко Геннадий Владимирович
Альда
Фантастика:
фэнтези
7.75
рейтинг книги
Альда. Дилогия

Кодекс Крови. Книга V

Борзых М.
5. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга V

Если твой босс... монстр!

Райская Ольга
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.50
рейтинг книги
Если твой босс... монстр!

Законы Рода. Том 9

Андрей Мельник
9. Граф Берестьев
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
дорама
фэнтези
фантастика: прочее
5.00
рейтинг книги
Законы Рода. Том 9

Кодекс Охотника. Книга XVII

Винокуров Юрий
17. Кодекс Охотника
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга XVII

Барон устанавливает правила

Ренгач Евгений
6. Закон сильного
Старинная литература:
прочая старинная литература
5.00
рейтинг книги
Барон устанавливает правила