БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
Шрифт:
У кажным разе паўстаньні беларускага народу проці Польшчы і Масквы, спробы князя Януша Радзівіла і гэтмана Паўлы Сапегі ўзнавіць Беларускае гаспадарства зьяўляюцца довадам вялікага гэраізму беларусаў і жывучасьці самастойніцкай беларускай ідэі.
Бачачы такую зьяву, польскія соймы, хочучы падняволіць Беларусь і зьнішчыць беларускую культуру, прыймалі розныя пастановы, скіраваныя супроць беларусаў і для хутчэйшае палёнізацыі іх.
Так, у 1667 г. польскі сойм пастанавіў вызваліць ад ваенных абавязкаў каталіцкае і вуніяцкае духавенства, а праваслаўнае ніжэйшае духавенства павінна было плаціць падаткі так, як плацілі і
У 1668 г. сойм пастанавіў караць за пераход з каталіцтва або вуніі ў іншую веру выгнаньнем з краю.
У 1676 г. быў выдадзены закон, у якім праваслаўным забаранялася пад карай сьмерці выяжджаць за межы, або прыяжджаць з-за межаў.
У 1697 г. польскі сойм прыняў пастанову, якая забараняла ўжываць беларускую мову ў урадах, судох і ўсялякіх урадавых установах, як у справаводзтве, так і ў карэспандэнцыі.
У 1699 г. той самы польскі сойм прыняў пастанову — закон, на аснове якога ў самаўрады маглі быць абіраныя толькі каталікі і вуніяты.
Адначасна польскія паны прысьпешана будавалі касьцёлы і манастыры ды перараблялі праваслаўныя цэрквы на вуніяцкія, так што ў другой палове XVII ст. на Беларусі было збудавана больш за 300 новых касьцёлаў і манастыроў. Ксяндзоў і вуніяцкіх сьвятароў палякі шчодра надзялялі зямлёй і прыгоннымі сялянамі, каб яны лепш і ахватней праводзілі палёнізацыю. Паны ў дварох падпарадкаваных ім сялян усімі спосабамі прымушалі прыймаць вунію. Такім парадкам, палёнізацыя Беларусі ўсьцяж ішла наперад. Забарона-ж ужываць беларускую мову ў урадах, судох і ўсялякіх урадавых установах як у справаводзтве, так і ў карэспандэнцыі была найвялікшым ударам для Беларускага Народу і Беларускае Дзяржаўнасьці, даводзячай яе да заняпаду.
XXIII
Палітычныя і эканамічныя абставіны жыцьця беларускага народу ў XVIII стагодзьдзі.— Паўстаньні беларускага сялянства ў XVIII стагодзьдзі.— Беларускае сялянства перахоўвае нацыянальныя беларускія вартасьці.— Расейскія інтэрвэнцыі.— Падзел Польшчы і Беларусі.
Даўгія войны маскоўска-польскія і швэдзкія XVII стагодзьдзя, якія ў вялікай меры адбываліся на тэрыторыі Беларусі, а таксама «пацыфікацыі» — «супакойваньні» беларускіх паўстаньняў супроць Польшчы і Масквы давялі Беларусь да поўнага зьнішчэньня. Ізноў-жа пастановы польскага сойму аб скасаваньні беларускай мовы як урадавае мовы, а таксама аб тым, што ня можна праваслаўных выбіраць у самаўрады, пазбаўлялі беларускі народ палітычных правоў. Гэныя часы можна уважаць за канец самастойнага палітычнага жыцьця Беларусі і за пачатак найжудасьнейшых часоў, якія мусіў перажыць і перацярпець беларускі народ.
Цярпеньні хутка павялічаліся. Бо вось у 1700 г. валадары Беларусі польскі кароль Аўгуст II Сас, што гаспадарыў ад 1697 да 1733 году, разам з расейскім царом Петрам I і з Даніяй пачалі вайну з Швэдыяй, хочучы адабраць падпарадкаваную ёй часьць Прыбалтыкі. Вайна зацягнулася доўга, бо аж да 1721 г., і спачатку перамога больш спрыяла Швэдыі, як Польшчы і Расеі. У сувязі з гэтым на тэрыторыі Беларусі зноў адбываліся вялікія баі, зноў праходзілі войскі польскія, расейскія і швэдзкія, нішчачы край. На сялян накладаліся новыя падаткі і ваенныя паборы, а паны сваім парадкам стараліся эксплёатаваць сялян. Ня сьціхаў і рэлігійны перасьлед, а яшчэ больш узмацняўся. У 1718 г на сойме у Горадні быў нават прыняты праект закону аб канчальнай ліквідацыі праваслаўя на Беларусі.
У швэдзка-расейска-польскай
Бачачы ўсё гэта і чуючы аб перасьледках над праваслаўем з боку палякоў, расейскі цар Пётра I умешваўся ў нутраныя польскія справы. Але гэта не ацьвяразіла польскае шляхты. Яна далей рабіла свае. У 1732 г. польскі сойм прыняў новую пастанову, скіраваную супроць праваслаўнае царквы. Гэтая пастанова забараняла праваслаўным зьбірацца на зьезды і сходы і не давала права праваслаўным займаць дзяржаўныя пасады.
Рэлігійны перасьлед і нязьмерная экамамічная эксплёатацыя сялянства давялі да таго, што на Беларусі ізноў адбываліся проціўпольскія і проціўпанскія паўстаньні. Найбольшае з іх было ў Крычаўскім старасьцьве ў 1740— 1744 гадох. На чале паўстанцаў, сярод якіх былі сяляне, мяшчане, рамесьнікі і часткова нават мясцовая шляхта ды праваслаўныя сьвятары, стаў гандляр воскам Васіль Вашчыла. Ягонымі найбліжэйшымі памагатырамі былі Карпач, Стэся і Вецер. Паўстанцы нішчылі панскія двары і самых паноў.
Палякі доўга не маглі зьліквідаваць гэтага паўстаньня, а калі здабылі перавагу над паўстанцамі, распраўляліся з імі жудасна. Увесь Крычяў яны залілі крывёю, а шыбеніцы і кольле на вуліцах і ўздоўж берагоў Сожу доўга былі страшэнным відовішчам. Вашчыла ўцёк, а ягоных заступнікаў пакаралі пакутнай сьмерцю. Карпач быў зашыты ў мядзьвежую скуру і зацкаваны сабакамі. Шмат якіх сялян вешалі за рэбры на крукі, падвешвалі за рукі ці ногі і палілі на агні, заганялі ім пад пазногці абмочаныя ў серку пруткі і запальвалі ды іншымі спосабамі люта катавалі.
Жорсткія расправы не спынялі ўсё-ж думак беларускага народу пра вольнае жыцьцё.
У канцы 50-х і пачатку 60-х гадоў XVIII ст. за часоў гаспадараваньня караля Аўгуста III (1735—1763) у Беларусі выбухалі новыя вялікія паўстаньні, гэтым разам на Мазыршчыне ды ў другіх паветах. I гэтак было да канца XVIII ст.
Беларускія сяляне не зважалі на ніякія зьдзекі і прасьледы. Яны моцна трымаліся сваёй мовы, рэлігіі і дабіваліся лепшага свабоднага жыцьця. Прасьлед і абраза рэлігійных пачуцьцяў узмацоўвалі імкненьні і сілы ў барацьбе за гэныя сьветлыя ідэалы. Такім чынам беларускае сялянства перахоўвала свае нацыянальныя беларускія вартасьці.
У канцы XVIІІ ст. непарадкі ў нутраным жыцьці Польскае дзяржавы нагэтулькі павялічыліся, што Расея, а асабліва расейская царыца Кацярына II, бесцэрамонна мяшалася блізу ва ўсе справы. I яна, між іншым, дамаглася ад польскага ўраду пастановы зраўнаць усіх іншавернікаў з каталікамі, якія ў Польшчы былі ўпрывілеяванымі. Сталася гэта так.
У 1767 годзе праваслаўныя, а таксама і пратэстанты дзеля абароны сваіх правоў заснавалі ў Слуцку саюз, ці інакш канфэдэрацыю, якая дамаглася ад польскага сойму, каб былі спыненыя перасьледваньні некаталікоў і непалякоў і каб яны былі зраўнаныя ў правох з каталікамі і палякамі. Сойм на гэта, аднак, не згадзіўся. Тады ў Варшаву ўвайшло расейскае войска і пад ягоным націскам у 1768 г. сойм мусіў выразіць сваю згоду. Дагляд-жа за выкананьнем гэтае згоды ўзяла на сябе Расея.