БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
Шрифт:
Пасьля паліцыя натрапіла на сьляды Малахоўскага, і ён мусіў выехаць за межы. Фр. Багушэвіч, які браў таксама ўдзел у паўстаньні, быў ранены ў нагу і, каб заблытаць сьляды, выехаў на Украіну ў Нежын, дзе паступіў у Юрыдычны Ліцэй. Каліноўскі застаўся блізу што адзін, але дарма, ён і далей сьмела, энэргічна працаваў, спадзяючыся падняць працоўныя беларускія масы проці польскіх паноў і расейскага цара. Аднак расстаўленыя агенты Мураўёва дзеілі. Яны шукалі Каліноўскага ня толькі ў Вільні, але і ў Менску, і там, натрапіўшы на сьляды падпольнае беларускае арганізацыі, злавілі шляхцюка Парфіновіча. Парфіновіч ведаў, дзе знаходзіцца дыктатар і, калі паліцыя дакляравала яму падараваць жыцьцё, дык ён паказаў памешканьне Каліноўскага ў Вільні, у сьвятаянскіх мурох, дзе Каліноўскі жыў пад прозьвішчам Вітаўта Вітожэнца. Арышт Каліноўскага адбыўся 29.1.1864 г., і пасьля яго паўстаньне было канчальна зьліквідавана, а сам Каліноўскі 22.III. 1864 г. павешаны на Лукіскім пляцы ў Вільні. Перад сьмерцяй сваёй Каліноўскі, будучы ў вастрозе, напісаў яшчэ
«Мужыкі, браты мае родныя!
З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіцца мне пісаць да вас і можа астатні раз Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мне народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, але ня жаль згінуць за тваю праўду. Прымі, народзе, да шчырасьці мае слова перадсьмертнае, бо яно як-бы з таго сьвету толькі для дабра твайго напісана. Нямаш, браткі, большага шчасьця на гэтым сьвеце, як калі чалавек мае розум i навуку. Тады ён толькі ў радзе жыць у дастатках, і тады толькі, памаліўшыся Богу, заслужыць неба, бо, узбагаціўшы навукай розум, разаўе сэрца і народ свой цэлы шчыра палюбіць. Але як дзень з ноччу ня ходзіць разам, так і навука праўдзівая ня ідзе разам з няволяй маскоўскай. А пакуль яна у нас будзе, у нас нічога ня будзе. Ня будзе праўды, ня будзе багацьця і ніякае навукі, адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, а на пагібель нашу. Ваюй, народзе, за свае чалавечае і народнае права, за сваю веру, за зямлю сваю родную Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, народзе, што тады толькі зажывеш шчасьліва, калі над табой маскаля ўжо ня будзе».
Паўстаньне 1863 году расейцы задушылі. Сталася гэта дзякуючы таму, што царскія сілы былі большыя і мацнейшыя, а таксама і таму, што паўстанцы ня мелі належнага падтрыманьня сярод сялянства. Сяляне ня толькі не памагалі паўстанцам, але часта з імі змагаліся, асабліва з «белымі» польскімі паўстанцамі, якія, хочучы адбудаваць Польшчу, адначасна хацелі вярнуць паншчыну, тымчасам як яе ўжо касаваў нават сам цар. З боку сялянства меў падтрыманьне толькі Каліноўскі, але ён яшчэ не пасьпеў належна падрыхтаваць сабе грунт. Ягоныя словы ня ўсюды яшчэ дайшлі да сялянскіх вушэй, а да таго-ж на вёсцы панавала цемра і нясьведамасьць. Разумеў гэта добра Каліноўскі і нават з-пад шыбеніцы заклікаў да асьветы, ведаючы, што тады можна будзе адбудаваць Беларусь, калі ўсё сялянства станецца сьведамым нацыянальна, сацыяльна і разьвітым культурна. Ведаў Каліноўскі і лекі на цемру, і таму ён пашыраў друкаванае беларускае слова, выдаючы «Мужыцкую Праўду» і адозвы. Але пазналіся на ім і ворагі ягоныя, і дзеля таго побач з літаратурай Каліноўскага пачалі зьяўляцца адозвы (нават фальшывыя) і брашуры, друкаваныя пабеларуску ў краі і за межамі, выдаваныя польскімі панамі («белымі») і царскім урадам. Так, прыкладам, «белыя» выдалі: «Гутарку старога дзеда» Вінцуся Каратынскага, «Прадсьмертны разгавор пустыньніка Пятра, каторы жыў у пушчы і памёр, маючы 140 год», «Крыўда і праўда». Ф. Пчыцкага і іншыя, у якіх агітавалі беларусаў ісьці разам з Польшчай. Ізноў-жа царская ўлада выдала: «Бяседу старога вольніка», «Мову Старавойта» — аўтарам якіх быў Апанас Кісель (Франц Блус), бязьіменныя вершы: «Быў на Русі чорны бог», «Ой калі-б, калі маскалі прыйшлі» і іншыя. У іх гаварылася, што шчасьце Беларусі нясе толькі царская Расея. Такім парадкам, паўстаньне 1863 году паказала шлях збройнага змаганьня за палітычную самастойнасьць Беларусі і прычынілася да ўзнаўленьня беларускага друкаванага слова.Дарма што паўстаньне расейцы зьліквідавалі, беларускі друк пашыраўся-б, бо паўстаньне, асабліва незалежніцкая беларуская акцыя Каліноўскага, выклікала зацікаўленьне беларускім пытаньнем у расейскіх колах. У Маскве нават зьявілася думка выдаць газэту пабеларуску, якая занялася -б культурна-навуковым аглядам Беларусі. Намеры гэтыя, аднак, скасаваў хутка царскі загад ад 1867 году, які забараніў друкаваць пабеларуску.
Забарона друку пабеларуску у 1867 г. надоўга стрымала разьвіцьцё беларускага друкаванага слова. Не магла ўсё-ткі яна затрымаць таго зацікаўленьня беларускім пытаньнем, што было выкліканае Каліноўскім у 1862— 1864 гадох. Сярод навукоўцаў у Расеі знайшліся такія людзі, якія ня толькі цікавіліся беларускім пытаньнем, але пачалі запісваць і выдаваць друкам паводле расейскага правапісу цэлыя вялікія тамы беларускіх народных песьняў, казкаў, прыказкаў, загадкаў, апісваць беларускія народныя звычаі і абрадкі. Тут найбольш адзначыліся Іван Насовіч, што злажыў, між іншага, Вялікі беларуска-расейскі слоўнік, Пльдэнбрандт, Павал Шэйн, Мікалай Нікіфароўскі, П. Бяссонаў, Аўдакім Раманаў, Казімер Дабравольскі, Сержпутоўскі, Аляксей Сапуноў, Дмітрыяў, Радчзнка, Ляцкі, Дэмбавіцкі, Міхал Фэдэроўскі. Этнографы гэтыя сотні і тысячы беларускіх народных твораў выдавалі пры дапамозе расейскіх навуковых інстытуцыяў, а сабраныя Фэдэроўскім беларускія этнаграфічныя матар'ялы ў колькіх тамох, пад загалоўкам «Люд Беларускі», выходзілі пры дапамозе Кракаўскага Унівэрсытэту.
У Маскоўскай славянафільскай газэце «День», дзе разглядалася і беларускае пытаньне, знайшоўся нават сказ, што: «Мы вінаваты перад вамі (беларусамі). Мы, расейскае грамадзянства, як бы забыліся аб існаваньні Беларусі». Магчыма, што ім прыпомніла аб Беларусі француская і бэльгійская прэса, якая у 60-х гадох XIX ст. шырака пісала аб беларускім пытаньні, але таму, што мела інфармацыі з боку польскіх эмігрантаў, Беларусь і Летува былі там прадстаўленыя, як краі,
Хоць беларусаў дзялілі і мучылі, усё-ж-ткі беларускі голас усьцяж адзываўся і ўсьцяж беларусы заяўлялі, што яны жывуць. Гэтак было і пасьля 1863 г., калі здавалася шмат каму, што ўсемагутны Мураўёў здушыў усё беларускае. Так, у 70-х гадох у далёкай Швайцарыі, у Жэнэве, выйшла колькі агітацыйна-рэвалюцыйных брашураў пабеларуску, між якімі была кніжыца «Пра багацтва ды беднасьць», а ў Цурыху ў 1870 г. быў выданы першы нумар беларускай эмігранцкай газэты пад назовам «Грамадзкі Згавор». На гэтым, аднак, першым нумары выдаўцы мусілі стрымаць сваю выдавецкую працу з прычыны нястачы матар'яльных сродкаў.
У самой Расеі беларусы далей бралі ўдзел у пачатым Гэрцэнам і Бакунінам рэвалюцыйным руху, у змаганьні за зямлю і волю. Сярод тагочасных рэвалюцыянэраў займаў пачэснае месца Ігнат Грынявіцкі (1856—1881), родам з Меншчыны. Вучачыся ў Тэхналёгічным Інстытуце ў Пецярбурзе, Грынявіцкі браў дзейны ўдзел у народавольскім руху. Рух гэты імкнуўся скасаваць царызм і перабудаваць Расею на асновах вольнае фэдэрацыі вольных народаў, у якой было-б належнае месца і Беларусь У 1879 г. Грынявіцкі зарганізаваў баёвы гурток, мэтай якога было прысьпешыць разьвіцьцё рэвалюцыйнага руху шляхам баёвых выступленьняў. Найбольш-жа праславіўся Ігнат Грынявіцкі забойствам тагочаснага расейскага цара Аляксандра II у 1881 г. 1 сакавіка. Але бомба, што забіла цара, сьмяротна раніла і самога Грынявіцкага, і ён у той самы дзень уначы, не распазнаны нават,- памёр ад ранаў, маючы 25 год. Ігнат Грынявіцкі памсьціўся Аляксандру II за сьмерць беларускіх паўстанцаў, за сьмерць К. Каліноўскага, за варожую ягоную палітыку да беларусаў і працоўных усяе Расеі. Ігнат Грынявіцкі працягваў пачаты Каліноўскім шлях збройнага змаганьня за адраджэньне Беларусі. Праўда, і яму не ўдалося падняць Беларусі, і ён так, як і Каліноўскі, згінуў трагічна, але гэта ня спыніла беларускае адраджэнскае працы. Лік моладзі, сярод якое пашыраліся бунтарскія вызвольныя думкі, павялічаўся, асабліва гэта дзеілася сярод студэнтаў у Маскве і Пецярбурзе. Нават за тры гады пасьля сьмерці Грынявіцкага, у 1884 г., у Менску зьявіўся ўжо нелегальны народавольскі беларускі часапіс, друкаваны парасейску, «Гоман», які працягваў пачатае змаганьне за палітычную і эканамічную самастойнасьць Беларусі ў вагульна-расейскай фэдэрацыі.
Пад канец XIX ст. з Украіны, дзе працаваў як адвакат, зьвярнуўся ў родны край, у Вільню, удзельнік паўстаньня 1863 году Францішак Багушэвіч. Будучы на Украіне і скончыўшы ў 1868 г. юрыдычны ліцэй, ён саткнуўся з украінскім рухам, з украінскай паэзіяй Тараса Шэўчэнкі ды пачаў пад яе ўплывам пісаць вершы пабеларуску, падпісваючы іх прыбранымі прозьвішчамі (мянушкамі) — «Мацей Бурачок» і «Сымон Рэўка з-пад Барысава». Багушэвіч у сваіх творах стараўся збудзіць беларускі народ ад сну, у які закалыхалі яго палякі і расейцы, і накіраваць да змаганьня за лепшую долю. Багушэвіч, як згодна сьцьвярджаюць беларускія гісторыкі, а таксама і гісторыкі расейскія, раз назаўсёды парваў з беларуска-польскім народніцтвам, што пачыналася між чырвонымі паўстанцамі 1863 г., палякамі і беларусамі, а таксамаі з народніцтвам беларуска-расейскім Грынявіцкагь і «гоманцаў», ды стварыў беларускае нацыянальнае народніцтва, паказаў самастойныя шляхі беларускага нацыянальна-палітычнага вызваленьня, што выяўляецца ва ўсёй ягонай творчасьці, так шырака ведамай па ўсёй Беларусі.
Асабліва-ж яскравай зьяўляецца Багушэвічава прадмова да першага зборніка ягоных вершаў «Дудка Беларуская», якую можна назваць маніфэстам беларускага нацыянальнага ўсьведамленьня. Багушэвічавы словы пра гісторыю Беларусі, пра беларускую мову як аснову беларускае нацыі, абарона яе ад славы «мужыцкае», пушчанай ворагамі, і сяньня жывыя, і сяньня актуальныя. Багушэвічавых твораў нельга было выдаць з прычыны забароны друку ані на Беларусі, ані ў Расеі, і таму «Дудка Беларуская» выйшла за мяжою, у Кракаве, у 1891 годзе. Другі зборнік вершаў Багушэвіча «Смык Беларускі» быў выданы ў 1894 г. у Пазнані. Адтуль яны нелегальна перавозіліся ў край, будзілі беларускі народ і ўзмацнялі беларускія адраджэнскія плыні.
Побач з Багушэвічам і ў такім самым духу зьявіліся і працавалі на беларускай літаратурнай ніве Ян Няслухоўскі (Лучына) (1851 — 1897), зборнік беларускіх вершаў якога — «Вязанка» — удалося выдаць куды пазьней. I то пад выглядам баўгарскага; Адам Гурыновіч (1869—1894) і Аляксандар Ельскі (1834—1916), якому, наўсуперак забароне 1867 г., удалося выдаць пабеларуску колькі папулярных кніжачак для сялян, як прыкладам: «Аб перасяленьні», «Аб п'янсьцьве» і г. д. Ён жа, між іншага, зноў пераклаў у беларускую мову і выдаў за мяжою ў Львове ў 1882 г. «Пана Тадэўша» A. Міцкевіча.