Цемра зямлю ахінае
Шрифт:
Тарквемада вызваліў з рукава далонь і рашучым рухам адсунуў ад сябе Дыега.
— Маўчы! Ці не разумееш, няшчасны, таго, што гаворыш? Ці ведаеш, хто я?
Брат Дыега знепрытомнена паглядзеў палкімі вачыма на старога.
— Хто ты? Не ведаю! Ведаю, што знаю цябе здавён.
— Браце Дыега, — сказаў той ціха, амаль лагодна, — я брат Томас Тарквемада.
Дыега болесна ўсміхнуўся.
— Навошта з мяне кпіш? Хочаш выпрабаваць маю адвагу? О не, ойча, няма ўва мне страху. Калі б замест цябе сапраўды стаяў тут перада мною сам айцец Тарквемада,
— Браце Дыега, апамятайся, — сказаў вялебны айцец амаль шэптам, але з асабліва моцным націскам, — ты стаіш перад Вялікім інквізітарам.
Стала ціха. Брат Дыега з усё большым напружаннем у вачах узіраўся ў Тарквемаду. Пасля паднёс руку да лоба. Адчуў пад пальцамі халодны пот.
— Божа, — прашаптаў.
Адступіў на крок у глыбіню капліцы і ў гэты момант зачапіў нагою падсвечнік, які стаяў з боку алтара. Твар яго скрывіўся, губы задрыжалі. Ён хутка нагнуўся і, схапіўшы цяжкі чатырохгранны падсвечнік, замахнуўся ім на Тарквемаду. Аднак не ўдарыў. Стаяў з высока занесенай рукою, цяжка дыхаючы, з тварам, працятым нянавісцю, але адначасова абяззброены спакоем і маўчаннем старца, які не адступіў ні на крок, не зрабіў ані руху на абарону. З яго нерухомай постаці біла такая сабраная і цвёрдая сіла, што праз хвіліну Дыега заплюшчыў павекі, і, хоць яшчэ стаяў замахнуўшыся, — падсвечнік выпаў з рукі і, з ляскатам стукнуўшыся аб каменныя сходкі алтара, пакаціўся з іх і застыў каля ног Тарквемады. Гулкае рэха разарвала цішыню цемры, і адзін яго гук асабліва доўга і працяжна звінеў недзе пад самым скляпеннем царквы, пасля ўсё раптам змоўкла, і цішыня стала яшчэ глыбейшая.
Дыега расплюшчыў вочы.
— Чаму не клічаце сваю ахову, вялебны пане? — спытаў высокім і ясным, вельмі маладым голасам. — Рабіце, што прывыклі рабіць пры падобных акалічнасцях.
Падрэ Тарквемада адвярнуўся і, расхінуўшы на грудзях сутану, укленчыў перад алтаром.
— Сыне мой, — сказаў напаўголаса, — укленчы побач са мною.
Дыега хвіліну стаяў нерухомы, пасля раптам рэзка павярнуўся да Тарквемады і ўкленчыў не далей чым на выцягнутую руку.
Каганец, які свяціўся ў глыбіні алтара, кідаў мігатлівы бляск на абодвух.
Вялебны айцец склаў далоні на малітву.
— Паўтарай, сыне мой, за мною: «Ойча наш, які сутны на небе…»
Дыега ўзняў вочы, але навокал было занадта цёмна, каб ён мог затрымаць позірк на доўгіх пратэсах, якія пасмамі жаўтаватага палатна звісалі абапал амбона, заўсёды ўдзень напамінаючы імёны і правіны людзей, спаленых Святым трыбуналам. Цяпер толькі невыразны цень гэтых злавесных палотнаў нік у глыбіні камяніцы.
— «Ойча наш, які сутны на небе», — сказаў нарэшце ясным і звонкім голасам, як перад тым.
— «Хай свяціцца імя тваё».
— «Хай свяціцца імя тваё».
Дыега адчуў спазмы ў горле і гарачыя слёзы пад павекамі.
— «Хай прыйдзе царства тваё», — сказаў ён ціха, каб не выдаць дрыжання голасу.
— «Хай будзе воля твая як у небе, так
Дыега паўтарыў і гэтую фразу, але яшчэ цішэй. Ён адчуваў, што з наступным радком не авалодае ўзрушанасцю, якая нахлынула на яго, і заплача ўголас. Але вялебны айцец Вялікі інквізітар больш не маліўся. Ён замоўк, заціснуў далонямі скроні, нібы забыўся на таго, хто кленчыў побач з ім.
Сігнатурка сёстраў кармелітак зноў пачала званіць удалечыні. Падрэ Тарквемада ўзняў галаву.
— Аман, — сказаў моцным, сабраным голасам. — Браце Дыега!
— Пане?
— Вяртайся, сыне мой, да сябе. Неўзабаве развіднее, чакае цябе, як я думаю, нялёгкі дзень.
— Абы каб стаў пачаткам апошняга! — усклікнуў Дыега.
На гэта Тарквемада сказаў:
— Кожны чалавек пан і адначасова слуга свайго лёсу. Ідзі ўжо requiescere in расе ў сваю цэлю, чакай, пакуль не атрымаеш новых указанняў ад вышэйшых.
Ноч сапраўды канчалася, і, калі брат Дыега ішоў кляштарным дзядзінцам, на небе, ужо на ўсходзе асветленым блакітнаватым водбліскам, зоркі пачалі тухнуць. Мглістая шэрань золку залівала паветра, і холад гэтай апошняй начной гадзіны быў асабліва пранізлівы.
У цені каланады стаяў чалавек. Дыега спыніўся, пасля падышоў бліжэй.
— Гэта ты, Матэа?
— Я, — сказаў той. — Адкуль ідзеш? Ты быў у царкве?
— Быў.
— Божа вялікі! Ты бачыў яго?
— Пра каго ты? Я бачыў д'ябла.
— Дыега!
— На гэты раз ён перамог мяне. Я маліўся з ім.
Брат Матэа схапіў яго за руку.
— Дыега, мой маленькі Дыега. Я прачнуўся ноччу, пайшоў у тваю келлю, але яна была пустая. Пасля ў калідоры мне загарадзіў дарогу малады рыцар, адзін з яго служак. Ён спытаўся ў мяне: «Куды вы ідзяце, вялебны браце?» Я адказаў: «У царкву». Тады ён крануў мяне за плячо і сказаў: «Ужо ноч, вялебны браце, не перабівайце нашаму шаноўнаму айцу хвілін самотнага роздуму». Я тут чакаў цябе, Дыега. Вельмі доўга чакаў.
Дыега падняў галаву.
— Навошта?
— Я баяўся за цябе. Нашто ты хочаш загубіць сябе? Што гэта азначае, што ты маліўся разам з ім?
— Нічога, — сказаў Дыега, гледзячы ў змрок пад нізкімі скляпеннямі аркад.
— Нічога?
— Я хацеў забіць яго, а пасля паўтараў за ім пацеры.
Брат Матэа здрыгануўся.
— Дыега, што ты зрабіў з сабою? Нашто па сваёй волі аддаешся ў рукі непрыяцелю?
Дыега паціснуў плячыма.
— Не ведаю. А пра што ты, уласна, кажаш? І так няма ратунку. Можна звар'яцець або самога сябе знішчыць. Гэта ўсё.
— Яшчэ ёсць Бог!
Дыега адвёў руку.
— Бывай, Матэа. Я стаміўся, хачу спаць, rеqeiescerе іn расе, як ён наказаў мне, вялебны айцец.
— Дыега!
Дыега спыніўся каля ўвахода ў кляштар:
— Чаго?
— Я любіў цябе за чысціню твайго сумлення, як нікога на свеце.
— Чаму кажаш — любіў?
— Дыега, калі што якое станецца, малю цябе, зберажы сваё сумленне.
— Што гэта азначае?
— Што?
— Сумленне.
— Будзь самім сабою.
— Толькі таго?