Ciвая легенда
Шрифт:
Зніклі. Рассеяўся пыл.
І над Кісцянямі пацягнуліся лянівыя і пагодныя дні. У замку амаль не было мужчын, акрамя мяне і невялічкай варты. Ды і ў вёсках засталіся амаль толькі адны бабы.
Адшумеў май, адзвінела конікамі лета, адшапацеў лістапад. А потым пачаліся снягі, сінія, ваўчыныя, бясконцыя.
За гэтыя месяцы адбылася толькі адна нечаканая гісторыя. Я ажаніўся. Абкруціла мяне тая самая вартаўнікова дачка, Дар’я. Хлопцы мае не
Жонка трапілася харошая, памяркоўная, несварлівая. Ды я і сам такі. Так што жылі добра, па-божаму. І я пачаў уставаць уначы, каб паесці, і звыкнуў да іхняга палявання, і гаварыў з імі, як яны. І пачаў нават звыкаць да іхняй лазні, хоць і не падымаўся высока на гэты жахлівы палок.
А вакол вылі снягі, ды заяц пляміў шарон сваімі скачкамі. Зрэдку даходзілі чуткі пра мужыцкую вайну, але лёзныя [14] так іх перакручвалі, што і верыць не хацелася.
Ракутовіч не прыйшоў зімаваць, як абяцаў.
14
Вандроўныя
Ніхто не прыйшоў да цёплых нашых печак. Ніхто не прыйшоў і потым, калі зіма пачала чахнуць і сплываць адлігамі.
Мы даведваліся, што замкі падаюць далей, што ўсіх дваран апанаваў люты жах, што нястрымныя і перамаганосныя, як раней, мужыцкія палкі. Ды і як ім не быць храбрымі? Самая ж смерць была лепшай за такое жыццё.
А потым была ракавая бітва на Урэчаскім полі, калі панскае войска раздавіла сваім жалезам мужычыя палкі. Яны ўцякалі, і завея космамі снегу залізвала іх сляды.
Прайшла чутка, што барвяны ўладар забіты ў гэтай сечы. Але гэта была няпраўда.
І акурат у лютаўскія дні, крыху раней празначанага, – і гэта было добра, таму што забівала сумненні, – у нас у замку заплакаў новы жыхар, сын пані Любкі, Якуб Кізгайла. Гаспадыня занадта перапалохалася, калі прыйшла звестка з Урэчаскага поля. І я не бачыў твару больш радаснага, чым у яе, калі мы даведаліся, што частка войска, на чале з правадыром, адступіла, разграміўшы нашчэнт галаўны полк шляхецкага апалчэння, і шнырыць паміж панскімі атрадамі, прарываючыся на ўсход, да маскоўскага рубяжа.
А яшчэ праз месяц прыйшла вестка, што Рамана разбілі і вязуць у ланцугах у Магілёў.
Пані Любка разбудзіла мяне ўначы. Твар бледны, вусны сінія. Толькі і здолела сказаць:
– За ім!
І памчаўся наш вазок па сакавіцкім расталым снезе да славутага горада. У вазку пані з немаўляткам, – харошы, здаровы хлопчык! – а вакол дзесяць чалавек коннай варты з паходнямі ды я. Давялося-ткі нацягнуць даспехі на разгультаенае цела.
Скакалі ўдзень і ўначы, змоклыя, галодныя, заляпаныя праснакамі расталага снегу.
А ў гаспадыні твар, як маска, як крэйдай набелены, і непаслухмяныя вусны толькі і могуць вымавіць:
– Хутчэй! Хутчэй!
І я ўжо не называў гэтых людзей вар’ятамі. Прывык. Гэта добра – загнаць каня, калі душа патрабуе.
Пад Дарамі Лыкаўскімі сталі трапляцца слупы з павешанымі людзьмі. А потым, яшчэ здалёк, заўважылі мы натоўп народу наўсцяж дарогі. Вялі палонных, і кожны з натоўпу хацеў даведацца, ці няма сярод іх свайго чалавека. Тыя ішлі моўчкі, суровыя, з непакрытымі льнянымі галовамі. І зусім іх было мала. Амаль ніхто не здаваўся, а астатнюю, большую, частку Раман выкупіў сваім целам: паставіў умову, што здасца, калі іх адпусцяць.
І здаўся. Пасля гэтага кінуліся лавіць адпушчаных уцекачоў, ды куды там. Ад людзей мы і даведаліся, што Рамана правезлі яшчэ ўчора. У гнойных драбінах. Прыкутага за нагу да градкі. Сядзеў быццам маўклівы і зусім не хмурны, з светлым абліччам, быццам усё зрабіў на зямлі і замкнуў свой круг.
Вельмі шляхта над ім здзекавалася. Самога яго баяліся зачапіць, нават скутага, дык яны меч ягоны двухручны ззаду на вяроўцы прывязалі, і валачыўся ён усю дарогу за возам па снезе ў разбоўтанай гразі. Народ плакаў, гледзячы на ганьбу.
Шлахта плявала на меч.
А ён быццам сказаў толькі:
– Нічога, вашы пляўкі зямля сатрэ.
І яшчэ мы даведаліся, што Лаўр, хлопчык-архангел, прабаваў адбіць Ракутовіча і паў падчас стычкі, забіты ўдарам чакана ў залатую галаву.
Пані занурылася крыху – і толькі.
А народ валіў за палоннымі, і над натоўпам стаяў ціхі, амаль нячутны стогн.
Лепей бы ўжо крычалі.
Пані яшчэ мацней загадала гнаць коней. І мы прыскакалі ў горад і спыніліся на Лупалаўскім прадмесці, у парафіі святой тройцы.
І адразу, не адпачыўшы, ілба не перахрысціўшы, удваіх з паняй памчаліся ў крэпасць – яна ў вазку, я – вярхом.
Здзівіла нас мноства п’яных у прадмесці, а потым і ў самым горадзе. Выявілася, што пакуль звестка пра злоў яшчэ не прыйшла – з ганцом прыбыло дазваленне лішнія дні чатыры супраць Магдэбургскага права, і не ў тэрмін, варыць піва, і гарэлку, і мёд.
Горад увесь праваслаўны, багаты і ганарлівы, муры каменныя, купалы залатыя, валы, равы, вежы. А людзі – хоць у сані запрагай, такія біцюгі. І ўсе п’яныя.
Пачалі шукаць спосаб, як трапіць у горад. Праехалі праз каменную Быхаўскую браму ў вале, а потым памучыліся. Торкнуліся да Каралеўскай брамы – нельга, паехалі да другой – нельга. Праз Малую Пешаходную, да ракі Дубровенкі, – нельга. Баяліся, што ўварвецца мужыччо ў горад і будуць разня і смута.
Нарэшце трапілі праз Алейную, ля якой яўрэйская школа. Пад брамаю парахавыя склады, а на браме ікона божай маці. Направільна магілёўцаў дражняць, што яны яе прадалі, а грошы прапілі разам з войтам. Непарушна сцеражэцца ікона!