Добры дзень, мая Шыпшына
Шрифт:
— Перад вамі драўляная скульптура святога Пётры,— цурчыць Аленін галасок.— На жаль, гісторыя не захавала імя выдатнага майстра...
Антось яго звалі. Майго бацьку, чалавека, што выпусціў мяне на свет з невідушчага і глухога дубовага кругляка.
Ён быў каржакаваты, з цёмна-русымі доўгімі валасамі і рахманымі сінімі вачыма. У абліччы гэтага ціхмянага чалавека не было нічога нязвычнага, але калі б Творца дапраўды існаваў, дык Антось быў бы вельмі падобны да яго. З каляных і пяшчотных Антосевых далоняў выпырхвалі драўляныя жаўрукі, ільвы на падлокніцах крэслаў, не паспеўшы нарадзіцца, хапалі зубамі разец, а па мядзведзю, якога мой бацька выштукаваў у паляўнічай зале, аднойчы
Па жылах Антося бегла адважная кроў. Браты мае, яшчэ не паспеўшы агойтацца пасля цеснае майстэрні ў новым шыкоўным жытле, ледзь не засталіся сіротамі, а маё жыццё дык наогул вісела на павучынцы. Хтосьці з добрых людзей нашаптаў айцу Геранімусу, што святы Пётра (гэта значыць я) задужа выдае з твару на княскага стайніка Сымона. Яшчэ паўбяды, каб гэты Сымон быў праўдзівае рымскае веры, ці, на горшы выпадак, вунітам. А ён, як на тое, схізмат праваслаўны, які не верыць, што святы дух сыходзіць не толькі ад бога-бацькі, але і ад бога-сына.
Не боскі знак, а злачынныя падкопы заклятых ворагаў пана Езуса ўгледзеў айцец Геранімус у гэткім дзіве. Дайшло, шаноўныя, да таго, што пробашч наш стаў у часе набажэнства збівацца, нібыта падгулялы гакаляр.
Угневаны князь загадаў мяне пашчапаць і спаліць, а бацьку майго Антося, не ўважаючы на былыя заслугі, пасадзіць у лёху да мядзведзя. Ды не паспелі замкавыя людзі спраўдзіць жорсткага княжага ўказу, бо прыступіліся да места царскія ваяводы з незлічоным войскам. Два тыдні бацька мой і ўсе мужчыны, чые рукі маглі трымаць зброю, не спускаліся з гарадскіх муроў. Забыўшыся на звадкі і варажнечу, каталікі, вуніты і праваслаўныя адным гуртам лілі на галовы абложнікаў агнёвую смалу, скідвалі прыступныя драбіны ды секліся ў рукапашнай. Добра памяталі жыхары слыннага места, як паводле волі міласэрнага Збавіцеля (відаць, у раі быў вялікі недабор) адны хрысціяне выразалі ў памежным Мсціславе другіх хрысціянаў, не пакінуўшы на вуліцах і дзвюх жывых душ.
Адбараніліся на той раз мае землякі. А тым часам ачахла і полымя княскага гневу. Лагадней стаў паглядаць на мяне і айцец Геранімус, балазе ненавісны вораг ягоны схізмат Сымон падчас вылазу ў варожы табар налажыў галавою і ўзнялася душа стайніка прамютка на нябёсы.
О, чаму ніхто не ўклаў у мае драўляныя вусны Слова! Колькі маглі б яны распавесці вам, шаноўныя дбайцы аб роднай гісторыі! Свая адмысловая показка знайшлася б і дзеля кожнага, хто прыходзіць сюды проста падзівіцца на старасвеччыну.
Вось гэтым дваім, што даўно ўжо не слухаюць Алены, а шэпчуць адно аднаму пяшчотныя словы, якіх у сэрцаў іхніх болей, чым у нашай царквы святых, я распавёў бы, як на гарадскім пляцы палілі чараўніцу.
А была яна, скажу вам, шаноўныя, такой самай чараўніцаю, як я — царом Саламонам. Адзінае, што было ў дачкі клепнара Лявона з Ціхай вуліцы чароўным, дык гэта яе хараство. Пабачылі б вы Хрысцініну паставу — князёўна! А белы, як парцаляна, твар з танюткімі чорнымі бровамі, а гарэхавыя, жывыя, нібы міркіль, вочы, а вейкі, быццам мяккія крылцы баечных мятлушак... Кажуць, калі Хрысціна прыносіла ў бацькаву майстэрню полудзень, малаточкі маладых чаляднікаў самі сабой выбівалі ў яе гонар сонечную мелодыю. А калі ў нядзелю яна ў сваім зялёным фалюндушавым саяпе з кшталтам чорнага аксаміту прыходзіла разам са старым Лявонам на імшу, далібог, у касцёле ставала святлей і, палохаючы пацеры, па-над галовамі вернікаў луналі чароды грахоўных падумак.
Але яна, гэтая красуня з дзвюма цяжкімі смалянымі
Не ведала, ой не ведала Хрысціна, што душа ў пана лекара чарнейшая за найчарнейшы атрамант, якім змацоўваюць дамову з д'яблам. I калі захварэла ўлюбёная князева дачка і не адпрэчылі ліхаманку заморскія пігулкі, абвясціў медыкус, што гэта наслала чары на высакародную кроў Лявонава Хрысціна...
Толькі для аднаго чалавека на ўсім белым свеце не бьіла яна незачэпаю, і чалавек гэты стаяў у натоўпе і неўразуменнымі вачыма глядзеў, як чырвоныя языкі, перабягаючы з палена на палена, лісліва падкрадаюцца да босых Хрысцініных ног.
Божа, маліўся я, ты нагадаваў пяццю хлябамі пяць тысяч галодных! Ад твайго слова засохла смакоўніца! Ад дотыку тваёй рукі ў невідушчых расплюшчваліся вочы! Злітуйся над невінаватаю ні ў чым, апрача свае прыгажосці, дзяўчынаю! Уратуй яе ад ненажэрнага полымя! Ты чуеш, божа? А мо ты хочаш узяць яе на неба? Тады пакарай яе катаў, пакарай медыкуса, бо грэх ягоны трыкротна варты смерці!
Новыя роспачныя малітвы вырываліся з маёй душы, але ён не чуў, а мяне ўжо дапінала гарачае дыханне вогнішча. I тады я пачаў блюзнерыць і ў думках сваіх даходзіў да грахоў, адпусціць якія не можа пават самая дарагая прошча 2. Але ён застаўся глухі, і тады я ў адчаі звярнуўся да яго астатні раз. Божа, папрасіў я, калі ты ёсць, спапялі мяне, бо я не хачу жыць пад тваёй нялюдскаю ўладай.
I ён зноў не пачуў.
I тады я зняверыўся.
А дым ужо ахінуў Хрысцініну постаць, і па-над пляцам разлёгся вусцішны крык звар'яцелага старога Лявона, і ў разнасцежаныя дзверы касцёла згледзеў я, як белыя галубы скінулі па пёрку на цёмна-русую голаў чалавека з неўразуменнымі вачыма. I быў гэты чалавек мой бацька Антось...
Ачнуўшыся ад прыгадаў, я бачу поруч аточаную дзецьмі настаўніцу і чую штосьці пра цёмных продкаў і рэлігійную ачмару.
Як вы мяркуеце, шаноўныя, ці ўратавала б мяне гэтая кабета ў той даўні ўжо дзень, калі на цвінтары загарэлася вогнішча з абразоў і старадрукаў нашае друкарні, і на самым яго версе, быццам ерэтыкі, ляжалі мы з Паўлам і братамі Янам, Мацвеем, Маркам і Лукашом (а мушу зазначыць, што браты мае былі закаранелыя бязбожнікі і не горшыя ад мяне блюзнеры)? У перадсмяротнай тузе я глядзеў, як полымя паспешліва гартае кнігі, ператвараючы словы ў тло, а калі агонь падышоў усутыч, я стаў развітвацца з сінім, нібы вочы майго бацькі, небам, і апошняе, што ўбачыў, перш чым нізрынуцца ў нябыт, была кніга, якую святы Паўла трымаў ва ўзнятай над полымем руцэ.
Мяне выцягнуў з агню стары настаўнік, і па тым часе, шаноўныя, гэта быў не абы-які ўчынак. А ў дрывотні я пачуваўся, далібог, лепей, чым прарок Іёна ў чэраве левіяфана. Праўда, вылячэнню чохаўкі новы прытулак спрыяў няшмат, але затое майму ратаўніку ўдалося пераканаць усіх, што яму папросту трэ было сухое дрэва на распалку ў печы.
Вы не ўяўляеце, як прыемна адчуваць, што вунь той модны танклявы юнак з рудымі вусамі зрабіў бы на месцы настаўніка тое ж самае. Ён яшчэ не наблізіўся, адно глянуў здаля, а маё драўлянае сэрца ўжо страпянулася, кранутае чыстым і цёплым струмком яго думак. А думкі ягоныя пра майго бацьку, пра безыменных мастакоў, што малявалі гэтыя дзівосныя абразы, пра зямлю, якая іх нарадзіла. (Ты лгаў у сваім пасланні, мой аднайменнік святы Пётра, калі пісаў, што ўсякая плоць, як трава, і ўсякая слава чалавечая, як квет на траве; засохла трава, і квет яе апаў. Ты лгаў.)