Дыялогі з Богам: суплёт інтэлігібельных рэфлексій
Шрифт:
Разумею, што апошняя згадка не мае ніякага дачынення да беларускага досведу ў гэтай адмысловай справе. Толькі я яе не абмінуў наўмысна, каб у адначассе сказаць, што самагонку можна рабіць з чаго заўгодна і як заўгодна -- і на тым спыніцца. Бо далей яшчэ трэба паспець запытацца, з чаго беларусы гэтак адданыя самагонцы?
Похапкам здаецца – ясная рэч: дзе ж тых грошай набярэшся на крамную халеру? Але ж ці ўсё так проста? Яно і ў іншых краях не кожнай людзіне заробку хапае ўдосыч, аднак там чамусці не хаваюцца па лясох і сутарэннях дзеля таннай гарэлкі?
Бачыце, каб рабіць
Тым я і збіраўся скончыць свой эсэй, толькі якраз учора адзін прыблуда абразіў мяне:
– І калі гэта беларусы кінуць жлукціць гарэлку? – між іншым запытаўся ён.
На што я спакойна, аднак з гонарам, адказаў:
– Беларус – не скаціна. Гэрэлку на ваду ніколі не праменяе.
Пісаць пра беларускую мову, што на могілках забаўляцца. У якім месцы не спыніся – усюды сум.
Але ж наракаць ды скардзіцца на тое, што беларусы роднае мовы цураюцца,-- сэнсу таксама няма, бо колькі можна...
Таму лепей запытайцеся мяне, скуль завялася ў нас гэткая прыкрая завядзёнка? І я вам умомант адкажу: беларусы на злом галавы бягуць не ад мовы, а ад таго лёсу, што наканаваны ім роднай мовай...
Пасля восьмага класа бацькі выправілі мяне з мястэчка ў няблізкі свет – вучыцца аж пад Маскву. Даволі хутка я вярнуўся да хаты без навукі, але з упэўненай расейскай гаворкай, на якой, не хаваючы форсу, гаманіў у мястэчку.
Ах, з якім захапленьнем і зайздрасцю глядзелі на мяне сябрукі, якой глыбокай радасцю свяціліся вочы бацькоў, калі яны слухалі маю расейшчыну... І толькі праз шмат год, неяк згадаўшы той выпадак, я зразумеў: нагодай для ўхвалы былі не мае лінгвістычныя здольнасці, а спадзеў, што хлопец, які гэтак лёгка забываецца на роднае слова, будзе мець лепшую, ад беларускай, долю.
Між іншым, долю мы выбіраем самі, а лёс нам наканаваны мовай. Якая мова – такі і лёс. У адрозненьне ад старабеларускай – мовы княскай канцылярыі, ужо тутэйшая беларуская доўгі час была мовай адно тых, хто жыў з мазаля. На ёй не размаўлялі ні святары, ні гандляры, ні настаўнікі, ні паны – і нават падпанкі не на ёй размаўлялі...
Тутэйшая мова была тым таўром, якое пазначала месца чалавеку побач з быдлам. І каб патрапіць у людскі свет, трэба было перадусім вытравіць з сябе гэтае таўро.
Мая маці ўжо ў маладосці сталася знанай краўчыхай мястэчка. Але зусім не таму, што мела зграбныя пальцы і швейную машынку “Зінгер”... Паколькі ўсё мясцовае кіраўніцтва было з прысланых пасля вайны расейцаў, дык яна спрытна засвоіла
Карацей кажучы, кожны беларус здавён ведаў, што каб прыдбаць сабе хоць трохі лепшай долі, найперш трэба адрачыся ад тутэйшай гаворкі.
Але гэткае становішча, як пакажа час, было яшчэ ня самым горшым для мовы. Горшае яе чакала наперадзе, калі ў ХХ стагодзьдзі кожны, хто залішне вытыркаўся на вочы з родным словам, патрапляў пад рэпрэсіі ўладаў. Вось тады беларуская мова, якая раней была толькі знакам бядоты, сталася знакам бяды. Бяды сапраўднай, блізкай, смяротнай для ўсялякага, хто сваёй мовы не адцураўся. У лепшым выпадку змагароў за мову чакалі прыгнёт і нішчымніца, у горшым – эміграцыя, Сібір ды Курапаты.
Многія дзівяцца, як гэта Пётра Машэраў, які добра такі прыклаўся да вынішчэння беларушчыны, стаўся народным героем? А вось менавіта таму і стаўся, што загнаўшы нацыянальнае красамоўства выключна ў пісьменьніцкі асяродак, ён насамрэч загнаў у рэзервацыю не беларускую мову, а адвечную беларускую бяду, якая на гэтай мове палягала. І калі Станіслаў Шушкевіч паспрабаваў вызваліць мову з рэзервацыі, яго хуценька адлучылі ад ганаровай пасады Старшыні Вярхоўнага Савета. Беларусы і розумам ведалі і нутром адчувалі, што як толькі кіраўнік дзяржавы пачне размаўляць на мове бяды, дык неўзабаве ўсёй краінай гора не абярэшся...
З дарогі ў роднае мястэчка нябожчык бацька зазвычай сустракаў мяне словамі:”Беларус прыехаў”. Я на гэта трохі злаваўся і часам мне карцела запытацца: “А вы што, бацька, з неба зваліліся? Ці ж не такі вы самы беларус, як і я?”
Але не пытаўся, паколькі разумеў – бацька мае рацыю. Бо азначэнне “беларус” у нас найперш адсылае да свядомага ўжытку роднай мовы і з гэтага да адметнага спосабу мысленьня і ладу жыцьця, а ўжо потым да нацыянальнай прыналежнасці, якая сама з сябе ні пра што ня кажа.
Размаўляць па беларуску – гэта выключыць сябе з нормы і паўз уласнае жаданне быць для адных месіянерам новай веры, для другіх варожым голасам, а для ўсіх астатніх – ат такім сабе блазнам.
Ва ўсім свеце чалавек, размаўляючы на роднай мове, проста размаўляе. У нас зусім інакш... Усялякі раз, калі на людзях мы гамонім па беларуску, дык не проста сумовімся, а як бы ладзім грамадзянскую акцыю ці мастацкі пэрформанс, бо кожны побач адразу напінаецца ўвагай. Верагодна, у нейкую, магчыма і не зусім аддаленую пару, каб размаўляць на людзях па беларуску, трэба будзе браць дазвол у гарадскіх уладаў з адзнакай месца і часу, як гэта робіцца, калі хтосці ладзіць палітычны пікет ці аматарскі канцэрт на вуліцы.
Свядома трымацца мовы – гэта штодня выконваць ролю беларуса ў трагікамічным спектаклі без пачатку і канца. Гэта – жыць і памерці на сцэне з родным словам на вуснах. Але і па смерці твая роля беларуса не мусіць быць перапыненай і на помніку тваё імя напішуць на матчынай мове. Каб хто не ішоў побач, дык запыніўся думкай:
– Бач ты, і на тым свеце яму няймецца.
І пасля яшчэ доўга сам-насам дзівіўся:
– - От жа і ўпартыя бываюць сярод беларусаў. Хоць кол ім на галаве цяшы, а яны усё роўна за сваё чапляюцца!