Хто смяецца апошнім
Шрифт:
Вера. Ды вось, хоць бы гэты абзац прачытайце.
Зёлкін (прачытаўшы, зморшчыўся). Жарты жартамі, а ў нас таксама ёсць паклёпнікі.
Вера. Вы кажаце шчырую праўду.
Зёлкін. Напрыклад, наша цёця Каця вельмі любіць языком патрапаць.
Вера. «А он украдкою кивает на Петра».
Гарлахвацкі ўваходзіць і здалёк яшчэ размахвае газетай.
Гарлахвацкі.
Вера. Чытаем.
Гарлахвацкі. Гэта дакумент! Проста пальцам паказваюць на ворагаў, двурушнікаў, здраднікаў, усялякіх прахвостаў. Нам астаецца толькі руку працягнуць і за каўнер схапіць. Тут ён увесь як на далоні! А ўявіце цяпер становішча гэтага самага подлага двурушніка! Ён жа ідзе па вуліцы, і яму здаецца, што ўсе на яго пальцам паказваюць — вось кар'ерыст! вось двурушнік! вось паклёпнік! Ён стараецца надзець маску чэснага савецкага чалавека, але грозная рука адплаты ўжо ўзнята над ім. Вось-вось сарве маску і выставіць яго на суд, на ганьбу, на ўсеагульную знявагу. Кола вакол яго звужаецца ўсё больш і больш. Тыя людзі, якія раней перад ім баяліся слова пікнуць, цяпер узнімаюць галаву і гатовы на ўвесь свет крыкнуць, што ён за чалавек. Яго мізэрная душа апынулася ў пятках. Ён шукае сабе шчыліны, каб схавацца, а грозны голас грыміць над самым яго вухам: «Дудкі, грамадзянін Зёлкін! Нідзе ты ад нас не схаваешся!»
Зёлкін (спужаўся). Што вы, Аляксандр Пятровіч!
Гарлахвацкі. Ха-ха-ха… Не пужайцеся, я жартую.
Чарнавус. Ды вы проста артыст, Аляксандр Пятровіч.
Гарлахвацкі. Закінуў цяпер, а некалі я іграў у драматычным гуртку.
Вера. Вы так па-майстэрску разыгрываеце, як быццам і нарадзіліся для гэтай ролі.
Гарлахвацкі (пераходзячы на сур'ёзны тон). Так, таварышы, за двурушнікаў і паклёпнікаў мы цяпер возьмемся па-сапраўднаму. Калі прыгледзецца, дык і ў сваім асяроддзі мы знойдзем такіх. Ім цяпер пе паздаровіцца. (Накіроўваецца да дзвярэй кабінета, потым спыняецца.) Аляксандр Пятровіч, можна вас на хвілінку?
Чарнавус падыходзіць да Гарлахвацкага, той адводзіць яго ўбок.
Чарнавус. Чым магу служыць?
Гарлахвацкі. Я проста хацеў запытацца, як вашы справы, ды пры ўсіх нязручна.
Чарнавус. Усё так жа.
Гарлахвацкі. Нічога, не падайце духам. Вось я толькі крыху ад працы вызвалюся, даклад прачытаю, а тады сам займуся вашай справай.
Чарнавус. Я вам буду вельмі ўдзячны.
Гарлахвацкі. А працу сваю я ўжо скончыў, Аляксандр Пятровіч.
Чарнавус. Ну, вітаю вас!
Гарлахвацкі. Дзякую. Думаю, што вы гэтым не абмяжуецеся,
Чарнавус. З вялікай прыемнасцю.
Гарлахвацкі. I пакрытыкуеце мяне як належыць. Прызнацца, я вас пабойваюся крыху.
Чарнавус. У мяне да вас самыя найлепшыя пачуцці.
Гарлахвацкі. Дык падтрымаеце? Ваша слова для мяне многа значыць, хоць я і атрымаў ужо водзыў з Масквы ад Анікеева.
Чарнавус. Атрымалі ўжо?
Гарлахвацкі. Так. Скончыў я працу даўно, але не гаварыў аб гэтым, чакаў, што мне Масква скажа.
Чарнавус. Ну, калі вы маеце водзыў Анікеева, тады мая ацэнка для вас мала значыць.
Гарлахвацкі. Не скажыце. Вашу думку я вельмі высока цаню. Дык так, Аляксандр Пятровіч, — дружба і ўзаемная дапамога.
Чарнавус. Дзякую за давер'е. У такі момант для мяне гэта многа значыць.
Гарлахвацкі. Між іншым, вы цяпер мала зарабляеце. Можа, вы адчуваеце нястачу ў чым?
Чарнавус. Дзякую… Я да раскошы не прывык.
Гарлахвацкі. Вы мне даруйце, я пытаюся на правах друга. Можа, вам грошы патрэбны?
Чарнавус. Вельмі дзякую, Аляксандр Пятровіч. Пакуль што я магу абысціся, а калі трэба будзе, тады я звярнуся да вас.
Гарлахвацкі. А то я мог бы вам забяспечыць паўтысячы якой-небудзь.
Чарнавус. Шчыра дзякую.
Гарлахвацкі. Глядзіце. Калі што якое, дык звяртайцеся проста да мяне. Я заўсёды буду рад. (Ідзе ў свой кабінет.)
Чарнавус (падыходзячы да Веры). Цудоўны чалавек!
Вера. Хто? Гарлахвацкі?
Чарнавус. Так. Ён сапраўды ўмее паклапаціцца аб жывым чалавеку.
Вера. Я таксама была аб ім добрай думкі.
Чарнавус. А цяпер хіба не?
Вера. А цяпер ён мне здаецца крыху загадачны. Быў адзін такі выпадак, што я не ведаю, што і думаць пра яго.
Чарнавус. Вы занадта строгая да людзей. Можа, вас хто ў падман увёў наконт яго.
Вера. Баюся, каб ён сам не ўвёў нас у падман.
Чарнавус. Ну што вы! Я такой і думкі не дапускаю.
Праходзіць Туляга з «Правдой» у руках.
Вера. А вось запытаемся ў Тулягі. Мікіта Сымонавіч!
Туляга. Я вас прасіў бы забыцца аб маім існаванні.
Вера. Я гэтага не заслужыла, Мікіта Сымонавіч. Выбачайце, калі так. А мы тут гаварылі з Аляксандрам Пятровічам пра Гарлахвацкага і хацелі запытацца, што вы думаеце пра яго?
Туляга. Што я пра яго думаю? Цудоўны чалавек!
Чарнавус (да Веры). Вось бачыце!