Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
Шрифт:
Маргарыта Мiкалаеўна ехала па Арбаце, адкiнуўшыся да мяккае зручнае спiнкi ў тралейбусе, i то думала пра сваё, то прыслухоўвалася да таго, пра што шапталiся двое грамадзян наперадзе.
Тыя зрэдку насцярожана азiралiся, цi не чуе хто, шапталiся пра нейкае глупства. Мясiсты здаравяк з мiтуслiвымi свiнымi вочкамi, якi сядзеў ля акна, цiха гаварыў маленькаму свайму суседу пра тое, што давялося накрыць труну чорным пакрывалам...
– Ды быць не можа, - уражана шаптаў маленькi, - гэта нешта нечуванае... А што зрабiў Жалдыбiн?
Сярод роўнага тралейбуснага гуду чулiся словы ад акна:
– Крымiнальны вышук... скандал...
З гэтых кавалкаў Маргарыта Мiкалаеўна склала нешта болей-меней лагiчнае. Грамадзяне шапталiся, што ў нейкага нябожчыка, а ў каго - яны не называлi, сёння ранiцай з труны ўкралi галаву! Вось таму Жалдыбiн гэтак i хвалюецца цяпер. Абодва гэтыя, што шэпчуцца пра нябожчыка, таксама маюць нейкае дачыненне да абакрадзенага.
– Цi ўспеем па кветкi заехаць?
– турбаваўся маленькi.
– Крэмацыя, гаворыш, у дзве гадзiны?
Нарэшце Маргарыце Мiкалаеўне надакучыла слухаць гэтую таямнiчую балбатню пра ўкрадзеную з труны галаву, яна ўзрадавалася, што трэба выходзiць.
Праз некалькi хвiлiн Маргарыта Мiкалаеўна ўжо сядзела пад Крамлёўскаю сцяною на адной з лавачак гэтак, каб быў бачны манеж.
Маргарыта прыплюшчвалася ад яркага сонца, успамiнала свой сённяшнi сон, успамiнала, як роўна год назад, дзень у дзень i ў адну i тую гадзiну, на гэтай самай лаўцы яна сядзела побач з iм. I якраз гэтак чорная сумачка ляжала побач з ёй на лаўцы. Яго не было сёння побач, але ў думках Маргарыта Мiкалаеўна размаўляла з iм: "Калi цябе выслалi, то чаму не прысылаеш вестачку? Людзi ж неяк перадаюць. Ты разлюбiў мяне? Не, я чамусьцi ў гэта не веру. Значыць, цябе выслалi, i ты памёр... Тады прашу цябе, адпусцi мяне, дай мне, нарэшце, жыць, дыхаць паветрам". Маргарыта Мiкалаеўна сама адказвала сабе за яго: "Ты вольная... Хiба я трымаю цябе?" Потым пярэчыла яму: "Не, гэта не адказ! Не, ты пакiнь маю памяць, тады я зраблюся вольнаю".
Людзi iшлi паўз Маргарыту Мiкалаеўну. Нейкi мужчына кiнуў позiрк на прыгожа апранутую жанчыну, захоплены яе прыгажосцю i адзiнотаю. Ён кашлянуў, прысеў на краёк лаўкi, на якой сядзела Маргарыта Мiкалаеўна. Нарэшце адважыўся i загаварыў:
– А сёння i сапраўды цудоўнае надвор'е...
Але Маргарыта гэтак цяжка паглядзела на яго, што ён устаў i пайшоў.
"Вось i прыклад, - у думках гаварыла Маргарыта таму, хто валодаў ёю, чаму я прагнала гэтага мужчыну? Мне сумна, а гэты гуляка нядрэнны, хiба што яго пустая гаворка пра надвор'е? Чаму я сяджу, як сава, адна пад сцяною? Чаму я выключана з жыцця?"
Яна зусiм зажурылася i звяла. Але раптам тая самая ранiшняя хваля чакання i ўзбуджанасцi скаланулася ў грудзях. "Сапраўды здарыцца!" Хваля ўдарыла другi раз, i тут яна зразумела, што хваля гэтая гукавая. Скрозь гарадскi шум усё выразней чулiся ўдары барабана i гук крыху фальшывых труб, якiя наблiжалiся.
Першым паказаўся конны мiлiцыянер, якi ехаў паўз рашотку сада, а за iм тры пешыя. Потым паволi поўз грузавiк з музыкантамi. За iмi - адкрытая новенькая пахавальная машына, якая павольна рухалася, на ёй уся ў вянках труна, а па кутах пляцоўкi - чатыры чалавекi стойма: тры мужчыны i адна жанчына. Нават здалёку Маргарыта разгледзела, што твары ў тых, хто стаяў у пахавальнай машыне i праводзiў нябожчыка ў апошнюю дарогу, нейкiя дзiўна разгубленыя. Асаблiва заўважна было гэта па грамадзянцы, якая стаяла ў левым заднiм куце. Тоўстыя шчокi гэтае грамадзянкi
Маргарыта правяла вачыма шэсце, прыслухалася да таго, як зацiхае панылы турэцкi барабан, якi паўтараў адно i тое ж самае - "бумс, бумс, бумс", i думала: "Якое незвычайнае пахаванне... I якая нуда ад гэтага "бумса". Дальбог, чорту б душу прадала, каб толькi даведацца, цi жывы ён! Цiкава, каго гэта хаваюць з гэтакiмi збянтэжанымi тварамi?"
– Берлiёза Мiхаiла Аляксандравiча, - пачуўся побач крыху гугнявы мужчынскi голас, - старшыню МАССАЛIТа.
Здзiўленая Маргарыта Мiкалаеўна завярнулася i ўбачыла на сваёй лаўцы грамадзянiна, якi, мабыць, нячутна прысеў у той час, калi Маргарыта загледзелася на працэсiю i, бадай, у разгубленасцi сваё пытанне вымавiла гучна.
Працэсiя тым часам пачала прыпыняцца, мабыць, затрыманая наперадзе святлафорамi.
– Сапраўды, - працягваў незнаёмы, - незвычайны ў iх настрой. Вязуць нябожчыка, а думаюць толькi пра тое, дзе дзелася яго галава!
– Якая галава?
– спыталася Маргарыта i прыгледзелася да неспадзяванага суседа. Ён аказаўся маленькi ростам, вогненна-рыжы, з iклом, у крухмальнай бялiзне, у паласатым дарагiм гарнiтуры, у лакавых туфлях i з капелюшом на галаве. Гальштук яркi. Дзiўнае было яшчэ тое, што з кiшэнькi, у якой мужчыны звычайна носяць насоўкi альбо самапiскi, у гэтага грамадзянiна тырчала абгрызеная курыная костачка.
– Ага, будзьце ласкавы ведаць, - растлумачыў рыжы, - сёння ранiцай у грыбаедаўскай зале галаву ў нябожчыка ўкралi з труны.
– Як гэта можа быць?
– мiжволi спыталася Маргарыта i адразу ўспомнiла шэпт у тралейбусе.
– А чорт яго ведае!
– нахабна адказаў рыжы.
– Я думаю, што пра гэта трэба было б у Бегемота спытацца! Надта лоўка свiснулi. Гэтакi скандал! I галоўнае, незразумела, каму i нашто яна патрэбна, гэтая галава!
Як не была занята сваiм Маргарыта Мiкалаеўна, яе ўсё ж уразiла дзiўная хлусня невядомага грамадзянiна.
– Выбачайце, - раптам усклiкнула яна, - якога Берлiёза? Гэтага, што ў газетах сёння...
– Ага, ага...
– Дык гэта, выходзiць, лiтаратары за труною iдуць?
– спыталася Маргарыта i на паўслове замоўкла.
– Ну вядома ж, яны!
– А вы iх ведаеце?
– Усiх да аднаго, - адказаў рыжы.
– Скажыце, - загаварыла Маргарыта, i голас яе зрабiўся глухiм, - а сярод iх ёсць крытык Латунскi?
– А як жа, - адказаў рыжы, - вось ён крайнi, у чацвёртым радзе.
– Гэты бландзiн?
– прымружылася Маргарыта.
– Попельнага колеру... Бачыце, глядзiць у неба.
– На папа падобны?
– Во-во!
Больш Маргарыта нi пра што не пыталася, прыглядалася да Латунскага.
– А вы, я бачу, ненавiдзiце гэтага Латунскага, - усмешлiва загаварыў рыжы.
– Я яшчэ сяго-таго ненавiжу, -праз зубы адказала Маргарыта, - але гэта нецiкавая гаворка.
Працэсiя ў гэты час рушыла далей, за людзьмi паплылi большасцю пустыя аўтамабiлi.
– Сапраўды, што ў гэтым цiкавага, Маргарыта Мiкалаеўна!