Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
Шрифт:
– А панi не ведалi?
– спыталася Маргарыта.
– Усе да адной ведалi, каралева, - адказаў Кароўеў.
– Я ў захапленнi!.. Гэты дваццацiгадовы хлопец з дзяцiнства меў дзiўную фантазiю, летуценнiк i дзiвак. Яго палюбiла адна дзяўчына, а ён узяў i прадаў яе ў публiчны дом...
Знiзу цякла рака. Канца гэтай рацэ не было вiдаць. Яе выток, вялiзны камiн, працягваў напаўняць яе. Гэтак прайшла гадзiна, другая. Тут Маргарыта пачала прыкмячаць, што яе ланцуг зрабiўся цяжэйшым, чым раней. Нешта дзiўнае адбывалася i з рукою. Цяпер, перад тым як падняць яе, Маргарыта мiжволi моршчылася. Цiкавыя каментары Кароўева перасталi забаўляць Маргарыту. I касавокiя мангольскiя твары, i твары белыя i
Нi Гай Кесар Калiгула, нi Месалiна ўжо не цiкавiлi Маргарыту, гэтаксама як i нiводзiн з каралёў, герцагаў, кавалераў, самагубцаў, атручальнiкаў, вiсельнiкаў i зводнiц, турэмшчыкаў i шулераў, катаў, даносчыкаў, здраднiкаў, вар'ятаў, сышчыкаў, разбэшчвальнiкаў. Усе iх iмёны пераблыталiся ў галаве, твары змяшалiся ў адну вялiзную аладку, i толькi адзiн твар застаўся ў памяцi, аблямаваны сапраўды вогненнай барадой, твар Малюты Скуратава. Ногi Маргарыцiны падгiналiся, яна кожную хвiлiну баялася, што пачне плакаць. Найбольшыя пакуты былi ад правага калена, якое цалавалi. Яно распухла, скура на iм пасiнела, хаця некалькi разоў Наташыны рукi з'яўлялiся з губкаю i чымсьцi духмяным абцiралi яго. У канцы трэцяе гадзiны Маргарыта зiрнула ўнiз зусiм безнадзейна i радасна здрыганулася: плынь гасцей парадзела.
– Законы з'езду на баль усюды аднолькавыя, каралева, - шаптаў Кароўеў, зараз наплыў пачне спадаць. Клянуся, што мы пакутуем апошнiя хвiлiны. Вунь групка брокенскiх гулякаў. Яны заўсёды прыязджаюць апошнiя. Ага, гэта яны. Два п'яныя крывапiўцы... усе? А не, вунь яшчэ адзiн, не, двое!
Па лесвiцы ўзыходзiла двое апошнiх гасцей.
– Ды гэта хтосьцi новенькi, - гаварыў Кароўеў, прыплюшчыўшыся праз шкельца.
– Ага, ага. Неяк аднойчы яго наведаў Азазела i на вушка параiў, як пазбавiцца ад аднаго чалавека, якi мог яго выкрыць. I вось ён загадаў свайму падначаленаму апырскаць сцены кабiнета ядам.
– Як яго завуць?
– спыталася Маргарыта.
– А чорт яго, я i сам не ведаю, - адказаў Кароўеў, - трэба папытацца ў Азазелы.
– А з iм хто?
– А гэта той самы яго старанны падначалены. Я ў захапленнi!
– крыкнуў Кароўеў двум апошнiм.
Лесвiца апусцела. На ўсякi выпадак пачакалi яшчэ некалькi хвiлiн. Але з камiна нiхто болей не выходзiў.
Праз секунду, Маргарыта i не памятала, як гэта здарылася, яна апынулася ў тым самым пакоi з басейнам i там заплакала ад болю ў руцэ i ў назе, упала проста на падлогу. Але Гела i Наташа суцешылi яе, зноў падвялi пад крывавы душ, зноў размасiравалi, расцерлi ёй цела, i Маргарыта зноў ажыла.
– Яшчэ, яшчэ, каралева Марго, - шаптаў Кароўеў, якi зноў з'явiўся побач, трэба абляцець залы, каб шаноўныя госцi не адчувалi сябе пакiнутымi.
I Маргарыта зноў паляцела з пакоя з басейнам. На эстрадзе за цюльпанамi, дзе iграў аркестр караля вальсаў, цяпер шалеў малпавы джаз. Вялiзная, з кудлатымi бакенбардамi гарыла з трубою ў руках, цяжка прытанцоўваючы, дырыжыравала. У радок сядзелi арангутангi, дзьмулi ў блiскучыя трубы. На плячах у iх размясцiлiся шымпанзе з гармонiкамi. Два гамадрылы з iльвiнымi грывамi iгралi на раялях, i гэтыя раялi не былi чуваць сярод шуму, пiску i бубухання саксафонаў, скрыпак i барабанаў у лапах у гiбонаў, мандрылаў i мартышак. На люстранай падлозе незлiчоная колькасць пар, як
Потым Маргарыта апынулася ў велiзарным басейне, акружаным каланадаю. Гiганцкi чорны Нептун лiў з пашчы шырокi ружовы струмень. Хмельны пах шампанскага стаяў над басейнам. Тут панавала сапраўдная весялосць. Панi смяялiся, скiдалi туфлi, аддавалi сумачкi сваiм кавалерам альбо мурынам, якiя стаялi тут з прасцiнамi ў руках, i з крыкам, ластаўкай давалi нырца, ажно пенныя слупы ўзляталi ўгору. Крышталёвае басейнавае дно гарэла, падсвечанае святлом знiзу, святло прабiвала тоўшчу вiна, i ў iм былi вiдаць срабрыстыя плывучыя целы. Выскоквалi з басейна ўшчэнт п'янымi. Рогат звiнеў пад калонамi i грымеў, як у лазнi.
З усяе гэтае мiтуснi запомнiўся адзiн ушчэнт п'яны жаночы твар з пустымi вачыма, але i ў пустаце гэтай была нейкая мальба, i ўспомнiлася адно толькi слова - "Фрыда"!
У галаве ў Маргарыты пачало кружыцца ад вiннага водару, i яна сабралася ўжо iсцi, але кот адмачыў у басейне нумар, якi затрымаў Маргарыту. Бегемот нешта пачараваў ля Нептунавай пашчы, i адразу ж шыпучая шумлiвая маса шампанскага выцекла з басейна, а Нептун пачаў струменiць цёмна-жоўтую хвалю, якая не пенiлася i не шыпела. Панi завiшчалi i закрычалi:
– Каньяк!
– кiнулiся ад басейна за калоны. Праз некалькi секунд басейн быў поўны, i кот, тройчы перакулiўшыся ў паветры, рынуўся ў каньяк. Ён вылез, адфыркаўся, гальштук на iм раскiс, пазалота зляцела з вусоў, i не стала бiнокля. Паўтарыць Бегемотаў нумар адважылася тая выдумшчыца-краўчыха i яе кавалер, невядомы малады мулат, i яны абое кiнулiся ў каньяк, але тут Кароўеў падхапiў Маргарыту пад руку, i яны пайшлi ад купальшчыкаў.
Маргарыце здалося, што яна дзесьцi ляцела i бачыла там у вялiзных каменных сажалках цэлыя горы вустрыц. Потым ляцела над шкляной падлогаю, пад якой гарэлi пякельныя печы, ля якiх завiхалiся д'ябальскiя белыя кухары. Потым недзе яна, ужо не разумеючы нiчога, бачыла цёмныя сутарэннi, дзе гарэлi нейкiя свяцiльнiкi, дзе дзяўчаты падносiлi мяса, якое шыпела на вуголлi, дзе вялiкiмi кубкамi пiлi за яе здароўе. Потым яна бачыла белых мядзведзяў, якiя iгралi на гармонiках i танцавалi камарынскую на эстрадзе. Фокуснiка-саламандру, якi не гарэў у камiне...I другi раз у яе пачало не хапаць сiлы.
– Апошнi выхад, - прашаптаў ёй заклапочана Кароўеў, - i мы вольныя.
Яна ў суправаджэннi Кароўева зноў апынулася ў бальнай зале, але цяпер тут не танцавалi, i госцi незлiчоным натоўпам збiлiся мiж калон, вызвалiлi сярэдзiну залы. Маргарыта не памятала, хто дапамог ёй узысцi на ўзвышэнне, якое з'явiлася на вызваленым месцы. Калi яна ўзышла на яго, здзiўлена пачула, што дзесьцi гадзiннiк адбiваў поўнач, хаця ёй здавалася, што поўнач даўно прамiнула. Разам з апошнiм ударам невядома адкуль чутнага гадзiннiка на натоўпы гасцей найшло глухое маўчанне.
Тады Маргарыта зноў угледзела Воланда. Ён iшоў, акружаны Абадонам, Азазелам i яшчэ некалькiмi, падобнымi на Абадону, чорнымi i маладымi. Маргарыта цяпер угледзела, што насупраць яе ўзвышэнне было падрыхтавана i Воланду. Але ён на яго не ўзышоў. Уразiла Маргарыту тое, што Воланд з'явiўся на гэты свой апошнi вялiкi выхад у тым самым адзеннi, у якiм быў у спальнi. Тая самая брудная залапленая сарочка звiсала ў яго на плячах, на нагах былi зношаныя пакаёвыя туфлi. Воланд быў са шпагаю, але гэтай аголенай шпагаю ён карыстаўся замест кiйка.