Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
Шрифт:
Калi са швабраю i рапiраю пад пахамi яны заходзiлi ў падваротню, Маргарыта заўважыла чалавека ў шапачцы i высокiх ботах, якi нечага чакаў. Як нi лёгка ступалi Азазела i Маргарыта, адзiнокi чалавек пачуў iх i трывожна скалануўся, бо не разумеў, адкуль чуваць крокi.
Другога, надзiва падобнага на першага чалавека, сустрэлi ля шостага пад'езда. I зноў паўтарылася тая самая гiсторыя. Крокi... Чалавек неспакойна павярнуўся i нахмурыўся. Калi дзверы адчынiлiся, а потым зачынiлiся, кiнуўся следам, зазiрнуў у пад'езд, але, вядома, нiчога не ўгледзеў.
Трэцi, дакладная копiя другога, а значыць, i першага, дзяжурыў на пляцоўцы
Першае, што ўразiла Маргарыту, гэта цемра, у якую яны трапiлi. Было цёмна, як у сутарэннi, i яна мiжволi ўхапiлася за плашч Азазелы, бо баялася спатыкнуцца. Але тут далёка ўверсе замiльгаў агеньчык нейкае лямпачкi i пачаў наблiжацца. Азазела на хаду забраў у Маргарыты з-пад пахi швабру, i тая нячутна знiкла ў цемры. Яны пачалi ўзыходзiць па нейкiх шырокiх прыступках, i Маргарыце здалося, што iм не будзе канца. Яе дзiвiла, як у пярэднiм пакоi звычайнае маскоўскае кватэры можа размясцiцца гэтая незвычайная, нябачная, затое добра адчувальная, бясконцая лесвiца. Але пад'ём канчаўся, i Маргарыта зразумела, што яна стаiць на краi пляцоўкi. Агеньчык наблiзiўся ўшчыльную, i Маргарыта ўбачыла асветлены твар мужчыны, рослага i чорнага, якi i трымаў у руцэ лампаду. Тыя, хто меў няшчасце за гэтыя днi трапiцца яму на дарозе, нават пры гэтым слабенькiм святле лампадкi, вядома, адразу б пазналi яго. Гэта быў Кароўеў, ён таксама i Фагот.
Праўда, знешне Кароўеў вельмi змянiўся. Мiгатлiвы агеньчык адлюстроўваўся не ў трэснутым пенснэ, якое даўно трэба было выкiнуць на сметнiк, а ў маноклi, хаця таксама трэснутым. Вусiкi на нахабным твары былi падкручаны i намазаны, а чарната тлумачылася проста - ён быў у фрачным убраннi. Бялела толькi грудзiна.
Маг, рэгент, чараўнiк, перакладнiк цi д'ябал яго ведае хто на самай справе - адным словам, Кароўеў - пакланiўся, шырока правёў у паветры перад сабою лампадкаю - запрасiў Маргарыту iсцi следам. Азазела знiк.
"Надзiва незвычайны вечар, - думала Маргарыта, - я ўсякага чакала, толькi не гэтага! Электрычнасць у iх патухла, цi што? Але сама дзiўнае - памеры гэтага памяшкання. Як усё гэта можа ўцiснуцца ў маскоўскую кватэру? Ды нiяк не можа!"
Як нi слабенька свяцiла кароўеўская лампадка, Маргарыта зразумела, што знаходзiцца ў зусiм неабдымнай зале, ды яшчэ з каланадай, цёмнаю i, на першае ўражанне, бясконцаю. Каля нейкае канапкi Кароўеў спынiўся, паставiў лампадку на нейкую тумбу, жэстам прапанаваў Маргарыце сесцi, а сам размясцiўся побач у даволi маляўнiчай позе - абапёрся локцем на тумбу.
– Дазвольце мне пазнаёмiцца з вамi, - зарыпеў Кароўеў, - Кароўеў. Вы здзiўлены, што няма святла? Эканомiя, вы гэтак падумалi? Нi-нi-нi! Няхай першы, якi трапiцца, кат, нават адзiн з тых, якiя сёння, крыху пазней, будуць за гонар мець пацалаваць ваша калена, на гэтай жа тумбе адсячэ мне галаву, калi гэта так! Проста месiр не любiць электрычнае святло, i мы ўключым яго ў сама апошнi момант. I тады, паверце, недахопу ў iм не будзе. Мабыць, нават добра было б, каб яго было меней.
Кароўеў спадабаўся Маргарыце, траскучая яго балбатня супакойвала.
– Не, - сказала
– Яна павяла рукою, падкрэслiла гэтым неабдымнасць залы.
Кароўеў соладка ўхмыльнуўся, i ценi варухнулiся ў складках каля яго носа.
– Гэта сама простае з усяго!
– адказаў ён.
– Тым, хто добра знаёмы з пятым вымярэннем, невялiкi клопат рассунуць памяшканне да жаданых памераў. Скажу нават болей, паважаная валадарка, да чортведама якiх абсягаў! Я, дарэчы, працягваў балбатаць Кароўеў, - ведаў людзей, якiя не мелi нiякага ўяўлення пра пятае вымярэнне ды наогул нiчога не петрылi, але вытваралi такiя дзiвосы ў сэнсе павелiчэння свайго памяшкання. Вось, напрыклад, адзiн гараджанiн, мне расказвалi, атрымаў трохпакаёвую кватэру на Земляным вале, без усякага пятага вымярэння i iншых рэчываў, ад якiх шарыкi за ролiкi чапляюцца, iмгненна ператварыў яе ў чатырохпакаёвую - перагарадзiў адзiн пакой папалам.
Потым гэтую ён памяняў на дзве асобныя кватэры ў розных раёнах Масквы адну трохпакаёвую, другую двухпакаёвую. Цяпер пакояў стала пяць. Трохпакаёвую ён размяняў на дзве двухпакаёвыя, i займеў шэсць пакояў, праўда, раскiданых па ўсёй Маскве.Ён збiраўся ўжо зрабiць апошнi i сама блiскучы кульбiт, даў аб'яву ў газеце, што мяняе шэсць пакояў у розных кутках Масквы на адну пяцiпакаёвую кватэру на Земляным вале, але яго дзейнасць на гэтым спынiлася, вядома, не па яго волi. Цяпер ён, можа, i мае якi-небудзь пакойчык, але, запэўнiваю вас, што гэта ўжо не ў Маскве. Вось якi праныра, а вы гаворыце пра пятае вымярэнне!
Маргарыта, хаця i не гаварыла нi пра якое пятае вымярэнне, а гаварыў пра яго сам Кароўеў, весела засмяялася з расказу аб прыгодах кватэрнага пралазы. Кароўеў працягваў:
– Але цяпер пра галоўнае, Маргарыта Мiкалаеўна. Вы жанчына разумная i, вядома, здагадалiся, хто наш гаспадар.
Маргарыцiна сэрца здрыганулася, i яна кiўнула галавою.
– Ну, вось, вось, - гаварыў Кароўеў, - мы ворагi ўсякiх розных таямнiц i намёкаў. Штогод месiр дае адзiн баль. Называецца ён вясновым балем поўнi, альбо балем ста каралёў. Народу!..
– Тут Кароўеў ухапiўся за шчаку, нiбы ў яго забалеў зуб.
– Але ж вы самi пераканаецеся. Дык вось: месiр халасцяк, вы гэта таксама разумееце. Але патрэбна гаспадыня балю, - Кароўеў развёў рукамi, згадзiцеся, нам без гаспадынi...
Маргарыта слухала Кароўева, старалася не вымавiць i слова, пад сэрцам у яе было холадна, спадзяванне на шчасце туманiла галаву.
– Склалася традыцыя, - працягваў далей Кароўеў, - гаспадыню балю павiнны зваць Маргарытаю, гэта першае, а другое, яна павiнна быць мясцовая. А мы, як бачыце, падарожнiчаем i ў гэты час знаходзiмся ў Маскве. Сто дваццаць адну Маргарыту знайшлi мы ў Маскве, i, паверце, - тут Кароўеў у адчаi ляпнуў сябе па ляжцы, - нiводная не падыходзiць! I, вядома, шчаслiвы лёс...
Кароўеў красамоўна ўхмыльнуўся, нахiлiўся, i зноў пахаладзела Маргарыцiна сэрца.
– Карацей!
– крыкнуў Кароўеў.
– Зусiм коратка: вы не адмовiцеся ўзяць гэты абавязак на сябе?
– Не адмоўлюся, - цвёрда адказала Маргарыта.
– Вядома!
– сказаў Кароўеў, падняў лампадку i дадаў: - Прашу за мной.
Яны пайшлi мiж калон i нарэшце выбралiся ў нейкую другую залу, у якой чамусьцi моцна пахла лiмонамi, дзе чуваць былi нейкiя шолахi i дзе штосьцi зачапiла Маргарыту за галаву.