Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
Шрифт:
– Не, мала, мала, - зашаптаў Кароўеў, - ён не будзе спаць цэлую ноч. Крыкнiце: "Вiтаю вас, кароль вальсаў!"
Маргарыта крыкнула i здзiвiлася, што голас яе аб'ёмны, як звон, перамог аркестр. Чалавек здрыгануўся ад шчасця i левую руку прытулiў да грудзей, а правай працягваў махаць аркестру белым жэзлам.
– Мала, мала, - шаптаў Кароўеў, - гляньце налева, на першыя скрыпкi i кiўнiце гэтак, каб кожны падумаў, што вы пазналi яго асабiста. Тут толькi сусветна вядомыя знакамiтасцi. Вось гэты, за першым пультам, - гэта Ўетан. Вельмi добра. Цяпер - далей!
– Хто дырыжор?
– спыталася
– Ёган Штраўс!
– закрычаў кот.
– I няхай мяне павесяць на лiяне ў трапiчным лесе, калi хоць дзе-небудзь на балi iграў гэтакi аркестр! Я запрашаў яго! Заўважце, i нiводзiн не захварэў i не адмовiўся.
У наступнай зале не было калон, замест iх сцены з чырвоных, ружовых, малочна-белых ружаў з аднаго боку, а з другога - сцяна японскiх махровых камелiй. Мiж гэтых сцен ужо бiлi, шыпелi фантаны, i шампанскае кiпела бурбалкамi ў трох басейнах, адзiн з якiх быў празрыста-фiялетавы, другi рубiнавы, трэцi - крыштальны. Каля iх мiтусiлiся мурыны ў пунсовых павязках, срэбнымi чарпакамi напаўнялi з басейна пляскатыя чаны. У ружавай сцяне быў праём, i ў iм на эстрадзе кiпеў чалавек у чырвоным фраку з ластаўчыным хвастом. Перад iм нясцерпна грымеў джаз. Як толькi дырыжор угледзеў Маргарыту, ён сагнуўся перад ёй гэтак, што рукавы дасталi да падлогi, потым разагнаўся i пранiзлiва закрычаў:
– Алiлуя!
Ён ляпнуў сябе па калене, потым накрыж па другiм, вырваў з рук у крайняга музыканта талерку i ўдарыў ёй па калоне.
Маргарыта ўжо адлятала, але ўгледзела, што вiртуоз-джазiст змагаеца з паланезам, якi дзьмуў Маргарыце ў спiну, б'е па галовах сваiх джазбандыстаў талеркай, i тыя прысядаюць з камiчным жахам.
Нарэшце вылецелi на пляцоўку, дзе, як зразумела Маргарыта, яе ўпоцемку сустракаў Кароўеў з лампадкай. Цяпер на гэтай пляцоўцы вочы слеплi ад святла, якое лiлося з крышталёвых вiнаградных гронак. Маргарыту паставiлi на месца, i пад леваю рукою ў яе з'явiлася нiзкая аметыставая калонка.
– Руку можна будзе на яе пакласцi, калi стане зусiм цяжка, - шаптаў Кароўеў.
Якiсьцi чарнаскуры падкiнуў пад ногi Маргарыце падушку з вышытым на ёй залатым пудзелем, i на яе, падпарадкоўваючыся нечыiм рукам, яна паставiла сагнутую ў каленi правую нагу.
Маргарыта паспрабавала агледзеццца. Кароўеў i Азазела стаялi побач, як на парадзе. Побач з Азазелам - яшчэ трое маладых, якiя чымсьцi крыху нагадвалi Маргарыце Абадону. У плечы павявала халадком. Маргарыта азiрнулася i ўгледзела, што з мармуровай сцяны ззаду ў яе фантанам струменiць шыпучае вiно i сцякае ў ледзяны басейн. Ля левае нагi яна адчувала нешта цёплае i кудлатае. Гэта быў Бегемот.
Маргарыта была на вышынi, i з-пад яе ног унiз вяла грандыёзная лесвiца, пакрытая дываном. Унiзе, гэтак далёка, нiбы Маргарыта глядзела ў перавернуты бiнокль, яна бачыла агромнiсты швейцарскi пакой з неабдымным камiнам, у халодную i чорную пашчу якога мог свабодна ўехаць пяцiтонны грузавiк. Швейцарскi пакой i лесвiца, да болю ў вачах залiтыя святлом, былi пустыя. Трубы цяпер чулiся здалёку. Гэтак прастаялi нерухома цэлую хвiлiну.
– Дзе ж госцi?
– спыталася Маргарыта ў Кароўева.
– Будуць, каралева, зараз будуць. I недахопу не будзе. Я, сапраўды, лепш бы дровы калоў, замест таго каб сустракаць iх тут на пляцоўцы.
– Што дровы калоць, - падхапiў
– Усё павiнна быць гатова загадзя, каралева, - тлумачыў Кароўеў i гарэў вокам праз сапсаваны манокль.
– Няма нiчога горшага, як тое, што госць прыедзе першы i не ведае, дзе падзецца, а законная мегера шэптам пiлуе яго за тое, што яны прыехалi раней за ўсiх. Гэтакiя балi трэба на памыйнiцу выкiдаць, каралева.
– Толькi на памыйнiцу, - пацвердзiў кот.
– Да апоўначы не болей чым дзесяць секунд, - дадаў Кароўеў, - зараз пачнецца.
Гэтыя дзесяць секунд Маргарыце надзвычай здоўжылiся. Мабыць, яны i скончылiся, i нiчога не адбылося. Але тут раптоўна штосьцi грымнула ўнiзе ў вялiзным камiне, i з яго выскачыла шыбенiца, на якой матляўся амаль зусiм згнiлы прах. Гэты прах сарваўся з вяроўкi, грукнуўся аб падлогу, i з яго выскачыў чорнавалосы прыгажун у фраку i ў лакiраваных туфлях. З камiна выбегла напалову гнiлая труна, века адскочыла, i з труны вывалiўся другi прах. Прыгажун па-кавалерску падскочыў да яго, падаў руку, другi прах склаўся ў голую вяртлявую жанчыну ў чорных туфлiках i з чорным пер'ем на галаве, i тады абое, мужчына i жанчына, заспяшалiся ўгору па лесвiцы.
– Першыя!
– усклiкнуў Кароўеў.
– Пан Жак з жонкаю. Рэкамендую вам, каралева, адзiн з найцiкавейшых мужчын. Перакананы фальшываманетчык, дзяржаўны здраднiк, але даволi добры алхiмiк. Праславiўся тым, - шапнуў на вуха Маргарыце Кароўеў, - што атруцiў каралеўскую каханку. А гэта не з кожным здараецца! Паглядзiце, якi прыгажун!
Спалатнелая Маргарыта, разявiўшы рот, глядзела ўнiз i бачыла, як знiкаюць у нейкiм бакавым ходзе швейцарскага пакоя труна i шыбенiца.
– Я ў захапленнi!
– закрычаў проста ў твар пану Жаку кот.
У гэты час з камiна паказаўся безгаловы, з адарванаю рукою шкiлет, ударыўся аб зямлю i ператварыўся ў мужчыну ў фраку.
Жонка пана Жака ўжо станавiлася перад Маргарытай на адно калена i, пабялелая ад хвалявання, цалавала Маргарыцiна калена.
– Каралева... мармытала жонка пана Жака.
– Каралева ў захапленнi!
– крычаў Кароўеў.
– Каралева...
– цiха сказаў прыгажун, пан Жак.
– Мы ў захапленнi, - завываў кот.
Маладыя людзi, памочнiкi Азазелы, усмiхалiся мёртвымi, але прыветлiвымi ўсмешкамi i адцяснялi пана Жака з жонкаю ўбок, да чашаў з шампанскiм, якiя мурыны трымалi ў руках. Па лесвiцы ўзбягаў адзiнокi фрачнiк.
– Граф Роберт, - шаптаў Маргарыце Кароўеў, - як i раней, цiкавы чалавек. Звярнiце ўвагу, каралева, як смешна, - адваротны выпадак: гэты быў каханкам каралевы i атруцiў сваю жонку.
– Мы рады, граф, - ускрыкнуў Бегемот.
З камiна адна за адной вывалiлiся i лопнулi тры труны, затым хтосьцi ў чорнай мантыi, якога наступны выхадзец з чорнае камiннае пашчы ўдарыў у спiну нажом. Унiзе пачуўся здушаны крык. З камiна выбег амаль зусiм згнiлы труп. Маргарыта заплюшчыла вочы, i нечая рука паднесла ёй пад нос флакон з белаю соллю. Маргарыце здалося, што гэта была Наташына рука. Лесвiца пачала запаўняцца. Цяпер ужо на кожнай прыступцы былi, падобныя здалёку адзiн на аднаго, фрачнiкi i голыя жанчыны з iмi, якiя адрознiвалiся адна ад аднае толькi колерам пер'я на галовах i туфляў.