Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
Шрифт:
– Цудоўна!
– затрашчаў Кароўеў.
– Усе зачараваныя, закаханыя, знiшчаныя! Гэтулькi тактоўнасцi, гэтулькi ўмення, чароўнасцi i шарму!
Воланд моўчкi падняў шклянку i чокнуўся з Маргарытаю. Маргарыта пакорлiва выпiла, думаючы, што на месцы i сканае ад спiрту. Але нiчога дрэннага не здарылася. Жывая цеплыня разлiлася ў яе ў жываце, нешта мякка таўханула ў патылiцу, вярнулася сiла, быццам яна прачнулася пасля доўгага моцнага сну, акрамя гэтага адчула, што галодная, як ваўчыца. Успомнiла, што не ела нiчога з учарашняе ранiцы, i есцi захацела
Бегемот адрэзаў кавалак ананаса, пасалiў яго, наперчыў, з'еў, i пасля гэтак спраўна кульнуў другую чарку, што ўсе заапладзiравалi яму.
Маргарыта выпiла другую чарку, i свечкi ў свечнiках загарэлiся ярчэй, у камiне пабольшала полымя. Хмелю Маргарыта зусiм не адчувала. Яна кусала белымi зубамi мяса, цешылася сокам, якi цёк з яго, i глядзела, як Бегемот намазвае гарчыцаю вустрыц.
– Ты яшчэ вiнаграду наверх пакладзi, - цiха сказала Гела i таўханула ката ў бок.
– Папрашу мяне не вучыць, - адказаў Бегемот, - ведаю, як паводзiць сябе за сталом, ведаю!
– Ах, як прыемна вось гэтак вячэраць, пры агнi, па-свойску, - трашчаў Кароўеў, - з блiзкiмi табе...
– Не, Фагот, - пярэчыў кот, - баль мае сваю асалоду i размах...
– Нiякае асалоды там няма i размаху таксама, а гэтыя дурныя мядзведзi i тыгры ў бары сваiм ровам давялi мяне да мiгрэнi, - сказаў Воланд.
– Слухаю, месiр, - сказаў кот, - калi вы лiчыце, што размаху не было, то i я адразу таксама буду гэтак лiчыць.
– Ты глядзi!
– адказаў Воланд.
– Я пажартаваў, - пакорлiва адказаў кот, - а што датычыць тыграў, то я загадаю, каб iх зарэзалi i засмажылi.
– Тыграў не ядуць, - сказала Гела.
– Вы так думаеце? Тады прашу выслухаць, - адазваўся кот, заплюшчыўся ад задавальнення, i расказаў, як аднойчы ён блукаў па пустынi дзевятнаццаць дзён i адзiнае, чым харчаваўся, гэта было мяса забiтага iм тыгра. Усе з цiкавасцю слухалi гэты займальны расказ, а калi кот скончыў, усе хорам ускрыкнулi:
– Хлусня!
– I што сама цiкавае ў гэтай хлуснi, - сказаў Воланд, - што яна - хлусня ад першага да апошняга слова.
– Ага, хлусня?
– ускрыкнуў кот, i ўсе падумалi, што ён пачне пярэчыць, але ён толькi цiха сказаў: - Гiсторыя рассудзiць нас.
– А скажыце, - звярнулася да Азазелы Марго, якая ажыла пасля спiрту, - вы застрэлiлi яго, гэтага былога барона?
– Вядома, - адказаў Азазела, - як яго не застрэлiць? Яго абавязкова трэба застрэлiць.
– Я гэтак хвалявалася!
– усклiкнула Маргарыта.
– Гэта здарылася неспадзявана.
– Нiчога нечаканага не было, - запярэчыў Азазела, а Кароўеў завыў i занэндзiў:
– Як тут не хвалявацца? У мяне ў самога лыткi затрэслiся! Бух! Раз! Барон на бок!
– У мяне ледзь не iстэрыка была, - дадаў кот i аблiзаў лыжку з iкрою.
– Мне вось што не зразумела, - гаварыла Маргарыта, i залатыя iскаркi ад крышталю ззялi ў яе ў вачах, - няўжо звонку не чуваць было музыкi i наогул грукату ад гэтага балю?
– Вядома, не было
– Вядома, вядома... Справа ў тым, што гэты чалавек на лесвiцы... Калi мы iшлi з Азазелам... I другi ля пад'езда... Я думаю, што ён цiкаваў за вашай кватэрай...
– Правiльна, правiльна!..
– крычаў Кароўеў.
– Правiльна, дарагая Маргарыта Мiкалаеўна! Вы пацвярджаеце мае падазрэннi! Сапраўды, ён вёў назiранне. Я сам спачатку падумаў, што гэта якi-небудзь прыват-дацэнт цi закаханы, якi чакае на лесвiцы. Але не, не! Нешта трывожыла маё сэрца! Ён вёў назiранне! I другi ля пад'езда таксама! I той, што ў падваротнi, таксама!
– Вось цiкава, калi вас прыйдуць арыштоўваць?
– сказала Маргарыта.
– Абавязкова прыйдуць, чароўная каралева, абавязкова!
– адказаў Кароўеў. Сэрцам чую, што прыйдуць. Не цяпер, вядома, у свой час прыйдуць. Але думаю, што нiчога цiкавага не атрымаецца.
– Вой, як я расхвалявалася, калi гэты барон упаў, - гаварыла Маргарыта, i вiдаць было, што яна дасюль перажывае забойства, якое бачыла ўпершыню ў жыццi.
– Вы, мабыць, добра страляеце?
– Нармалёва, - адказаў Азазела.
– А на колькi крокаў?
– задала Маргарыта Азазелу не зусiм зразумелае пытанне.
– А гэта, калi глядзець, у што, -справядлiва адказаў Азазела, - адно трапiць малатком у шкло крытыку Латунскаму, другое - яму ў сэрца трапiць.
– У сэрца!
– усклiкнула Маргарыта i схапiлася за сваё.
– У сэрца! паўтарыла яна глухiм голасам.
– Што гэта за крытык Латунскi?
– спытаўся Воланд i прымружана паглядзеў на Маргарыту.
Азазела, Кароўеў i Бегемот неяк сарамлiва апусцiлi вочы, а Маргарыта адказала:
– Ёсць адзiн такi крытык. Сёння вечарам я разнесла яму кватэру.
– Вось табе i маеш! А за што?
– Ён, месiр, - растлумачыла Маргарыта, - загубiў аднаго майстра.
– А навошта было самой старацца?
– спытаўся Воланд.
– Дазвольце мне, месiр!
– ускрыкнуў кот радасна i ўсхапiўся.
– Ды сядзi ты, - буркнуў Азазела i ўстаў, - я сам зараз з'езджу...
– Не!
– усклiкнула Маргарыта.
– Не, прашу вас, не трэба гэтага, месiр!
– Як хочаце, як хочаце, - адказаў Воланд, а Азазела сеў на сваё месца.
– Дык дзе мы спынiлiся, дарагая каралева Марго?
– гаварыў Кароўеў.
– Ага, сэрца. У сэрца ён трапiць, - Кароўеў паказаў сваiм доўгiм пальцам на Азазелу, - на выбар, у любое перадсэрдзе цi ў любы жалудачак.
Маргарыта не адразу зразумела, а калi да яе дайшло, ускрыкнула:
– Дык iх не вiдаць!
– Дарагая, - трашчаў Кароўеў, - у тым увесь i цымус, што iх не вiдаць! А ў адкрыты прадмет кожны можа трапiць!
Кароўеў дастаў з шуфлядкi стала пiкавую сямёрку, падаў Маргарыце, папрасiў адзначыць пазногцем адно з ачкоў. Маргарыта пазначыла верхняе правае. Гела схавала карту пад падушку i крыкнула: