Мэфіста. Раман аб адной кар'еры
Шрифт:
Хто ж тут прысягне, што ён жыве, ні пра што не дбаючы, не думаючы, марна? Яго непасрэдны ўдзел у вялікіх праблемах часу вось ён — кожнаму відзён. І Гендрык, усведамляючы свае бездакорна радыкальныя светапогляды, з пагардай глядіць на такіх нерашучых людзей, як Барбара, — Барбара, якая ў доме тайнага радцы альбо ў маёнтку генераліхі вядзе пустое, эгаістычнае існаванне, уся загразла ў далёкіх ад жыцця інтэлектуальных забавах і турботах.
Але шо ведае Гендрык пра забавы і турботы Барбары? Што Гендрык ведае пра людзей? Хіба ён не такі ж бестурботны, калі заходзіцца пра лёс людскі, як у пытаннях грамадскага жыцця? Хіба ж быў ён калі-небудзь заняты тою, якую называў "сэнсам свайго жыцця", больш пільна і пяшчотна, чым маленькім Бёкам, які зрабіўся
Ці клапоціцца Гендрык, скажам, пра духоўнае жыццё сваёй сяброўкі Джульеты? Яму ад яе патрэбна адно — каб яна заўсёды была з ім жорсткая і заўсёды ў гуморы. Яна мае ад яго салідныя сумы і хай сабе махае плёткай; чаго ж ёй яшчэ, якога ражна? Гёфген ніколі не задумваецца пра тое, што маглі б азначаць гэтыя томныя позіркі, якія чорная дзяўчына так часта на яго кідае. Можа, дзіця краёў далёкіх нудзіцца па родных берагах, якія па волі капрызнага лёсу ёй давялося змяніць на сумніўныя даброты цывілізацыі? Альбо загадкавае сэрца пачынае прыкіпаць да бледнага, прагнага да пакутаў сябра? Альбо пачынае ненавідзець яго? Гендрык не ведае нічога. Для яго прынцэса Тэбаб — спакуслівая дзікунка, якая асвяжае яго сілай, калі ён перад ёю прыніжаецца.
Пра Джульету ён ведае гэтак жа мала, як пра Барбару альбо пра сваю маці Бэлу. Ён прабягае вачмі лісты беднай мамы, якой муж Кёбес і дачка Ёзі, гэтыя два бадзёрыя і небяспечна легкадумныя стварэнні, робяць столькі турботы. Бацька Кёбес цяпер зусім збанкрутаваны.
"Крызіс! — скардзіцца ў лістах фраў Бэла. — Твой добры бацька — адна са шматлікіх ахвяраў крызісу".
Уся маёмасць была б закладзена, і горкі сорам упаў бы на сям'ю, калі б Гендрык у самы апошні момант не перавёў ім па тэлеграфе круглай сумы. Сястра Ёзі заручаецца раз кожныя паўгода. Фраў Бэла кожнага разу з палёгкай уздыхае, калі гэтыя злашчасныя сувязі рушацца.
Вось у Берлін яўляецца Нікалета; але неўзабаве яна з'язджае, адкліканая назад грознай тэлеграмай мужа Мардэра.
— Я вельмі шчаслівая з ім, — тлумачыць Нікалета, спрабуючы бліснуць прыгожымі вачыма, як колісь.
Але потым высвятляецца, што Мардэр вось ужо два гады ў санаторыі; Нікалета бавіць час у клопатах пра яго. Яна ўсміхаецца мякка і шчыра, расказваючы пра дзіцячую ўдзячнасць, якую праяўляе да яе геніяльны чалавек.
— Цяпер яму куды лепей, — кажа яна з надзеяй. — Мы неўзабаве зможам паехаць на поўдзень, яму патрэбна сонца.
"Сэнс жыцця", якім хваліца Гендрык... Нікалета кахае, у яе жыцці ёсць сэнс. І ў іншых... У Ота Ульрыхса, напрыклад, які цярпліва чакае свайго часу.
— Ён настане! — абяцае ён, хто яшчэ верыць сабе і сябрам.
"Ён настане, гэты час", — прадказвае і маладому Гансу Мікласу радасны ўнутраны голас. Маецца на ўвазе той цудоўны дзень, калі нарэшце на трон сядзе фюрэр і яго ворагі будуць знішчаныя. Знішчаны будзе і самы злосны і агідны вораг Ганса Мікласа — Гёфген. Падзенне гэтага лайдака, за чыёй кар'ерай здалёку, затаіўшыся, назірае Міклас, будзе самай шчаслівай падзеяй "вялікага сyднага дня", сутнасцю яго.
Ганс Міклас (як і Ота Ульрыхс, яго палітычны праціўнік) увесь на службе "вялікай справе", усеахопнай мэце. Ён даўным-даўно не працуе ў тэатры, увесь час аддае маладзёжным арганізацыям нацыянал- сацыялісцкага руху; уся яго дзейнасць у тым, што ў летніх тэатрах і залах ён развучвае агітацыйныя п'есы з "моладдзю" свайго фюрэра. І гэтая дзейнасць наталяе яго недаспелае і палкае сэрца. Хлопцы хорам гарлаюць, што яны пераможна разгромяць французаў і будуць вечна верныя фюрэру; яны вывучылі гэты хор пад рэжысурай маладога Мікласа, і той цяпер выглядае намнога здаравей і свяжэй, чым у гамбургскія часы, нават цёмныя ўпадзіны на шчоках амаль прайшлі.
Дзень блізіцца! Чароўная думка валодае Гансам Мікласам і Ота Ульрыхсам, запаўняе іх, натхняе, як мільёны іншых маладых людзей. Але якога дня чакаць Гендрыку Гёфгену? Ён чакае толькі новай ролі.
У сезоне 1932/933 года гэта будзе
Мефістофель, "хаосу выпладак лядачы", — вялікая роля артыста Гёфгена — ні ў адну сваю ролю ён не ўкладваў столькі імпэту. Мефістофель павінен быць яго шэдэўрам. Ужо самая маска яго сенсацыйная. Гёфген робіць з князя цемры шэльму, менавіта таго шэльму, якім улададар нябёсаў у бясконцай добрасці сваёй бачыць гэта ўвасабленне ліха, часам нават даючы яму аўдыенцыі, бо з усіх духаў адмаўлення ён той, каго "адорыць ласкаю Гасподзь". Ён грае яго трагічным клоунам, д'ябальскім П'еро. Чыста паголены чэрап напудраны да белага, як і твар; бровы гратэскова выцягнутыя ўгору, крывава-чырвоны рот застыў ва ўсмешцы. Прамежак паміж вачамі і паднятымі брывамі пафарбаваны ў розныя колеры. Якая прастора спецыялістам у касметыцы! Нечуваныя навацыі грыму! Усе колеры вясёлкі змешаныя на павеках Мэфіста і на дугах пад брывамі: чорнае пераходзіць у чырвонае, чырвонае у аранжавае, фіялетавае і блакітнае; тут жа і срэбраныя кропачкі, і разумна, прадумана нанесена крыху золата. Хвалюючы пейзаж фарбаў над спакуслівымі каштоўнымі камянямі — вачамі сатаны!
З грацыяй танцоўшчыка рухаецца па сцэне Гендрык-Мэфіста ў чорным шаўковым, шчыльным касцюме, лёгка і дакладна, бянтэжачы і спакушаючы; з крывава размаляваных, вечна ўсмешлівых вуснаў злятаюць хітрамудрыя двухсэнсіцы, рызыкоўныя досціпы. Хто ж засумняваецца, што гэты жудасны элегантны весялун здольны ператварыцца ў пудзеля, выбіць з драўлянага стала струмень віна, лунаць у паветры на плашчы, была б толькі яму ахвота? Гэты Мэфіста здольны на ўсё! Усе ў зале адчуваюць: ён магутны — магутнейшы за самога Госпада Бога, яму "ў дзядка штораз мілей", да яго ж ён і звяртаецца з пакеплівай куртуазнасцю. Хіба ж у яго недастаткова прычынаў глядзець на Бога зверху ўніз? Ён куды больш дасціпны на язык, куды больш адукаваны, і ў кожным разе, куды больш няшчасны, чым той, магчыма, ён мацнейшы менавіта таму, што няшчасны. Бясконцы аптымізм вялікага старца, які прымушае архангелаў спаборнічаць у хваласпевах яму самому і яго творыву, і хваравітая дабрадушлівасць бацькі сусвету робяць уражанне наіўнасці, калі не старэчага маразму, побач з жудаснай меланхоліяй, ледзяной скрухай, да якой любімец Госпада, выкляты і загіблы, раптам пераходзіць ад самай сумніўнай весялосці. Мароз па скуры ў публікі ў зале Берлінскага дзяржаўнага тэатра, калі з ярка размаляванага рота Гёфгена-Мефістофеля ляцяць словы:
... Бо ўсё жывое ў свеце Ператвараецца ж у смецце, То лепш няхай яго б і не было.Ён ужо не рухаецца, гэты занадта жвавы арлекін. Ён стаіць нерухома. Што гэта? Пакута? Пад стракатасцю грыму — глыбокі няўцешны позірк. Няхай анёлы цешацца вакол трона Гасподняга — яны зусім не ведаюць людзей. Чорт ведае людзей, ён прысвечаны ў іхнія ліхія таямніцы, і ах! боль за іх паралізуе яго, і на яго твары застывае маска роспачы.
Пасля прэм'еры "Фаўста", пасля авацый артыст Гёфген замыкаецца ў сябе ў грымёрцы. Ён нікога не хоча бачыць. Але адной наведніцы маленькі Бёк адмовіць не можа. Рэдка здараецца, каб Дора Марцін глядзела спектаклі, у якіх сама незанятая. Яе сённяшняе з'яўленне на прэм'еры выклікала сенсацыю. Маленькі Бёк адвешвае ёй глыбокі паклон і адчыняе дзверы ў свяцілішча.
Абое выглядаюць стомленымі, і Гёфген і яго суперніца па памостках. Ён выматаны і знясілены экстазам ігры. Яна — клопатамі, якія яму невядомыя.
— Добра было, — кажа Марцін ціха, дзелавіта і адразу ж, не чакаючы запрашэння, сядае на крэсла. Яна ўся сціскаецца, твар з высокім лобам, шырокімі дзіцячымі летуценнымі вачыма глыбока апускаюцца ў бурае футра каўняра.
— Добра было, Гендрык. Я ведала, што ў вас атрымаецца. Мэфіста — ваша вялікая роля.
Гёфген сядзіць да яе спінай за грыміравальным столікам і ўсміхаецца ёй у люстра.