Мэфіста. Раман аб адной кар'еры
Шрифт:
У летуценных тонах пісьмо паведамляла пра дзівосную абаяльнасць, розум, далікатнасць і вытанчанасць Лоты Ліндэнталь. Ангеліка запэўнівала, што гэтая найдабрэйшая і мілая дама можа паўплываць на свайго магутнага сябра самым спрыяльным чынам. Яна і цяпер ужо многае зрабіла, асабліва для тэатра. Вялікі муж мае прыхільную цікавасць да драмы, аперэты і оперы. Яго каханыя — альбо дамы, якім ён праяўляў адмысловую павагу, — былі ў большасці актрысы пачуццёвага складу. Ён гатовы быў на любую ласку дзеля іх, калі ішлося не пра штосьці сур'ёзнае, а толькі пра вясёлыя дробязі накшталт акторскай кар'еры. Маленькая Зіберт звярнула ўвагу Лоты Ліндэнталь на тое, што Гендрык сядзіць
— Без такіх людзей, як ён, нам проста не абысціся, — сказала гэтая дама і абяцала таго ж дня перагаварыць са сваім сябрам.
— Ах, ён наскрозь ліберальны, — гаварыла першая інжэню з Ены: ужо ж яна яго ведае! І ўсе прысутныя адчулі багавейнае трапятанне, калі яна такім інтымным тонам загаварыла пра свайго жахлівага волата.
— Ён не злапомны. Хай Гёфген раней і рабіў розныя выбрыкі і глупствы — ён гэта ўсё разумее, калі гаворка ідзе пра мастака вялікага маштабу. Бо галоўнае — здаровае зерне, — гаварыла Лота крыху бяссэнсава, але вельмі сардэчна.
І яна зрабіла, што абяцала. Калі ўсемагутны ўчыніў ёй вячэрнюю візітацыю, яна пачала яго ўмольваць:
— Мілы, ну будзь добры, ну, калі ласка!
Яна ўбіла сабе ў галаву, што ў першай яе берлінскай ролі яе партнёрам павінен быць Гендрык Гёфген.
— Ён жа так падыходзіць да гэтай ролі! — трашчала інжэню. — Бо, зрэшты, ты і сам зацікаўлены, каб у мяне быў прыемны партнёр, калі я ўпершыню выступлю перад берлінскімі таварышамі па партыі!
Генерал спытаўся, ці не яўрэй Гёфген. Калі даведаўся, што не, што наадварот — чыстапародны светлавалосы рэйнец, ён абяцаў, што з "гэтым хлопцам" нічога не здарыцца, чаго б ён раней ні начворыў.
Пра спрыяльны вынік гутаркі Ліндэнталь адразу паведаміла маленькай каляжанцы Зіберт, а тая, у сваю чаргу, ледзьве дачакалася магчымасці паведаміць Гендрыку пра выдатны абарот справы.
Ну вось, змрочны перыяд парыжскіх пакутаў ззаду! З самотнымі шпацырамі ўніз па бульвары Сэн-Мішэль, па набярэжнай Сены ці па Елісейскіх палях пакончана! Годзе! Няўжо і праўда Гендрык Гёфген адаваўся бунтарскім марам у пустым гатэльным нумары? Няўжо і праўда ён калі-небудзь адчуваў неадольную, змрочную і салодкую патрэбу ачысціцца, вызваліцца, пачаць новае, дзікае жыццё? Ён ужо і сам нічога не памятаў — пакуль пакаваў чамаданы, усё было забыта. Напяваючы ад радасці, спакусліва гатовы кінуцца ўпадскокі па пакоі, ён кінуўся ў бюро падарожжаў "Кук і сын", каб заказаць спальнае купэ на берлінскі цягнік.
Вярнуўшыся ў гатэль, што непадалёк ад бульвара Манпарнас, Гендрык праходзіў міма "Кафэ дзю Дом". Стаяла пагода, многія сядзелі на адкрытым паветры, сталы і крэслы стаялі пад брызентам, на тратуары. Гендрыку ад хады зрабілася горача, захацелася прысесці на чвэрць гадзіны, выпіць апельсінавага соку. Ён спыніўся, але, праводзячы высакамерным позіркам па гаварлівым натоўпе, перадумаў. Ці мала каго тут можна сустрэць! Тут могуць аказацца старыя знаёмыя, а іх лепей абыходзіць бокам. Бо, здаецца, "Кафэ дзю Дом" — месца сустрэч эмігрантаў? Не, не, лепей прайсці міма. Ён ужо намерыўся быў адвярнуцца, але тут пагляд яго спыніўся на групе людзей за круглым столікам. Гендрык уздрыгнуў. Ён так спалохаўся, што яму балюча кальнула ў жывот, і некалькі секунд ён не мог варухнуцца.
Спачатку ён пазнаў фраў фон Гэрцфэльд; толькі потым заўважыў
"Як пабялела Барбара!" — падумаў Гендрык. Яму раптам падалося, што яны зусім тут і не сядзяць, што яны — існуюць толькі ў ягоным уяўленні. Калі яны жывыя, дык чаму не рухаюцца? Чаму сядзяць так нерухома, чаму ў іх такія журботныя вочы?
Барбара падпірала рукой бледны твар. Паміж цёмнымі брывамі пралегла рыса, якой Гендрык раней не заўважаў: магчыма, гэта ад напружаных, горкіх роздумаў? Рыса надавала твару замроены, амаль суровы выраз. На Барбары быў шэры плашч і ярка чывоны шаль. У гэтай вопратцы з пакутніцкім, напружаным тварам яна рабіла крыху дзікае, амаль страшнае ўражанне.
Фраў фон Гэрцфэльд таксама была бледная, але на яе шырокім мяккім твары не было грознай пячаткі, была толькі пяшчотная журба. Апрача Барбары і Геды, за сталом сядзела яшчэ адна дзяўчына — Гендрык раней ніколі не бачыў яе — і двое маладых людзей. Адзін з іх быў Себасцьян, Гендрык пазнаў яго выцягнутую шыю, замглёны, задумлівы пагляд і пасму попельна-светлых валос.
Гендрык хацеў крыкнуць, хацеў павітацца, першым рухам яго душы было абняць Барбару, пагаварыць з ёю пра ўсё, пра ўсё пагаварыць з ёю. Як часта ён марыў пра гэта ў дні самоты! Але ў галаве ўжо круцілася: "Як яны прымуць мяне? Пачнуць задаваць пытанні — што мне адказваць? Тут, у кішэні пінжака, у мяне білет у спальнае купэ берлінскага цягніка, і ўсё гэта дзякуючы спрыянню дзвюх ласкавых светлавалосых дам. Я ўжо як бы прымірыўся з рэжымам, які прагнаў гэтых людзей, а я ж прысягаўся Барбары ў непрымірымай варожасці да яго. Якую пыхлівую ўсмешку скроіць Себасцьян! І як мне вытрымаць позірк Барбары, яе цёмны, пагардлівы, бязлітасны позірк? Трэба ўцякаць — здаецца, яны мяне пакуль што не заўважылі, — яны ж усе глядзяць дзіўнымі позіркамі ў пустату. Трэба хутчэй уцякаць, гэтая сустрэча мне не пад сілу..."
За столікам не рухаліся; здавалася, яны глядзяць праз Гендрыка Гёфгена, як праз паветра. Яны сядзелі застылыя, быццам ад невыноснага болю, пакуль Гендрык спяшаўся прэч дробнымі цвёрдымі крокамі, як чалавек, які ўцякае ад небяспекі і стараецца схаваць свой страх.
Пасля першай рэпетыцыі Лота Ліндэнталь сказала Гёфгену:
— Проста бяда, што генерал цяпер шалёна заняты. Калі б ён толькі змог, ён напэўна прыйшоў бы на рэпетыцыю паглядзець, як мы працуем. Вы сабе нават уявіць не можаце, якія бліскучыя парады ён часам дае нам, акторам. Мне здаецца, што ў пытаннях тэатра ён разбіраецца не горш, чым у сваіх самалётах, — а гэта нешта-такі значыць!
Гендрык мог сабе гэта ўявіць, і ён пачціва кіўнуў. Пасля спытўся ў фройляйн Ліндэнталь, ці дазволіць яна яму адвезці яе дамоў у яго машыне. Яна гэта яму дазволіла з мілай усмешкай. Падаючы ёй руку, ён ціха сказаў:
— Для мяне вялікая, вялікая радасць іграць разам з вамі. Апошнімі гадамі давялося шмат намучыцца з манернасцю партнёрак. Дора Марцін сапсавала нямецкіх актрыс дрэнным прыкладам свайго сутаргавага стылю, — гэта ўжо не ігра, а істэрычнае крыўлянне. І вось зноў я чую ваш ясны, просты і душэўны голас.