Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Ночы на Плябанскіх Млынах

Рублевская Людмила

Шрифт:

— А прырода – да аднае кветкі, аднога дрэва і аднога куста, – насьмешна вымавіў Беларэцкі. – Альбо зьявіцца ўвогуле на ўвесь сьвет расьліна: белы кветка-дрэва-куст…

— А чаму белы? – разгублена папыталася Дарота.

— Таму што ўсе колеры, зьмяшаўшыся, утвараюць ідэальную бель… Але ў жыцьці рэдка здараюцца чыстыя колеры. Без дамешка… Таму, я думаю, патэнцыйная ідэальная прырода будзе шэрай.

Улад, відаць, уявіў гэтую прышласьць, ня вытрымаў і засьмяяўся. Ад гэтага аблічча ягонае на хвілю страціла заўсёдны насьмешна паблажлівы выраз – вызірнуў цікаўны і дурасьліва-наіўны падлетак… Дарота нават таксама нясьмела ўсьміхнулася, гледзячы на маладога артыста, як на асьветленыя сонцам неверагодна лёгкія аблачынкі, на якіх уяўляецца прыўкрасны замак вечнага сьвятла і спакою… Пан Беларэцкі задумліва глядзеў на дзяўчыну, на яе ўсьмешку, і

ў шкельцах ягоных акуляраў скакала полымя сьвечкі.

— Старыя майстры лічылі, што ў аснове прыгажосьці – зьвілістая лінія… Любы просты шлях – няпраўда і штучнасьць. І не заўсёды тое, што наўпрост прыцягвае – прадвызначана табе… Мы – усяго толькі маленькія ліхтарыкі, якія вісяць на нябачным дроце праз цемру. Кожны бачыць толькі праз уласнае сьвятло. І ніхто ня бачыць дроту, на якім мы вісім… І толькі мудры можа вылічыць – дзе заканчваецца дрот… І толькі наіўны адчуе – хто яго навязаў… Ведаеце гісторыю з ліхтарамі на сьвяце ў графа Любанскага?

— Не, пан Андрэй, — ажывілася Дарота. – Раскажыце – а то кінуліся ў філасофію, нібы шкаляры ў вазачку з цукатамі.

Чучала цмока зірнула на расказчыка чорным гузікам з жоўтай іскрай у цэнтры, і пан Беларэцкі пачаў расповед.

Гісторыя пра Лошыцкі прывід

Было гэта ў адзін з маіх прыездаў на бацькаўшчыну гадоў пятнаццаць таму. Яшчэ жыла мая жонка, але ўжо не магла езьдзіць са мной з-за хваробы. Таму і настрой у мяне быў ня надта… Але пачак выяўленых рукапісаў сямнаццатага стагоддзя, яшчэ адно шкельца ў разьбіты вітраж гісторыі маёй радзімы, мог змусіць мяне да падарожжа нават у чысьцец. Я не захацеў злоўжываць гасьціннасьцю сяброў і, паколькі мог сабе дазволіць, зьняў прыстойны нумар у гатэлі “Еўропа”, якраз калі там пачаў выступаць венскі дамскі аркестр. Як грае згаданы аркестр, я так і не паслухаў, затое рукапісы выкупіў.

Я ўжо зьбіраўся ад’язджаць, абкружаны арэолам старажытных літараў і водарам цьвілой паперы – найлепшым у сьвеце для кніжнага чалавека, — але атрымаў запрашэньне на баль да графаў Любанскіх. Фраза проста з калонкі сьвецкай хронікі… Насамрэч я ня быў такой важнай птушкай, каб граф Любанскі нешта пра мяне ведаў. Так, прафесар, але занадта малады, да таго ж займаецца гэткай падазронай справай, як фалькларыстыка… А там любая старадаўняя песьня здольная абрынуць чарговую ідэалагічную вежу, як цуда-рыба, усплываючы, змывае са сваёй сьпіны вартыя жалю хацінкі часовых прыблудных жыхароў. Але ўсё-ткі я прадстаўляў Санкт-Пецярбургскі універсітэт, і ў мяне была Дзямідаўская прэмія, а ў Менску два гады таму зачынілі Таварыства аматараў прыгожых мастацтваў. Зачынілі так, як робяць заўсёды – безапеляцыйна, жорстка, з прыгожай фармулёўкай – каб народ зразумеў: немагчыма было не разагнаць гэтых злыдняў, што намагаліся парушыць звыклы парадак і вырваць з рукі гімназісткі абаранак, а з рукі жабрака – кайстру. На сьвяце ў гонар дня народзінаў пані Ядвігі Любанскай мусіў прысутнічаць губернатар гораду Мусін-Пушкін… І невялічкая дэлегацыя мясцовай творчай інтэлігенцыі, узмоцненая мною, меркавала падысьці да яго наконт аднаўленьня таварыства.

Пасьля нядаўніх рэвалюцыйных падзеяў, залітай крывёю курлоўскага расстрэлу прывакзальнай плошчы, у мяне асаблівых ілюзіяў на лаяльнасьць уладаў не было. Да таго ж мой настрой не пасаваў да баляў. Але – я лічыў сябе абавязаным падтрымаць землякоў. Дый пан Любанскі славіўся гэткім эксцэнтрычным дэмакратам-арыстакратам. Хадзілі чуткі, што ён дае грошы эсэрам. А ягонае захапленьне роварамі… Велатрэк, злажаны ў Лошыцы… Дзівосны сад…

І вось я стаяў, прыціснуты да псеўда-мармуровай калоны, абвітай псеўда-плюшчам Лошыцкай сядзібы, аглушаны духавым аркестрам і нашэптваньнямі ў самае вуха аднаго з арганізатараў зьніклага таварыства, і шчыра мроіў апынуцца як мага далей… Што мне да мясцовых плётак? Яўстафій Любанскі, мажны вусач, сапраўды не хаваў мілосных адносінаў да сваёй юнай пані. Ядвіга, у дзявоцтве – Кіневіч, была дачкой правадыра мазырскай шляхты і гадоў на сямнаццаць маладзейшая за мужа. Беласкурая, цёмнавокая, зграбная… Рухалася, як ласка па сьнезе. Сьпешчанае дзіця… Сакатала, сьмяялася, ганарыста закідваючы галоўку з акуратна ўкладзенымі ў высокую мудрагелістую прычоску цёмнымі валасамі. Мне пані Ядвіга нагадала гераіню верша Міцкевіча “Сыны Будрыса”. Памятаеце: белая, як сьмятана, чорныя вочы, рухавая, нібы котка. Пан Яўстафій прывёз ёй з Японіі дзівоснае дрэўца – магнолію кобус, яе яшчэ называюць маньчжурскім абрыкосам.

Яна цьвіце раз на год. Падоранае дрэўца цьвіло менавіта ў дзень народзінаў пані. Відаць, з гэтае нагоды пані Любанская апранулася ў нешта стракатае – экзатычнае, што мусіла на ейную думку перадаваць японскі дух… Наконт палюбоўнікаў пані версій мелася – як наконт паходжаньня санскрыту. Паказвалі мне на самога губернатара, Мусіна-Пушкіна, і на графа Чапскага, уладальніка знакамітых бровараў… Сьмешна — яны былі нашмат старэй за пана Яўстафія.

Я ня вельмі ўслухоўваўся ў так званую “сьвецкую балбатню”, успамінаючы сваю Надзею, якая зараз, напэўна, сумна сядзіць ля вакна з відам на брудную Мойку… Дарэчы, ты, Дарота, вельмі нагадваеш мне маю Надзею… Тыя ж вялікія задуменныя вочы, чысты высокі лоб, нібыта створаны для высокіх думак… Але – прабачце... Між тым над Лошыцай, як дым ад таемнага купальскага вогнішча, згушчаўся прыцемак, і пачаўся адзін з сюрпрызаў вечарынаў – загарэліся гірлянды электрычных кітайскіх ліхтарыкаў, падвешаныя на верандзе і ў садзе. Пані Ядвіга ў сваёй стракатай шаўковай сукенцы з шырокімі рукавамі, як трапічны матыль, павольна паднялася на цяпер ярка асьветленую круглую пляцоўку з невысокай балюстрадай – на ёй звычайна іграў аркестр. Пан Яўстафій стаяў непадалёк ад мяне – я заўважыў яго позірк, скіраваны на жонку. Бог ты мой, якое каханьне! З амаль кашчунным захапленьнем і незразумелай тугою… Калі на сьвеце бывае такое каханьне, сьвет ніколі ня скончыцца, і ніколі ня скончыцца ў ім боль і пралітая кроў.

Слугі вынесьлі расьцягнуты на шастах экран з белай паперы – напэўна, дарагі гатунак рысавай, — і паставілі перад пляцоўкай, так, што схавалі яе ад вачэй гледачоў. Раптам усе ліхтары патухлі, але ў той жа момант за экранам запаліўся яркі сафіт… На белай паверхні экрану вымаляваўся амаль неверагодна дакладны цень пані Ядвігі… Цяпер пані трымала ў адной руцэ японскі парасон, у другой – веер, і вытанчана рухалася пад музыку. Гледачы запляскалі ў ладкі, вітаючы гэткі нечаканы тэатр ценяў. І зноў запаліліся ліхтары, і зноў згасьлі…

Жывыя карціны зьмянялі адна другую. Танцоўшчыцы згіналіся ў экзатычных фігурах танцу, самураі біліся на мячах, “рабілі” сабе харакіры… Цемра зьмянялася сьвятлом, цені – фарбамі. Відовішча зачароўвала, так што нават я – дасюль сорамна – на нейкі час забыўся на тую, што думала пра мяне за сотні вёрст адсюль… І зноў патухлі ліхтарыкі… І на асьветленым экране паказалася чарговая карціна – пацалунак жарсьці… Чалавек у касьцюме самурая, плячысты і высокі, цалаваў прагна, уладна… Каго? Так, гэта была пані Ядвіга. Немагчыма было зблытаць ейную паставу, прычоску, сукенку… Дзьве цені, зьлітыя ў адно, застылі на экране, і гэтак жа застылі гледачы… Гэта была больш чым гульня.

Запалілася сьвятло… Экран прыбралі, размовы патроху аднаўляліся… Вядома, вочы ўсіх – ці патаемна, ці адкрыта – шукалі герояў драмы… Пан Яўстафій, аднак, не выглядаў узрушаным, ён па-ранейшаму ветліва ўсьміхаўся, час ад часу падносіў да вуснаў кубак з віном… Можа быць, ён быў пасьвечаны ў незвычайную містыфікацыю? Але калі Любанскі павярнуўся, я заўважыў, як на яго скроні б’ецца жылка… Проста – скронь, сівая скронь немаладога моцнага мужчыны. І цяжкая, упартая пульсацыя – нібы знутры хоча вырвацца неверагоднай моцы шал… І гэтае відовішча чамусьці ўразіла мяне больш, чым калі б Любанскі зараз учыняў харакіры, як героі тэатру ценяў. Я азірнуўся. Пані Ядвіга, па-ранейшаму вясёлая і гарэзная, праходжвалася між гасьцямі. Навошта яна гэта зрабіла? Я дасюль не магу зразумець. Памучыць старога мужа, які яе абагаўляў – як маленькія дзеці мучаюць бацькоў, схаваўшыся і доўга не адклікаючыся на крыкі? Ці хацела намацаць тую мяжу, за якой яе спыняць – некаторым не смакуе жыцьцё без адчуваньня такой мяжы, без супраціву і забароненасьці… Або гэта была проста юная пагарда да ўсіх забаронаў і забабонаў, сьцьверджаная першым сапраўдным каханьнем? Але хто ён, герой раману?

Я мімаволі абводзіў вачыма натоўп, вылучаючы маладых, высокіх, гожых… Можа, гэты – у афіцэрскім мундзіры, з гжэчнымі вусікамі? Або вунь той, у белым сурдуце, падобны да антычнага бога са сваімі кудзеркамі? Ці… той музыка, што стаіць збоку ад бліскучага натоўпу, апусьціўшы скрыпку, і ў ягонай паставе – амаль што пагарда? Колькі такіх цікаўных позіркаў скрыжоўвалася ў той вечар у садзе Лошыцкай сядзібы… Прынамсі, справы аднаўленьня Менскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў цікаўнасьці ня выклікалі ні ў кога. Так званы сьвет… Людзі, што жылі на гэтай зямлі, як прыхадні, не пачуўшы яе, не паспрабаваўшы зразумець яе душу.

Поделиться:
Популярные книги

Боярышня Дуняша 2

Меллер Юлия Викторовна
2. Боярышня
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Боярышня Дуняша 2

Матабар. II

Клеванский Кирилл Сергеевич
2. Матабар
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Матабар. II

Душелов. Том 2

Faded Emory
2. Внутренние демоны
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
аниме
5.00
рейтинг книги
Душелов. Том 2

Сумеречный Стрелок 2

Карелин Сергей Витальевич
2. Сумеречный стрелок
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Сумеречный Стрелок 2

Чайлдфри

Тоцка Тала
Любовные романы:
современные любовные романы
6.51
рейтинг книги
Чайлдфри

Попаданка в Измену или замуж за дракона

Жарова Анита
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.25
рейтинг книги
Попаданка в Измену или замуж за дракона

Новый Рал 4

Северный Лис
4. Рал!
Фантастика:
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Новый Рал 4

Ведьмак (большой сборник)

Сапковский Анджей
Ведьмак
Фантастика:
фэнтези
9.29
рейтинг книги
Ведьмак (большой сборник)

Сочинитель

Константинов Андрей Дмитриевич
5. Бандитский Петербург
Детективы:
боевики
7.75
рейтинг книги
Сочинитель

Глинглокский лев. (Трилогия)

Степной Аркадий
90. В одном томе
Фантастика:
фэнтези
9.18
рейтинг книги
Глинглокский лев. (Трилогия)

(Бес) Предел

Юнина Наталья
Любовные романы:
современные любовные романы
6.75
рейтинг книги
(Бес) Предел

Адмирал южных морей

Каменистый Артем
4. Девятый
Фантастика:
фэнтези
8.96
рейтинг книги
Адмирал южных морей

В тени пророчества. Дилогия

Кусков Сергей Анатольевич
Путь Творца
Фантастика:
фэнтези
3.40
рейтинг книги
В тени пророчества. Дилогия

Товарищ "Чума" 2

lanpirot
2. Товарищ "Чума"
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Товарищ Чума 2