Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Ночы на Плябанскіх Млынах

Рублевская Людмила

Шрифт:

— Але ж, пан Андрусь, у Менску няма ратушы… Яе даўно зруйнавалі.

— Ведаю… — пан Беларэцкі адкінуўся на крэсьле, нібыта рыхтуючыся чытаць доўгую лекцыю. – Зруйнавалі ратушу па асабістым загадзе Мікалая I, каб не нагадвала гораду пра Магдэбургскае права ды былыя вольнасьці… Але ж месца, дзе яна стаяла, у часе і прасторы не зьмяняецца… І захоўвае памяць пра былыя падзеі.

Гісторыя пра Менскую ратушу

А здарылася гісторыя, пра якую я вам распавяду, у авантурным 18-м стагоддзі, як яго вычварна мянуюць, “век плашча ды кінжала”… У беларускім звычаі была шляхецкая шабля. Або шастапёр – булава, якой раструшчвалі на двубоях косткі. Страшнейшая, чым меч, зброя. Бо паводле традыцыі, пакуль не паказвалася дастаткова крыві – гэта значыць, каб Нямігай лілося, — двубой не перапынялі. А ад удару булавы крыві мала. Вось і ўзьнікла, так бы мовіць, пакаленьне прабітых чарапоў… Характарнымі асобамі эпохі, безумоўна, былі браты Валадковічы, нашыя землякі – адсюль, з Меншчыны. Асабліва даўся ў знакі сучасьнікам Міхал – піток, буяш, дуэлянт і аматар жаночага полу… Ня дзіва, што ў магната Кароля Радзівіла зрабіўся Валадковіч улюбёным сябрам і таварышам па ігрышчах ды несамавітых выхадках. І ніхто не насьмельваўся пярэчыць гэтаму боўдзілу

і прапойцу, бо з Радзівіламі вадзіцца – усё роўна што цалавацца з Пацалуйным мостам у Траецкім… І вось напярэдадні Сьвятадухава дня, які завецца ў нас “Дзяды”, Валадковіч праязджаў праз Менск, пакінуўшы гораду на памяць разгромленую карчомку і трох параненых шляхціцаў-менчукоў. Вечарэла, і коньнік сьпяшаўся выехаць за гарадскія вароты, каб да змрочнага лістападаўскага вечару даехаць да бліжэйшай падарожнай карчмы. Дзесьці напрыканцы Зыбіцкай вуліцы, якраз там, дзе Сьвіслач робіць пятлю, стаяў каменны двухпавярховы дом з высокімі зялёнымі аканіцамі, якія заўсёды былі зачыненыя. Расказвалі, што калісьці ў гэтым доме жыў купец з прыгожай дачкой. Да дзяўчыны сватаўся бедны шляхціц, і, ня ведаю, як ужо акрутна трэба было ўчыніць з тым хлапцом, але напярэдадні яе вясельля з іншым – багатым – адвергнуты кавалер схапіў дзяўчыну ў абдоймы і разам з ёю ўтапіўся. Пасьля будынак выкупіў іншы купец, і хаця калядоўшчыкі, валачобнікі, жабракі і мніхі, шчыруючы на вялікія сьвяты, ні разу не атрымалі з гэтага дому й найменшай міласьціны, час адчасу з-за зачыненых аканіцаў даносілася музыка і гукі вясёлай бяседы. Паколькі магістрат лічыў, што тут усё ў парадку, ніхто й ня думаў соваць нос за суседскі плот… Тым больш дом карыстаўся ня вельмі добрай славай.

Дык вось, ехаў Зыбіцкай вуліцай Міхал Валадковіч з двума амантамі- сябрукамі. Шапка набакір, дыяментавы “гуз” зьзяе, як поўня, рука ў бок упіраецца, але гатовая вокамгненна ўхапіцца за дзяржальна шаблі – вось яна, найлепшая сяброўка шляхціца, дрэмле ў похвах, як маланка ў хмары, не ўгадаеш, не ўпільнуеш, калі зблісьне прагай крыві. Калі ў доме з зялёнымі аканіцамі расчынілася вакно, рука пана Міхала дакранулася да дзяржальна, але тут жа пацягнулася да шапкі — пачціва прывітацца, як і належыць шляхціцу… Бо з вакна глядзела на Міхала самая прыгожая жанчына з усіх, якіх ён калі-небудзь бачыў… А бачыў ён усялякіх прыгажуняў – і ў Варшаве, і ў Вільні, і ў Нясьвіжы… У апошніх промнях вечаровага сонца бледны твар незнаёмкі сьвяціўся, як сьнег. Зялёныя вочы насьмешна пазіралі з-пад тонкіх, выгнутых, як абрысы крылаў чаіцы, броваў, і замест напудранага парыка галаву панны вянчала ўкладзеная каронай чорная каса. І сукенка была чорная, з дарагога тонкага аксаміту. Паненка, не хаваючыся, пільна разглядала рыцара, з чаго той выснаваў, што райская птушачка ляціць проста ў сіло. Пан Міхал ужо трымаў у роце, як перліну, першае галантнае слова, але прыгажуня гучна вымавіла з неверагоднай насьмешкай:

— Страхаморца!

Што азначала ня больш, ні менш, як баязьлівец. І зачыніла вакно.

Пан Валадковіч нейкі час выяўляў з сябе хвашчоўскага ёлупа, ня ў змозе ўцяміць абразу. Яго – яго! – назваць баязьліўцам! І хто? Белагаловая! (так, спадарства, у Вялікім княстве называлі ўсіх кабетаў, нават з такімі чорнымі валасамі, як у дзёрзкай незнаёмкі з вуліцы Зыбіцкай). У абразы былі сьведкі – два аманты Валадковіча з некаторай трывогай чакалі, у які “няіставы” ўчынак выплюхнецца ягоны гнеў. Першае, што зрабіў пан Міхал – пачаў з лаянкай стукацца ў вароты дому незнаёмкі. Але за высокім, абабітым жалезнымі палосамі, плотам не было ані гуку, ані руху. Дом стаіўся, нібыта ў ім валадарыў пыл. Дый што зробіш, калі і адчынілі б – на двубой выклікаць дурную кабету? У вачах Валадковіча яшчэ сьвяціўся яе па-незямному прыўкрасны твар, і голас – як звон дамаскага ляза…

Пачынала цямнець, і пан Міхал паддаўся на ўгаворы і выправіўся прэч з праклятага гораду… Але прага помсты кроіла ягонае сэрца. Калі ня можа ён узяць уладу над прыгажуняй, возьме разам з ейным горадам! Не адгародзіцца ніякімі платамі.

І вось жаўнеры сардэчнага Міхалава сябра Караля Радзівіла ў Менскай ратушы, у зале, дзе сабраўся магістрат… І паны радцы, стойваючы гнеў, прымаюць “баламута” Валадковіча ў кіраўніцтва горадам…

Дунін-Марцінкевіч не дарэмна пісаў, што Менск наш скрозь весяленькі… Дадаў Міхал Валадковіч весялосьці нашаму месту. Ніхто не адчуваў сябе абароненым – ні прыгожая паненка, ні пан суддзя, ні нават ксёнзд у касьцёле… Ня тое, што мужыку ці мешчуку, але й шляхціцу мог загадаць на месцы сто і адну нагайку ўсыпаць – норма такая ў Валадковіча была… Ксяндзу Аблачынскаму адпомсьціўся за тое, што той выкрываў у Марыінскім ягонае п’янства – прывёў падчас імшы на плошчу цыганоў з медзьвядзямі ды малпамі, ды выкаціў бочку віна… Вось табе й казань атрымалася – як піша Крашэўскі, “нешта зьвінела, бубнела, мэкала, трубіла, пішчэла, сьмяялася самымі нязвычнымі галасамі”. Не баяўся пан Валадковіч нікога, нават Госпада… Аднойчы секануў мечам па стале, за якім засядаў менскі суд, ды расьпяцьце расьсек… Мніхі-дамініканцы на пахаваньне ішлі – насілкі адабраў, музыкам загадаў граць пахавальны марш, а сам ішоў і сьпяваў… Але гучней за цыганскія сьпевы й барабаны гучэў у ягоных вушах пагардлівы голас: “Страхаморца!” Вядома, шукаў Валадковіч тую прыгажуню… І ня ведаў, што яму больш прынесла б задавальненьня — зьбіць яе альбо абняць? Яна ж дакладна тут, у горадзе… То на імшы ў прытворы на імгненьне сьвяціўся яе бледны твар, то ейны сыльвэт мільгаў за вакном ратушы… Валадковіч кідаўся – але ніколі ня мог яе дагнаць. Нічога, калі назірае – значыць, неабыякавая… Няхай пэўніцца, што нічога на сьвеце не баіцца Валадковіч. Таму, калі пана Міхала ў чарговы раз паклікалі на суд у ратушу, а дабразычліўцы паслалі папярэдзіць – радцы згаварыліся асудзіць на горла, да сьмерці, Валадковіч не захацеў уцякаць, не схацеў нават папярэдзіць свайго магутнага апекуна… Ён прыйшоў на суд і паводзіў сябе яшчэ больш буйна, і мільгацелі за сьпінай стрывожанага натоўпу зялёныя вочы... Калі буяша скруцілі і прыкавалі ланцугамі да сьцяны ў скляпеньні ратушы, ён лаяўся і жартаваў… І ў нянавісьці суддзяў меўся дамешак страху, як у старым віне – корсткі прысмак дубовай драўніны, з якой была зробленая бочка… Нават калі прыйшоў той самы ксёндз Аблачынскі, каб паспавядаць асуджанага перад сьмерцю – той не пажадаў каяцца, страшэнна лаяўся і блюзьнерыў, нібыта лічыў усё, што адбываецца, дурным жартам. На нейкі час злачынцу пакінулі аднаго. І тады да яго прыйшла Яна… У цёмнай сукенцы, з укладзенымі на галаве чорнымі косамі, быццам карона царыцы ночы, і з такімі дзёрзкімі зялёнымі вачыма, што Валадковіч, можа, упершыню ў жыцьці адчуў, як сэрца слабне ад чужога пагляду… Яна падышла блізка-блізка, угледзелася

ў твар палоннага і ціха, заспакоена прамовіла:

— Ну вось, і скончыліся твае страхі. Цяпер ты будзеш маім.

Валадковіч забыўся нават на тое, каб запярэчыць, што ён ня ведае страху, ірвануўся ў ланцугах, каб абняць прыгажуню, яе косы ўпалі ўніз, самі распляліся чорнымі хвалямі, у іх мільганулі зялёныя стужкі… Ці сьцябліны? Вусны наблізіліся да вуснаў… Якая яна халодная… Як зімовая вада. Вочы, у якія апантана зазіраў Валадковіч, пачалі глыбець, як віры, і ператварыліся ў прагалы… Цёмныя, як раскапаная магіла. Пах вярбены зьмяніўся пахам рачной цьвілі… І рыцар нема закрычаў, бо гэта было страшней за сьмерць.

Тыя, хто прыйшоў расстрэльваць адчайнага шляхцюка, расказвалі, што ён чамусьці быў увесь мокры – быццам на яго лінулі вадой з вядра… І нібыта ўзрадваўся прыходу катаў… І сьмяяўся, нават калі першая куля патрапіла ў ягоныя грудзі.

Ніякай жанчыны ў сутарэньнях, дзе адбыўся патаемны і хуткі расстрэл, вядома, ніхто ня ўбачыў. Пасьля пачалі рассказваць, што дух пана Міхала адправіўся на вышэйшы суд нераскаяным і ня можа пакінуць зямлі… І ягоны прывід сумна паглядаў з вокнаў ратушы цягам стагоддзяў... І калі тую ратушу нашыя нашчадкі адбудуюць – ён зноў будзе там.

Пан Беларэцкі скончыў аповед і пацянуўся да кубка з астылай гарбатай.

— Ну а зараз пан Андрусь стане нас запэўніваць, што дзяўчына, якая абразіла Валадковіча, была сьвіслацкай русалкай, — насьмешна пракаментаваў Улад. Фалькларыст паставіў кубак на стол і паважна адкінуўся ў крэсьле.

— Каментаваць міфы як рэальныя падзеі нельга, — прамовіў ён павучальным тонам, – Адзінае, у чым я перакананы – што ў аснове кожнага міфу, паданьня, легенды сапраўдныя падзеі, але часта скажоныя да непазнавальнасьці, як адлюстраваньне ў імклівым ручаі. Страшэнная трагедыя ператвараецца ў вясёлую казку пра Калабка. І, наадварот, за самымі таямнічымі і рамантычнымі легендамі хаваецца нешта будзённае і нават камічнае. Ведаеце, гэтак ідзеш па лясной сьцежцы і бачыш проста перад вачыма дзівосныя каралі з напоўненых залатым сьвятлом перлінаў... Аж сэрца зойме ад незямной прыгажосьці. Прыгледзішся — а гэта звычайнае павуціньне, пакрытае расой… Ды яшчэ дохлая казюрка ў ім вісіць.

— Ну, наконт дохлай казюркі замест рамантычных караляў гэта мы ўсе спазналі… — прамармытаў Улад, і чуйнае вуха Зосі ўлавіла за няўцямнымі словамі таямніцу, як вопытная гаспадыня па першым вуркатаньні вару пазнае, што гарбату трэба здымаць з агню.

— Уладзе, а ну расказвай, што зараз успомніў! Мы ж дамаўляліся – ніхто не адмаўчыцца.

Малады чалавек паціснуў плячыма.

— Вы будзеце расчараваныя. Ні двубою за чароўную даму, ні сустрэчы з прывідам я не перажыў. Мая гісторыя, вядома, будзе тэатральная.

Гісторыя пра начны сьпектакль у Менскім тэатры

Здарылася гэта са мною, калі я яшчэ сьвята верыў у рамантыку і ў тое, што тэатр – сапраўдны храм. Я пасварыўся з бацькам і сышоў з дому. Два гады заняткаў у студыі давалі падставу верыць, што жыцьцё маё складзецца цікава і слаўна, ня горш, чым у маленькага, адшуканага сапраўднымі бацькамі, лорда. Тады ў нашым гарадскім тэатры іграла антрэпрыза пана Г. Ня самая горшая, як я пасьля ўпэўніўся, але й нічым ня лепшая за іншыя местачковыя трупы. Герой-палюбоўнік з увесьчасна напудраным тварам і завітымі, як у Антыноя, кудзеркамі (ён паласкаў горла мятнай мікстурай – дзеля прыемнага паху і мяккасьці голасу); гераіня, падобная да высушанага аеру, у якім жыве крыклівая птушка бугай; субрэткі з вуснамі сардэчкам і марай пра шчодрага і непатрабавальнага купца першай гільдыі; комік з фіялетавым носам; сівагаловы “высакародны бацька” з надзвычайным уменьнем лаяцца з дапамогай медыцынскіх тэрмінаў, кшталту “Ах ты клісьцір няшчасны, трахеатамію тваю перытаніт”… Гэта быў сьвет штучны і цудоўны, грубы, прыніжаны – і высокі. Сьвет блазнаў і фігляраў, далучаны да вышэйшых ісьцінаў. Касьцюмы іспанскіх грандаў з грубага паркалю, упрыгожаныя распушанай вяроўкай і апырсканыя залатой фарбай… Кардонны месяц на прэнце і сасновая вада, якой палівалі сцэну перад кожным сьпектаклем, каб не ўздымаўся віхурай вечны пыл…

Я блытаўся за кулісамі, стараючыся як найчасьцей патрапіць на вочы рэжысёру, пану Рэўзару, мажному, як старасьвецкі буфет, дзядзьку з неверагодна пышнымі вусамі і сінім аксамітным бантам замест гальштуку, і быў неверагодна шчасьлівы, калі мне давяралі патаньчыць у натоўпе нямецкіх сялянаў, што сустракалі свайго герцага з крыжовага паходу, альбо пастаяць з пыльным, як вясковая дарога ў сухмень, апахалам ля трону ўсходняга цара. Атрымліваў я такія капейкі, што каб не пусьціў мяне таварышаваць Арцёмка Растаргуеў, артыст на другіх ролях і горкі прапойца, туліўся б я ў начлежцы ў Траецкім… Так, са шкляным богам здраджвалі пані Мельпамене многія ейныя служкі… Трупа страчвала чальцоў, як рота на полі бітвы. Тым больш час быў трывожны, пачыналася вайна, у горад увесь час сьцягваліся вайсковыя часткі, што давала тэатру публіку, але не дадавала веры ў будучыню. Адсутнасьць тае веры спраўджвалася зьнікненьнем у горадзе цукру, солі і мукі. Нават сьвечкі стала не купіць... Некалькі артыстаў мабілізавалі… Мне было сямнаццаць, але выглядаў я на ладнага дзецюка. І мне паступова пачалі даручаць ролі са словамі. Што, акрым гонару, давала права на атрыманьне дадатковага селядца ў пайку. Божа, як я ганарыўся і хваляваўся, як ночы цалюткія паўтараў ролю перад люстэркам… Асабліва мне падабалася іграць ролю вартавога ў “Гамлеце”. Таго самага, які распавядае прынцу аб зьяўленьні прывіду. На гэтым мой удзел у сьпектаклі не заканчваўся, я мяняў бутафорскую кірасу на камзол альбо расу і ператвараўся то ў прыдворнага на каралеўскім бале, то ў мніха, які ідзе за труной Афеліі, то ў воіна, які прыехаў з таямнічым Фартынбрасам… Адзін раз я нават быў самім гэтым Фартынбрасам, калі выканаўца ролі прыняў у антракце кактэйль, адным са складнікаў якога была добрая старадарожская самагонка. Вядома, я марыў пра славу… Ну ня можа быць, каб ніхто не зьвярнуў увагу, як я раскаціста вымаўляю “р” у слове “пр-рашу” і горда закідваю галаву… І калі аднойчы мае мроі спраўдзіліся, я нават не зьдзівіўся. Самавіты пан з чорнымі, завітымі ў колцы вусікамі, у такім элегантным шэрым касьцюме з ангельскага сукна, што, здавалася, сышоў з паштоўкі, пасьля чарговага прадстаўленьня перахапіў мяне за кулісамі з кампліментамі майму артыстычнаму тэмпераменту і тонкаму псіхалагічнаму малюнку ролі… Незнаёмец размаўляў па-руску з лёгкім акцэнтам. Чарнявы, тэмпераментны… Француз? Італьянец? Іспанец? Вядома, у душы я з усім, што прамаўляў мой гарачы прыхільнік, пагаджаўся, хаця дзесьці на ўскрайку сьвядомасьці сядзеў, як ушчэнт зьбяднелы карчмар на ганку пустой карчмы, сумніў: ці праўда ў маім “пр-рашу…” вібрыравалі сусьветныя эфіры? Але мы, нават пасталеўшы, ахвотней верым у прыемнае, чым ва ўласныя сумнівы.

Поделиться:
Популярные книги

Часовая башня

Щерба Наталья Васильевна
3. Часодеи
Фантастика:
фэнтези
9.43
рейтинг книги
Часовая башня

Прометей: владыка моря

Рави Ивар
5. Прометей
Фантастика:
фэнтези
5.97
рейтинг книги
Прометей: владыка моря

Переиграть войну! Пенталогия

Рыбаков Артем Олегович
Переиграть войну!
Фантастика:
героическая фантастика
альтернативная история
8.25
рейтинг книги
Переиграть войну! Пенталогия

Идеальный мир для Лекаря 17

Сапфир Олег
17. Лекарь
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 17

Страж. Тетралогия

Пехов Алексей Юрьевич
Страж
Фантастика:
фэнтези
9.11
рейтинг книги
Страж. Тетралогия

Развод, который ты запомнишь

Рид Тала
1. Развод
Любовные романы:
остросюжетные любовные романы
короткие любовные романы
5.00
рейтинг книги
Развод, который ты запомнишь

Сын Тишайшего

Яманов Александр
1. Царь Федя
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
фэнтези
5.20
рейтинг книги
Сын Тишайшего

Возвышение Меркурия. Книга 2

Кронос Александр
2. Меркурий
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Возвышение Меркурия. Книга 2

Измена. Тайный наследник

Лаврова Алиса
1. Тайный наследник
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Измена. Тайный наследник

Архонт

Прокофьев Роман Юрьевич
5. Стеллар
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
7.80
рейтинг книги
Архонт

Любимая учительница

Зайцева Мария
1. совершенная любовь
Любовные романы:
современные любовные романы
эро литература
8.73
рейтинг книги
Любимая учительница

Боги, пиво и дурак. Том 3

Горина Юлия Николаевна
3. Боги, пиво и дурак
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Боги, пиво и дурак. Том 3

Самый богатый человек в Вавилоне

Клейсон Джордж
Документальная литература:
публицистика
9.29
рейтинг книги
Самый богатый человек в Вавилоне

Часовая битва

Щерба Наталья Васильевна
6. Часодеи
Детские:
детская фантастика
9.38
рейтинг книги
Часовая битва