Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Ночы на Плябанскіх Млынах

Рублевская Людмила

Шрифт:

— Слухай, а што ў вашым доме яшчэ такое вось… ёсьць? – амаль з багавейным жахам спытаў Дароту Улад. – А то проста страшна робіцца. Раптам хто раскажа казку пра мёртвую галаву – а ты й прынясеш яе… На талерцы, як Саламея…

Абурэньне Дароты кашчуннымі словамі ніхто не пачуў – усе, нават пан Беларэцкі, кінуліся разглядаць і мацаць цмока. Пільны погляд выяўляў, што чучала вельмі старое, месцамі луска асыпалася…

— Бедненькі… — Зося пагладзіла сьвіслацкага цмока па чорнай сьпіне. На хвілю падалося, што ён завуркоча і замахае хвастом – Ной і Улад, напрыклад, мяркуючы па іхніх паглядах, паводзілі б сябе менавіта гэтак.

— А мне бабуля расказвала, што на Высокай гары, там, дзе цяпер Юбілейны рынак, жыў цмок самых што ні на ёсьць еўпрапейскіх памераў, — паведаміў

Ной. – І харчаваўся, як належыць – прыгожымі дзяўчатамі. Пакуль не натрапіў на тую, у якой меўся баявіты жаніх. Усадзіў той меч у цмокава чорнае сэрца… Але й сам быў сьмяротна паранены. Так іх і апусьцілі ў Сьвіслач – і цмока, і рыцара ў крышталёвай труне. Мы ў дзяцінстве ўглядаліся ў тое месца, і, здаецца, бачылі — на дне, з твані ўздымаюцца цмокавы рэбры…

— Вечна цмок ва ўсім вінаваты… — прабурчэў Беларэцкі. – Толькі аднойчы я чуў больш справядлівую выснову, лірнік сьпяваў на Ніжнім рынку: “Скуль узяўся той сьвяты Юры ды забіў нявіннага цмока”…

— А што здарылася з рыцаравай нявестай? — спытала Дарота. Ной паціснуў плячыма.

— Пра гэта гісторыя маўчыць. Або так і засталася нявестай, або выйшла замуж за іншага… Якія яшчэ варыянты?

— Я ведаю гісторыю пра адну нявесту… Толькі ня надта вясёлую гісторыю, — прамовіла Зося.

— Ну вось і раскажы! – узрадваўся Улад. — А то ўсе ўжо нешта распавялі, а вы, паненка, толькі з цмокам лашчыцеся.

Зося раззлавана фыркнула, але расповед пачала.

Гісторыя пра залатагорскую нявесту

Аднойчы да маці прыйшла заказчыца. Здарылася гэта цёмным восеньскім вечарам, калі голае гольле дрэваў адчайна цягнецца да шыбаў, і апошнія мокрыя лісты, сарваныя ветрам, стукаюцца ў шкло, нібыта самагубцы. Заказчыца была сухой і паважнай немкай нявызначанага ўзросту, у пляскатым капелюшы з маленечкім вэлюмам, нечакана задзірыста адкінутым набок – відаць, вецер пастараўся. Немка агледзела нашую кватэру, якая служыла адначасна і майстэрняй, але немагчыма было анічога прачытаць на ейным трохі мужыкаватым твары: ці яна пагарджала нашай беднасьцю, ці нічога асаблівага ў змушанай сьціпласьці кватэры ня бачыла? Заказ быў нечаканы: вясельная сукенка! Не, не для яе самой – наведніца нават пакрывіла вусны ў іранічнай усьмешцы, — а для дачкі яе гаспадароў, шаснаццацігадовай дзяўчыны. Вось і меркі ўсе ўжо зьнятыя – на аркушыку запісаныя…

Маці мая разгубілася – дагэтуль ёй не даводзілася шыць вясельныя сукенкі. Процьма швачак, аднак, менавіта гэтым і займаюцца… Тым болей за грошы, якія госьця прапанавала, можна было замовіць строй у самым шыкоўным атэлье на Губернатарскай!

— Разумееце, фрау, мы не хацелі б зьвяртацца ў вядомае атэлье! – крыху няёмкім голасам адказала немка. – Нам патрэбна, каб убор быў пашыты за двое сутак, фасон, упрыгожваньні – усё на вашае ўгледжаньне. І… каб пра гэта вы асабліва нікому не распавядалі.

Аванс быў літаральна ўпіхнуты ў матчыны рукі…

— А дзе адбудзецца вянчаньне? – пасьпела толькі спытацца матуля. Немка трохі прамарудзіла з адказам:

— У касьцёле на Залатой Горцы, фрау. Я прыду па заказ у суботу раніцай.

Ці трэба казаць, што маці паставілася да замовы з пэўнай насьцярогай, і лічыла, што ўвязалася ў нейкі грэх, а я – наадварот – з захапленьнем. Вядома, я ўсё ўявіла да драбніцаў. Верная прыслуга заказала вясельную сукенку для сваёй маладой гаспадыні, якая наважылася на забаронены бацькамі шлюб… Гэта будзе таемнае вянчаньне. Жаніх, вядома, небагаты. Але страшэнна прыгожы, таленавіты і адважны. І сама паненка ня менш прыгожая і адважная… Як мне хацелася, каб сукенка атрымалася як мага лепей! Але маці і так завіхалася напоўніцу – яна была сапраўды выдатнай швачкай… Каб менш старалася дагадзіць заказчыкам – дык, можа, ня ўбіліся б пасьля тыя сухоты. Бялюткі шоўк з вытанчаным узорам з лілеяў, карункі, ружачкі з атласу… А мне ўсё здавалася, што, каб яшчэ пару дзён – якую прыгажосьць можна было б стварыць! Я абмётвала швы ўсю ноч – я ж гадоў з пяці, як толькі навучылася трымаць у руках іголку, дапамагала маці, таму цяпер ненавіджу ўсялякае шытво і вышываньне. Прыўносіла ў фасон свае фантазіі –

дзе дадам перлінак, дзе прызьбяру карункі, так, як бачыла ў краме на Ратушнай плошчы… Напрыканцы, калі ўжо ўсё было гатова, я падышла да белай прывіднай постаці – у сьвятле сьвечкі здавалася, што сукенка на кагосьці апранутая, і белая постаць вось-вось зрушыць з месца… Я яшчэ раз ва ўсіх драбніцах уявіла, як заўтра апране гэты ўбор, хаваючыся ад сьвету, прыгожая бледная дзяўчына, як выйдзе з чорнага ходу да экіпажу, дзе ўжо чакае жаніх – можа быць, гусар, нашчадак зьбяднелага роду, можа, малады паэт… У касьцёле – нікога, акрым сьведкаў, ніякага пышнага вясельля… І мне захацелася яшчэ чым-небудзь дадаць бляску таемнаму вянчаньню. Я зьняла з шафы матчын куфар для ўсялякіх бліскучых драбніцаў, сапраўдную скарбніцу Аладзіна, з брошкамі, кветкамі, барсэткамі, дастала лілею са штучных перлінаў – у дзяцінстве я любіла з ёю гуляцца, і прышпіліла яе на карсет сукенкі, там, дзе сэрца.

Але калі я нараніцу прачнулася, аказалася, што сукенку ўжо забралі – я прапусьціла самы цікавы момант, калі можна было паназіраць, параспытвацца… Маці толькі сказала, што прыйшла тая самая немка – ні сьвет, ні зара, заплаціла – і зьнікла…

І трэба ж было такому стацца, што назаўтра маці дастала з шафы свой зялёны куфар і пачала перабіраць бліскучыя цацкі –спатрэбілася нейкая пацерка для чарговай кофтачкі… Чамусьці ў матчыным голасе, калі яна спытала пра лілею, была сапраўдная трывога… Я, вядома, ня стала нічога хаваць – бо ня бачыла нічога кепскага ў сваім учынку. Але… Аказваецца, брошку падарыў маёй бабулі мой дзед, яна была на вясельнай сукенцы маёй маці… Карацей, я спляжыла сваю спадчыну (цана якой пяць капеек, як я пракаментавала ў думках), і яе належала вярнуць разам з дарагімі ўспамінамі.

Маці па-сапраўднаму ўзрушылася, спрачацца было ня варта… Урэшце, мне дзесьці ў душы і самой было цікава зноў дакрануцца да гісторыі з таемным вясельлем. Варта ўявіць сябе Натам Пінкертанам – ня сьмейцеся, я тады старанна зьбірала ўсе гэтыя брашуркі народнай бібліятэкі з прыгодамі вялікага сышчыка – і таямніца раскрыецца. Немка сказала, што вянчаньне мусіла адбыцца ў Залатагорскім касьцёле ў суботу. Значыць, я даведаюся імёны жаніха і нявесты.

Але ў касьцёле сухенькі служка з вострым, як дзюба, носам гэтак жа суха і востра паведаміў мне, што ніякага вянчаньня ў суботу не было. Я разгубілася, а потым западазравала востраноса ў няшчырасьці: вядома ж, вянчаньне таемнае… Але асьцярожныя роспыты прыкасьцёльных бабулек таксама анічога не далі…

— Ну якое ж вянчаньне, дзетухна! – ледзь не са спачуваньнем прамовіла сухенькая бабулька ў чорнай хустцы, падобная да манашкі. — Адпявалі ўчора… Такую ж маладзенькую дзяўчынку. Як ты…

Другая бабулька, у старасьвецкім каптуры, з падсьлепаватымі, але ўсё яшчэ сінімі вачыма, мітусьлівая, як лясная птушка, умяшалася:

— Так, так, прыгожанькая такая дзяўчынка… Анёльчык… Часта сюды хадзіла… У вясельнай сукенцы хавалі, дык яна, як каралеўна, ляжала. Уся ў кветках, у карунках. Пальчатачкі белыя-белыя. Сукеначка з фальбонамі, тканіна ўся ў лілеі… Бедная дзяўчыначка… Пасьлізнулася на мосьце, што праз Лошыцу, упала – а там калы ў дно панатыкалі… Гэта няйначай Лядашцік акруціў, злы дух.

— Не Лядашцік, а русалкі! У Лошыцы русалкі водзяцца! – заспрачалася другая бабулька.

— Якія русалкі ўвосень? Лядашцік! Шэўрадзь гэты аднавокі асабліва жанчын ненавідзіць і дзяўчатак, паглядзіць вокам сваім – і розум скручвае… Чаго б дзяўчаці з мосту падаць?

Тым часам другая старая пачала доўгае, нібы восеньскі вечар, разважаньне пра тое, каго Гасподзь паклікае да сябе першым, але я амаль ужо гэтага ня чула. Усе мае фантазіі разьляцеліся, як пялёсткі штучнай ружы, з якой няўмелая рука сарвала нітку… Шчасьлівая нявеста, жаніх прыгажун… А насамрэч казачная шаўкова-карункавая гожасьць і матчына брошка – тут, побач, пад слоем зямлі, вільготнай і цяжкой, як сама незваротнасьць. Цяпер зразумела чаму зьвярнуліся да беднай швачкі, а ня ў моднае атэлье – ніхто ня хоча азмрочваць настрой заказчыц, якія могуць даведацца, што побач з іхнім сімвалам шчасьця шылі ўбор для нябожчыцы. Чуткі ў мястэчку разносяцца хутка…

Поделиться:
Популярные книги

Боярышня Дуняша 2

Меллер Юлия Викторовна
2. Боярышня
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Боярышня Дуняша 2

Матабар. II

Клеванский Кирилл Сергеевич
2. Матабар
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Матабар. II

Душелов. Том 2

Faded Emory
2. Внутренние демоны
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
аниме
5.00
рейтинг книги
Душелов. Том 2

Сумеречный Стрелок 2

Карелин Сергей Витальевич
2. Сумеречный стрелок
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Сумеречный Стрелок 2

Чайлдфри

Тоцка Тала
Любовные романы:
современные любовные романы
6.51
рейтинг книги
Чайлдфри

Попаданка в Измену или замуж за дракона

Жарова Анита
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.25
рейтинг книги
Попаданка в Измену или замуж за дракона

Новый Рал 4

Северный Лис
4. Рал!
Фантастика:
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Новый Рал 4

Ведьмак (большой сборник)

Сапковский Анджей
Ведьмак
Фантастика:
фэнтези
9.29
рейтинг книги
Ведьмак (большой сборник)

Сочинитель

Константинов Андрей Дмитриевич
5. Бандитский Петербург
Детективы:
боевики
7.75
рейтинг книги
Сочинитель

Глинглокский лев. (Трилогия)

Степной Аркадий
90. В одном томе
Фантастика:
фэнтези
9.18
рейтинг книги
Глинглокский лев. (Трилогия)

(Бес) Предел

Юнина Наталья
Любовные романы:
современные любовные романы
6.75
рейтинг книги
(Бес) Предел

Адмирал южных морей

Каменистый Артем
4. Девятый
Фантастика:
фэнтези
8.96
рейтинг книги
Адмирал южных морей

В тени пророчества. Дилогия

Кусков Сергей Анатольевич
Путь Творца
Фантастика:
фэнтези
3.40
рейтинг книги
В тени пророчества. Дилогия

Товарищ "Чума" 2

lanpirot
2. Товарищ "Чума"
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Товарищ Чума 2