Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Пад сінім небам

Арсеньева Наталья

Шрифт:

Шчасьце

Вершаванае апавяданьне
Хтосьці па лесе ідзе і сьпявае, Хустка між соснаў высокіх бялее, Песьня зьвініць, як згубіўшы надзею, Сонцу і небу укор пасылае… Сонца усходзіць… Зьбялеўшыя зоры Тонуць у рожавым полымі-моры, Ў чырвань малююцца соснаў вяршыны, Рожавай робіцца мгла над лагчынай. Ў лесе паўцёмна. Ільлёвыя змрокі Ў гушчы хаваюцца соснаў высокіх. Бор, прачынаючысь, ціха шапоча Сны-маячэньні канаючай ночы. Хтосьці па лесе ідзе і сьпявае, Небу і сонцу жальбу пасылае: — «Хто ў нас з заранкай на поле выходзіць, Сілы за працай цяжкой пераводзіць? Эх, сірацінка так раніцай ходзіць, Буйныя сьлёзкі на постаць раняе, Горкую долю сваю праклінае! Хто ў нас палуднем на ніўцы хінецца, Дробнымі сьлёзкамі плача-ільлецца? Эх, сірацінка так з працаю б'ецца, Белаю ручкаю пот уцірае, Сьпіну да чорнай зямлі нагінае, Горкую долю сваю праклінае…» Цяжка на сьвеце, ой цяжка, бяздольнай, Хочацца волі шчасьлівай, раздольнай, Хочацца ласкі, а людзі сьмяюцца, Людзі чужыя ваўкамі здаюцца.
*
Матка Галіны ў рацэ утапілася, Бацькі ня ведала нават дзяўчына… Так і расла, бы ў лагчыне каліна, Доля інакшая Гальцы ня сьнілася. Людзі ўзялі сірату, ўзгадавалі, Людзі кармілі… А болей што… годзе… Болей дасьць Бог, кажуць гэта ў народзе Дзеці дражнілі… Пасьля перасталі. Думнай дзяўчынай Галіна ўзрастала, Год за гадом прыгажэй расьцьвітала: Цёмныя косы, ружовыя шчочкі, Вочы-пралескі ці два васілёчкі, Белыя, гладкія рукі і плечкі, Голас, бы плюскат крынічанькі, рэчкі. Толькі маркотна жылося дзяўчыне, Плакаць штоноч выпадала Галіне: Воля, вядома, сірочая воля, Мачыхай злою была яе доля. Моўчанькі Галя ўсе крыўды цярпела, Жаліцца на'т у душы ня умела… Толькі любіла уночы сядзеці, Ў цёмнае неба з тугою глядзеці, Зоркі лілі у душу маладую Нейкую цішу і згоду сьвятую… Год за гадом хвойкай вырасла Галя… Вернай нядзелькай семнаццаць мінула, Праца цяжкая яе не сагнула: Стала вышэйшаю, — косы — як хваля… Сьлёзы вачэй-васількоў не згасілі, Шчокаў ружовых ня зьмялі, ня змылі, Крыўды надзеі ў людзей не зламалі, Злога ня ведала сэрцайка Галі…
*
Хтосьці па лесе ідзе і сьпявае — Гэта Галінка чаромху ламае. Ў лесе на краю зялёнай паляны, Сьветлай расой, як сьлязамі прыбранай, Сонца з-за цёмнага бору ірвецца, Скора імгла над зямлёй распаўзецца, Цень, між камлёў пасплятаны, вузорны, Сіні, халодны, мясцамі йшчэ чорны, Зьнікне у золаце раньняга сонца, Ў ласках вясеньніх, гарачых бясконца… Ходзіць дзяўчына, чаромху зрывае, Песьню маркотную ціха сьпявае, Ходзіць і ходзіць… а дрэвы дарогу Моўчкі ёй кажуць да гушчы ў разлогу, Кажуць дарогу да тоні-балота, Тоні, дзе сонца блішчыць пазалота Ў плямах рудое, іржавай вадзіцы, Тоні, аер дзе зялёны хіліцца, Качкі ўюць гнёзды, маленькіх выводзяць, Дзівы дзе лес гулам жудасным родзіць. Там, над балотам, як чула Галіна, Рэшткі згніваюць старуткага млына, Мхом зарастаюць, а ў ім, між асокі Век дажывае млынар адзінокі. Можа зайсьці варажыці? Ён мае Сілу дзіўную і моц нялюдзкую, Чортаву, кажуць… вужакаў гадуе, Лечыць, варожыць, урокі зьнімае. Сэрцайка Галі калоціцца, б’ецца, Так-бы дамоў і пабегла, здаецца. Ціха ідзе па імховай пасьцелі, Твар пахаваўшы ў чаромхавай белі. Холад іголкамі колець у грудзі, Вось і балота… Хай будзе, што будзе…
*
Госьцю стары чараўніча вітае, Зь дзіўнай усьмешкай яе аглядае. Белы, высокі, калматыя бровы, Ссушаны твар, пажаўцеўшы, васковы, Белая вопратка, пояс сатканы Зь ніцяў грубых, кутасамі прыбраны, Лапці зь ліповага лыка, аборы… Самае дзіўнае — вочы, як зоры, Цёмныя, цёмныя — неба уночы. Ўсё пахаваюць, што знае, што хоча, Добрае, злое, насьмешку ці ласку, Долю
праклятую, долю, як казку,
Нейкі агонь у тым поглядзе дзіўным. Голасам ціхім, глухім, зауныўным Госьцю стары чараўніча вітае, Што яна, красная, хоча, пытае. Шэптам штось кажа старому Галіна. Шчокі зьбялелі, бы сьнег, палатніна, Хоча аб долі сваёй запытацца, З будучым часам таемным спазнацца. Мо' ужо любіць дзяўчына кагосьці, Мо' ўжо заняў яе сэрцайка хтосьці? Не, не аб тым, пэўна, кажа Галінка, К дзеду схіліўшысь, бы ў полі калінка. Любіць… ня любіць… а трудна прызнацца, Сэрца даўно пачынае мо' рвацца, Хочацца ўсё, усё выліць, сказаці — Сорамна неяк, ну й трэба маўчаці… Моўчкі стары чараўнік адыходзіць, Кій свой бярэ, кола кіем абводзіць, Коўшык прыносіць сьцюдзёнай вадзіцы, Жменю ў ваду сыпле чорнай зямліцы, Кажа дзяўчыне у коўшык глядзеці, Золкі прыносіць тым часам ды з клеці, Крышыць іх, сыпле таксама ў вадзіцу, Ў коўшык, куды і Галіна глядзіцца. Ціха у чорнай закуранай хатцы… Моўчкі стары пачынае хістацца, Штосьці нячутна і глуха шапоча, Доля-нядолю пытае, прароча: — «Ўстану я і вайду ў лес-бор паволі, Зь лесу-бору выйду ў чыстае поле Сьпінаю устану я там да заходу, Стану чыстым тварам я да усходу…» Слухае Галя… чуць дыхае… душыць… Звон быццам б’е, аглушаючы, ў вушы… Круціцца хата… Туман ад парогу Ўстаў… спавівае… ня помніць нічога… Шэпча вядун і ў ваду заглядае, Зёлак у коўшык сухіх падсыпае, Сыпле і кажа ціха, паволі, Жудасна, глуха, што далей, то болей: — «Абвяжуся я хмарамі сівымі, Падпаяшуся ранічнай зарою, Паабтычуся зоркамі малымі, Абмачуся чыстаю расою, Абсушуся сонейка касою…» Шэпча ўжо толькі губамі аднымі Тайну вялікую… водзіць вачымі… — «Ні зьмяніць тых слоў, ні даказаць нікому, Ні старому чалавеку, ні малому, Іх замкну я дзесяцьцю ключамі, Зачыню я дзевяцьцю замкамі, А ключы па лесе раскідаю, Ў ціне возера-балота пахаваю…» Скончыў… Прамовіў вялікія словы, Словы апошнія ўжо, ключавыя. — «Будзеш шчасьліваю», кажа Галінцы, «Дзякуй кажы тэй шчасьлівай хвілінцы, Як радзіла да жыцьця цябе маці, Лепшае долі людзём не спазнаці.» Кажа стары так, яе аглядае, Зь дзіўнай усьмешкай у твар заглядае. Дзіўна дзяўчыне… Крывёю гарачай Ўся залілася і ледзьве ня плача… Хлеба ня мае, каб дзеду падаці, Яек і сыру сіротцы дзе ўзяці? — Краскі чаромхі яна сарамліва Дзеду дае і бяжыць палахліва Вузкаю сьцежкаю ў вёску ціхую Зноў працаваць на сямейку чужую… Сонца, што ўстала, усьлед ёй сьмяецца, Сэрца дзяўчыны калоціцца, б’ецца. Верыць, ня верыць ёй сонейка ласкам, Тэй варажбе, чараўнічым тым казкам? Мгла распаўзлася, радзее і тае, Сьветласьцяй раніца Галю вітае. Звонкая песьня да сонца ільлецца, Сэрца шчасьлівым прадчуцьцем ірвецца.
*
Доля і шчасьцейка, хто вас пазнае, Тайну жыцьця на зямлі адгадае? Шлеце надзеі і вабіце марай, Нам дакляруеце шчасьце, а хмарай Наша жыцьцё спавіваеце, б’еце Сэрца штодзень, адпачыць не даеце. Жыта на ніве яшчэ не дажалі, — Галю ў гаёчку за вёскай хавалі. Доўгае жыцьце ёй доля давала… Эх, на гадочак яго не дастала. Стаяла ў тыдзень, бы ў цэркаўцы сьвечка, Хутка схудзелі і шчокі і плечкі, Вочы-пралескі зусім патускнелі, Косы адны, як вясною, цямнелі. Моўчкі дзяўчына цярпела, хварэла, Моўчкі, нячутна яна дагарэла. Ўсё варажбу у паўсьне ўспамінала, Шчасьця і будучай долі чакала, Лес ўспамінала, і сонца, й фіялкі, Ўдаль ўсё глядзела паглядам русалкі. Верыла Галя, што шчасьце ўжо блізка, Так і сканала, як сонейка нізка, Нізка стаяла і першыя зоры Ўжо запаляліся ў небным прасторы…
*
Доля і шчасьцейха, хто-ж вас пазнае, Вашую тайну хто зглыбіць, хто знае?

Сны

Граюць гусьлі-самагуды, Песьня-скарга з струнаў рвецца, То — бы родзіць сны-прычуды, То — адразу абарвецца… То — нясецца стогнам смутным Над паснулымі лясамі, То — зьнікае дзесь нячутна За вазёраў паясамі. Поўна дзіўнае задумы Ў далях будзіць адгалоскі… I плыве, радзіўшы сумы, Тая песьня зь вёскі ў вёскі… Як бяз сонца не пражыці, Без начы ня знаць спакою, — Так бязь песьняў цяжка жыці Ўрань і позьняю парою. Зь песьняй можна злой часінай Смуткі выліць, плакаць, рвацца, Разам з стайкай жураўлінай Ў край чужы ляцець, сьмяяцца… Кажуць казкі: прад вякамі Не радзілісь вольна песьні. Думкі вострымі цьвякамі Рвалі сэрцайка балесьне. Чалавек, пяюньні — птушкі, Не пяялі, залівалісь, Спалі песьні-весялушкі, Словы ў сэрцах пахавалісь… Пахавалісь… ды паволі Ўсе расьлі яны і ўрэшце, Ўрэшце вырвалісь зь няволі, Зазьвінелі: «сэрца цешце! Вылівайце моц каханьня, Каб усе вас зразумелі, Вылівайце ў гэтым граньні Ўсё, што моўчанькі цярпелі!» Й песьні-скаргі, песьні-думы, Песьні жарты-сакатушкі, Паплылі, радзіўшы шумы, Заліваючысь, як птушкі… Граюць гусьлі-самагуды, Песьня-звон са струнаў рвецца. То — бы родзіць сны-прычуды, То — адразу абарвецца…
*
«Дзесь за морам-акіянам Ёсьць старонка дум няясных, Сноў прыгожых, зорак ясных. Ў полі, сонцам абліваным, Ў тэй старонцы прамяністай Ёсьць высокі белы хорам… Прыгаством, красою чыстай Там, падобны ясным зорам, Расьцьвітаюць у сьвятліцы Пяць дзяўчынак, пяць сястронак: Стан прыхільны, гібак, тонак, Мараў чар з вачэй глядзіцца, Твары белыя, а косы — Зьзяньне месяца палосаў… Ткуць дзяўчына, ткуць ад раньня, Ткуць вузоры срэбнай пражы… Хто зь іх песьню, казку скажа, Хто пачуець птушкаў граньне Ў час вясеньняга сьвітаньня, Хто зь іх выйдзе у садочкі Дзе стаяць чаромхі ў белі, Дзе ў пагожыя нядзелі Сонца ўе сабе вяночкі… Ткуць дзяўчыны, нахіліўшысь Над дубовымі станкамі Залатымі абрусамі, Паясамі з срэбра, зьвіўшысь, З-пад рукі плывуць умелай Ніці золата старога, Срэбра, шоўку ценявога, Воўны чорнай, воўны белай… Ткуць дзяўчыны у пакоры Шматкалёрныя вузоры… Іх цалуе ясна сонца, Заглядаючы ў ваконца, Ім сьпяваюць салавейкі Свае песьні срэбналейкі. А вясёлых думкаў хоры, Тых, што век ня знаюць гора, Устаюць і вабяць: “Годзе, Годзе, шэпчуць, працаваці, Ябрусы шаўковы ткаці, Пагуляйма на свабодзе!” Ткуць дзяўчыны сны у кроснах, Сны прыгожыя, ціхія. Ў іх і зоркі залатыя Заплятаюць кветкі з росных Сенажацяў, і праменьні Сонца сьветлага, і цені… І хавае ноч зайздросна, Ўсё, што выткана у кроснах…
*
Сны тчэ першая дзяўчына, Шматкалёрных сноў тканіны: Сны вясёлыя, як дзеці, — У ружовых ніцяў сеці; Сны гарачыя каханьня — Ў чырвань яркую згараньня. Крые нудных сноў тканіны Ніткай шэрай павучыны, Затыкае сны, як казкі Ў мілы тон пралескі-краскі, А сувоі сноў прыгожых — Крые беляй белых рожаў. Тчэ другая па калеі Чуць-зялёны шоўк надзеі… Тая — сіняй грой адценяў Тчэ чароўнасьць лятуценьняў, Гэна зноў, ў правідным ценю, Разлажыўшы на калені, Чорным шоўкам, срэбрам старым Ўсьцяж пляце начныя мары… А астатняя маўкліва Заканчае ночы жніва: Хваляй белых аксамітаў Тчэ спакой душы, ўжо сытай… Ткуць дзяўчыны, ткуць сястрыцы Ўсё, што можа нам прысьніцца, І, зайздросна ноч хавае Ўсё, што з кроснаў выплывае…
*
А як згасьне дзень між хмараў Туманы спаўюць зямліцу, — Ноч нясе ў імглу абшараў Ўсё, што выткана ў сьвятліцы… Шляхам месячных праменьняў, Пуціной дрыжачай зораў, На зямлю, у сьвет імкненьняў Йдзе з-за сьветавых прастораў І распальвае настроі Бліскавіцаю між хмараў, Разьвівае сноў сувоі, Расплятае ніці мараў. Ўсіх замучаных, прыстаўшых, Ўсіх, спрагнёных адпачынку, Шчасьця ў шэры дзень ня знаўшых, — Заварожыць на хвілінкі. Хай забудуць дзень галодны, Хай у сьне зазнаюць ласкі, Заліе іх горам зводным, Занясе ў краіну казкі.. Ўсю зямлю крылом абыйме, Закалыша, залюляе, З сэрцаў важкасьць гора здыйме, Боль вясьняным сьнегам стае… I над змучаным паэтам Затрымаецца… схінецца… А назаўтра сьпеў пальлецца, Сьпеў, што вытканы за сьветам»…

Тры браты

Народнае апавяданьне

I

Тры браты канёў сядлаюць І бацькоў перапрашаюць Прад абразам на каленях Просяць іх багаслаўленьня. Брат найстаршы — паляўнічы, Што ў бары дзічыну ліча, I сярэдні брат — араты, Што пільнуе поля й хаты, I малодшы брат — поэта, Закаханы ў гожасьць сьвету. — Праз бары, яры, затокі Едуць сёньня ў сьвет шырокі Па прыгожую дзяўчыну, Жонку, любку, гаспадыню. Тры браты, дубы у полі, Галавой сягаюць столі, Як асілкі маюць грудзі Й не жанаты… Кажуць людзі: — “Час даўно ўжо, што й казаці, Мець бацьком нявестку ў хаце: Покуль з жыцьцем разьвітацца, Ўнукаў хочацца даждацца!” Ў дзень прыгожы, яснавокі Едуць брацьці ў пуць далёкі. За сялібай, над ракою Лёс кідаюць: хто кудою? Старшы брат зьвяртае ўправа, Праз чароты, ціну става Ў бор кіруецца, што з хаты Чуць відаць, як пас зубчаты. Срэдні — з песьняй удалою Едзе проста прад сабою, Едзе ўдаль, дзе каласіцца Мора срэбнае пшаніцы. Меншы — ўзяць уліва хоча, Бо там шчасьце лёс прароча, Дзе ў вадзе цьвітуць лілейкі, Божы краскі-самасейкі, Дзе ў бязьмежнасьць вабяць далі, Дзе так ясны сонца хвалі! Едуць, едуць, ад’яжджаюць, Чуць відаць, зьнікаюць, таюць… Толькі пыл яшчэ клубіцца Ды калышацца травіца На пяшчыстай на сьцяжынцы, Ля бацькоўскага дзядзінца.

ІІ

Ўецца вузкая дарога Каля лесу, ля густога. То крутнецца у лагчыну, То завернецца ў гушчыну, Абыходзіць елак сплёты, Праз дрыгву йдзе, праз балоты. Едзе старшы брат вясела, Бор шуміць-гудзе наўкола, Сіні цень яго хавае, Сонца косы раскідае, Шэпчуць хвойкі маладыя, Байкі, казкі залатыя, Павявае пах маліны, Ўспамінае чар дзяўчыны. Ўецца вузкая дарога Ў моры жыта залатога. То — управа крутанецца, То — уліва павярнецца, Абыходзіць сенажаці, Йдзе праз грэблі і праз гаці… Едзе срэдні брат ахвоча, Едзе ўдзень і едзе ўночы: Ясна сонца яго грэе, Прахалодай вецер вее, Жыта шэпча яму казкі, Навяваюць думкі краскі, Чырванеючы ў травіцы, Аб дзяўчыне-чараўніцы. Ўецца вузкая дарога Каля возера ціхога… Абыходзіць мора кветак, Стужкай ўецца праз палетак Ў даль нязнаную, дзе горы Ў неба гінуць сінім моры. Едзе меншы брат, сьпявае, Песьняй божы сьвет вітае. Яму шле праменьні сонца, Вабіць цень густы ў старонцы, Неба, сонца, хмаркі, дрэвы, Пчолаў гуд і птушкаў сьпевы, Матылі на канюшыне Ўспамінаюць аб дзяўчыне…

III

Ў чыстым полі пры каліне Тры крыжуюцца дарогі. На растані — крыж убогі, Студня, плот, садок і хатка, А у хаце — дзеўча з маткай. А й харошая-ж дзяўчына — Сінявокая Галіна! Яе вочы — дзьве пэрлінкі, Як дзьве раньнія расінкі, Яе косы — жыта хвалі, Што на сонцы дасьпявалі, Яе вусны, як маліны, Стан, як стромкі ствол сасьніны, Голас сьпеўны, пераліўны Будзіць сум і вабіць дзіўна… Старшы брат мінаў ураньні Крыж і хатку пры растані. Да крыніцы, дзе каліна, Па ваду ішла Галіна. Йшла, ішла, яго спаткала, Усьміхнулася, і стала… Старшы брат вачэй ня зводзіць, Кроў баржджэй у жылах ходзіць, Сэрца б’е, бы птушка ў клуні Й, сьмяючыся да красуні, Ён назад каня вяртае, Бо знайшоў, чаго шукае Сватам верне да дзяўчыны, Ў якой вусны, як маліны. Срэдні брат быў упалудні Каля хаткі, каля студні: З вязкай сьвежай канюшыны З поля, з працы йшла Галіна. Йшла, ішла, яго мінула, Абярнулася й зірнула… Хлопец стаў. З чароўнай сілай Сэрца шчырае забіла. Штосьці сэрца просіць, хоча, Й, на дзяўчыну ўзьвёўшы вочы, Ён назад каня вяртае, Бо знайшоў, чаго шукае: Сватам вернецца да Галі Ў якой косы — жыта хвалі… Меншы брат быў на заходзе Каля хаткі пры гародзе. З сенажаці, з лугавіны Гнала ужо кароў дзяўчына; Йшла, ішла, яго сустрэла I пагляд спаткала сьмела. Меншы брат уздрыгануўся, Да дзяўчыны ўвесь рвануўся. Мары, сны адбілісь сэрца На твары, як у люстэрцы: Ўвесь ня свой — назад вяртае, Бо ўжо сон — на яве мае: Сватам верне да Галінкі, Ў якой вочы, як пэрлінкі.
*
На дзядзінец узьяжджаюць Тры браты, бацькоў вітаюць, Просяць іх багаслаўляці, На вясельле людцаў зваці. Тры банкеты, тры вясельлі Справіць бацька да нядзелі, Тры красуні, тры дзяўчыны Ўвойдуць заўтра да радзіны.

IV

Яшчэ сонца ня вітае З-за кароны цёмнай гаю, Яшчэ ў лесе, у гушчары Туману клубяцца хмары, А ўжо перад старшым братам Ясны сокал ляціць сватам, Ляціць сватам да Галіны, Ў якой губкі, як каліны. Яшчэ сонца ня відаці Над мурогам сенажаці, Яшчэ кропелькі расіцы Жутла зьзяюць на пшаніцы, — А ўжо перад срэднім братам Мал жаўронак ляціць сватам, Ляціць сватам ён да Галі, Ў якой косы — жыта хвалі. Яшчэ сонца не сьмяецца, Бліск з нябёсаў ня ліецца Яшчэ толькі гаснуць зоры, Сьпяць у лесе птушкаў хоры,— А ўжо прад малодшым братам Салавейка ляціць сватам, Ляціць сватам да Галінкі, Ў якой вочы — дзьзе расінкі. Старшы брат выкуп багаты За любую ўносіць ў хату: Многацэнных кунаў скуры, Гарнастайкі, собаль буры, Мёд пахучы, бурштыновы, Бору, соснаў пах здаровы. Срэдні брат у хату зносіць Выкуп свой, прыняці просіць: Раскладае зьвіткі лёну, Жыта з роднага загону, Воўну белую, пшаніцу, — За дзяўчыну-чараўніцу. Меншы брат з каня зьлязае, Йдзе у хату і выймае Златалітыя пярсьцёнкі, Што з чужой прывёз старонкі, I пытаецца, як ласкі, Аб дзяўчыне сваей казкі.
*
Так у хаце пры растані Брацьці зьехаліся ўраньні. На сябе яны зірнулі, Дзіўна твары адвярнулі, Усьмяхнуліся панура… Ой, там будзе, будзе бура, Бо няма вастрэйшай звадкі, Як з-за дзеўчыны-загадкі!

V

Сумна, сумна, як каліна Ўвосень дождж з галін страсае. Сумна, сумна, як дзяўчына Дробны сьлёзы вылівае: — “Ой, чаму, чаму я, маці, Сьлёзы мушу праліваці? Каб была я сонцам ясным, Каб была я ветрам буйным, Каб была імглою раньняй, Каб была крыніцай тою З жыватворнаю вадою, — Я-бы любых абагрэла, Абсушыла-б суха цела, Абхінула-б мглою белай, Аджывіла-б думкай сьмелай!” Так заводзіць прычытаньні Дзеўча ў хатцы на растані, А у полі вецер вее, Дробны дождж над полем сее… Сьпяць браты у сьне глыбокім Пры кургане, пры высокім. Іх і дождж сьцюдзёны мочыць, Ім і сонца паліць вочы, Іх і вецер буйны сушыць, І каршун парой варушыць, Груганьнё кругом лятае, На грудзёх у іх сядае, I вочы дзюбай заглядае… Што-ж так моцна там паснулі? Ці-ж і граганьня ня чулі? Ці-ж іх сонца ня збудзіла? Й навальніца не змачыла? Ой, дарма чакаеш, бацька, Трох сыночкаў да нядзелі На гучное на вясельле! Ў жменю лепш вазьмі лшаніцы, Пасей яе па вадзіцы, Як пшаніцу пазжынаеш, Тады дзетак прычакаеш: Бо навекі ўжо, відаці, З-за харошага дзяўчаці Паляглі ў крывавай бойцы Тры браты, тры братабойцы!

Лебядзінае возера

— «Тут былі калісьці лясы цёмныя, Цёмныя былі яны, высокія, Возера ляжала тут нямалае, Возера ляжала лебядзінае. Ў возеры тым жыў сам лебядзіны цар, Жыў ён, цар, з малымі лебядзёнкамі, Жыў ён, цар, з лябёдачкамі белымі. Ой, было лябёдкам тут раздоліца, Згодна яны жылі, ціхамірненька, Ў возеры адны яны купаліся, Крыльлейкамі ў хвалях паласкаліся, Ды прышоў канец іх жыцьцю вольнаму, Ды прышоў канец, ужо ня вернецца. Людзі неяк раз там заблуталіся, Людзі неяк раз там лебядзёў знайшлі. Ціха яны к возеру спускаліся, Стрэлы павыцягвалі калёныя, Лукі панацягвалі кляновыя, Білі яны стрэламі сівых лебядзёў, Білі іх у пёркі, ў грудзі белыя, Цэліліся ў голавы іх буйныя, Ўсіх забілі жоначак — лябёдачак, Ўсіх забілі лебядзёў — маленечкіх, Цэліліся людзі ў самаго цара, Ў гэтага ў цара у лебядзінага. І казаў тады ім лебядзіны цар: — „Гэй вы, людцы, людзі неразумныя, Лукі вы навошта панацягвалі, Стрэлы вы навошта слалі ў возера, Усіх забілі дзетак маіх дробненкіх, Ім, лябёдкам белым, узялі жыцьцё? Будзьце-ж вы, людцы, навекі прокляты, Прокляты за сэрцайка каменнае, Шчасьця вам ня знаці супакойнага, Птушак як пабачыце, — успомніце: Будзе вам хацецца іх губіці, біць, Будзе вам хацецца, як яны, лятаць…
А і хто яшчэ на гэтым возеры
Лебядзя заб’е — ці так, ці з умыслу, Лебядзя заб’е ці каляной стралой, Ці так скруціць шыю яму белую, — Хто заб’е, той сам памрэ у возеры: Ня губі, злы, жыцьця лебядзінага!“
Так сказаўшы, выплыў цар сярэдзінай, Выплыў, паабтрос ён пёркі белыя, Узмахнуў крыламі лебядзінымі, Пахаваўся ў чыстым сінім возеры. Выйдзе ён, як людзюхны зьвядуцца ўсе, Выйдзе ён з-пад возера глыбокага, Узмахне крыламі бела-белымі, Прызаве жанок сваіх лябёдачак Са дзяцьмі малымі, лебядзёнкамі, Будуць над людзямі яны суд судзіць, Суд-судзіць над імі і адказ прасіць…»
* * *
Так казала Алёнка-залётніца, Да князёвых ласкаў ахвотніца, За руку яго трымаючы, 3 рукі стрэльбу вынімаючы. Апусьціўся князь, усьмяхаючыся, Па траве-мурагу раскідаючыся, Мо’ паверыўшы казцы, мо’ так, бо любіў, — Маладую лябёдку ён, князь, не забіў. Эх, ня вецер каліначку ў полі ламаў, — Князь Алёнку туліў да сябе, абнімаў, Не хмяліначка ля кіёчка завівалася, — Алёнка да любога княза схілялася, А ўжо сонейка ў небе нізка было, За горы-гарыстыя спаці ішло…
* * *
А і хочацца Данілцы спаці, Цяжка з лаўкі дубовае ўстаці, А і хочацца, і ня хочацца, Думкі рэчкаю быстрай коцяцца, Як паехаў князь на тым тыдні ў лес, За ласём ішоў, у гушчар улез, Ад зары скакаў між густых сасон, Ад капытаў гул нёсься ўдаль, як стогн, А і езьдзіў князь ды пакрыківаў, Сваіх верных слугаў пакліківаў. А за іх усьлед разам йшлі псары, 3 ім, Данілаю маладым, ўгары. На Данілцы быў дарагі каптан, Паяс шоўкавы жамчугом заткан, Шапка новая, сабаліная, На ёй пёрка сакалінае, 3-пад яе кудры падалі русыя, Бровы хмэрылісь нешта густыя, Углядаліся ўдаль вочы сьмелыя, Як дзьве зоркі далёкія, белыя… Ня віхор ляціць і асінкі гнець, Лятучы праз лес, на бярозы дзьмець, Гэтак скача Даніла праз старыя пні, А і скача ён на сваім кані… Ўсё сьвятлее лес, радзей рад сасон… 3 вараным канём на паляне ён… Ня чуваць сабак, ня гудуць псары, Бор стары, глухі, як усе бары, Па бакох кусты маладых ляшчын, А над імі сплёт векавых галін… Стаў Даніла, аглядаецца, У сьляды свае ўзіраецца. Конь пад ім дрыжыць, капытамі б’е, У халодны цень, пад кусты заве… Пад кустамі сьцежачка ўецца, Тою сьцежкай Даніла імкнецца. Аб суччо сасон абарваў паяс, Сходзіць сонейка, ўжо няраньні час, А Даніла ўсё скача па сьцежачцы, Ўсё скача, аглядаецца, У сьляды свае ўзіраецца.. Толькі што гэта за возера ляжыць, Што за сіняе, прыгожае блішчыць? Берагі ў яго зялёныя, Асакою кругом абнясёныя, Спавітыя чаротам-гаротнікам, Да нярадасных казкаў ахвотнікам, Пасярэдзіне лебядзі плаваюць, Ваду крыльлямі б’юць лебядзінымі, За сьнягі храшчэнскія бялейшымі, За росы купальскія чысьцейшымі. Даніла да возера на кані пад’яжджзе, Як на той бок праехаць, шукае… Бачыць чорную грэблю ля млыну, Бачыць кола праз дрэваў тканіну, Пена густа з-пад кола нясецца… Далей хата… дым стужкаю ўецца… Пад’яжджае Даніла, аглядаецца, У ваду, у млын узіраецца… Ня дрыжыць зямля, калі гром грыміць, Не гарыць зара, калі сонца сьпіць, А дрыжыць душа маладзецкая, А іграець кроў удалецкая: Ля самой вады, дзе з тугі-нуды, Асака стаіць і глядзіць туды, Дзе на цёмным дне вадзянік ляжыць, На сырым пяску, ўвесь у ціне, сьпіць, Ля самой вады… сядзіць князь, а з ім Млынара дачка… Праз лісьцё вярбін Зіхаціць паяс, што як жар гарыць, Відаць новую сукню князёвую, Відаць шапку яго атласовую Ды з аздобаю жамчуговую, Відаць князевы боты казловыя, Чуваць князевы словы вяселыя… Не хмяліначка ля кіёчка завіваецца, — Не чароцінка над возерам схіляецца, Не, дачка млыныра усьмяхаецца, Да князёвых грудзёў пахіляецца, За пагожы дзянёк прыгажэйшая, За сонейка ў небе сьвятлейшая… 3-пад павекаў прымкнёных гараць, блішчаць Яе вочы, дзьве зоркі зялёныя, Кравяныя каралі на шыі вісяць… Цела, сонцам і лесам ўспаёнае, Да вады, як чароцінка, клоніцца, А як склоніцца, — пераломіцца… Каля грэблі вярбінаў рад стаіць, За вярбінай Даніла хаваецца, У грэблю праз суччо узіраецца, На дачку млынара заглядаецца. Любіць князя Алёнка-залётніца, Да яго пацалункаў ахвотніца. Валасы чэша ручкаю белаю, Ў яго вочы ўзіраецца сьмелыя… Не сакоча за хвойнікам ластаўка, Не пяе салавейка над возерам, — Так сьмяецца Алёнка, гаворачы, На траве з князем седзячы побачы… Як скацілась за лес сонца краснае, Як устаў белы месяц заплаканы, Толькі ў той час яны разьвіталіся, У апошні раз цалаваліся. Сонца, сонейка, сонца краснае, Чаму рана схавалася? Як-жа мне не хаваціся, Час да дому варачаціся, Старым людцам трэ’ супакой даць, Маладым людцам — да зары гуляць…
* * *
А і хочацца Данілцы спаці, Цяжка з лаўкі дубовае ўстаці, А і хочацца і ня хочацца, Думкі рэчкаю быстрай коцяцца… Ўспамінае Даніла той лес густы, Ўспамінае возера лебядзінае, Млын і грэблю за гнуткай вярбінаю, Ўспамінае Алёнку-залётніцу, Да князёвых ласкаў ахвотніцу, Ўспамінае яе вочы зялёныя, Бліскам месяца, хіба, ўспаёныя… Ня дрыжыць зямля, калі гром грыміць, Не гарыць зара, калі сонца сьпіць, — Гарыць сэрца маладзецкае, Кроў іграець удалецкая: Палюбілася Данілцы млынара дачка — Маладзенькая Алёначка. Праз тры дні ізноў князь паехаў ў лес, Зьбіўся з сьцежачкі, у гушчар улез, Паміж хвой скакаў, на псароў крычаў, Вараненькага панукаў і гнаў. Толькі пёркі — раі пчаліныя Па-над шапкай вілісь сабалінаю… Зноў за ім усе уздагон нясьлісь, Крыкі з брэхам сабакаў князёвых зьлілісь, Зноў Даніла адстаў, прызадумаўся, На Алёнку, пэўна, уздумаўся… Вынес конь яго аж на возера, На ціхое возера, лебядзінае, Дзе шэпчуцца івы з вярбінаю, Дзе лілейкі у сіняй вадзе цьвітуць, Дзе белыя лебядзі на вадзе плывуць… Не калінка да сонейка цягнецца, Ня зорачка — месячык выглядае, Алёнка на грэблі князя чакае, 3 белых лілейкаў вяночак сплятае, Шэпча-варожыць, яго заклікае: — Ўжо лажыцца раса на кусты лазьняка, Ужо сонца за хвойкі хаваецца, Ужо ночная мгла распаўзаецца, А яго, сакалочка, няма, як няма… Сакалочак мой ясны, прыгожанькі! Як бяз ночанькі зоркам не сьвяціці, Так і мне без цябе не пражыці! Хмаркі ў небе агнём запаляюцца, Жоўты месяц з зямлёю вітаецца, Разгараецца ў сэрцы каханьніца, Як пасьля начы рассьвітаньніца… Любы, любы, прыгожанькі Сакалочак, Глядзіцца месяц двурожанькі Ў наш куточак. Прыдзі, прыдзі, мой месячык, Пакланюся, Да сэрца твайго, дубочак мой, Прытулюся. Табе я дам, табе я дам Вяночак, На вечнае вітаньніца, На шчырае каханьніца, Сакалочак!" Так Алёнка на грэблі ўсё князя чакае, З белых лілейкаў вяночак зьвівае, Шэпча-варожыць, яго заклікае… Гулкі грукат капытаў з-за грэблі ляціць, Відаць князеву сукню атласовую, Відаць шапачку яго шаўковаю Ды з аздобаю жамчуговаю, Відаць пёркі на шапцы сакаліныя, Відаць вараненькага за вярбінаю… Ярчэй зорачкі над зямлёй гараць, Сьвятлей месячык сьвеціць высака, — Сходзіць князь з каня, да каханкі йдзе, Да грудзей туліць, абыймаецца… А Алёначка заліваецца Шэрай птушачкай-сакатушачкай, Бы каліначка, хістаецца, 3 любым князем вітаецца… Добра, сонейка, што схавалася За лясы, за тры высокія, За палі, за тры шырокія: Старым людцам трэ’ супакой даць, Маладым людцам — да зары гулядь.
* * *
Не заўсёды сонейку ў небе сьвяціці, Не заўсёды людзём на зямлі любіці… Пагуляў князь з Алёнкай-залётніцай, Да яго пацалункаў ахвотніцай, Пагуляў з маладзенькай, нацешыўся, Месяц блізка ўсё езьдзіў на возера, На ціхое возера лебядзінае, Дзе шапочуцца іва з вярбінаю, Дзе лілейкі белыя ў вадзе цьвітуць, Дзе лебядзі белыя па вадзе плывуць. Месяц блізка ўсё езьдзіў… а там… пазабыў, Ў іншым месцы мо’ сэрца сваё весяліў? Ды й праз хмары зорачкі зьзяюць, Й пасьля крыўды дзяўчыны кахаюць: Сонца яснае за лес коціцца, За сады ідзе, за пахучыя, За рэкі ідзе, за цякучыя, Па-за хмарачкі хаваецца, Крывёй неба заліваецца. Наступае ціха ночка на зямлю, Наступае, разпаўзаецца, Па глухіх куткох хаваецца, — А Алёнка ля грэблі ўсё князя чакае, Шэпча-варожыць, яго заклікае. А і дзень няма, а і два няма, А й тыдзень няма, а і два няма… Б’ецца ластаўкай Алёначка, Б’ецца птушачкай у клетачцы: "Пашкадуй ты мяне, гора горкае, Ня круцецесь асвы, думкі чорныя", — Не бярозка у полі зьвіваецца, Не зялёная нізка схіляецца, — Так схіляецца, зьвіваецца Маладзенькая Алёначка… Не глядзеце на сьвет, вочы ясныя, Не глядзеце на сонейка краснае, Закацілася вашае сонейка За глыбокія рэкі празрыстыя, За высокія горы-гарыстыя. Ня цьвісьці лілейкам у злую зіму, Не глядзеці Алёнцы у вочы яму, Не сплятаці вяночкаў, як краскаў няма, Ня любіць — мілаваці, як яго няма… Разьлюбіў, ой, Алёнку багаты князь, Нагуляўся з душою дзявочаю Да слоў яго здатнай, ахвочаю!.." Гэтак плача Алёнка-залётніца, Белы ручкі ламаець гаротніца, А Даніла што-вечар за вярбой стаіць, А Даніла што-вечар на яе глядзіць… Маладзенькай Алёнкі яму шкада, Запаляецца ў сэрцы на князя злаба, Сэрца з болю ў грудзях разрываецца… Падыйсьці ён бліжэй не рашаецца. Ой, хварэець душа маладзецкая, Ой, муціцца кроў удалецкая. Так, здаецца, з распачы дубок-бы зламаў, Лебядзём-бы галоўкі усім пазьбіваў, Пух пусьціў-бы высока, пад сонейка, Пёркі плаваць пусьціў-бы па возеры, А забіўшы — і сам-бы сьмерць знайшоў, Ня любіў-бы вось так, не жалеў ізноў…
* * *
Дні плылі, як вада… Ужо восень прышла, У шаўкі, у вагні Бор густы запляла. I каменныя горы вада прабіваець, I страх-нерашучасьць ахвота забіваець: Раз выходзіў Даніла з-за старых вярбін, Раз выходзіў ён, аглядаючыся, Падыходзіў да грэблі, да возера, Падхадзіў да Алёнкі-гаротніцы, Браў Алёнку з ручку, за белую, Так казаў ён Алёнцы-гаротніцы: "Ой, Алёнка, ой, зорка, до’, любка, стагнаць, Досыць горкае гора сваё гараваць. На сьвеце ўсё забываецца, Забываецца, як мінаецца: Забываюць краскі, што зімка была, Забываюць птушкі, што сьцюжа была, Забываець сонца, што хмары ёсьць, Забываюць росы, што сонца ёсьць, Бо усё, што прайшло, — забываецца, Забываецца, бо мінаецца… Кінь муціць свае вочкі бліскучыя, Кінь ламаць свае ручкі бялёнькія, Кінь ірваць свае косы дзявочыя, Кінь ты думаць аб князю, аб здрадніку!" Запаліліся вочы Алёнчыны, Паднялася галоўка шаўковая, Расчыніліся вусны зьбялеўшыя, Так казала Алёнка-залётніца, За свой век маладзенькі гаротніца: — "Ой, ты, злы чалавек, адыйдзі ад мяне, Ён мой любы, ён, ён ня здраднік, не, Ня любіў — не ласкаў-бы так горача. Эх, ня сонейка яркае траўку паліла, Ня ветрык у полі былінку калыхаў, — Так палілі яго ласкі шалёныя, Цалавалі яго вусны чырвоныя! Адыйдзі ад мяне, адыйдзі, ты — ня ён, Яго вочы, як зоры апоўначы, Валасы — быццам хвалі шаўковыя, Яго шчокі — як ранкі маёвыя, Яго словы за мёд саладзейшыя, За самога цара разумнейшыя… А ў цябе вочы шэрым ваўком глядзяць, Ой, нядобрым агнём, няпрыгожым гараць, Твае чорныя бровы нахмараны, Твае русыя кудры нячэсаны, Твае словы нажом колюць сэрцайка, Словы злыя твае, невясёлыя"… Так казала Алёнка, схіляючыся, Сумна — сумна яму усьмяхаючыся, За старою вярбою хаваючыся… Не злавіці саколу лябёдачкі, — Ён высока лятаець, ды ў вадзе ня гуляець. Не дастаці Данілцы Алёначкі, — Доўга любіць сэрца дзявочае Да ласкавых словаў ахвочае.
* * *
Затужыў Даніла не на дзень, ці два, Затужыў тут Даніла на месяцы: Бо як зжоўклі лілейкі на возеры, Абляцелі лісточкі зялёныя, — Зьнікла дзесьці дачка млынаровая, Не спаткаўся ён болей з Алёнаю… Ой, ня йшлі над зямлёй дажджы дробныя, Ой, ня сонца за хмары хавалася, — Хмара вочы Данілы тугой спавіла, I вясёласьць, і жарты кудысь узяла… Наступала яна, хмара чорная, На ціхое на небачка сіняе, Налягала гора-горкае На Данілава на сэрцайка. Запрымеціў князь, што маўчыць халоп, Запрымеціў князь, панахмурыў лоб, Прыказаў ён паклікаць Данілу к сабе, Так пачаў князь ласкавыя словы свае: — "Ой, слуга мой, Даніла, што хмурышся, Што-ж ты хмурыш усё бровы густыя, Што ня чэшаш свае кудры русыя, Ня ўбіраешся ў новыя вопраткі, Ня ідзеш, як заўсёды, на плошчу гуляць, На людзей паглядзець і сябе паказаць? Не пяеш болей песьні вясёлыя — Ўсё на лаве сядзіш, у ваконца глядзіш, I удзень, як уночку, маўчыш? Мо’ пакрыўдзіў цябе хто, ня хочучы? Нездаволен мо’ княжаю міласьцяй? Калі так, толькі слова сказаць, — Усяму можна раду падаць"… Пакланіўся Даніла князю, устаў, Пакланіўся яшчэ раз, яшчэ раз устаў. I сказаў тады князю Даніла так: — "Ой ты, ласкавы князю, што ўздумаўся, У халопа аб крыўдзе пытаешся? Не пакрыўдзіў мяне, Данілу, ніхто, Ўсім у князя я моцна здаволены, Для мяне князь і добры, і ласкавы, А пакрыўдзіла холапа долечка, А пакрыўдзіла яна, наравістая… Не зламаць табе горы-гарыстыя, Ой, ня вырваці пушчы лясістыя, — Дык і мне не дасі, князю, радачкі! Адпусьці мяне, княжа, на вольны сьвет, Адпусьці мяне гора разьвеяці, Свае чорныя думкі разьсеяці: Тут, у гэтых харомах з нуды памру, Тут з сьмяротнай тугі я зусім прападу, Тут няма ў мяне вольнае волечкі, Не дасі ты мне, князь, лепшай долечкі!" Зазлаваўся на гэткія словы князь, Тупнуў ён з усей моцы нагою, Узмахнуў ён гняўліва рукою, Прыказаў ён Данілу замкнуці у склеп, За шырокія муры каменныя, За цяжкія за дзьверы дубовыя, За старыя замкі, за жалезныя. Прыказаў пасадзіці на тыдзень, і два, Прыказаў пасадзіці на месяцы, Кабы волі ад долі халоп не жадаў, Кабы князю аб волі ужо не казаў, Каб дарма, неразумны, ня нудзіўся, Каб дарма чорнай хмарай ня хмарыўся… А як холапа Данілу пасадзілі, За ім дзьверы на замкі пазачынілі, — Князь сабраўся з дружынаю зноў у лес, У вясьняны лес, расцьвітаючы, Па даўгой зіме аджываючы… Князь сабраўся з дружынай багатаю, Ды з гасьцямі, ды з цэлаю хатаю, Каб на цэлы бел’ сьвет панацешыцца, Пакуль сэрцайка хоча, каб цёшыцца, Каб сябе весяліць, каб і госьцяў прасіць, Аб зухвалым халопе зусім пазабыць… Але доля судзіла па іншаму… Захацела яна, непазнаная, Каб здарылася рэч нечаканая. Хто-ж пазнае яе, долю горкую, Маўклівую, негаворкую? Сабраліся… Ды нешта ня ладзіцца, За пасаду Данілаву вадзяцца, А Даніла быў першым усюданькі: Калі ён ідзе — ўся грамада йдзе, А як ён ня йдзе — дык ніхто ня йдзе… Няма роўных Данілу ў сырым бару, Роўных сьмеласьцяй і здагадкаю, Звонкай песьняю, мовай гладкаю… Прыказаў князь злажыць кару строгую, І заняцца Данілцы дарогаю…
* * *
Першы дзень — паляваньне у лесе ішло, Другі дзень — паляваньне у лесе ішло, Трэці дзень — паляваньне у лесе ішло, На чацьверты дзень выйшлі на возера, На ціхое возера, лебядзінае, Дзе шапочуць іва з вярбінаю, Дзе лілейкі белыя у вадзе цьвітуць, Дзе лябёдкі белыя па вадзе плывуць: Ой, прызнаў князь і возера сіняе, Ой, прызнаў князь і грэблю з вярбінаю, Дзе сядзеў ён начамі з дзяўчынаю, Ой, успомніў ён казкі Алёнчыны, Ой, успомніў ён словы дзявочыя, Да ўсялякіх байкаў ахвочыя… Ўспомніў казку аб тым лебядзіным цару… Захацелася князю пацешыцца, Пахваліцца, на ўвесь дзень усьцешыцца, Пасьмяяцца над казкай Алёнчынай. Іншы хваліцца — прыгаством сваім, Іншы хваліцца — сьветлым розумам, А як князь, — хваліўся толькі сілаю, Сілай злоснаю, неразумнаю… Падхадзіла тут доля нядолечка, Падхадзіла нячутна, ціхусенька, Кралась полем, лясамі русалкаю, Праз вазёры плыла вадзянкаю, Па сьцежцы ішла — нагіналася, Жабрачкаю прыкідалася. Йшла з-за мора, мора сіняга, 3 чыста поля йшла, з далёкага. У ваконца яна ня кляпалася, Ля парогу яна не малілася, На пярэдні кут не жагналася, Памалюсеньку йшла, паціхусеньку, Груганом у вакенца залётывала… Захацелася князю пацешыцца, Захацелася князю усьцешыцца, Пракаціўся стрэл па глухіх куткох, Пракаціуся стрэл і разьвеяўся. Узмахнула крыламі лябёдачка, Узмахнула галоўкаю белаю, Ой, чырвонай крывёй фарбаванаю, Куляй князя наскрозь прабіванаю… Тое ўбачыўшы, князь асьмеліўся, Засьмяяўся ён, зноў нацэліўся… Ды Данілка ўсё бачыў з-за дзераўца: Захацелася хлопцу памерацца. Як стаяў ён за гнуткай вярбінаю, Ўспомніў князевы ласкі з дзяўчынаю, Ўспомніў вочы Алёнкі зялёныя, Бліскам месяца ўночы ўспаёныя… Бачыў князевы жарты нікчэмныя, Кроў убачыў на сінім на возеры, Ўбачыў птушку, крывёй фарбаваную, Куляй князя наскрозь прабіваную… Не сьцярпела, знаць, сэрца хлапецкае… (Захацеў, знаць, і сам ён памерыцца, Ці ў дзявочых славох пераверыцца) За вярбінай укленчыў, прыцэліўся, Ды з гарачкі, ці што, перамерыўся: Кабы ўправа браць, — ён улева браў, 3-за вярбіны на князя, відаць, не ўважаў. Пракаціўся гук-стрэл па лясных куткох, Пракаціўся далёка па возеру. Па ціхаму возеру, лебядзінаму. Успляснула крыламі лябёдачка, Ажно пухам вада забялелася, Адплылася… ў чароце дзесь дзелася. Але князю… нядобрае сталася: Дзіўна целам здаровым хістаючы, Стрэльбу з белай рукі выпускаючы, Як дубок віхрам-бураю зломаны, Паляцеў ён бяз крыку, бяз гоману, Паляцеў у ваду, у бяздоньне хваль, На астатні баль, на сьмяротны баль… Ой, дарма, князю, гэтак уздумаўся, Лепш-бы, князю, ня езьдзіў на возера, На ціхое возера, на сіняе, На ціхое возера лебядзінае, Ня ішоў-бы на грэблю, дзе пена ляціць, Дзе кроплі-вада, як жамчуг, зіхаціць, Ня ішоў-бы, ў лябёдку-б ня цэліўся, Можа ў казцы-бы, князь, пераверыўся!
* * *
То было ўсё, ды тое зьмянілася, То было ўсё, ды тое забылася, Толькі й сёньня у небе многа хмар, Бо і праўду-ж казаў лебядзіны цар: — "Гэй, вы, людцы, людзі неразумныя, Будзьце вы навекі, людцы, прокляты, Прокляты за сэрцайка каменнае, Шчасьця вам ня знаці супакойнага, Птушак як пабачыце, успомніце: Будзе вам хацецца іх губіці, біць, Будзе вам хацецца, як яны лятаць. А і хто яшчэ на гэтым возеры Лебядзя заб’е ці так, ці з умыслу, Лебядзя заб’е ці лятучай стралой, Ці так скруціць шыю яму белую, — Хто заб’е, той сам памрэ у возеры, — Ня губі, злы, жыцьця лебядзінага!" Так сказаўшы, плаваў цар сярэдзінай, Плаваў, абтрасаў ён пёркі белыя, Ўзмахіваў крыламі лебядзінымі, Ой, хаваўся ў чыстым, сінім возеры… Выйдзе ён, як людзюхны зьвядуцца ўсе Выйдзе ён з-пад возера глыбокага, Узмахне крыламі бела-беламі, Прызаве жанок сваіх лябёдачак Са дзяцьмі малымі, лебядзёнкамі. Будуць над людзямі яны суд судзіць, Суд судзіць над імі і адказ прасіць…"
Поделиться:
Популярные книги

Отверженный. Дилогия

Опсокополос Алексис
Отверженный
Фантастика:
фэнтези
7.51
рейтинг книги
Отверженный. Дилогия

Кодекс Крови. Книга V

Борзых М.
5. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга V

Идеальный мир для Лекаря 28

Сапфир Олег
28. Лекарь
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 28

Убивать чтобы жить 3

Бор Жорж
3. УЧЖ
Фантастика:
героическая фантастика
боевая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Убивать чтобы жить 3

Бракованная невеста. Академия драконов

Милославская Анастасия
Фантастика:
фэнтези
сказочная фантастика
5.00
рейтинг книги
Бракованная невеста. Академия драконов

Кодекс Охотника. Книга XIX

Винокуров Юрий
19. Кодекс Охотника
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга XIX

На распутье

Кронос Александр
2. Лэрн
Фантастика:
фэнтези
героическая фантастика
стимпанк
5.00
рейтинг книги
На распутье

Контракт на материнство

Вильде Арина
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Контракт на материнство

Волков. Гимназия №6

Пылаев Валерий
1. Волков
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
7.00
рейтинг книги
Волков. Гимназия №6

Элита элит

Злотников Роман Валерьевич
1. Элита элит
Фантастика:
боевая фантастика
8.93
рейтинг книги
Элита элит

Седьмая жена короля

Шёпот Светлана
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Седьмая жена короля

Измена. Наследник для дракона

Солт Елена
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Измена. Наследник для дракона

Темный Лекарь 5

Токсик Саша
5. Темный Лекарь
Фантастика:
фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Темный Лекарь 5

Гримуар темного лорда IX

Грехов Тимофей
9. Гримуар темного лорда
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Гримуар темного лорда IX