Падарожжа ў XIX стагоддзе
Шрифт:
Адначасова ў светапоглядзе Баршчэўскага было многа такога, што ішло ад старашляхецкага кансерватызму. Капіталістычныя адносіны, якія неслі з сабой новыя формы прыгнёту і паглыблялі адчужэнне паміж людзьмі, толькі палохалі паэта, ён не разумеў, што гэта — неабходная ступень у развіцці грамадства. І таму, як Чачот, як іншыя яго сучаснікі, Баршчэўскі імкнуўся адшукаць ідэал у патрыярхальным мінулым, ідэалізаваў уяўную старашляхецкую вольнасць і пачцівасць. Вера ў лепшае будучае часта спалучаецца з бязвер'ем у магчымасці паасобнага чалавека. Напрыклад, у «Жыцці сіраты» чалавек — толькі пасіўная істота, лёс якой цалкам залежыць ад нябеснага прадвызначэння.
І ўсё ж, падсумоўваючы ўсё станоўчае і адмоўнае ў творчасці Баршчэўскага, мы пераконваемся, што першага — болей.
Гэта было недзе ў самым пачатку 1844 года. Вярнуўшыся ад гумнаў, якія стаялі ледзь не на беразе Нёмана, дваццацігадовы арандатар фальварка Залуча Людвік Кандратовіч запаліў свечку і ўзяўся за гусінае пяро. Вось ужо каторы дзень не выходзіла з галавы сумная гісторыя, якую ён пачуў у мінулую нядзелю на кірмашы ў суседнім Міры. Пачуў ад пасівелага ўжо чалавека ў пашарпанай шарачковай капоце. За чаркай казёнкі незнаёмы расказваў у карчме, як ён калісьці служыў у гэтым самым Міры фурманом-паштальёнам, як яго аднойчы ў люты мароз паслаў пан з тэрміновым пакетам, як па дарозе яму пачулася, што нехта кліча на паратунак, і як, вяртаючыся назад, у тым жа месцы ён знайшоў пад снегам сваю каханую дзяўчыну. Стары расказваў і плакаў. І шукаў забыцця ў гарэлцы... Дык як жа цяпер яму, Кандратавічу, перадаць у вершы трагедыю таго незнаёмага беларускага селяніна? Пяро ліхаманкава выводзіла радок за радком:
— Ой, горка і смутна мне ўсюды, браток, Няміла на свеце, няміла! Дай чарку! Скажу, калі вып'ю глыток, Як доля мяне падкасіла. На пошту я трапіў зусім малады, Фурман з мяне ўдаўся зухвалы, А волі не меў — дын ганялі тады: Хоць свята, хоць ноч — усё мала! Ад рання да змроку, ад змроку да дня Вазіў я паноў і пакеты; Заробіш рубля — і пад карчму каня: Гуляй, весяліся да свету! І вось урэшце сумны фінал: Я еду дадому, за трое ганей Вяртаецца страх непазбыты, А сэрца ўсё шэпча крадком, як раней, Бразджыць, як званочак разбіты. Конь чмыхнуў пры слупе, спыніўся наўзбоч: У снезе, пад плахтаю белай, Жанчыну я згледзеў, яна ўжо за ноч, Як дрэва, уся скасцянела. Я снежную намець абтрос з яе шат І труп падцягнуў да дарогі... Абцёр ёй аблічча... Была гэта, брат... Дай чарку... Не маю больш змогі! (Пераклад М. Лужаніна.)І тут трывожную ўсхваляванасць перапынілі крокі на ганку. Сусед Сымановіч па дарозе з мястэчка, як заўсёды, не змог абмінуць старэнькі домік свайго прыяцеля і заехаў, каб чым-небудзь пагрэцца. Са здзіўленнем глядзеў госць на счырканы аркуш паперы:
— О, я бачу, што і цябе, дарагі Людвік, апантала вершаманія. І даўно гэта з табой?
— Гады два ўжо. Яшчэ ў Нясвіжы пачаў,— прызнаўся збянтэжаны гаспадар.
— Ану, пачытай!
Яшчэ больш бянтэжачыся і чырванеючы, малады паэт чытаў радок за радком. Узрушанасць гаспадара паступова перадалася і госцю:
— Дык гэта ж цудоўна! Хутчэй пасылай у Вільню, а то і ў Варшаву.
— Куды там,— аднекваўся Кандратовіч.— Каго ўсхвалюе гора нейкага селяніна?! Арыстакратычным чытачам падавай толькі графаў...
З горкай усмешкай гаспадар скамячыў аркуш і шпурнуў яго ў печку, дзе датлявала вуголле. Але Сымановіч тут жа выхапіў рукапіс і пачаў яго старанна разгладжваць.
—
— Што ты! Засмяюць суседзі. Скажуць, нейкі вецер у галаве ў гэтага залучанскага арандатара. Не пра гаспадарку дбае, а пра марную славу.
— А ты прыдуманым прозвішчам падпішы. Або літары якія падстаў. Гэта цяпер у модзе. Паглядзі вунь, якімі псеўданімамі прыкрываецца жыровіцкі поп Плакід Янкоўскі. То на англійскі лад перакруціць сваё імя: Джон оф Дыкелп, то Фебруарам-Лютым стане, то зусім ананімна друкуецца.
Па натуры нерашучы, Кандратовіч усё ж паслухаў свайго сябра і паслаў рукапіс «Паштальёна» ў Вільню. А праз колькі месяцаў з нядзельнай поштай у Залуча прынеслі свежы нумар «Атэнэума». Разрэзаў гаспадар некалькі старонак — і ахнуў ад нечаканасці: няўжо пад гэтымі сціплымі літарамі NN — сапраўды яго «Паштальён»?! Ад хвалявання нават сляза накруцілася на вока! Паклікаўшы жонку Паўліну, Кандратовіч паказаў ёй свой паэтычны дэбют і папрасіў паставіць самавар. Гучней адзначыць гэту радасную падзею ў беднага арандатара проста не хапала грошай...
У той нядзельны ранак дваццацігадовы паэт нават і не падазраваў, што яго літаратурнаму першынцу суджана доўгае і зайздроснае жыццё. Перакладзены на рускую мову паэтам-дэмакратам Леанідам Трэфалевым і пакладзены на музыку невядомым кампазітарам, «Паштальён» стаў народнай песняй і сёння шырока вядомы пад назвай «Ямшчык». Што ж датычыцца «хроснага бацькі» Кандратовіча, рэдактара «Атэнэума» Юзафа-Ігната Крашэўскага, то ён таксама не падазраваў, што, друкуючы «Паштальёна», адкрывае для польскай літаратуры новы талент, што праз якіх дзесяць год літаратурны псеўданім Кандратовіча — Уладзіслаў Сыракомля — будзе добра вядомы ў самых аддаленых кутках Беларусі і Літвы.
Польска-беларускі паэт Уладзіслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч) нарадзіўся 29 верасня 1823 года ў фальварку Смольгава (або Смальгоў ці Смолькава) на мяжы былога Бабруйскага і Слуцкага паветаў. Яго бацька, Аляксандр Кандратовіч, быў па прафесіі землямерам. Аднак знайсці дзяржаўную службу было вельмі цяжка, і таму ён зарабляў на жыццё арэндай панскіх маёнткаў. Чалавек шырокай эрудыцыі, Аляксандр Кандратовіч часта расказваў свайму першынцу пра мінулае роднага краю, даваў чытаць лепшыя творы айчыннай і зарубежнай літаратуры.
Уражлівы Людвік з дзяцінства палюбіў наднёманскія прасторы, беларускія палі і бары. Разам з сялянскімі дзецьмі ён часта ездзіў на начлег і слухаў там купальскія песні ды мясцовыя легенды. У сваёй гутарцы «Кавалак хлеба» Сыракомля потым напіша, што ўжо з самых юных год ён навучыўся распазнаваць па водару беларускія лугі, па шуме — дрэвы з палескіх бароў, па смаку — нёманскую вадзіцу. І нават вецер з наднёманскіх ваколіц грудзі лёгка адрозняць ад ветру з чужых краін. Што ж датычыцца паездак; на начлег, то праз дваццаць год паэт вельмі вобразна апіша іх у гутарцы «Народжаны Ян Дэмбарог», створанай пад яўным уздзеяннем міцкевічаўскага «Пана Тадэвуша».
Кім жа быў Уладзіслаў Сыракомля па нацыянальнасці? Сёння думкі даследчыкаў расходзяцца: адны лічаць яго палякам, другія — беларусам, трэція — літоўцам. Хто ж мае рацыю? На першы погляд, тыя, хто залічвае Сыракомлю да палякаў: пісаў жа ён у асноўным на польскай мове... Аднак сам паэт называў сябе літвінам, у палеміцы часта падкрэсліваў розніцу паміж тэрыторыяй былога Вялікага княства Літоўскага і польскай «Каронай». Ці вынікае з гэтага, што Сыракомля быў па паходжанню літоўцам? Не, ні ў якім выпадку. Як бачна з дарожных нататак «Экскурсіі па Літве ў наваколлях Вільні», літоўскай мовы пісьменнік не ведаў і не разумеў. Пабываўшы ў вёсцы Ляляны, ён занатаваў: «Па вуліцы бегалі дзяўчаты і дзеці, якія гаварылі на літоўскай мове, на жаль, незразумелай для нас, тых, хто піша гістарычныя літоўскія паэмы». І далей, пра Стоклішкі: «Літоўцы з цяжкасцю разумелі, пра што мы пытаем...; тут упершыню я меў магчымасць убачыць аблічча чыста літоўскай вёскі». І яшчэ: «Літвін, на чыста літоўскай зямлі, я не мог разгаварыцца з літвінам».