Падарожжа ў XIX стагоддзе
Шрифт:
Беларускую зямлю Агінскі пакінуў назаўсёды ў 1822 годзе. У сувязі з гэтым трэба прызнаць фантазіяй сцвярджэнне, якое нядаўна прамільгнула ў беларускім друку, нібы ў Залессі жыве сучаснік Агінскага, нехта Дудка. У дзяцінстве ён быццам бы іграў на скрыпачцы самому кампазітару, той пахваліў яго, пагладзіў па галоўцы, а вось цяпер яго сын пайшоў у першы клас музычнай школы і хораша іграе на баяне гэты самы паланез... Узнікае пытанне: колькі ж год павінна быць таму калгасніку?! Гэта, так сказаць, з галіны кур'ёзаў. Дарэчы, розных кур'ёзаў было поўна і ў жыцці кампазітара. Адзін з выдадзеных за граніцай паланезаў суправаджаўся гравюрай, на якой аўтар... страляў сабе ў скронь. У лонданскіх газетах паведамлялася, што Агінскі загінуў, перапраўляючыся з сям'ёй праз Ла-Манш. Кампазітар весела смяяўся над такімі легендамі, але яны, на жаль, датрывалі
На самай справе Агінскі, вядома, не канчаў жыцця самагубствам. Ён пражыў за граніцай яшчэ 11 год і памёр 15 кастрычніка 1833 года ў італьянскім горадзе Фларэнцыя, дзе і пахаваны. Другая жонка Агінскага, Марыя дэ Неры — з першай ён развёўся ў 1802 годзе — засталася з дзецьмі ў Залессі. Старадаўні маёнтак паволі прыходзіў у запусценне. Урэшце ў час першай сусветнай вайны ад палаца засталіся адны напаўразбураныя сцены.
У Беларусі ўжо зроблены першыя крокі па ўшанаванню памяці Агінскага. Яго іменем названы смаргонскі ансамбль песні і танца, які з поспехам выступаў на радзіме кампазітара — у народнай Польшчы. Славутаму кампазітару прысвяцілі вершы беларускія, паэты А. Лойка і М. Купрэеў. А чароўны паланез Агінскага «Развітанне з радзімай», які часта выконваецца ў канцэртах, стаў адным з самых любімых твораў беларускіх аматараў музыкі.
У другой палове верасня 1841 года ў Мінск прыехаў новы генерал-губернатар Мірковіч. Урачыстасці працягваліся пяць дзён. Быў арганізаваны канцэрт, у якім на дзіва зладжана выступіў гарадскі хор і аркестр пад кіраўніцтвам Вінцука Стафановіча. 23 і 24 верасня аматары паказалі два спектаклі. Выконваліся аднаактовыя п'есы на рускай мове — «Замкі на льду» і «Так, але інакш»; у заключэнне ішла польская камічная опера «Рэкруцкі набор».
Прозвішчы аўтараў «Рэкруцкага набору» яшчэ амаль нічога не гаварылі прысутным. Словы напісаў нікому не вядомы Вінцук Марцінкевіч, а музыку ў садружнасці з мінскім настаўнікам і скрыпачом Канстанцінам Кржыжаноўскім — Станіслаў Манюшка. Праўда, пра Манюшку ўжо крыху ведалі. Ведалі яго бацьку, Часлава Манюшку, заслужанага асветніка, які сядзеў у партэры тэатра. Чулі, што гэты аматар мастацтваў пасылаў свайго сына, Стася, вучыцца ажно ў Берлін, да славутага прафесара Рунхенгагена, што Стась выдаў там зборнік песень, а цяпер «сачыняе» недзе ў Вільні музыку. Хаця апошняе якраз і не ўкладвалася ў галовах мінскай арыстакратыі (навошта шляхціцу, ды яшчэ з даволі багатай сям'і, такая няпэўная прафесія?!), аднак слухалі оперу ўважліва. І не толькі таму, што дужа смешны сюжэт быў — пра тое, як палахлівага сына Гогама Бенатана хацелі ўзяць у рэкруты, як будучы рэкрут пераапрануўся ў адзенне сваёй сястры, а сястра ўцякла з дому з нейкім салдатам. І не толькі таму, што вельмі добра ігралі выканаўцы галоўных роляў — той жа Марцінкевіч, Мядынскі, Расадоўскі, Валатоўская. Усіх заінтрыгавала, што оперу напісалі мясцовыя аўтары, што іх можна пабачыць, паапладзіраваць ім. І апладысментаў не шкадавалі, быццам прадчуваючы, што адзін з іх, Станіслаў Манюшка, стане гордасцю польскай нацыянальнай музыкі, а другі, Вінцук Дунін-Марцінкевіч,— адным з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры.
Опера «Рэкруцкі набор» была адным з першых твораў дваццацідвухгадовага кампазітара і першай спробай пяра значна старэйшага за яго паэта. Праз некалькі дзён, у 41 нумары, газета «Минские губернские ведомости» добразычліва ацаніла і музыку, і ігру самадзейных акцёраў, адзначыўшы, што «найзабаўней іграў сам аўтар — Марцінкевіч». Тут жа быў пераказаны змест оперы. Але сама опера — і партытура, і лібрэта — пасля недзе загінула. Ці то аўтары не надалі ёй сур'ёзнага значэння, ці то цэнзары пахавалі яе ў сваіх сталах... Дарэчы, такі лёс напаткаў не толькі «Рэкруцкі набор». У садружнасці з Дуніным-Марцінкевічам Манюшка напісаў аперэты «Спаборніцтва музыкаў», «Цудоўная вада», урэшце, «Сялянку» (так у Беларусі па традыцыі перакладаюць польскую назву твора «Ідылія»), Але, за выключэннем «Сялянкі», тэкст якой Дунін-Марцінкевіч выдаў у Вільні ў 1846 годзе, да сённяшніх дзён гэтыя аперэты не дайшлі. Лічылася, што ўсе яны знаходзяцца дзесьці ў Варшаве, у паперах Манюшкі...
І вось нядаўна, у час паездкі ў братнюю Польшчу, мне ўдалося знайсці два музычныя ўрыўкі з першых беларускіх аперэт, або камічных опер, як іх называлі тады,— «Рэкруцкага набору» і «Сялянкі».
...У Варшаве,
Званю на кватэру да прафесара Рудзінскага. Але ён таксама нічога не чуў пра пісьмы Дуніна-Марцінкевіча. Партытуры аперэт (а з імі і тэксты), падказвае прафесар, трэба шукаць у Ленінградзе, сярод нотнай калекцыі вядомага збіральніка графа Юсупава. Польскі гісторык А. Мілер пісаў калісьці, што туды трапілі раннія творы Манюшкі. Адначасова варта пашукаць і сярод рукапісаў Аляксандра Валіцкага ў Нацыянальнай бібліятэцы...
Назаўтра спяшаюся на плошчу Красінскіх, у рукапісны аддзел Нацыянальнай бібліятэкі. Адкрываю шэрыя папкі з паперамі Аляксандра Валіцкага. Вось яго аўтабіяграфічная аповесць «Густаў», дзе выказаны сімпатыі да беларускіх сялян. Вось віншаванні яго дачцэ, Савіцкай-Валіцкай, той самай, у кнігарні якой атрымліваў сваю пошту Янка Лучына. І ўрэшце — знаходка: ліст пажаўцелай нотнай паперы, спісанай дробным машошкаўскім почыркам. Цяжка стрымаць радасць: гэта ж арыя камісара з камічнай оперы «Сялянка»! У арыі адчуваецца пераклічка з беларускімі народнымі песнямі!..
А крыху пазней ветлівыя супрацоўнікі таварыства імя Манюшкі ўручылі мне абяцаную арыю з «Рэкруцкага набору». Нарэшце, думалася мне, я пазнаёмлюся з першым творам Дуніна-Марцінкевіча. Пазнаёмлюся з невядомым дагэтуль тэкстам камічнай оперы, якая першы і апошні раз выконвалася ў Мінску больш стагоддзя таму назад. Праўда, пакуль што тэксту гэтага — усяго два чатырохрадкоўі:
Час зусім нечакана Знішчыў шчасны мой лёс, Па радзіме каханай Я праліў многа слёз. Пазірае мне ў вочы Гора чорнаю хмарай, Плачу ўдзень я і ўночы Над разбітаю марай... (Пераклад І. Ралько.)Чытаючы гэтыя радкі, я міжвольна падумаў, што яны ў многім стасуюцца і да аўтараў аперэты, людзей нялёгкага лёсу, чыё жыццё было прысвечана айчыне, беларускай зямлі. Мы па праву можам ганарыцца не толькі першым беларускім прафесіянальным паэтам Дуніным-Марцінкевічам, але і аўтарам музыкі да яго твораў. Вядома, творчая спадчына Станіслава Манюшкі належыць усім славянскім народам, усяму чалавецтву. Аднак асабліва блізкая яна палякам і беларусам. У сваіх творах Манюшка выразіў нацыянальны дух польскага народа. У гісторыі польскай музыкі ён заняў такое ж месца, як Глінка — у рускай, Сметана — у чэшскай. Адначасова з гэтым нам радасна, што Манюшка нарадзіўся на беларускай зямлі, чэрпаў натхненне з беларускага фальклору, апрацоўваў беларускія народныя песні. І таму музычная спадчына выдатнага кампазітара ўваходзіць у скарбніцу і беларускага народа.
Сям'я Манюшкаў мае вялікія заслугі ў культурным развіцці Беларусі. Адсюль выйшлі многія вучоныя-асветнікі. Адзін дзядзька кампазітара, Дамінік, арганізаваў у Смілавічах, ля Мінска, бясплатную школу для местачковай беднаты, вучыў там дзяцей рамяству, аддаў прыгонным сваю зямлю, увёў незалежны суд з удзелам сялян. Царскія ўлады скоса глядзелі на такія пачынанні і неўзабаве закрылі і школу, і суд. І Другі дзядзька, Казімір, закончыўшы Віленскі універсітэт, займаўся батанікай, выводзіў новыя гатункі раслін, чым звярнуў на сябе ўвагу прафесара Андрэя Снядэцкага, які прыязджаў да яго ў Смілавічы. Трэці, Юзаф, любіў па святах ставіць у гумне аматарскія спектаклі. Пасля іх вясковая моладзь танцавала «Лявоніху» ці «Мяцеліцу». Бацька кампазітара таксама быў перадавым чалавекам свайго часу — даволі здольным мастаком і паэтам. Непадалёку ад Мінска, ля Смілавіч, ён атрымаў у спадчыну фальварак Убель. 5 мая 1819 года тут, у сціплым драўляным доміку ля ціхай рэчкі Волма, нарадзіўся хлопчык, якому праз некалькі дзён на сямейнай урачыстасці далі імя Станіслаў-Ян-Эдвард-Казімір.