Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Падарожжа ў XIX стагоддзе

Мальдзіс Адам

Шрифт:

Адольф-Міхал-Валяр'ян-Юльян Янушкевіч нарадзіўся 9 чэрвеня 1803 года ў Нясвіжы. Дзяцінства будучага рэвалюцыянера прайшло ў вёсцы Усаў (або Вусава) на Капыльшчыне, дзе яго бацькі арандавалі фальварак. На сабраныя грошы ў 1821 годзе яны купілі непадалёку ад Койданава (цяпер Дзяржынск) маёнтак Дзягільня. Адтуль васемнаццацігадовы Адольф накіраваўся на філалагічны факультэт славутага Віленскага універсітэта.

У 1821 годзе на старонках часопіса «Дзённік віленьскі» з'яўляецца першы паэтычны твор Янушкевіча — сентыментальная «дума» «Мелітон і Эвеліна». Як і Дамейка, малады паэт збліжаецца з членамі тайнага таварыства філарэтаў, з ідэйнымі кіраўнікамі віленскай моладзі А. Міцкевічам, Я. Чачотам, Ф. Малеўскім, Т. Занам.

Закончыўшы вучобу, Янушкевіч паехаў да ўкраінскіх сваякоў. Адтуль, з Украіны, накіраваўся ў падарожжа па Еўропе. У Рыме — новая радасная сустрэча з Міцкевічам.

Славацкі, Лелевель, Гётэ — вось кола асоб, з якімі Янушкевіч сустракаўся ў 1830 годзе.

І зноў Украіна. Пачынаецца вызваленчае паўстанне 1831 года. Янушкевіч становіцца адным з кіраўнікоў «Легіі Літвы, Валыні, Падоліі і Украіны» — арганізацыі, якая ў многім працягвала традыцыі дзекабрыстаў. У першым баі адважны падпаручнік атрымаў сем ран і непрытомны зваліўся з каня. Сябры рашылі, што ён загінуў. Аднак Янушкевіча падабралі казакі. Пачалося вандраванне па этапах. Затым — каземат кіеўскай цытадэлі.

У час допытаў Янушкевіч паводзіў сябе надзвычай мужна. Калі б ён пакаяўся, спаслаўся на легкадумнасць — пакаранне было б значна мякчэйшае. Але Янушкевіч рашуча заявіў, што ўдзельнічаў у паўстанні «па перакананню», што «абавязак добрага сына Айчыны — ахвяраваць усім дзеля яе дабра». І таму 4 сакавіка 1832 года суд пад старшынствам фельдмаршала Сакена прыгаварыў паўстанца да пажыццёвага пасялення ў Сібіры, канфіскацыі ўсёй маёмасці і пазбаўлення дваранскага звання. Імператар усяе Русі Мікалай І да канца жыцця не мог дараваць Янушкевічу яго адважных слоў і заўсёды прыгадваў іх, калі гутарка заходзіла аб памілаванні.

У маі 1832 года Янушкевіч пад канвоем прыбыў у Табольск. Ссыльныя ўвесь час марылі аб свабодзе, арганізавалі змову. Яе ўдзельнікі хацелі ўзняць узброенае паўстанне, а затым праз Бухару і Індыю прабрацца ў Еўропу. Але змова была раскрыта. Янушкевіча адправілі ў яшчэ большую глушэчу — вёску Жалякова ля Ішыма. Праз год прыйшоў дазвол пасяліцца ў самім Ішыме. Туды, у далёкую Сібір, адрасаваў з Парыжа пісьмо Адам Міцкевіч. Польскі паэт выказаў спачуванне свайму аднадумцу, падбадзёрыў яго словамі аб тым, што прабыванне ў Сібіры «загартоўвае характар».

У Ішыме Янушкевіч пачаў цікавіцца побытам казахаў, іх звычаямі і фальклорам. Пра навуковыя назіранні даследчыка часта гаворыцца ў пісьмах да маці, брата і паэта Г. Зялінскага (яны апублікаваны Ф. Вратноўскім у 1861 годзе ў Парыжы). Так, у пісьме, датаваным 20 чэрвеня 1843 года, паведамляецца: «Я праязджаў паўз даволі высокія горы, апранутыя ляснымі шатамі, дзе было мноства мядзведзяў, ласёў і аленяў; уплаў перабіраўся праз рэчкі, аб якіх у Еўропе ніхто і не ведае, а на берагах іх упершыню за апошнія дванаццаць год чуў спеў салаўя... Бачыў я і плямёны кіргізаў (так Янушкевіч усюды называе казахаў.—А. М.), якія разам з велізарнымі табунамі коней і вярблюдаў вандруюць, аб'яднаўшыся па тысячы і больш юрт... Сустракаў я караваны купцоў, якія ішлі з Ташкента ў Каканд, табуны сайгакаў, дзікіх коней, якіх тут называюць куланамі, урэшце, вузкай дарогай быў вымушаны імчацца праз палаючы навокал стэп. Хіба ўсё гэта не цікава? Хіба не цікавей, чым нямецкія палі, засаджаныя бульбай, ці неапалітанскія басякі, што ядуць макароны? Тут я нідзе не бачыў збожжа, няма платоў; усюды — бясконцыя прасторы. Дыхалася свабодна, як арабу сярод пустыні».

У 1846 годзе Янушкевіч зрабіў больш працяглае падарожжа па Казахстану. Уражанні таго часу занесены ў «Падарожны дзённік», які таксама апублікаваны Братноўскім. Янушкевічу былі чужымі расавыя або нацыянальныя забабоны. Аўтар дзённіка ставіў казахаў упоравень з іншымі народамі. «Я ўсё больш пераконваюся,— пісаў Янушкевіч,— што кіргізы маюць вялікія разумовыя здольнасці. Як лёгка яны выказваюць свае думкі! Як яны ўмеюць абараняць свае інтарэсы і адначасова па-майстэрску абвяргаць сцвярджэнні праціўніка!» «Нягледзячы на свае недахопы, якія часткова тлумачацца адсутнасцю асветы, часткова ж — забабоннасцю рэлігіі, гэты народ не горшы за іншыя». У пісьмах да Зялінскага Янушкевіч расказаў аб казахскіх звычаях, аб выступленнях народных акынаў Арынбая і Цюбека, песні якіх вельмі расчулілі падарожніка і выклікалі роздум аб будучыні мясцовых плямён: «І ўсё гэта, падумалася, я ўласнымі вушамі чую ў стэпе, сярод народа, які ва ўсім свеце лічыцца дзікім і варварскім! Некалькі дзён назад я быў сведкам паядынку двух заўзятых груповак і са здзіўленнем апладзіраваў прамоўцам, якія ніколі не чулі пра Дэмасфена і Цыцэрона, а сёння перада мной выступаюць паэты, якія не ўмеюць ні чытаць, ні пісаць, аднак я захапляюся іх талентам, бо песні іх так многа кажуць маёй душы і сэрцу. Няўжо гэта дзікія варвары? Няўжо гэта народ, які назаўжды пазбаўлены лепшай будучыні, чым вечная пастушыная нішчымнасць?.. О, не! Народ,

які падзелены такімі здольнасцямі, не можа заставацца чужым цывілізацыі: дух яе калі-небудзь пранікне ў кіргізскія пустыні, распаліць тут іскру святла, і прыйдзе час, калі сённяшні вандроўнік зойме пачэснае месца сярод народаў, што цяпер глядзяць на яго высакамерна, бы вышэйшыя касты Індыі на няшчасных парыяў».

Цікава, што Янушкевіч быў добра знаёмы з бацькам вядомага казахскага песняра Абая — Абаем Кунанбаевым. У пісьме да таго ж Зялінскага ён паведамляў: «Крыху старэй султана Барака бій Кунанбай; гэта таксама вялікая славутасць у стэпе. Сын простага кіргіза, надзелены ад прыроды здаровым розумам, дзівоснай памяццю і дарам выступаць, дзелавіты, ён клапоціцца аб дабры сваіх супляменнікаў: вялікі знаўца стэпавага права і прадпісання алкарана, ён добра ведае рускія статуты, якія датычацца кіргізаў; суддзя непадкупнай сумленнасці і ўзорны мусульманін, плебей Кунанбай здабыў сабе славу прарока, да якога з самых далёкіх аулаў спяшаюцца за бескарыслівай парадай маладыя і старыя, бедныя і багатыя».

У адрозненне ад іншых тагачасных этнографаў, Янушкевіч не толькі захапляўся «экзатычнасцю» побыту казахскіх плямён. Падарожнік бачыў сацыяльныя кантрасты, апісаў жахлівую галечу, у якой жывуць казахі-беднякі: «У кожнай юрце я спадзяваўся знайсці шчаслівых пасту хоў Аркадыі... На жаль, рэдка дзе мой позірк не сутыкаўся з сумнымі малюнкамі беднасці. Хваробы апанавалі менш маёмаснае насельніцтва... Сэрца разрываецца на часткі, калі бачыш столькі мучанікаў, якія просяць дапамогі». Казахі няшчадна эксплуатаваліся як царскімі чыноўнікамі, так і сваімі баямі-феадаламі. «Вось дык прадстаўнікі ўлад бывалі тут! — усклікае Янушкевіч.— Сапраўдныя разбойнікі... Амаль кожны з іх разглядаў сваю службу толькі як сродак для таго, каб здабыць багацце. Шнырыў у акружэнні казакоў, сеяў страх на ўсю ваколіцу, быў непераборлівы ў спосабах вымагання». Пыхлівыя баі перакладалі ўсе павіннасці на плечы бедняка, які «ўсё лета, бы негр, працуе на багацея, жыве казіным малаком, пражыцца на сонцы амаль голы, бо баіцца, каб яму рабаўнікі не здзерлі адзення,— і што ён мае ўзамен? Нейкі стары, зношаны халат, некалькі дзесяткаў сыркоў і жменю проса, каб было што пасеяць на наступны год». Янушкевіч рашуча ўзнімаў голас у абарону казахаў, прапанаваў адкрыць для іх фельчарскія пункты, прыслаць больш пародзістую жывёлу. Словы ссыльнага рэвалюцыянера не разыходзіліся са справамі: ён лячыў хворых на ліхаманку, мірыў і аб'ядноўваў варожыя плямёны, добрасумленна перапісваў мясцовае насельніцтва.

Апрануўшыся ў казахскі халат, нястомны падарожнік дабраўся да хрыбтоў Алатау, з захапленнем апісаў іх прыгажосць, расказаў пра гістарычную ўрачыстасць (байгу), арганізаваную ў гонар далучэння да Расіі пяці плямён Вялікай арды, захаваў для будучыні многія легенды, якія яму ля падножжа гор расказала сляпая дзяўчына Джазык. Казахі палюбілі Янушкевіча і лічылі яго сваім. «Бачна,— пісаў наш зямляк,— я пакрысе ператвараюся ў кіргіза, і юрта становіцца для мяне звычайным жыллём». І ўсё ж Янушкевіч сумаваў па Беларусі, па «берагах радзімага Нёмана», спадзяваўся на памілаванне. Ды дарэмна. «Адольф меў гонар застацца ў памяці і сэрцы векапомнага цара Мікалая І,— іранізаваў у 1861 годзе Ф. Вратноўскі.— Гэты няўмольны вораг кожны раз, сустрэўшы ў спісе сібірскіх ссыльных, якіх збіраліся адпусціць на волю, прозвішча Янушкевіча, хапаўся за аловак і са злосцю выкрэсліваў радок».

Доўгачаканае памілаванне прыйшло толькі пасля таго, як на трон уступіў Аляксандр ІІ. Янушкевіч вярнуўся да сваякоў, у Дзягільню. Але здароўе было падарвана. Рэвалюцыянер і паэт, падарожнік і вучоны, Адольф Янушкевіч памёр 19 чэрвеня 1857 года. Мясцовыя сяляне, з якімі ён любіў размаўляць на беларускай мове, праводзілі труну на дзягільнянскія могілкі.

БЕНЕДЫКТ ДЫБОЎСКІ

Цяжка нават пералічыць усе галіны навукі, у якіх сказаў сваё важкае слова наш выдатны зямляк Бенедыкт Дыбоўскі. Як і Дамейка, ён быў здзіўляюча адукаваным чалавекам. Географ і заолаг, медык і антраполаг, літаратуразнаўца і лінгвіст, ён з'яўляўся таксама відным грамадскім дзеячам, адважным рэвалюцыянерам, якога царскія ўлады прыгаворвалі да павешання, а потым саслалі на катаргу ў Сібір. Дзённікі Дыбоўскага, яго апісанні падарожжаў па Сібіры і Далёкім Усходзе, чытаюцца як захапляючы мастацкі твор. Выдатны вучоны прайшоў доўгі і зайздросны жыццёвы шлях: ён пражыў без малога сто год і за гэты час напісаў 130 навуковых даследаванняў на самыя розныя тэмы. У глыбокай старасці прыйшло заслужанае прызнанне: незадоўга да смерці, у 1927 годзе, Дыбоўскі быў выбраны членам-карэспандэнтам Акадэміі навук СССР.

Поделиться:
Популярные книги

Наследник в Зеркальной Маске

Тарс Элиан
8. Десять Принцев Российской Империи
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Наследник в Зеркальной Маске

Седьмая жена короля

Шёпот Светлана
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Седьмая жена короля

Черный дембель. Часть 5

Федин Андрей Анатольевич
5. Черный дембель
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Черный дембель. Часть 5

Проданная невеста

Завгородняя Анна Александровна
1. Викторианский цикл
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Проданная невеста

Ловушка

Штиль Жанна
3. Леди из будущего
Фантастика:
альтернативная история
6.58
рейтинг книги
Ловушка

Кодекс Крови. Книга ХVII

Борзых М.
17. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга ХVII

Барону наплевать на правила

Ренгач Евгений
7. Закон сильного
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Барону наплевать на правила

Идеальный мир для Демонолога 3

Сапфир Олег
3. Демонолог
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Демонолога 3

Адаптация

Уленгов Юрий
2. Гардемарин ее величества
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Адаптация

Развод с генералом драконов

Солт Елена
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Развод с генералом драконов

Барон Дубов 4

Карелин Сергей Витальевич
4. Его Дубейшество
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
сказочная фантастика
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Барон Дубов 4

Воевода

Ланцов Михаил Алексеевич
5. Помещик
Фантастика:
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Воевода

Шлейф сандала

Лерн Анна
Фантастика:
фэнтези
6.00
рейтинг книги
Шлейф сандала

Адвокат

Константинов Андрей Дмитриевич
1. Бандитский Петербург
Детективы:
боевики
8.00
рейтинг книги
Адвокат