Пляц Волі
Шрифт:
А нарадзіўся і гадаваўся Цярэшчанка ў Рослаўскім павеце на Смаленшчыне. Бацька, заможны селянін, аддаў сына ў навуку. Кузьма скончыў у Пскове сярэднюю земляробчую школу, затым — Вышэйшыя сельскагаспадарчыя курсы ў Петраградзе. І працаваў напачатку па спецыяльнасці — аграномам. Супрацоўнічаў з расійскай партыяй эсэраў. У 1917 годзе ён — ужо ў пскоўскай беларускай арганізацыі. Напрыканцы 1918-га прыехаў у Вільню і — чалавек актыўны, да ўсяго — добры і шляхетны, — пачаў арганізоўваць віленскіх беларускіх эсэраў…
Напачатку 1919 года Антон Луцкевіч запрасіў Цярэшчанку ў склад свайго ўрада — і прызначыў кіраўніком арганізацыйнай працы ў краі.
Рэалізуючы сваё даўняе летуценне, Цярэшчанка на пачатку 1920 года заснаваў Беларускі саюз сельскай гаспадаркі — верыў, што такі саюз паспрыяе эканамічнаму адраджэнню края…
З Менска выехаў разам з Беларускай вайсковай камісіяй. Бачачы, што надзеі на падтрымку з боку Польшчы не спраўджваюцца, ён вёў перамовы з латвійскімі беларускімі арганізацыямі, каб разам ратаваць нацыянальную справу. Восень 1920-га — на Случчыне, удзельнік слуцкага антыбальшавіцкага змагання. З гонарам і шчасцем пісаў Цярэшчанка з фронта Езавітаву аб першым народным беларускім войску, якое давялося ўбачыць: аб першай брыгадзе слуцкіх стральцоў, якая некалькі тыдняў змагалася на адваяванай тэрыторыі Слуцкага павета. Але летуценні былі разбіты, брыгада знішчана, надзея на дапамогу Польшчы — растала…
Кузьма Цярэшчанка пакінуў палітыку, арганізаваў беларускую сельскагаспадарчую школу, пашыраў дзейнасць Саюза сельскай гаспадаркі на Віленшчыне, але мала што атрымлівалася. І ён пачаў ідэалізаваць Савецкую Беларусь, перабраўся ў Менск…
І вось — скрушная навіна пра смерць, як паведамлялі — на паседжанні «нейкага з'езда».
Змагарна наперад
Ці можа што-небудзь стрымаць вясну, сцішыць яе сакавітыя подыхі, перапыніць яе пракаветны поступ?
1922-ая вясна ад Нараджэння Хрыстовага абудзіла ў Ластоўскім-палітыку барацьбіта-паэта. Угодкі абвяшчэння незалежнасці БНР ён вітаў вершам-поклічам — сваім паэтычным дэбютам:
Наперад, змагарна наперад! Да волі цярэбячы троп, — Штодзённа ўскіпаем мы гневам І помсту шлюбуем па гроб! …Праметну заборчасьць, падзелы І зьдзекі, і крыўды, і пот — Бярэсьце і Рыгу ў дзень судны, Ў дзень помсты спамяне народ! Наездчык, — крыўдзіцель-грабіцель, — Спакойны стурбуем твой сон: Пасокаю чорнай тваёю Наш родны угноім загон!На імя Ластоўскага ў Коўна прыйшло пісьмо ад Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Ціхана, у якім старшыні Рады міністраў БНР паведамлялася аб тым, што Вышэйшае царкоўнае ўпраўленне пастанавіла дазволіць Беларускім Епархіям карыстацца беларускай мовай.
«Прызываю бласлаўленне Божае і на Вашу працу і на працу ўсяго Урада Беларускай Народнай Рэспублікі», — пісаў Ластоўскаму праваслаўны патрыярх.
У сакавіку Ластоўскі падпісаў «Дэкларацыю ўрада БНР
«Доўгія сталецьці зьдзекаваліся і гнятлі нас чужынцы — рабавалі, абдзіралі, запрагалі ў ярмо. Крывёй нашай прасякла беларуская зямля, сьлязьмі прагорклі нашы воды. І ўбачылі, зразумелі і пераканаліся лепшыя сыны нашай многапакутнай бацькаўшчыны, што ня будзе жыць лепей беларускі гаротны народ да таго часу, пакуль ён ня стане гаспадаром у сваёй роднай старонцы, ня будзе жыць лепей датуль, пакуль ён будзе хадзіць у ярме, а чужынцы будуць панаваць над ім <…>.
…найбольш яскрава выявілася імкненьне беларускага народу да волі і незалежнасьці пад час паўстаньня ў Случчыне ў лістападзе і сьнежні 1920 году.
Слуцкае паўстаньне — гэта быў пратэст народу супраць Рыжскага міру паміж Савецкай Расіяй і Польшчай, каторыя выходзячы з прызнаньня права народаў на самаазначэньне, прызналі, у пункце першым таго ж Рыжскага дагавору, незалежнасьць Беларусі, а пасьля — незалежную Беларусь паміж сябе падзялілі, разарвалі на часьці жывы народны арганізм.
Ня гледзячы на тое, што Слуцкае паўстаньне было задушана з двох бакоў, гэта ё — маскоўскімі і варшаўскімі імпэрыялістамі — яно застаецца пуцяводнай зоркай у гісторыі беларускага вызвабадзіцельна-адраджэнчага і дзяржаўна-незалежнага руху. <…>
Ніхай жыве вольная, незалежная і непадзельная Беларусь!
Урад Беларускай Народнай Рэспублікі.
25 сакавіка 1922 году».
Вясна крочыла і па вуліцах Менска, і таксама — з вершамі і з непакорай.
22 сакавіка на ўрачыстым паседжанні ў гонар Янкі Купалы ва універсітэце ў будынку медыцынскага факультэта (былой габрэйскай рэальнай вучэльні) на Магазіннай вуліцы [42] ў халоднай зале, дзе лунала прадчуванне ўгодкаў абвяшчэння незалежнасці БНР, прамаўлялі напачатку рэктар Уладзімір Пічэта, Аляксандр Вазнясенскі. Далі слова Купалу, і ён — у заношанай бекешы няпэўнага колера з жаўтавата-шэрым каўняром — ціха, амаль без жэстыкуляцыі пачаў чытаць свой верш-споведзь «Перад будучыняй»:
42
Цяпер вуліца Кірава.
Напісаў гэты верш Купала 24 студзеня, адразу, як даведаўся пра арышты віленскіх беларусаў — і як у пастцы ўяўлялася яму краіна і народ: і тут, і там чаўрэлі надзеі…
Заціснуты, задушаны, як мышы Пад жорсткім венікам, з усіх бакоў, Шукаем, як сьляпыя, не згубіўшы Таго свайго, што наша ад вякоў. …Цябе чакаем, будучыні нейкай, Што прыйдзеш, недзе ўсіх нас павядзеш, І гінем марна пад чужой апекай, Адбіўшыся ад родных вехаў, меж.