Пляц Волі
Шрифт:
Пачалося галасаванне… За асігнаванне на беларускі адзьдзел міністэрства асветы выказаліся ўсе — акром шасці дэпутатаў.
Пярэчанні ў Сойме хутка сталі вядомы грамадскасці, і старшыня Нацыянальнай дэмакратычнай сувязі рускіх грамадзян дэпутат Бочагаў мусіў выступіць з наступнай заявай:
«Нашаму звязу сорамна перад усім светам за свайго прадстаўніка ў Сойме дэпутата Прэснякова. Мушу зазначыць, што ён выказваў сваю прыватную думку… Мы самі існуем толькі дзякуючы прынцыпу самаазначэння народнасцяў і не можам пайсці і не пойдзем за тымі, хто намагаецца знішчыць духоўнае жыццё беларусаў».
Езавітаў
«… На ўтрыманьне Беларускага Адзьдзелу, 2-х Беларускіх Гімназіяў і Вучыцельскіх Курсаў адпушчана 2 200 000 латвійскіх рублёў.
Беларускія пачатковыя школы Рэспублікі ўтрымліваюцца з коштаў мейсцовых Земстваў і самаўрадаў.
Сельска-Гаспадарчая Школа ўтрымліваецца коштам Таварыства «Бацькаўшчына» і дапамогамі ад Міністэрства Земляробства, якое адпускае Таварыству на гэту справу да 200 000 рублёў у год.
Адносіны Латвійскага Грамадзянства і Ураду да беларусаў — добрыя. Як яскравы прыклад гэтага можа сьведчыць той факт, што, калі пры абгаварываньні бюджэту Беларускага Адзьдзелу адзін з Латгальскіх клерыкалаў, дэпутат Кэмп, унёс прапазыцыю выкрэсьліць крэдыты на Беларускі Адзьдзел, дык на яго з абурэньням абрушыліся дэпутаты ўсіх фракцыяў, і прапазыцыя яго была рашуча ўсім Устаноўчым Соймам адкінута. Сказаныя пры гэтым некаторымі дэпутатамі ў нашу абарону прамовы гэтулькі для нас цікавы і важны па свайму зьместу, што Таварыства «Бацькаўшчына» пастанавіла выдрукаваць іх асобнаю кніжкай. Асабліва цікавы і грунтоўны прамовы: Гр. Райніса, які прачытаў Сойму цэлую гадзінную лекцыю па беларускаму пытаньню, Гр. Сэйль — Таварыш Міністра Прасьветы, і расейскага дэпутата Гр. А. Бочагова».
Напрыканцы 1921 - 1922 школьнага года пад загадам беларускага адзьдзела знаходзілася ўжо сорак шэсць беларускіх школ — з 3500 вучнямі, а таксама аднагадовыя настаўніцкія курсы. Вяліся актыўныя захады па арганізацыі ў Дзвінску Першай беларускай урадавай гімназіі.
…Гэта была клопатная, цяжкая, а разам з тым — і ўдзячная праца на ніве беларускага вучнёўства. Сваім вучням Езавітаў запамінаўся не толькі таленавітым настаўнікам. Ён быў аўтарытэтам ва ўсім, давер і павагу да яго выказвалі ўсе. Высокі, дужы, з цёмнаю копкай валасоў, поўным тварам, пранікліва-шэрымі вачыма, Езавітаў быў усеагульным любімцам беларускага школьніцтва. Строгі, мог спакусіцца і на лагоду, жарт. Хадзіў раўнамерным вайсковым крокам, праз што і атрымаў мянушку «Браняпоезд».
– Чаго вы горбіцеся, крывіцеся, быццам увесь цяжар на хрыбтах цягаеце?! — часта пакрыкваў на вучняў. — Няхай палякі ці маскалі так ходзяць, а не беларусы. Не забывайцеся, што ўвесь свет глядзіць на нас, беларусаў. Выпрастайцеся, бо вы сыны і дачкі вялікага народа!
– Ведаем, Канстанцін Барысавіч… Выпростваемся…
Нейтральная зона
Раніцай на кватэру Ластоўскага прыйшоў Цвікевіч.
– Нашы віленчукі начавалі ў Коўне! — бухнуў, ледзь толькі прывітаўшыся.
– Як? — агаломшаны гаспадар зморшчыў лоб. — А чаго да нас не зайшлі?! Я не ведаў…
– Не ведаў бы й я, каб не Дуж-Душэўскі…
Весткі пра тое, што ў Вільні арыштавалі
Вобыскі не аціхлі і раніцай. Быў будні дзень, вучні і выкладчыкі сыходзіліся ў гімназію. Паліцыя прапускала ўсіх, але назад ужо не выпускала нікога — нават дзяцей. Заняткі перапыніліся — некаторых настаўнікаў арыштавалі ў гімназічных клясах.
Старшыня БНК Іван Краскоўскі з сябрай камітэта Трэпкам дамагаліся ў польскіх уладаў тэрміновага вызвалення хаця б гімназістаў, аднак старшыня польскага ўрада Сярэдняй Літвы Мэйштовіч не захацеў іх прыняць. Дапамаглі звароты ў пракуратуру і абурэнне незаконным гвалтам віленчукоў — а другой гадзіне дня гімназістаў вызвалілі з-пад арышту. Астатніх беларусаў — каля трох дзесяткаў — кінулі ў Лукішскую турму і не дапускалі на сустрэчы з імі родных.
23 студзеня пасля вобыску арыштавалі і Краскоўскага, а ў дырэктара Беларускай гімназіі запатрабавалі падпіску аб нявыездзе.
Падобны гвалт праводзіўся і сярод літоўцаў…
Два тыдні арыштаваных не вадзілі на допыты, а затым, сабраўшы іх з Лукішскіх адзіночак, зачыталі абвінавачанне ў «прыналежнасці да партыі камуністаў і арганізацыі тайных баявых дружын з мэтаю замаху на дзяржаўную ўладу» і з 4 на 5 лютага вывезлі з Вільні ў нейтральную зону паміж польскім і літоўскім фронтам — перад Коўнам.
Сыпаў снег, і Ластоўскі не адразу пазнаў у чалавеку, што нерухома сядзеў перад невялікім ковенскім гатэлем — у заснежаным паліто з настаўленым каўняром, глыбокай шапцы — Гарэцкага.
– Максім?! — ні то спытаў, ні то падзівіўся. Падышоў бліжэй, сеў побач — не згроб з лаўкі нават тоўстага снежнага кіліма. — Ну то здароў, браце… Што ж гэта да мяне не прыйшлі?
Гарэцкі сподзіўна агледзеў Ластоўскага, кіўнуў чагось галавой, зляпіў снежку, сціснуў у руцэ:
– Бач, як яно сталася…
– Магло б і горай быць, балазе жывыя ўсе, на волі.
– Ды штойта за воля гэта — як сабака бязбудны… Ні працы, ні занятку.
– Пра гэта не бядуй, працы табе яшчэ больш, чым у Вільні, знойдзем. — Ластоўскі асцепаў з сябравага паліто снег. — Хоць бы ў Дзвінск, да Езавітава — там цяпер вялікае школьніцтва збіраецца!
Але Гарэцкі не адказаў — толькі зноў апатычна кіўнуў галавой.
– Ты, бачу, сам тут у снежку замёрз. — Ластоўскі ўстаў, падштурхнуў і Гарэцкага: — Вядзі да астатніх… Дзе вы тут атаймаваліся? — ён ужо ведаў, што Гарэцкі, Краскоўскі і Пракулевіч, каб з'эканоміць грошай — хто знае, як яно станецца? — аплацілі адзін пакой і трымаліся разам.