Пляц Волі
Шрифт:
– Друкарні яшчэ аплоцяць работу за апошнія нумары, а далейшае выданне іх спыняецца… — датлумачыў Гартны.
І зноў ніхто не прамовіў у адказ.
– Пачнуць выдавацца іншыя часопісы, савецкія. — Гартны бубніў у нос. — А вам трэба пераключыцца на новы стыль работы… І яшчэ скажу: справы нашы пачынаюць ускладняцца…
– Ты толкам раскажы, адкуль навіны прынёс, а не загадкі строй, — не стрымаўся Лёсік і адкінуў стары часопіс, які гэты час перагортваў.
– Пастанавілі так у Агітпропе [40] . Заміж «Вольнага Сьцяга» будзе выдавацца часопіс
40
Адзьдзел агітацыі і прапаганды.
– Дык гэта вы ўжо там усё ў сваім Агітпропе абмазгавалі? — выкрыкнуў Лёсік. — Выглядае, што так усё й будзе. Але ж часопісы засноўваюцца на дзесяткі, соткі гадоў, а рэвалюцыю ж вы гэтак доўга рабіць не будзеце! Прайшла ж яна! Дык якое — «Полымя Рэвалюцыі»?! І за мяжой яго браць у такой шапцы не будуць… Каб хоць «Полымя»…
Гартны перапыніў Лёсіка — пачаў доўга гугнявіць пра тое, што рэвалюцыя не спынена, пераскочыў на звычайную прапаганду
«Сусветная рэвалюцыя… пабудова камунізму… полымя раздуем на ўвесь свет…»
– А я на гэта гляджу інакш, — Гартнаму не даў дагаварыць Купала. — Ні «Полымя Рэвалюцыі», ні «Полымя» без «рэвалюцыі» зместу нашай дзейнасці не выяўляюць. Не задавальняе мяне і назоў часопіса, які я рэдагую. Нам такі назоў трэба, каб — запраўды як сцяг — справу нашу вянчаў… І мне здаецца, — Купала крыху памаўчаў, - што найлепшым назовам будзе «Адраджэнне».
Лёсік устаў, прайшоў да вакна:
– Гэта хлапчукоўства… Ніхто дазволу на гэта не дасць.
– А што тут надзвычайнага? — абараняўся Купала. Яго падтрымаў і Бядуля:
– Браткі, паслухайце. «Адраджэнне» — назоў рэвалюцыйны, і па часе, і зместам беларускі. Я б яшчэ заместа «Пралетарыі ўсіх краёў, злучайцеся!» лозунгам да яго даў: «Адраджэння зара над народам блісне!»
Уявіце, як гучацьме! І Заходнюю Беларусь мы гэтым узрушым!
Гартны наструніўся зноў. Дастаў з партфеля тоўсты чырвоны блакнот і пачаў шпарка штось запісваць. Было бачна, што Бядуля з «Адраджэння зарой» — цытатай з яго, Гартнага, — патрапіў глыбока…
Голыя галіны
У лютым у Вільні захварэў Ядвігін Ш. І так сталася: толькі новаабраны сойм выказаўся за далучэнне Вільні да Польшчы — зусім занядужаў і лёг у літоўскую паліклініку. Ядвігін Ш. быў у апошні час літаратурным супрацоўнікам у Алексюка (не зважаючы на ягоныя палітычныя выкрунтасы) [41] .
Адарваны ад сваякоў (дачка і зяць, Язэп Лёсік, засталіся ў Менску), пакінуты Алексюком, Ядвігін Ш. апынуўся без сродкаў на існаванне — большасць віленскіх сяброў выслалі з горада. Аплаціць лячэнне дапамаглі Аляхновіч і Луцкевіч. Штодня да яго ў паліклініку наведваўся Жылка — і бачыў, як спакваля пісьменніка з'ядала хвароба.
41
Пра выданні Алексюка Яфіму Карскаму яшчэ летась пісаў Максім Гарэцкі:
«(Зімой з 1920 на 1921 гады) у Вільні з'явіўся Аляксюк і стаў выпускаць «Jednasc», пад рэдакцыяй нейкага В. Шашкова, а з кірункам, блізкім да польскай «Зоркі» на нашай мове... газэціна гэтая і цяпер
У той дзень Ядвігін Ш. быў вясёлым, шмат гаварыў, распытваў Жылку — аб усім, пачынаючы з нечаканай адлігі да коштаў на хлеб.
– Ведаеш, верабей, апошнім часам амаль не чытаю, — горычна паскардзіўся ён. — Прачытай што-небудзь сваё.
Жылка ціха прагаварыў яму свой верш «Туман»:
Навіс пасьцілкаю туман, З імглы сатканы густа-густа, Заслаў лес, поле і курган, Паўзе да хат, як смоўж той тлусты. І, быццам цяжкі грэх жыцьця, На сэрца шэрай лёг жудою, І яснасьць дум і пачуцьця Прыкрыў, халодны, ён сабою.Ядвігін Ш. уздыхнуў і замружыў вочы. Жылка ўжо намерыўся пайсці.
«Хай адпачне», — падумаў і ўзняўся, а Ядвігін Ш. нечакана абудзіўся, перапыніў:
– Друкаваў верш ужо?
– У «Беларускім Звоне».
– У Аляхновіча? Добра. Трымайся гэтага чалавека, ён не здрадзіць… — зноў памаўчаў і ўжо з высілкам дадаў: — А сэрца ў цябе маладое, яно перажыве туман… Досыць ужо мы ў ім нажыліся… — кіўнуў галавой і ўсміхнуўся на развітанне.
Вечарам Ядвігіна Ш. не стала. Жылка быў апошнім, хто бачыў яго жывым. Праз некалькі дзён чарговы «Беларускі Звон» надрукуе напісаны Жылкам прачулы артыкул-некралог:
«24 лютага ў Вільні памёр, на пяцьдзесят шостым годзе жыцьця, адзін з слаўнейшых беларускіх пісьменьнікаў — Антон Лявіцкі, творы якога друкаваліся пад псэўдонімам Ядвігін Ш. <…> Успамінаюцца яго хаўтуры. За возам з труной ціха йшла грамада людзей. Дзень быў шэры і ветраны. Пад нагамі рыхлы, набухшы, як мокры цукар, сьнег. Зьвінелі і шпарка беглі па вуліцах ручаі… А калі апускалі ў яму труну, вецер рваў і кудлачыў валасы сабраўшыхся і грозна трос голымі галінамі дрэваў…»
Раніцай пасля набажэнства ў касцёле Святога Мікалая, якое правёў ксёндз Бобіч — скончыўшы прамовай аб дзейнасці нябожчыка, — жалобная працэсія накіравалася да могілак Роса: паперадзе — дзеці віленскага беларускага прытулку і вучні беларускай гімназіі, за імі — беларускія студэнты з бел-чырвона-белымі стужкамі; за дамавінай — дзесяткі беларускіх інтэлігентаў, сялян…
На могілках ад імя Таварыства беларускай школы прамаўляў Аркадзь Смоліч, ад імя моладзі — студэнт Абрамовіч, ад беларускіх пісьменнікаў — Францішак Аляхновіч.
У сярэдзіне сакавіка да Езавітава прыйшла новая скрушная навіна: у Менску ад разрыву сэрца памёр Кузьма Цярэшчанка…
З Цярэшчанкам ён пазнаёміўся тады, калі той увайшоў у Віленскую беларускую раду і спрыяў арганізацыі міністэрства беларускіх спраў пры літоўскім урадзе. Па накіраванні міністэрства Цярэшчанку як павятовага камісара накіравалі ў Ваўкавыск, дзе за некалькі месяцаў ён стварыў моцную нацыянальную арганізацыю, — палякі змаглі разваліць яе толькі гвалтам і тэрорам.