Пляц Волі
Шрифт:
І зноў, як і два гады таму, бачыў Купала ў сваім краі хцівых паганцаў, бачыў за сваім сталом «блізкіх» і «далёкіх» чужынцаў:
А хтось далёкі ці хтось, можа, блізкі Засеў за наш бяседны, сытны стол І кідае, як з ласкі, нам агрызкі, А мы к зямлі з падзякай гнёмся ўпол. Аграбленыя з гонару й кашулі, З свайго прыпыну выгнаныя вон, Мы дзякуем, што торбы апранулі На нас ды з нашых нітак-валакон…А тых, хто не схацеў
Цішка Гартны ўсё ж дамогся ў Агітпропе выхаду новага літаратурнага часопіса «Адраджэньне». Летам 1922 года ён і з'явіўся — але яшчэ ў друкарні загадалі павыразаць з яго некаторыя старонкі: верш Купалы «Перад будучыняй» і рэцэнзію Лёсіка. А затым зліквідавалі і ўвесь тыраж.
Праз тыдзень пасля гэтага на Захараўскай — цяпер ужо Савецкай — Купала нечакана сустрэў Гартнага, спыніў і не прывітаўшыся агаломшыў:
– Ну то з якім полымем цябе наноў чакаць?!
– Ты, Янка, не наскоквай… — Гартны выглядаў стомленым. — Гэта з Масквы прыйшоў ліст аб тым, што «Адраджэнне» — назоў буржуазны і антырэвалюцыйны. Я ж дамогся быў назваць так!.. Дзень у Агітпропе праседзеў!
Купала змуліў вусны — і не стрымаўся:
– Ды ты хоць у іхняй жопе сядзі, а не ў Агітпропе! Помніш, як у Смаленску скакаў перад абвяшчэннем Бэсэсэрыі? Ты ж на гэтае адраджэнне яшчэ тады яму выкапаў! Сагналі з паўсотні салдат-беларусаў, камісарамі — ад латышоў да палякаў — разбавілі: і БССР абвесцілі! Хто з Беларусі вас тады пасылаў?! А тым, хто пярэчыць пачынаў, рот закрывалі!
– Каму закрывалі? — узняў Гартны чорныя бровы.
– Забыў, як сам да Палуты Бадуновай, якая пратэставала… пра ўжо створаную Беларускую Народную Рэспубліку гаварыла, ледзь не біцца лез?! Вось і маем, што маем… — Купала памаўчаў, матнуў рукой і, крыху адышоўшы, дадаў: — А ты служы. Служы панам верна, яны ў адказ перднуць…
Вясной па Меншчыне пракацілася хваля новых арыштаў сярод інтэлігенцыі. Зняволілі — за пашырэнне беларускага руху — каля трыццаці чалавек, некаторых засудзілі на цяжкія работы, некаторых трымалі ў сутарэннях ГПУ — «Госполитуправления», якое стала прадаўжальніцай спраў ЧК. Без суда расстралялі Ганну Бруевіч, Петухоўскага, іншых, прозвішчы якіх — як і целы — схаваў нябыт…
Вайна на Беларусі не перапынялася. Рэспубліка-буфер спешна ўмацоўвалася бальшавікамі: уздоўж ракі Случ на адлегласці пяць вёрстаў ад поймы ўстанавілі драцяныя загароды; Слуцак — «памежны» горад — умацавалі дзвюма лініямі акопаў, акопы вырылі таксама і каля вёсак Ісерна, Нежаўка, ад новага моста перад вёскай Цароўка лінія акопаў ішла да шасэйнай станцыі Сенніца, адтуль — да Сёмкава Гарадка. На «польскай» мяжы на ўскрайку Філіпавіч (дваццаць вёрстаў на захад ад Слуцка) збудавалі каменныя дзоты. Акопы і драцяныя загародкі рабілі і вакол Менска: іх першая лінія ішла ўздоўж граніцы — у трох вярстах ад станцыі Радашковічы, другая — праз Сёмкаў Гарадок і Ракаў, трэцяя — на вярсту ад Менска; ад Дзвіны і далей па граніцы — па лініі Арэхаўка - Ілля - Радашковічы — таксама пралеглі акопы; пад інструктажам нямецкіх спецыялістаў умацоўваліся гарады Барысаў, Ігумен і Бабруйск; на Беразіне, Пцічы і Дняпры папраўлялі масты, уздоўж Беразіны вырылі акопы і ўзвялі драцяныя загароды…
А ў сакавіку 1922 года з кавалерыйскай дывізіі Катоўскага дэзерціравалі шэсцьсот чалавек. Паўстанцкая група забрала на станцыі Талочына са складоў прадукты. 8 красавіка з'явілася ў Барысаве, адкуль накіравалася да Бабруйска, знянацку захапіла горад і забрала са складоў інтэндатуры зброю і правіянт. 12 красавіка мяцежныя кавалерысты ўвайшлі ў Слуцак.
Праз дзень, нібыта апамятаваўшыся, бальшавікі выслалі ім наўздагон два браневікі, з якімі каля вёскі Беляны паўстанцы распачалі бой — і адступілі. Браневікі пайшлі следам — і загразлі ў балоце каля ракі Лакнея. 26 красавіка кавалерысты зрабілі напад на двор Пагост, забілі камуніста-ўпраўляючага, пастралялі жывёлу, а коней
На чацвёртыя ўгодкі БНР з бальшавіцкай Масквы даслаў у Вільню верш «Малітва ўцекача» дваццацідвухгадовы Уладзімер Дубоўка — мужнае апісанне сваёй панішчанай радзімы, на якой ладзяць «зьлёт груганы», сірвенту-гімн [43] , замову-літанію — каб хутчэй надышоў той час, «калі рука акуецца стальлю» («Малітву ўцекача» ўпершыню надрукаваў «Беларускі Звон») Аляхновіча:
Ты дэкляруеш мне долю і волю? Мне на чужой старане трэ' палацы? Ты мне гаворыш, што зьлёт груганоў зьнішчыў мой край, сьмерць гняздо там зьвіла?.. Бедны ён? Пушчы? Балоты? Каменьні? Стогнець народ пад пятой Жыцьця — ката? — Годзе! Чакаю я толькі той дзень, стальлю калі акуецца рука! Вецер! Мой вольны браточак ты, вецер! Крыльля мне!.. Крыльля свае ты пазычыш!? — Я паляту, паляту… Хай жыве край сасонак, кляноў і лазы!.. Дам тым вадзіцы, што бьюцца за шчасьце, тых пракляну, што нам Юдамі сталі… Прыйдзе наш час, веру — прыйдзе наш час! Вецер! Мой любы! — Чакаюць там нас… Масква. 23 - ІІІ - 2243
Сірвента - песня на ваяцкі лад у старажытнасці.
2 красавіка 1922 года ў Маскве беларуская суполка ладзіла вечарыну памяці Алеся Гаруна. Уладзімер Дубоўка прачытаў на ёй свой верш, прысвечаны паэту і грамадзніну:
Ад крывіцкіх балотаў да тундраў Сыбіру, Ад аковаў душы да цяжкіх ланцугоў, - Ты пяяў несупынна, званіў сваёй лірай, Заклікаў нас на родныя гоні, дамоў…А Маскоўскі савет народных дэпутатаў абвясціў з 13 сакавіка агульную вайсковую мабілізацыю. Як напісала бальшавіцкая «Правда», Саветы ў выпадку благіх вынікаў міжнароднай Генуэзскай канферэнцыі вымушаны будуць ці згінуць пад націскам сусветнага капітала, ці скарыстаць рэвалюцыю ў адносінах да сваіх суседзяў…
Скамарохаўцы
Першы партызанскі прыстанак, першы «зялёны» штаб.
На невялікай палянцы з паўмесяца таму наспех выкапалі зямлянку, — балазе вясна на Горадзеншчыну прыйшла рана, і мароз яшчэ напрыканцы лютага адступіў. Пад навесам з хваёвых галін — сплецены з крушынніка стол. У лагчыне, каля нястомнай крыніцы — «кухня» (вогнішча, чорны кацёл на грабавых патырчаках). А вакол — на дзесяткі вёрстаў — пагудасты бацька-лес.
Калі Васіля Муху праводзілі да гэтага месца на сустрэчу з атаманам Скамарохам, няўрымсты алешыны і бярозы ўжо густа зеляніліся лісцем, адно цяжка прачыналіся да жыцця парэпаныя часам дубы, — і былому матросу ўявілася раптам, што ён плыве па бясконцым зялёным моры…
Муха чакаў сустрэчы з барадатым дзецюком у доўгім кабаце, з нажом-пікай за поясам, а да яго выйшаў чыста выгалены мужчына ў вайсковым фрэнчы, з новай похвай на дзязе (з расшпіленага вечка блішчэў рэвальвер).
— Дзень добры! — прывітаўся і, усміхнуўшыся, назваўся: — Атаман Скамарох… А вы, знаць, пасланец Муха?
Гэта і быў той легендарны «бацька», які за месяц аб'яднаў усіх паўстанцаў Горадзеншчыны. У былым — правінцыйны артыст (адсюль і псеўданім — Скамарох). Паведамленні пра ягоную дзейнасць усё часцей даходзілі да Коўны, а 30 сакавіка 1922 года вестку ад Скамароха атрымалі і ў Варшаве. На першай старонцы паслання было выведзена: