Пляц Волі
Шрифт:
А ў траўні 1922 года ў Леніна адбыўся першы апаплектычны ўдар — правадыр страціў мову, была паралізавана правая рука. Газэты пісалі аб тым, што на лета Ленін збіраецца выехаць у Лівадзію, дзе будзе жыць і адпачываць у былых… царскіх палацах.
У Геную замест Леніна паехаў міністр замежных спраў РСФСР Чычэрын.
На канферэнцыю, якая мусіла вырашаць і пытанне аб палітычным упарадкаванні ўсходняй Эўропы, выслаў сваю дэлегацыю і ўрад БНР — у Італію, каб паставіць на абмеркаванне і беларускае пытанне, накіраваліся прэм'ер-міністр Ластоўскі і міністр замежных спраў Цвікевіч. 3 траўня
Ластоўскі з Цвікевічам мелі гутаркі з сябрамі італьянскага парламента, дэпутатамі ад сялян, — ад якіх атрымалі запэўненне ў падтрымцы дамагання самастойнасці беларускіх сялян. Перад выездам у Коўна Ластоўскі паслаў дэпутату Скотці тэлеграму:
«Прадстаўнікі Сялянскай Беларусі, ад'язджаючы з Генуі, засылаюць Вам, заснаўцу сялянскай еднасьці, прывітаньне і пажаданьне хутчэйшага арганізаваньня моцнага сялянскага інтэрнацыяналу, у якім беларускі народ прыме ўдзел усёй сваёй дванаццацімільённай масай».
Гэта была адна са спробаў інтэрнацыяналы камуна-савецкія перамагчы-перасіліць інтэрнацыяналам сялянскім. І яна — ці не важнейшае, чаго дамагліся беларусы на Генуэзскай канферэнцыі…
«Свабоды дзень крывёй купіць»
Кроў не пераставала ліцца на беларускай зямлі. Знясіленыя бяспраўем і здзекамі, сяляне з усходу і захаду Беларусі ўсё часцей пакідалі свае гаспадаркі, падаваліся ў лясы і стваралі «зялёныя» атрады — каб са зброяй адстойваць свае правы. З вясны 1922 года распачаўся стыхійны антыбальшавіцкі і антыпольскі партызанскі рух.
Сялянскія выступленні жорстка караліся ўладамі. 6 траўня два палкі рэгулярнага польскага войска, жандармерыя і паліцыя акружылі частку Белавежскай пушчы, дзе месціўся беларускі партызанскі штаб, і паланілі дзевятнаццаць партызанаў. Пашэнціла Васілю Муху і групе «скамарохаўцаў», якая з тыдзень таму выбралася на Горадзеншчыну…
24 траўня ў Беластоку адбыўся суд. Сялян, якія верылі ў тое, што беларусы павінны быць народам незалежным, а край іхні — дзяржавай «самаістай», выраклі да растрэла — пяцёх, аднаго — да пажыццёвай катаргі, рэшту — да дзесяцігадовага зняволення.
У другім нумары «Беларускага Сьцяга» ў артыкуле «Над свежай магілай» Вацлаў Ластоўскі падаваў новыя звесткі пра белавежскіх паўстанцаў:
«…Абаронца тэлеграфаваў Начальніку Польскай Дзяржавы Пілсудзкаму, просячы ўласкаўленьня для засуджаных. Пілсудзкі «ўласкавіў» толькі аднаго П. Нічыпарчука, з увагі на яго моладасьць (19 гадоў)».
Вось і ўся ласка тога, хто збіраўся змагацца «за нашу і вашу волю»»…
Пад тым жалобным артыкулам у «Беларускім Сьцягу» быў выдрукаваны і верш Ластоўскага — узнёслы рэквіем у памяць барацьбітоў за народную волю, ягоны другі паэтычны выступ:
Благаслаўлён…А сёмай гадзіне ўвечары ў сераду 24 траўня ў Беластоку па брукаванцы вуліцы Сянкевіча тарахцела ў накірунку да Палескай станцыі шырокая калымага, а на ёй — пяць суспеш збітых з негабляваных дошак трун-скрынак. За калымагай зморана крочылі ўзброеныя жандары. Паглядзець на жудаснае відовішча з рэстарацый і крамак выходзілі гарадчукі.
– Гэта расстраляных сёння бандытаў вязуць… — мовіў даўгавязы дзяцюк з кароткімі вусамі.
– Якія бандыты? Яны ж свайго дамагаліся… — ціха абурылася жанчына ў вылінялай вясковай хустцы, яшчэ раз зірнула ўслед працэсіі і схавалася ў дворык.
Аднаго з паўстанцаў-партызан — Тамаша Баброўскага, які цудам выжыў пасля пажару ў Горадні і, толькі ачуняўшы ад апёкаў, напрасіўся на новае заданне — забілі апошнім і адразу ж уклалі ў дамавіну. Куля разарвала Тамашу сэрца; кроў праз шчыліны ў дошках — якраз калі калымага праязджала перад крамнымі лаўкамі — пачала капаць-сцякаць на брукаванку.
– О Матка Боска! Кроў! — піскнула нейкая кабета і закрыла даланёй вочы…
На другі дзень у беластоцкай «Свободной мысли» відаводца карнай працэсіі пісаў:
«Каму і навошта трэба было дэманстраваць гэтае жудаснае відовішча на многалюднай вуліцы, сярод белага дня… Кроў — заўсёды кроў. Яна п'яніць, як відно, яна аглушае, яна палохае, яна расхіствае натоўп. І не трэба паказваць яе дарэмна».
Праз некалькі дзён польская паліцыя схапіла раённага атамана паўстанцаў Тамашука, які дзейнічаў пад псеўданімам Андрэй Пятрэнка. Прыкладамі яму пераламалі некалькі рэбраў, затым прывязалі пад калені палку і білі па пятах — пакуль не пачало адставаць ад касцей цела… Абвязвалі праколатым цвікамі й шпількамі поясам і білі па ім, клалі на раскаленае жалеза.
– Гіну, але мае браты-беларусы… — сабраў усе сілы і выкрыкнуў Тамашук, — …прагоняць вас са сваёй зямлі і ўбачаць незалежную Бацькаўшчыну!
Гэта пачулі не толькі жаўнеры, але й іншыя палоненыя партызаны.
– Убачаць, атаман! — адказаў Тамашуку селянін з разбітым носам. Адзін з сепачоў падскочыў і адсек яму вуха.
– Каб менш слухаў! — злосна рыкнуў…
Арышты пашыраліся. Да Скамароха прыйшла яшчэ адна жудасная вестка: схапілі бацьку — Дзям'яна Шыманюка. Скамарох сабраўся ісці дамоў — ратаваць бацьку.