Пляц Волі
Шрифт:
Божа, ці ня досыць выпрабаваньняў?
Маліць Цябе чужой мовай не магу, а маю тут, на чужыне, можа ня чуеш, не разумееш? Можа, і насамрэч — дамоў, да Цябе свайго, туды, дзе шукалі Цябе, гаварылі з Табой і прадзед мой, і дзед, і бацька? То чакай, я еду, тольк знайдзі адказ!..»
(З запісаў Алеся Ваяра).
Абудзіўся, калі пачуў верш — чыталі звонкім, спеўным голасам. І чытаў… ягоны знаёмец, малады сябар-цёзка — Алесь. І верш, і чытэц усхвалявалі — нібы гэта сам ён, той, далёкі, тут, на зямлі семежаўскай -
І тады самому выказацца ўсхацелася — толькі не вершам, паўтараючы маладога Алеся, а болем сваім, страхам сваім, жыццём — у прозе сказаць.
І трымаў — апошнім! — ён слова сваё:
— Людцы, сябры ў народзе пакутным, беларускім! — І зніякавеў, счакаў. Змуліў парэпаныя маршчынамі вусны, праяснёныя блакітныя зрэнкі зноў затуманіліся. Наляцеў вецер — і разбрындаў яго рэдкія сівыя валасы, на доўгія веі ўзбеглі пякучыя слязіны… Думкі раіліся ў галаве, пачуцці ўзвірылі, а прамаўляцца не хацелі… І тады зноў дапамагла адроджаная памяць: — Гляджу на вас, на зямельку нашу, а быццам з паднябесся голас Купалаў ліецца… І сам пясняр сёння гаворыць прамовай сваёй:
«Хай вас, Браты Беларусы, не палохае цяперашні бурны час. Агнём і жалезам куецца моц гарт, доля й воля народная… Зямля, засеена касьцямі сыноў беларускіх, будзе вечна належаць да ўнукаў беларускіх… Хай толькі асьвеціць вас адна вялікая думка — аддаць усё для сваёй Бацькаўшчыны, нават жыцьцё, калі яна вас да гэтага пакліча».
Я шмат пажыў, а нідзе мацнейшага не пачуў… - Зрабіў пярэрву, агледзеў прысутных — і сустрэўся з засяроджана-замагнічаным Алесевым позіркам. — І яшчэ… Вось і век наш заканчваецца. А ў новы панесці вы павінны цвёрдае перакананне, што для Бацькаўшчыны найгалоўным будзе жыццё ваша, жыцці ўсіх свядомых сыноў і дачок яе… Вось згадка якраз пра тое ж… Слуцкія паўстанцы — пра гэта, пэўна, мала хто з вас ведае — для сваіх патрэбаў выкарыстоўвалі старыя запасы расейскіх марак, але рабілі на іх наддрукоўку — лацінкай: «Надзвычайная Рада Случчыны». А пазней ужо Задзіночанне беларускай моладзі ў Амэрыцы выдала да саракавых угодкаў чыну сваю марку: выява юнака з бел-чырвона-белым сцягам і светаччу. А тэкст да яе гучаў так:
«Яны памерлі, каб жыла Бацькаўшчына — жывіце вы, каб Бацькаўшчына не памерла! Памажыце замацаваць гісторыю Слуцкага паўстання… Пашырайце праўду аб Беларусі!» — Пад сэрцам здрадліва замуляла, голас пачаў дрыжэць. — А новае стагоддзе, тысячагоддзе павінны стацца часам памяці, памяці мірнай, плённай… Я, сведка ўсіх войнаў старога стагоддзя, мару перадаць вам адно: мір … Жывіце, каб Бацькаўшчына не памерла!
Гэтым ён сказаў усё. Выказаўся, і нарэшце адчуў заспакаенне, якога ніводны твор, ніводная кніга яму не давала. І, здалося, ён нават палегчаў, нават боль адступіў у мінулае, старое… І адно акрыленае пачуццё: ён зрабіў усё… Як «усё»?!
Люд паступова пачаў разыходзіцца. Частка пацягнулася да аўтобуса і ён нават спалохаўся, што не паспее дагнаць свайго земляка-цёзку. Ды не, стаіць той, задуменны, узрушаны.
– Унучак… Я й пачаць як ня ведаю… — Уздыхнуў, у вочы блакітныя зазірнуў. — Падарыць, словам, рэч табе адну хачу, на справу адну ўгаварыць… Прысядзем давай… — Адкрыў чамаданік, разгарнуў паперы. — Ты мне, будзь ласкаў, прозвішча сваё назаві…
– Ганаровіч.
Асцярожна
– Вось табе… Гэта - тэстамант. — Перадаў спешка, зніякавела — А гэта чэк… — Не прамінуў заўважыць, як і хлопец напяўся, разгубіўся. — Я з-за акіяну ехаў сюды, а назад зямля наша слуцкая адпускаць ужо ня хоча… Там, у Сан'юку, штат Фларыда… дом мой застаўся, архіў багаты. Можна шмат яшчэ чаго дарабіць… Як ахвота табе, маладому, — паедзь, зірні. Музей беларускае культуры закласці ў доме можна ці выдавецтва якое… А грошай на пачатак хопіць… Мову ж ты, казаў, ведаеш, і сэрца ў цябе, бачу, нашае. Абы ахвота… Там і тэлефоны сяброў. Яны дапамогуць з афармленнямі… - Бачыў, што хлопец штось яму мовіць хоча, але перапыніў, пальца да вуснаў паднёс. — Падумай, а я йшчэ з полем пагавару.
Яны былі акурат на ўскрайку вёскі. І ён, аберуч паціснуўшы хлопцаву руку, паволі, не зважаючы на папераджльны сігнал кіроўцы аўтобуса, паклэпаў за прысады, да неперааранага перад зімою іржышча. Горычна ўкленчыў, ахапіў рукамі намерзлую зямлю. І пачуў, як з паднябесся зусім нечакана пачала набліжацца-расці жывая салаўіная песня.
І яго ўзяло ў свае абдоймы роднае слуцкае поле — альфу і амегу слаўнай і трагічнай гісторыі тых даўніх уж, о вясновых гадоў, таго далёкага лістападаўскагамесяца.
Яе першага і апошняга сведку.
Яе пачатак і канец…
Не, Алесю Хведаравічу не пашчасціла вось так прыгожа памерці… «Хуткая» адвезла яго ў Слуцак. Алесь Ганаровіч датэлефанаваўся ў Менск у амбасаду ЗША. Адтуль звязаліся з еўрапейскім прадстаўніцтвам карпарацыі «Кантыненталь» (на якую дваццаць гадоў працаваў Алесь Хведаравіч), яна выправіла ў Слуцак верталёт — каб перавезці спадара Яцкевіча ў Варшаўскую клініку… Пасля інсульта Алесь Хведаравіч перастаў хадзіць. Ягоны сын Міхаіл, вядомы ў ЗША фізік, не пажадаў даглядаць бацьку — і накіраваў яго ў старэчы дом, дзе праз тыдзень Алесь Хведаравіч і сустрэў сваю смерць.
Жменьку слуцкай зямлі на ягоную магілу павёз Алесь Ганаровіч…
1995 - 1999
Кніга другая. ХТО ВОЛІ ПРАГНЕ
Мінулага баіцца той, хто не ўпэўнены ў сваім сённяшнім і заўтрашнім дні.
Якуб Колас
Гасцяванне тысяча дзевяцьсот сорак чацвёртага чэрвеня ад Раства Хрыстовага ў горадзе кожны заўважаў па-рознаму: пацішэлі, напяліся немцы, на рынку знікла малако, на цагляныя разваліны і крушні друзу бесклапотна ўзбеглі чубкі лебяды й асочышча, злосная талачэча загула на вакзале, у катэдральным касцёле змяніўся, святар…
Пляц Волі патанаў у сонцы. Лёгкая хмурынка завісла была над касцёльнай званіцаю — і знікла, нібыта расталад Скразняк, слабы, няўпэўнены — ад рэчкі, праз прогу каля Святадухаўскай царквы…
…Езавітаў развітваўся з Радзімай не ўпяршынь. Напачатку былі расстанні ўзнёсла-юнацкія, калі пасля летніх вакацыяў мусіў ехаць у няветлы Дзвінск, дзе ў крэпасці служыў афіцэрам бацька. Затым — змушаны ад'езд у 1918-м разам з Радаю ў Вільню. І вось — адыход сённяшні…