Пляц Волі
Шрифт:
І зноў пачалі яму пярэчыць. Адмоўчваўся адзін Галубок, затым знік на гадзіну… Яго й зачакаліся ўжо. А вярнуўся ўзбадзёраным, з аграмадным кажухом пад пахай.
– Маеце, дзядзька Максім… Паедзеце!
…Па дарозе гаварылі. Адкрыўся і Максім:
– Я пагадзіўся ўжо са сваёй хваробай і з тым, што жыць мне засталося не шмат, але мне цяжка, што не магу мець сям'і… А я так люблю дзяцей! І толькі марыць магу пра сваю дачушку… — Ён змоўк, і ніхто не высмеліўся загаварыць за ім. Ядвігін Ш. узгадаў, пэўна, як Максім прынёс у «Хатку»
– Ведаеце… — зноў загаварыў Максім. — Адным з першых маіх вершаў — пачынаў пісаць я па-руску — была калыханка! Я аддаў яе ў друк, і ўсе, хто яе чытаў, думалі, што яе склала жанчына, якая мела сваё дзіця…
Праз некаторы час у Ратамцы адбылася нечаканая сустрэча — прытулак візітавала сястра Льва Талстога. Вырашылі падрыхтаваць агульны спектакль. Беларуская школка спланавала сваю праграму — сцэнічны абразок, дэкламацыі, хор. З Менска на сустрэчу прыехалі Максім Багдановіч, Аркадзь Смоліч, сёстры Змітрака Бядулі (абедзьве прыгожа спявалі) і Людвіка Сівіцкая. Выступалі ў народных строях. У белай вышыванай кашулі, падперазанай паяском, Максім выглядаў незвычайна ўзрушаным і вясёлым.
Усё закончылася позна, цягніка на Менск не было, і давялося праседзець ноч у школе (спаць не было дзе). Школа беларускіх дзетак месцілася ў летнім халодным дамку, вучыцелькі мелі асобны пакойчык з жалезнай печкай. Як не прасілі Багдановіча перабыць ноч у ім (Смоліч выехаў у Менск, не дачакаўшыся канца вечарыны), — не згаджаўся.
– Там і так цесна, — і сядзеў маркотна ў халоднай клясе.
– Мы не збіраемся спаць. Гаворым… Хадзем да нас, — колькі разоў угаворвалі дзяўчаты, на што Максім не стрымаўся:
– Не. Я рызыкую сваім здароўем, але не буду рызыкаваць вашым. Мая хвароба заразлівая. Вы ж гэта ведаеце…
Талакою сустрэлі ў «Беларускай Хатцы» Новы 1917 год, які распачынаўся халодным і снежным. Дадаліся ў Максіма і хваляванні за брата Лёву — ён пакінуў Маскоўскі універсітэт і запісаўся ў дзеючую армію. Заходні фронт набліжаўся да Менска, і дзесьці ў яго ўзрывах, стрэлах, атаках жыў і брат, як жылі і Сцёпа Новік, і ягоны сябар Кастусь Езавітаў, і тысячы іхніх суайчыннікаў. І тысячы — ужо не жылі…
Лібавенскія ліпы
Вясной 1917 года на ўсіх франтах расійскага войска пачаліся хваляванні. Афіцэры былі ў няпэўнасці, стомленыя салдаты з неахвотай падпарадкоўваліся загадам. Паўсюдна ўзнікалі вайсковыя нацыянальныя камітэты і арганізацыі. На Паўночным фронце 12-й арміі 8 траўня першы гурток беларусаў-армейцаў арганізаваў унтэр-афіцэр Язэп Мамонька. Каля Дзвінска ў 14-й арміі згуртаваў беларусаў паручык Кастусь Езавітаў. На Заходнім фронце дапамагалі беларусам аб'яднацца старшы унтэр-афіцэр Сымон Рак-Міхайлоўскі і падпаручык Ігнат Дварчанін. Сярод піцерскіх вайскоўцаў-беларусаў дзейнічаў Аляксандр Чарвякоў…
У траўні хваляванні дакаціліся і да маракоў Балтыйскага флота. Порт Лібавы — невялікі, ціхі, як і сам
Лібаву [14] здаўна звалі горадам ліпаў… Толькі яго жыхароў мёдна-хмельная заквець ужо не дзівіла, гарадчукі звыкліся з гэтай прыгажосцю і — здавалася — не заўважалі яе.
14
Цяпер - Ліепае.
А вось паглядзець на крэйсер, што нечакана падплыў да горада, збегліся глядзець і малыя, і дарослыя. Аграмадны «Петръ Первый», люструючыся лускою кармавой брані, доўга пыхкаў з усіх трох труб дымам, затым павярнуў да берага бортам — і загрукацеў якарам. Праз дзень глядзець на «Пятра» бегалі адны дзеці, а праз тыдзень у Лібаве звыкліся і з людзьмі ў матроскай форме.
І вось аднойчы на «Пятра» прыйшоў загад: выйсці ў баявы рэйд.
– Дык што… У камбузе хоць сталы грызі! Скора пацукоў жраць будзем! — не стрымаўся хтось з матросаў.
– Отставить разговорчики! — злосны голас афіцэра.
– Палундра!
– Братва, усе на збор! Бі ў склянкі!
Зніякавелы вахценны выцягнуў шыю, зірнуў на рубку, — і ўсё ж зварухнуў рынду — медны карабельны звон…
Праз некалькі хвілін чалавек з дзвесце збегліся на сярэднюю палубу.
– Матросы! — голас прамоўцы, таксама ў матроскай форме, хрыплы, прастуджаны. — Не слухайце вы чужых камандзіраў! Годзе! Наслухаліся! Нам жа не кажуць усяе праўды! Хопіць абараняць няведама што… Ці не чакаюць вас дома маткі, жонкі, нявесты? — матрос змоўк: убачыў, што на палубу ідуць новыя матросы, і вырашыў пачакаць.
– Хто там балэкае? — пыталі з апошніх шэрагаў.
– Ды наш Мікалайка…
Матроса Васіля Муху празвалі Мікалайкам не без дай прычыны: шляхотныя вусы з залацінкаю, што, закругляючыся, наплывалі на шчокі, русявы чуб з наравістымі закруткамі, ганарлівыя бровы, вострыя вочы з каштанікамі-зрэнкамі, авал твару, нос — усё нібыта спісанае з апошняга расійскага самадзержца Мікалая! А як, бывала, у парадную форму выфранціцца і на бераг сойдзе — гарадчукі ўслед азіраюцца і пальцамі торкаюць…
– Вось і я пісьмо з дому атрымаў, - зноў гаварыў Муха. — Маці хварэе. Бацька стары ўжо, зямлю абрабляць няма каму… — Уважліва агледзеў матросаў. — Прысягу мы цару давалі, а Керанскаму падпарадкоўвацца не абавязваліся!..
Нечакана над палубай гохнулі два стрэлы. Купка афіцэраў ціснулася да сярэдзіны палубы, у мічмана ў руцэ быў рэвальвер.
– Прекратить саботаж!
– Матросы, гайда па хатах! — выкрыкнуў Муха. — Калі ваяваць — то за свой куток!
– Правільна! — загудзелі матросы.