Пляц Волі
Шрифт:
Позна вечарам напрыканцы ліпеня маўклівы рамізнік вёз Тамаша на Рыбны рынак, дзе за невялікую плату можна было на некаторы час займець прытулак. Толькі выехалі з вузкай вулкі, як вочы насцярожыла кармазынавая павалока над далёкімі драўлянымі хаткамі.
З гарадскога ўзвышка пракалоў цішыню турботны звон, праз некалькі хвілін іх падводу прыціснуў да краю брукаванкі пажарны абоз…
А павалока пачынала ўжо здалёк пыхкаць палымянымі водсветамі. З двароў выпырхвалі напалоханыя гарадчукі і беглі на святло. Хтось даўмеўся захапіць вядро… Жанкі ўсчалі лямант, турботныя крыкі чуліся па ўсёй вуліцы.
Бабровіч прыўзняўся: і вочы апалілі тлустыя
– Ратуйце, людцы добрыя! У хаце парадзіха, выйсці не можа! Агонь ужо ў сенцах!.. І вынесці не магу…
Бабровіч азірнуўся: у шабашным карагодзе ценяў укленчыла старая, па ўсім — ці парадзіхава маці, ці павіталка…
– Дзе хата? — старую, каб апрытомілася, давялося моцна ўстрасянуць.
Некалькі хвіляў — і ён ужо ў агародчыку. Прыбудоўка, якую старая назвала сенцамі, ужо абвальвалася, і Бабаровіч ускочыў у хату праз вакно — раму лізаў агонь, шкло вывалілася… Задыхаючыся дымам і абпальваючы грудзі, слепнучы ад слёз і яркаты агня, Бабровіч ледзь не вобмацкам знайшоў ложак, узняў знежывелую парадзіху, данёс да вакна і толькі паспеў асцярожна, каб не выцяць жывот, перахіліць-ссунуць яе, як штось бліснула ўваччу ўжо не чырвона-кармазынавым, а едка-жоўтым — і яго схавала пад сабой ахопленая агнём сцяна невядомай горадзенскай хаты…
Той ноччу пажар забраў некалькі соцен дамоў каля Рыбнага рынка, і калі ў горадзе з'явілася падмога з Беластока, ён дакаціўся ажно да муроў Магістрата…
Збегшы з бальшавіцкай Беларусі, Францішак Аляхновіч не знаходзіў супакою і ў Вільні. Дзействы польскіх эндэкаў мала ў чым розніліся ад камісараўскіх… І ўсё часцей ён узгадваў Езавітава, ягоныя папярэджанні. Меў той рацыю. Латвія — вунь, другі раз звяртаецца з просьбай прыняць яе ў Лігу Нацыяў…
І французскія газэты пачалі ўзгадваць Беларусь і Украіну… І паўстала тады перад Аляхновічам постаць, якая сімвалізавала яму палітычную і вайсковую Францыю, — постаць Напалеона. У «Беларускім Звоне» 8 траўня 1921 года з'явіўся артыкул Аляхновіча «У Напалеонаўскую гадаўшчыну», дзе праводзіліся паралелі і з сучаснасцю:
«…Сто гадоў назад памёр Напалеон. Але засталася вялікнасьць яго думак і дзеі. Застаўся ўспамін аб Ім, — аб Ім, каторы нёс волю падняволеным і з мячом у руцэ нёс з Захаду на Усход вялікія здабычы Рэвалюцыі».
Ды выглядала на тое, што Захад з Усходам даўмеліся ўжо дамовіцца, і сённяшнія напалеоны спакойна сядзелі ў сваіх палацах…
З Янам Райнісам
На пачатку жніўня 1921 года рыжабароды фурман па надзіва роўнай гравейцы вёз Езавітава з Рыгі ў Маяры. Лецішчы патаналі ў зеляніне садоў, і каб не папярэдняе апісанне брамкі з драўлянымі лебедзямі, доўга давялося б шукаць Райнісаў домік — не было нават у каго спытаць, бо ўсе пахаваліся ад спёкі.
У вакно вызірнуў гаспадар, усміхнуўся і праз хвілю сустракаў Езавітава на абвітай павоямі верандзе.
– Добры дзень, добры дзень! — імпэтна заварушылася бялявая бародка. — Заходзьце. — Райніс запрасіў у хату і фурмана: — А чаго пячыся? Тут хоць які цень…
Зайшлі ў гасцёўню. Гаспадар
– Паведамлялі мне з Рыгі, што ў вас да мяне клопаты?
– Так, Яніс Крыш'янавіч. Беларусы хочуць прасіць у вас падтрымкі… — загаварыў Езавітаў. — Наша таварыства «Бацькаўшчына» заклала ўжо дваццаць школ. Хочам адкрываць новыя. А для кіраўніцтва і арганізацыі беларускага школьніцтва неабходна стварыць спецыяльны адзьдзел пры міністэрстве асветы. Гэтага і дамагаецца Цэнтральнае праўленне «Бацькаўшчыны» і шукае, найперш, вашай падтрымкі — і як вядомага паэта, і драматурга, і як лідэра латвійскай сацыял-дэмакратыі, і як дэпутата Устаноўчага Сойма.
– А што… — Райніс прыціснуў даланёй бародку, задумаўся. — З міністрам Дауге я пагавару… Складзём зварот у Кабінет… А чаму б і не?! — Затым доўга распытваў пра Беларусь, беларусаў Латвіі.
Езавітава дзівіла, што Райніс ведаў не толькі пра беларускі нацыянальны супраціў бальшавікам, у прыватнасці — пра Слуцкі збройны чын, але і пра ўзаемаадносіны беларускіх дзеячоў.
– Ці праўда, што Антон Луцкевіч назваў Ластоўскага бандытам, а літоўцаў — заклятымі ворагамі? Чым займаецца Народная рада БНР і ўрад Ластоўскага ў Каўнасе-Коўні? — некаторыя з ягоных пытанняў.
Езавітаў мусіў даверыцца:
– Рыжская дамова ад 18 сакавіка па жывому парэзала Беларусь на часткі… - ён зірнуў на свайго фурмана — той нават паспеў задрамаць на мяккім фатэлі — і працягнуў смялей: — У абедзьвюх частках Беларусі пачалася падрыхтоўка паўстанняў. Аднак карныя органы арыштавалі эсэраўскае ЦК — а эсэры кіруюць уздымам — і ўвесь менскі камітэт партыі, сотні партыйных актывістаў… Пасля гэтага галоўная роля ў арганізацыі супраціву і перайшла да дзеячоў у Заходняй Беларусі і эміграцыі, перайшла да Ластоўскага…
Калі развітваліся, Райніс завёў гасцей у сад і натрос ім яблыкаў…
А 18 жніўня на адрас «Бацькаўшчыны» ад яго прыйшоў ліст, у якім паведамлялася аб першых кроках па ўтварэнні беларускага адзьдзела пры міністэрстве асветы. Райніс яшчэ раз запэўніваў:
«Вы ў мяне заўсёды знойдзеце ў добрых справах добрага абаронцу».
Пра ўсе падрабязнасці распачатага нацыянальнага вызвольнага руху Езавітаў расказаць не мог нават Райнісу — і не таму, што не хацеў даверыцца, — не хацеў уводзіць і Райніса, і сваіх сяброў у непатрэбную рызыку. З месяц таму не без удзела ўрада эсэра Ластоўскага і яго, Езавітава, спрыяння быў створаны Цэнтральны беларускі паўстанцкі камітэт на чале з Уладзімерам Пракулевічам, былым старшынёй Рады Случчыны, пад кіраўніцтвам якой і выбухнуў летась антыбальшавіцкі чын. Пракулевіч быў сябрам прэзідыума Віленскага нацыянальнага камітэта і сябрам замежнага ЦК партыі беларускіх эсэраў. У маі 1921 нават арыштоўваўся польскімі ўладамі.
Галоўны штаб беларускіх партызанаў узначаліў падпалкоўнік Успенскі, былы камандзір Ваўкавыскага беларускага батальёна. Партызанскія атрады пачалі фармавацца на Горадзеншчыне. А на верасень у Празе была запланавана канферэнцыя беларускіх палітычных арганізацый, якая і мусіла вызначыць адносіны беларускага руху да Рыжскай дамовы і далейшую палітыку ў стасунках з Масквой і Варшавай…
Чаканыя нечаканасці
У Дзвінску Езавітава чакаў прыемны сюрпрыз. Раніцай зайшоў на кватэру «Бацькаўшчыны», а Ян Харлап замест роспытаў выпаліў: