Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
Шрифт:
— Стой! Не трэба! — схапіўся за кнігу Зось. — Не трэба! Мы от лепей «баявы лісток» (ён быў батарэйным камсоргам, і ў ягонай сумцы знайшлося два бланкі «баявых лісткоў»).
Лук’янчанка ўсё ж выдраў сабе пару лістоў, а астатняе вярнуў хлопцам. Мусіць, гэтая іх самаахвярнасць здзівіла і зацікавіла старшага сяржанта, бо ён неяк нетаропка згарнуў цыгарку і, відаць, не дужа спяшаўся ісці ў свой акоп, а сеў на прыступках ля хлопцаў і пачаў пстрыкаць запальнічкай.
Ён трошкі і паслухаў, але, відаць, не ўчуўшы таго, што чакаў, махнуў рукой:
— Ат, я думаў — пра вайну што!
Гэта чытанне працягвалася,
Аднойчы на світанку ўсе мы прачнуліся ад грымоцця выбухаў, скавытання мін і знаёмага, але даўно ўжо не чутага танкавага гулу. Зямля дрыжала, камякі з бруствера сыпаліся на нашы галовы, над акопамі джгалі кулі.
Увесь той дзень была страшэнная калатнеча, немцы атакавалі нас з танкамі: пяхота два разы пакідала свае траншэі, а пасля трэцяга разу вымушаны былі пакінуць сваю пазіцыю і мы. Зашыўшыся ў маладой кукурузе, мы, мабыць, з кіламетр кацілі саматугам гармату і стралялі, і беглі, а калі спыніліся надвячоркам на ўскраіне невялічкага румынскага мястэчка, аказалася, што недзе знік Цімафееў. Раней яшчэ адправілі ў тыл цяжка параненага Рудака.
Мы чакалі Цімафеева да вечара. Немцы неяк абышлі нас, бой ішоў на поўдзень ад Пашкань, ішлі паветраныя баі (пасля мы даведаліся, што вядомы на нашым фронце лётчык Іван Кажадуб збіў у той дзень пяць нямецкіх самалётаў). Калі пацямнела, Болькін, ціхмяны, з вечнай усмешкай на твары масквіч, зняў з пляча аўтамат і пайшоў па нашым следзе туды, у кукурузу.
Мы ведалі, чаму ён пайшоў, і маўчалі, думалі, мо знойдзе і прывядзе параненага нашага грамацея і наводчыка Цімафеева. Аднак ён вярнуўся праз гадзіну адзін, моўчкі паклаў на казённік аўтамат наводчыка з вышчарбленым куляй прыкладам і выцяг з-за рэменя знаёмую нам кнігу. У ёй ляжалі загорнутыя ў нейкую цыратку дакументы Цімафеева і яго два медалі.
Ціхае франтавое жыццё на тым скончылася надоўга. Некалькі дзён мы стралялі з гарматы па танках і па пяхоце, капалі то тут, то там агнявыя пазіцыі, але ўсё ж выпадаў калі і спакойны час — некалькі хвілін за бясконца доўгі і трывожны дзень. I мы працягвалі чытаць. Некаторыя з нас некалі ўжо чыталі яе, другія чулі ўпершыню…
Чытаў цяпер Болькін. Рабіў ён гэта трохі не так, як Цімафееў, а нібы перад ім была п’еса з некалькімі персанажамі, і ён вымаўленнем стараўся перадаць характар кожнага. Ён любіў спыняцца і тлумачыць падзеі па-свойму або выказваць свае адносіны, калі яго што асабліва кранала. Лук’янчанка ў такі час ляжаў ля станіны або на тыльным брустверы і рабіў выгляд, што нічога таго не слухае, а толькі бавіць час.
Праз некалькі дзён хлопцы адолелі «Дзяцінства» і «У людзях», аставалася апошняя частка — «Мае ўніверсітэты». Болькін іх знарок не пачаў у той вечар, хоць і быў для таго зручны час. «Заўтра пачнём апошнюю частку, — сказаў ён. — А сёння памарым трохі».
Ён сказаў гэта, і ўсе змоўклі, у вушах кожнага незразумелай і ўладарнаю музыкай гучала заключная горкаўская фраза, поўная асаблівага сэнсу і значэння:
«Так я и решил. Осенью этого года я уехал в Казань, тайно надеясь, что, может быть, пристроюсь там учиться».
Толькі ні аўтару вучыцца ў Казанскім універсітэце, ні Болькіну дачытаць трэцюю частку трылогіі не давялося. Назаўтра зранку на нас наваліліся немцы, нас атакавалі
Пасля смерці Болькіна кніжка некалькі дзён хадзіла па руках нашых хлопцаў, і сярод іх ужо не было каму прыгожа чытаць услых. А праз дзень ці два раззлаваны за нешта Лук’янчанка адабраў яе ў аднаго маладога салдата, што прыйшоў да нас з пяхоты і, павячэраўшы, адарваў старонку на курыва.
— Што рвеш! — вызверыўся на яго камандзір гарматы. — Што рвеш, блазнюк? Ты яе прачытаў? Бэкаць не ўмееш, а ўжо рваць! — Ён выхапіў кнігу з рук збянтэжанага хлопца і засунуў у сваю вузенькую сяржанцкую палявую сумку.
Пасля нам давялося перажыць рознае. Былі цяжкія дні, калі немцы спрабавалі саштурхнуць нас у Серат, былі і спакойныя. Неяк улетку пахавалі мы ў Пашканях у брацкай магіле нашага камсорга Зося, у разлік прыйшлі новыя людзі. Кніжку Лук’янчанка заўжды насіў пры сабе (гэта відно было па яго туга напятай кірзавай сумцы, а ў ціхі час, калі паблізу не было нікога або ўсе спалі ў ровіках, старшы сяржант даставаў яе, клаўся дзе-небудзь у цяньку на жывот і рудымі, заскарузлымі ад зямлі пальцамі задуменна гартаў пашкуматаныя старонкі. Невядома чаму — ці мо ён перачытваў яе другі раз, ці ўпачатку, калі чытаў Цімафееў, сапраўды не слухаў, ці, можа, не зразумеў чаго, але пажылы калгаснік з Сібіры пачаў усё перачытваць спачатку. Чытаў ён марудна, ледзьве складаючы з гукаў словы — пэўна, саромеўся сваёй малапісьменнасці і таму хаваўся.
Аднойчы ў спякотны чэрвеньскі поўдзень я ўбачыў, як утуліўся ён між станін, падсунуў голаў пад гарматны казённік і там у засені пачаў сабе бэкаць:
«Вспо-миная эти свин-цо-вые мер-зости дикой русской жизни, я ми-нутами спра-шиваю себя: да сто-ит ли говорить об этом? И с об-нов-лен-ной уверен-ностью отвечаю себе — стоит; ибо это — жи-ву-чая, подлая правда, она не из-дохла н по сей день…»
Ён то чытаў, то спыняўся, нібы абдумваючы напісанае ці, можа, дзівячыся з яго шчырага сэнсу, пасля чытаў зноў.
Я так і не ведаю, ці адолеў ён тую кніжку — неўзабаве пачалося вялікае наступленне, крывавая Яска-Кішынёўская бітва, пасля доўгі нялёгкі шлях праз Югаславію і Венгрыю да таго майскага дня 1945 года, калі мы выцерлі потныя лбы і зачахлілі нарэшце гарматныя ствалы. Прызнацца, за гэты час я і забыўся на тую гісторыю з кніжкай — не да таго было. Пад Балатонам у Венгрыі Лук’янчанку параніла, месяцы два ён прабыў у шпіталі і толькі пад вясну вярнуўся ў свой полк. Пасля вайны мы нейкі час стаялі ў Аўстрыі, і вось нарэшце надышоў час, калі старэйшым з нас загадалі здаць зброю, пасады і з рэчамі пастроіцца на пляцы для адпраўкі дадому.
Сабраўшы старых у радасную мірную дарогу, наш батарэйны старшына спярша пастроіў усіх ля сваёй капцёркі і загадаў развязаць рэчмяшкі. Абходзячы з арматуркай строй, ён правяраў, ці ёсць ва ўсіх усё тое, што патрабавалася мець па мабілізацыі. I вялікае было маё здзіўленне, калі сярод іншых несамавітых вайсковых рэчаў у развязаным Лук’янчанкавым рэчмяшку я ўбачыў знаёмую, з рудымі плямамі, абдзёртую, без пачатку і канца, кнігу. Праўда, цяпер яна была акуратна падроўнена, падклеена і загорнута ў газету. Старшына падазрона абмацаў яе, пагартаў і мімаходзь кінуў: