Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
Шрифт:
Так у той далёкі вераснёўскі дзень загінула сто жыхароў гэтай маленькай беларускай станцыі.
Цяпер Адольф Хойзінгер, генерал бундэсвера, адзін з галоўных кіраўнікоў НАТО. Гэта ён нядаўна дамогся раскватаравання нямецкіх салдат на Брытанскіх астравах і інспектуе ракетныя ўстаноўкі НАТО, нацэленыя на нашу зямлю. Другі недабіты фашыст Вільгельм Майнберг стварыў з былых эсэсаўцаў і маладых людзей ФРГ неафашысцкую імперскую партыю. Маладых немцаў такога ўзросту, як нашы дапрызыўнікі, фарміруюць у групы з красамоўнымі назвамі «Маладыя штурмавікі», «Маладыя вікінгі», яны носяць знаёмую рудую форму і кіруюцца ў сваёй дзейнасці «Апошнім пісьмом Германа Герынга». Як жа ў такіх умовах можа ўстарэць, стаць кніжна-гістарычнай вялікая тэма нашай нядаўняй барацьбы з нямецкім фашызмам?
Адразу ж пасля заканчэння Другой сусветнай вайны ў савецкім і зарубежным друку адбылася цікавая размова аб тым, хто напіша новую «Вайну і мір». Выказваліся
Вельмі хацелася б, каб вечна жылі ў людзях вялікія пачуцці братэрства, любові і нянавісці, народжаныя мінулай вайной. Няхай нашы сэрцы ніколі не чарсцвеюць да ахвяр і ранаў вайны. Нельга будаваць будучыню без памяці аб мінулым, нельга грэбаваць найвялікшым з чалавечых выпрабаванняў — усенародным подзвігам, які даў людзям векапомны ўрок свабоды і непадлегласці.
І ў гэтай сувязі хочацца ўспомніць тыя свяшчэнныя словы, якія ад імя расстраляных маракоў напісаў у сваёй аповесці Міхаіл Пархомаў: «Мы ведаем, за што ідзём на смерць. За тое, каб наша зямля была свабоднай. Але мы паміраем не толькі за гэта, але і за тое…
Каб людзі не забылі пра старэнькую адзінокую маці Пятра Харытонава, якая жыве недзе пад Курскам. Каб браты Барыса Бляхера ніколі не пачулі ганебнага слова „жыд“, каб, калі выжыве маёр Падлесны — такія людзі жывучыя! — ніхто не падаў яму рукі. I Валя, якую я сёння бачыў, — таксама. I каб ні адна дзяўчына не зрабіла хлопцу столькі гора, колькі ператрываў Сухараў.
Людзі вернуцца з вайны. Многія прыйдуць з ордэнамі. Другія — без. Вернуцца некаторыя з тых, хто быў з намі ў палоне. Дык вось — няхай іх ніхто не папракне за гэта. Хто ведае, быць можа, некаторыя з гэтых былых палонных ваявалі не горш за тых, у каго грудзі ў крыжах?
I яшчэ нам хочацца, каб нас не забылі. Мы стаім тварам да твару са смерцю. За намі — голы бульвар. Што ж, пасадзяць новыя таполі. Зямлю, на якой мы стаім, зальюць асфальтам. I па ім будуць хадзіць людзі. Дык няхай яны помняць, што гэта зямля густа паліта нашай жывой крывёю…
Магчыма, што калі-небудзь там, дзе мы стаім, паставяць помнік. Дык каб ля падножжа гэтага помніка ніколі не вянулі кветкі. I каб пад ім гулялі дзеці.
Мы бярэмся за рукі. Жыць застаецца менш за секунду. Я набіраю поўныя лёгкія паветра. I апошняе, пра што я яшчэ паспяваю падумаць, гэта пра тое, што…
Людзям патрэбна вось так моцна трымацца адзін за аднаго…»
Здаецца мне, гэтыя словы здольны ўзрушыць кожнага. Іх немагчыма забыць, бо ў іх — запавет мёртвых жывым, запавет вялікага, амаль сімвалічнага сэнсу. I таму, думаецца, мы, літаратары, ды і ўсе тыя, хто перажыў незабыўнае, хто мае што сказаць людзям і спазнаў цану чалавецтву ў самы цяжкі час ягонай гісторыі, усе тыя, колькасць якіх па няўмольных законах прыроды змяншаецца з кожным годам, — мы павінны сведчыць аб сваім вопыце больш таленавіта і настойліва.
[1962]
1963
Права на праўду
Гэта вельмі зманліва і важна — вызначыць нейкія спецыфічныя рысы літаратуры нашага часу — веку кібернетыкі, тэрмаядзерных рэакцый і прарыву ў космас. Думаецца, аднак, што Міхась Стральцоў крыху перабольшвае, калі піша ў сваім артыкуле, што «наш час небывалы па размаху ўзаемапранікнення розных ведаў, навук і з’яў мастацтва». Відавочная справядлівасць гэтага вызначэння ў адносінах да навук не дужа дастасуецца да такіх розных у сваёй спецыфічнасці сфер чалавечае дзейнасці, як навука і мастацтва.
У найбольш развітых краінах свету навука і асабліва тэхніка, усё больш узаемаўплываючы ў сваім паступальным развіцці, узняліся бязмерна высока, аднак пры ўсім гэтым практычнае ўздзеянне іх сенсацыйных дасягненняў на жыццё народаў часта мізэрнае. Таксама як і тысячу год назад, чалавецтва б’ецца над вырашэннем усё тых жа праблем вайны і міру, хлеба, адносін паміж поламі, свабоды, сацыяльнай справядлівасці. Ды і людзі на зямлі за гэты фенаменальны ў развіцці тэхнікі перыяд наўрад ці сталі адзін да другога бліжэй. Мы знішчылі ў свеце найвялікшае зло ў самым яго пачварным праяўленні — нямецкі фашызм, але ці яно апошняе? Ці не нараджаюцца новыя яго ўвасабленні, узброеныя найноўшымі навукова-тэхнічнымі сродкамі
Самаю адметнай, самаю характэрнай і самаю важнай рысай літаратуры нашых дзён вельмі хацелася б бачыць праўду.
«Жыццё — гэта праўда», — пісаў чэшскі літаратар Карэл Палачак незадоўга да сваёй гібелі ў крэматорыі Асвенціма. І, напэўна, з усіх жывых істот на зямлі праўда найбольш патрэбна чалавеку.
Думаецца, не зусім справядліва некалі класік нашай літаратуры падзяліў праўду на некалькі розных праўд, якія дастасоўваліся да патрэб розных класаў. Можа быць, той падзел і правамерны быў для мінулага, але ён зусім беспадстаўны для нашага сёння, у якім праўда толькі адна — гэта праўда жыцця народа, бо нашыя цяжкасці амаль заўжды — агульнанародныя, радасці таксама. Таму пісьменнік, маючы магчымасць схаваць сваю аўтарскую тэндэнцыю, не можа без шкоды для твора абысціся без праўды або абмежавацца паўпраўдай. Цяперашнія нашы чытачы (пра якіх мы пішам, што яны вельмі выраслі) — яны яшчэ і сведкі апісаных падзей, яшчэ і самі героі твораў. Яны проста не возьмуць на павер фальшу, не будуць чытаць выдумку або спекуляцыю, і кніга застанецца ў магазіне або на складзе, паліцы і стэлажы якіх заўжды з вялікаю красамоўнасцю сведчаць аб вартасці літаратуры.
За час культу Сталіна ў грамадскім жыцці краіны накапіліся вялізныя нераспрацаваныя літаратурай залежы праўды, гадамі ў своеасаблівых звалках няўвагі прэлі сапраўдныя жыццёвыя канфлікты і ўсенародныя праблемы, у той час, калі абавязак літаратуры бачылі ва ўслаўленні мудрасці сталінскае асобы і ўсяго, што па яго волі адбывалася ў краіне. Ілюстрацыйнасць стала адметным стылем мастацтва таго часу, пры поўнай пагардзе да жыцця народа сталінскія лозунгі ілюстравалі з усяе сілы, у поўную меру здольнасцей, у той час як не толькі парушаўся элементарна-чалавечы ўклад жыцця, але нават і характар вытворчых сіл шмат у чым перастаў адпавядаць патрабаванням далейшага прагрэсу. У такіх умовах, што і казаць, незайздросны быў лёс літаратуры, якую пазбаўлялі яе гуманістычнага пачатку, у якой адбіралі права даследаваць жыццё і адкрываць ідэі, першай заўважаць сімптомы значных канфліктаў. Пустаслоўе, апісальнасць, наіўна-рамантычная ўзнёсласць там, дзе ў жыцці адбывалася драматычнае і трагічнае, баязлівая нерашучасць у адлюстраванні адмоўнага, вядома, не маглі запаліць сэрцы чытачоў. У творах знікла шчырасць пісьменніка — гэтая нічым не кампенсаваная ўмова творчасці, а менавіта адсутнасць яе не дала магчымасці многім, нават тым, чый літаратурны талент быў агульнапрызнаны, стварыць паўнацэнныя творы. Наўрад ці можна сумнявацца ў тым, што аўтары тагачасных т. зв. лакіровачных кніг ведалі і разумелі сапраўднае становішча тагачаснага калгаснага сялянства, але калі яны стваралі свае «феерыі» на калгасныя тэмы, дык толькі таму, што задушылі ў сабе і шчырасць, і грамадзянскую адказнасць. Але, відаць, у літаратуры мала аднае шчырасці, трэба яшчэ разумець жыццё, тэндэнцыі яго накіроўваючых сіл, трэба яшчэ мець сваё стаўленне да гэтага жыцця, карацей кажучы, трэба яшчэ высокая інтэлектуальнасць, якая заключаецца не толькі ў суме ведаў, але і ў асаблівым, высокім стаўленні да свету духоўнага ў чалавеку, у разуменні і павазе чалавечага, у гуманістычнай аснове творчасці. Вядома, і ў часы культу аб гэтых патрабаваннях было нямала напісана, аднак практыка літаратурнай творчасці ў адрозненне ад дэмагагічнага пустаслоўя ведала свае неадольныя, часта дыяметральна процілеглыя тэорыі, шляхі. Вось чаму так сталася, што шмат якія з твораў тагачаснай літаратуры, што выдаваліся за ўзоры, не толькі не задавальняюць нас зараз, але і з’яўляюцца як бы жывым напамінкам аб тым, што чакае творчасць пісьменніка ў выпадку ягонай няўвагі да народнай праўды жыцця. З гэтай прычыны мы, аддаючы належнае тэмам сучаснасці, павінны зрабіць усё, каб тыя змрочныя старонкі нашай гісторыі ва ўсёй іх суровай, часам трагічнай праўдзе былі засведчаны мастакамі. Пакуль яшчэ не позна, пакуль жывуць сведкі, праўду аб тым часе трэба сказаць, у гэтым я бачу самы першы наш абавязак.